Нязнаны верш Цёткі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Нязнаны верш Цёткі
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Здаецца, вясной 19151 году да нашае кватэры на Віленскай вул., д. 33, кв. 1, дзе мы з братам Іванам2 жылі ды дзе быў Беларускі камітэт помачы пацярпеўшым ад вайны, прыйшлі дзьве польскія дамы (адна зь іх — гр. Красіцкая). Яны зьвярнуліся да мяне зь неспадзяванай просьбай. Справа была гэткая. Адна із дам (ня помню, каторая) напісала па-польску повесьць з жыцьця нашага краю. У гэтай повесьці, паміж іншым, апісываліся дажынкі ў панскім двары. Паненка прымае жнеек, якія ёй пяюць песьню, зложаную па-польску аўтаркай повесьці. Песьня мае сувязь з асобай паненкі, дзеля таго і была адумысьля скампанована. Але аўтарка, каб3 захаваць мясцовы калярыт, хацела, каб песьня была перакладзена на беларускую мову.

Я абяцаў дапамагчы дамам у гэтай справе і зьвярнуўся да Цёткі, прапануючы, каб яна за гэта ўзялася. Цётка ахвотна ўзялася за справу і адведала дам, якія ёй далі свой польскі тэкст. Цётцы арыгінал вельмі не спадабаўся, і яна засьцераглася, што зробіць вольны пераклад. Дамы згадзіліся. Хутка Цётка забеглася да нас з гатовай працай. «Чыставік» панесла дамам, а «чарняк» пакінула мне. Вось гэты пераклад, каторы хутчэй можна лічыць арыгінальным вершам Цёткі: ад арыгіналу ў ім асталося вельмі мала.

Адкрый, пані, добра пані

Цісовы вароты:

Нясуць жнейкі, нясуць жнейкі

Вянец шчыра-злоты.

Сонца грэе, сонца грэе, —

Пасьпела пшаніца.

Ясна пані, добра пані,

Красна маладзіца.

Ой, час табе, жытні колас,

Час вам, пшонны зёрны,

Пахіліцца, палажыцца

Пад каменны жорны.

Ой, час табе, сэрца сьпела,

Жарам запылаці

І, як колас залаценькі,

Ураджай нам даці.

Сэрца кліча, сэрца кліча,

Як зязюлька шэра.

На той голас адгукніся,

Наша пані шчэра.

Сьцеражыся праспаць, пані,

Веснавы дзянёчкі

І той сэрца голас ціхі,

Што заве у ночкі.

Наша пані ня слухае

Той далёкай весьці,

Бо нашто ёй свае дзеткі,

Калі нашы песьціць,

Бо нашто ёй свае дзеткі

І сямейка ўласна,

Калі нас, як дзетак, любіць,

Наша пані ясна.

Хоць паненцы міла, люба

З намі ў добрай радзе,

Але лёс, адвечны бацька,

Скора ад нас скрадзе.

Ідзе вораг-панявольца,

Нясе злотны сеці.

Выйдзі, выйдзі, каралеўна,

Выйдзі ка мне з клеці.

Ой, як табе расьці, кветка,

Расьці-карасаваці,

Калі гром, пярун і бура

Могуць ця зламаці.

Ой, як сэрцу маладому

Задаваць атруту,

Калі просіць, моліць шчасьця

Хвілінку, мінуту.

Будзь шчасьліва, будзь шчасьліва,

Красуй усім на дзіва,

А мы пані не забудзем

Пакуль будзем жывы!

Ясна, што ідэя вершу — ня Цётчына, а аўтаркі повесьці. Гэтым тлумачыцца і ідылічны характар адносінаў паміж паняй і сялянкай, прадстаўлены ў духу ДунінаМарцінкевіча. Творчасьць Цёткі выявілася тут у тым, што верш быў апрануты ў беларускае слова і атрымаў характар блізкі да народнае жніўнае песьні.