Перайсці да зместу

Няхай жыве Вялікаросія!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Няхай жыве Вялікаросія!
Аўтар: Язэп Варонка
1918
Пераклад: Nejurist
Крыніца: Газета «Белоруская рада», 1918, № 3, с. 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Таран Расейскай Рэвалюцыі “мір без анэксій і кантрыбуцый на грунце самавызначэння народаў” зняў карону з расейскага манарха, здавалася абескароніць і вялікадзяржаўны народ, пазбавіць кіруючай ролі ў Расейскай Рэспубліцы і Вялікаросію. Гэтая стадыя развіцця Расейскай Рэвалюцыі мела ўсе шанцы ўмацаваць, заспакоіць шматнацыянальную краіну і закласці трывалы падмурак федэратыўнаму ладу “Вялікія і малыя Русі”.

Але карона Мікалая асляпіла сваім бляскам “правадыроў” расейскай рэвалюцыйнай дэмакратыі, якія не пажадалі развітацца з вяршэнствам сваім у дзяржаве і моцна паверылі ў моц штыха і падману, у моц старых зведаных аргументаў абрусіцельства сталыпінскай эпохі.

Вялікароская дзяржаўная ідэя ўвасобілася ў ілжэсацыялістычную тогу бальшавізма, каб, прыкрыўшыся бачным дэмакратызмам і праліваючы кракадзілавы слёзы наконт зацягвання мірных перамоваў, працягваць сваю самадзяржаўную палітыку валадарання і прыгнёту малых народаў.

Гэтая рыса бальшавізма ўсё яскравей і выразней стала выяўляцца цяпер, калі ўлада, якая абапіраецца на штыхакратыю, сытую чэрнь і інтрыгі пачала перажываць агонію, калі вялікадзяржаўная ідэя разбілася аб сцены нацыянальнага яднання прыгнечаных народаў у новай стадыі Расейскай Рэвалюцыі – стадыі новай для ўсёй Еўропы – нацыянальнага паўстання вызваленых з-пад вялікарасійскага гнёту нацыянальнасцяў.

Вайна з Украінай і бальшавіцкая акупацыя Беларусі, так красамоўна даказваюць, што ўколаты ў сэрца вялікарос, мовай якога дзёрзка, раззлавана і суха гаворыць цяпер сучасная “улада”, не можа памірыцца з агаворкай расейскай рэвалюцыйнай дэмакратыі і не супраць вярнуцца назад, да таго дня, калі “грунт самавызначэння народаў” яшчэ хаваўся ў сценах цытадэлі лютаўскага пераварота – у Таўрыдскім Палацы.

Але той энтузіазм, з якім дэмакратыі народаў Расеі ўзяліся за сваё самаўладкаванне, той здаровы патрыятызм, які ахапіў цяпер усю Украіну, Каўказ, расплыўся па Беларусі не задушыць ужо ніякімі чырвонымі або чорнымі гвардыямі.

Цяпер, на жаль, Вялікаросія памерла! Няхай жыве Вялікаросія!

У момант смерці самадзяржаўнай бальшавіцкай Вялікаросіі паўстае абноўленая, здаровая, палітычна дзяржаўная Вялікаросія, ачышчаная полымем Рэвалюцыі і асвечаная свядомасцю нацыянальнай годнасці, чужая палітыцы гвалту і падмана, гордая ў сваёй велічы і роўная роўным.

Вялікарасейскія нацыянальныя арганізацыі чарнаморскіх маракоў, надыходзячы з’езд вялікарасейскай рэвалюцыйнай дэмакратыі ў горадзе Маскве – вось яны першыя ластаўкі мірнага лета, дружнага сужыцця народаў пад адзіным дахам Расейскай Федэрацыі.

Самавызначэнне Вялікаросіі – гэта завяршэнне фазаў Расейскай Рэвалюцыі, гэта гібель бальшавізма і канчатковае растварэнне раманаўскага рэжыма, дух якога выйдзе з Расеі разам з бальшавізмам фірмы “Made in Petrograde”.

Працоўны народ Беларусі, пралетарыят і сялянства ўсіх народаў Расейскай Народнай Федэрацыі ўжо ўспрымаюць сапраўдную свабоду, святое братэрства і поўную роўнасць.

Ніякія паклёпніцкія выпады супраць здаровай нацыянальнай ідэі, якую нясуць нацыянальныя сацыялісты, не ў змозе вярнуць скіпетр уладарства, які выпаў з рук самазванцаў, не ў стане пасеяць міжнацыянальную варажнечу, шавінізм і грамадзянскую вайну.

Ідэя цэнтралізма курчыцца ў перадсмяротных сутаргах, адыходзіць, і ў яе пні гінуць самадзержцы ілжэ-сацыялістычнай фармацыі.