Нямаш, але будзе
Нямаш, але будзе Верш Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка) |
Нямаш хлеба, нямаш солі,
Нямаш шчасьця, нямаш долі.
Як ля ранку сьляза блісьне,
Жаль да ночы сэрца цісьне.
Як зрадзіўся ў хамскай долі,
Цярпі жыцьце. З Божай волі
Гэта ж мука для нас зьвіта?
Скажы, чуеш, Езус, біта.
Дзеда, бацьку, сына катам
Прадавалі. З нашым братам
Чаўпуць паны, колькі могуць.
Пара, браткі, а то змогуць,
Калі будзем патураці.
Досі, крыкнем: «Мы у хаце,
Ў Беларусі, ў сваім краю.
Сьведкі – сонца, дубы з гаю,
Што ня вы, а мы панамі
Над зямлёю, над лясамі.
О, прыйдзе – пара настане,
Што за крыўду мужык ўстане,
Зробіць суд над панам-катам,
Альбо згіне, альбо братам
Назавём, дамо зямліцы.
Сколькі ў нас, няхай з жывіцы
Паны жывуць, зь цяжкой працы
Ставяць хаты, не палацы,
Да сьпякоты ды марозу
Прывыкаюць. Хутка з возу
Спадзе шчасьце. Не чакайце,
Нам зямлю, паны, аддайце.
Пагаворым, паталкуем,
Так разьдзелім, як зьмяркуем,
Каб ні многа і ні мала,
Каб зямля матуляй стала
Для усіх, каго зрадзіла,
Каб больш паноў не тварыла».
(1904)