Ода аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў (Байран/Глебка)
| Ода аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў Верш Аўтар: Джордж Байран 1811 Арыгінальная назва: An Ode to the Framers of the Frame Bill Пераклад: Пятро Глебка Крыніца: Байран, Джордж Гордан. Выбранае / [Уступ. арт. Ю. Гаўрука; Склад. зб., агульная рэд. перакладаў і камент. Я. Семяжона; Іл. : П. Аляксееў]. Мінск : Дзяржвыд БССР, 1963 — с. 42—43 |
Лорд Э[льдан], — любата! Лорд Р[айдар], — надзвычайна!
Брытаніі пры вас квітнець ды красаваць!
Лячыце ж, дактары, кіруйце ёю дбайна,
Хоць з вашых лекаў ёй цяпер не ачуняць!
Нягоднікі ткачы не слухаюць урада
І просяць помачы… Каля фабрычных брам
Настаўце шыбеніц і потым рад за радам
На кожную — ткача! І ўся памылка там!
У нэндзе, кажаце, яны жывуць, каналлі.
А згаладаны ж лёс з-пад рук сцягнуць гатоў.
На вісельню! За што? — а шпулькі паламалі?
І хлеба пойдзе менш, як будзе менш ратоў.
Машына — не дзіця, яе зрабіць складана.
Панчохі даражэй за гэты цёмны зброд.
А што да шыбеніц — пейзаж пад імі стане
Адзнакай росквіту расхваленых свабод.
Дык у паход, палкі! На бунтароў, жаўнеры!
Свінца не шкадаваць! Супроць ткачоў урад
Прымае карныя бязлітаеныя меры.
А суд? У нас заўжды на месцы суд і кат.
Не кожны лорд, аднак, галасаваў за кулі:
Навошта крайнасці, калі ёсць шыльда — суд?
Ды нельга ашукаць ткачоў у Ліверпулі,
Над імі не суддзя, а ўрад чыніў прысуд.
Хіба ж не дзіва, што, як голад прыйдзе ў госці,
Нястачы пойдуць — твой зямны намеснік, бог,
За зломаны станок нявінным ломіць косці
І цэніць іх жыццё танней сваіх панчох.
Калі вось так было і ёсць — спытаць дарэчы:
Ці не скруціць спярша вар’ятам тым галоў,
Хто за палом станка на шыі чалавечай,
Заместа помачы, пятлю сцягнуць гатоў?
1811