Ня можна маўчаць!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ня можна маўчаць!
Публіцыстыка
Аўтар: Сапрон Каверда
1921 год
Крыніца: Газэта «Наша Думка», № 20, 20 траўня 1921 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ня можна маўчаць!

Нам ужо ведама, што польскі ўрад аддае беларускую зямлю польскім жаўнерам. Дзеля гэтай мэты ён забірае пад сваю ўласнасьць у заходняй Беларусі казённыя, маёрацкія, духоўныя і фундушовыя землі. Апрача таго, ён мае права забраць дзеля гэтай-жа мэты ўсе прыватныя маёнткі, пакідаючы гаспадарам іх 400 гэктараў.

Мы ня досіць зварачываем увагі на гэту справу. А трэба ведаць, што забор нашых земляў гразіць самаму жыцьцю беларускага народа. Усім нам вядома, якую вагу для беларускай будучыны маець зямля, як яе жадаюць беларусы беззямельныяі малазямельныя. А многія ішчэ з уцекачоў не паварочываліся дамоў.

Я памятаю, які гвалт зрабілі палякі, калі за некулькі гадоў перад сусьветнай вайной немцы, хочучы анямечыць польскую Пазнань, сталі па дарагой цане праз «Bank-Osten» скупляць там польскія двары. Я памятую, якія праклёны сыпаліся тады на галаву немцаў.

А што гаварылі і пісалі палякі, калі Урад Мікалая II у Віленскай, Ковенскай і Горадзенскай губэрнях пры помачы «Крэстянскага Банка» скупляў двары, каб пасадзіць на іх рускіх пасяленцаў? Графа Корвін-Мілеўскага, прадаўшага гэтаму банку свой двор Бярэзіну ў Ашмянскім павеце, польскія паны называлі ня інакш, як зраднікам.

Але вучні шмат далей сяганулі ад сваіх вучыцялёў. Я ня абвінавачываю наагул польскі народ, я ведаю, што ён ніколі ня дасьць сваей згоды на гэткае дзела. Я кажу толькі аб сучасных кіраўнічых унутранай палітыкі Польшчы, што ім надта прыпала да смаку тая дзікая мараль, што як ад мяне адбіраюць жонку, то гэта зло, а калі я адбіраю ад другога, то гэта дабро.

Ня трэба быць прарокам, каб спазнаць, што гэта «зямельная рэформа» ў Беларусі, прывядзе толькі да лішніх забурэньняў і афяраў, бо беларус, як бы ён ня быў ціхі і пакорны, ніколі не памірыцца з тым, каб на той зямлі, каторая паліта потам і кроўю яго дзядоў і прадзядоў, жыў нейкі чужынец.

Дык нам ня можна маўчаць. Хай увесь сьвет знае аб тым, што польскія паны рыхтуюцца зрабіць з няшчасным беларускім народам. Трэба, каб беларускія арганізацыі, якія цяпер ёсьць у краі, зьвярнуліся да ўсіх народаў з гарачым пратэстам проціў гэтага насільства.

Сапрон Кавэрда.