Ніколі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ніколі
Верш
Аўтар: Андрэй Зязюля
Крыніца: http://knihi.com/Andrej_Ziaziula/Nikoli.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Над гонар і славу, над чары кахання —
Народную справу і перакананне,
Што розум дыктуе, заўсёды я волю —
Не здраджу ніколі.

Хай хмара навісне над соннай зямлёю,
Хай гора прыцісне жалезнай рукою,
Я роднае мовы не кіну ў нядолі —
Не здраджу ніколі.

Бушуе хай бура, віхор хай злуецца,
Хай вецер панура завые на рэчцы,
Я роднага краю, што рвецца да волі,
Не здраджу ніколі.

Хай гром з перунамі грыміць і страляе,
Маланка агнямі хай бліскае, ззяе,
Свайго я народу без хлеба і волі —
Не здраджу ніколі.

Хай срэбра, дукаты мне сыплюць пад ногі
І скажуць: багаты будзь, кінь род убогі,
Я плюну з пагардай, народу ж і волі —
Не здраджу ніколі.

Да самага скону, усякім прымусам
І сіле прыгону скажу: Беларусам
Навек застануся, сваёй ўласнай волі —
Не здраджу ніколі.