Перайсці да зместу

Нязнаныя творы М. Багдановіча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нязнаныя творы М. Багдановіча
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1923
Крыніца: Наша Будучына, 1923. 6 студз.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Па «Вянку» і па тых вершах, што друкаваліся ў разных часопісях, мы знаёмы з арыгінальнай творчасьцю нашага «песьняра чыстае красы» Максіма Багдановіча. Але ведама, што Багдановіч перш, чым пачаў пісаць, прайшоў добрую школу мастацтва, знаёмлючыся зь лепшымі творамі сусьветнае літаратуры. Асабліва захопліваўся ён вершамі Вэрлена, якія пазнаў у арыгінале. Вэрлен быў для Багдановіча вялікім вучыцелем, быў узорам музыкальнасьці, лёгкасьці і дасканаласьці форм верша. Ня дзіва, што, стаўляючы першыя крокі на літаратурнай дарозе, Максім Багдановіч пачаў перакладаць на беларускую мову творы свайго ўлюбленага паэтавучыцеля, паслужыўшыя яму як узоры мастацкае формы, годныя насьледаваньня. Як сьведчыць пісьмо Максіма Багдановіча, прысланае ў рэдакцыю «Нашае Нівы» 31 ліпня 1912 году, наш пясьняр пераклаў з Вэрлена (з францускіх арыгіналаў) дваццаць адзін верш: 1) Лыцар Няшчасьце, 2) Трэ’ нам, бачыш... 3) Ціхі і сіні, 4) О, сум, засьні... 5) Сон цёмны, 6) Асеньняя песьня, 7) Плач сэрца майго, 8) Захад, 9) Бач — месяц белы, 10) Пакуль, зорка, 11) Раяль цалуе тонкая рука, 12) У полі мрок, 13) Малюнак мора, 14) У полі дзікім, 15) Ракаўкі, 16) Душа твая, 17) Рака срэдзь вулкі, 18) Шынок, 19) Гул вулічных шынкоў, 20) Tpэск дроў, 21) Ноч. Дождж. Гэтыя вершы былі перасланы ў Пецярбург — суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца». Аднак у часе друкаваньня зборніку «Вянок» Багдановічу зажадалася зьмясьціць у ім і гэныя пераклады з Вэрлена. Насколькі цаніў аўтар сваю працу, відаць з слоў пісьма:

«Пераклады да арыгінала блізкія і, калі я магу іх справядліва ацаніць, — добрыя. Калі піцерцы іх Вам надашлюць, дык Вы выкіньце дваццаць памянёных мною ў лісту (папярэднім — А. Н.) вершаў, і тады зборнік не павялічыцца. Ва ўсякім разе пераклады з Вэрлена больш вартыя друку, чым тыя трафарэты, да ліку каторых трэба прыпісаць і в. «Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог»... Ізноў прашу: друкуйце замест тэй дрэні, заклінаючы п. Антонія (Луцкевіча — А. Н.) іменем эўрапеізма, культурнасьці і т. д., а п. Ластоўскага іменем мадэрнізма і т. д.».

У канцы пісьма прыпіска:

«Пасылаю Вам колькі вершаў з Вэрлена, каторыя друкуйце толькі тады, калі піцерцы прышлюць рэшту».

Як відаць, піцерцы рэшты не прыслалі, дый цытованае пісьмо зь вершамі, папаўшы ў рукі тагачаснага сакратара рэдакцыі п. Ластоўскага, да ведама рэдакцыі «Н. Н.» не дайшло. Яно і вершы былі знойдзены нядаўна ў падвале памяшчэньня, дзе была рэдакцыя «Н. Н.», сярод рознага хламу, затаптаныя, струхлеўшыя ад вільгаці... І толькі цяпер перакладам з Вэрлена даводзіцца пабачыць божы сьвет.

Вершаў усяго сем, і мы іх усе тут друкуем. Пісаныя ў першы — найранейшы — пэрыяд творчасьці Багдановіча, яны маюць сур’ёзныя недастаткі з боку мовы, часта нячыстай, з чысьленымі русіцызмамі. У цытованых вышэй пісьме Багдановіч сам заўважыў некаторыя з русіцызмаў і прасіў іх паправіць, што мы і спаўняем. Усё ж значэньне іх для нашай гісторыі літаратуры ад гэтага не зьмяншаецца: гэта — узоры, на якія ўглядаўся наш пясьняр, гэта — разьвязка пытаньня аб чужых літаратурных уплывах на творчасьць Максіма Багдановіча[1].

  1. У тым жа пісьме, зь якім Багдановіч прыслаў друкаваныя тут пераклады з Вэрлена, ён кажа, што мае пераклады такжа з Гарацыя і Авідзія. Дзе яны апынуліся, няма ведама. — А. Н.