Нямінучае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нямінучае
Публіцыстыка
Аўтар: Фабіян Акінчыц
1935 год
Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 1 (11) ад 10.III.1935 г., б. 1-2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нямінучае

Нават буржуазная прэса прышла да таго вываду, што сучасны сьвет зайшоў у нейкі тупік, а якога выхаду яна ня бачыць.

Насоўваецца нешта грознае і ня ведамае, перад чым, падобна струсу, хаваюць галаву кіраўнікі сучасных дзяржаў і тыя, каму добра цяпер жывецца і хто ня мае ні здольнасьцяў, ні ахвоты да палепшаньня жыцьця людзкай грамады. А здавалася-б, што найвышэйшы час да таго наступіў.

Шматмільённая армія беспрацоўных у аднэй толькі Эўропе, жорсткі і безнадзейны крызыс, разбурваючы сусьветную гаспадарку, руіна земляробства, бедната, голад і адначасна вялікая роскаш капіталістаў, ненармальны рост бюракратычнага апарату, заклапатанага тым — у які спосаб выдушыць апошні грош з працоўнага народу, маральная гніль пануючых клясаў і тысячы іншых пачварных зьявішчаў даводзяць, што толькі „навальніца з пярунамі“ прачысьціць паветра і змые з зямлі ўсе бруды.

З другога боку, сучасная палітычная конфігурацыя Эўропы, утвораная пасьля вайны з усімі яе недарэчнасьцямі і крыўдамі, асабліва для нацыянальных меншасьцяў і народаў, пазбаўленых незалежнага дзяржаўнага жыцьця, таксама вымагае грунтоўнае перамены.

Надыходзіць вялікая гадзіна, калі ў сілу гістарычнай неабходнасьці людзі змушаны будуць прыступіць да канчальных разрахункаў… І таму ўвесь сьвет інстыктоўна і ліхарадачна зброіцца, а паасобныя народы дакладна нават ня ведаюць проці каго, іменна, яны выкоўваюць аброю. Толькі збройная барацьба перакроіць Эўропу на больш справядлівых асновах. У мірнае вырашэньне ўсіх супярэчнасьцяў, паўстаўшых на сьвеце, пры існуючым стане рэчаў мы ня верым.

Войны і рэвалюцыі ў сусьветнай гісторыі трэба разглядаць як рэакцыю проці ўстабілізаваных палітычных і грамадзкіх несправядлівасьцяў,

Да гэтага часу яны мелі больш лёкальны характар, ахопліваючы толькі паасобныя дзяржавы.

Цяпер справы прымаюць зусім іншы выгляд.

Даволі таго, што на чале руху, які мае ўсеразбураючыя мэты і які імкнецца перавярнуюць сьвет дагары нагамі, стаіць камінтэрн, запусьціўшы глыбокія карані ўва ўсіх дзяржавах.

У нас няма сумліву, што ягоныя пляны не зьдзейсьняцца.

Сусьветнай рэвалюцыі, кіраванай камуністамі, ня будзе, бо сама ідэя калгасна-прыгоннага ладу збанкрутавала ў Саветах. Але сам факт аслабленьня ўплываў камітэрну ашчэ ня сьведчыць пра тое, што працоўныя масы пагадзіліся са сваім лёсам.

Сярод іх не спыняецца глухое браджэньне і ніхто ня можа даць нам гварашаыі, што гэтакі стан рэчаў ня прыме форму адкрытага бунту, які павінен быць, у імя дабра тых-жа самых працоўных, каб не дапусьціць да гэгомоніі камінтэрну, апанаваны сіламі сацыялістычнымі, нацыянальна-сьвядомымі і нацыянальна-дзеючымі.

Пакуль што няведама толькі адно — што пачнецца раней вайна, ці рэвалюцыя, але гэта для нас ня мае вялікшага значэньня.

Мы перакананы, што нямінучасьць вайны і рэвалюцыі выплывае з сучаснай структуры грамадзянства і што яны павядуць да каранных зьменаў у сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцьці ўсіх народаў.

Падчас гэтых падзеяў адзіваю пуцяводнаю ніткаю, якая вывядзе народы на правільны шлях, будзе моцная нацыянальная сьведамасьць і салідарнасьць побач з цьвярозаю рашучасьцю да перабудовы сацыяльна-эканаміч. ладу на больш справядлівых і дасканальных падставах.

Асаблівую патрэбу ў гэтакай пуцяводнай нітцы будуць адчуваць народы слабейшыя, аб чым трэба заўсёды памятаць народу Беларускаму.

Падчас гэтых надыходзячых падзеяў ён павінен адрадзіцца нацыянальна і палітычна, злучыцца ў адну нацыянальную грамаду і ў першую чаргу вытварыць незалежную і аб‘яднаную працоўную Беларускую Дзяржаву.

Гэтакая дзяржава ёсьць канешна патрэбнаю для самастойнага і прагрэсыўнага равьвіцьця ўсіх галін нацыянальнага, грамадзкага і сацыяльнага жыцьця Беларускага народу.

Гэта ёсьць нашаю бліжэйшаю мэтаю, зрэалізаваньне каторай адчыніць нашаму народу шырокія гістарычныя пэрспэктывы. І дзеля таго ў сучасную хвіліну вялікая адказнасьць ляжыць на ўсім нашым нацыянальна-сьведамым грамадзянстве, асабліва на кіраўнічых яго вярхох. Ня можна толькі сядзець і чакаць «пераменаў», як гэта многія робяць.

Трэба дзеяць і змагацца, трэба выхоўваць нацыянальную салідарнасьць і сьведамасьць, трэба будзіць у народзе пачуцьцё нацыянальнай гордасьці і чэсьці — толькі ў гэтакі спосаб мы створым кадры сапраўдных нацыянальных байцоў, якія нам так патрэбны будуць у надыходзючай барацьбе за нацыянальнае існаваньне…

Ф. Акінчыц.