Нудная гісторыя (1931)/Бяда

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Княгіня Бяда
Апавяданьне
Аўтар: Антон Чэхаў
1931 год
Арыгінальная назва: Беда (1887)
Пераклад: Уладзімер Хадыка і Юлі Таўбін.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





БЯДА

Дырэктара гарадзкога банку, Пятро Сымонавіча, бухгальтара, яго памоцніка і двух членаў адаслалі ўночы ў вастрог. На другі дзень пасьля перапуду купец Аўдзееў, член рэвізійнае камісіі банку, сядзеў з сябрамі дома ў краме і гаварыў:

— Так, значыцца, бог хоча. Ад лёсу не ўцячэш. Цяпер от мы ікрою закусваем, а заўтра, глядзіш — вастрог, торба, а хоць і сьмерць. Усяк бывае. Узяць, напрыклад, хоць Пятро Сымонавіча… Ён гаварыў і жмурыў свае п’яныя вочкі, а сябры выпівалі, закусваючы ікрою, і слухалі. Апісаўшы сорам і бездапаможнасьць Пятро Сымонавіча, што яшчэ ўчора быў моцны і ўсімі паважаны, Аўдзееў гаварыў болей, уздыхаючы:

— Адрыгнуцца кату мышыныя сьлёзкі. Так ім, шэльмам, і трэба: умелі, курыныя дзеці, рабаваць, дык няхай жа цяпер адказваюць.

— Глядзі, Іван Данілавіч, каб і табе ня прышлося! — заўважыў адзін з сяброў.

— А мне за што?

— А от за што? Тыя рабавалі, а рэвізійная камісія дзе была? Глядзі-ж, ты падпісваў справаздачы?

— Бачыш, цяжкая справа! — усьміхнуўся Аўдзееў. — Падпісваў. Насілі мне ў краму справаздачу, ну і падпісваў. Хіба я разумею? Мне што ні дай, я на ўсім расьпішуся. Напішы ты цяпер, што я чалавека зарэзаў, дык я і гэта падпішу. Не пара мне разьбіраць, ды і ня бачу без акуляраў.

Пагаварыўшы пра банкруцтва банку і пра лёс Пятро Сымонавіча, Аўдзееў і яго сябры пайшлі на пірог да знаёмага, а ў таго гэнага дня была імяніньніца жонка. На імянінах усе госьці гаварылі толькі пра банкроцтва банку. Аўдзееў гарачыўся больш за ўсіх і запэўніваў, што ён даўно ўжо пачуваў гэта банкроцтва і яшчэ гады два як ведаў, што ў банку ня зусім чыста. Пакуль елі пірог, ён расказваў пра дзесятак супроцьзаконных опэрацый, што яму былі вядомы.

— Калі вы ведалі, дык чаму-ж вы не данесьлі? — спытаў яго афіцэр, што быў на імянінах.

— Ня я адзін, увесь горад ведаў… — усьміхнуўся Аўдзееў. — Дый няма часу па судох хадзіць. Ну іх!..

Адпачыўшы пасьля пірага, ён папалуднаваў і яшчэ раз адпачыў, потым выбраўся на ўсяночную ў сваю царкву, дзе быў за старасту; пасьля ўсяночнае зноў пайшоў на імяніны і да самае поўначы гуляў у прэфэранс. Відаць, усё было спакойна.

Калі-ж пасьля поўначы Аўдзееў вярнуўся дадому, кухарка, што адчыняла яму дзьверы, была блядая, уся калацілася і не магла вымавіць ніводнага слова. Яго жонка, Альжбэта Цімохаўна, выкармленая, старая, з распушчанымі сівымі валасамі, сядзела ў залі на канапе, калацілася ўсім целам і, як п’яная, бяз сэнсу вадзіла вачыма. Каля яе з шклянкаю вады мітусіўся гэтак сама бляды і надта ўхваляваны старэйшы сын яе, гімназісты Васіль.

— Што гэта? — спытаўся Аўдзееў і злосна скасіўся на печ. (Яго сям’я часта пакутвала ад чаду).

— Толькі што сьледчы з паліцыяй прыходзіў… — адказаў Васіль. — Вобыск рабілі.

Аўдзееў паглядзеў наўкола сябе. Шафы, камоды, сталы — па ўсім знаць было, што рабілі вобыск. Хвіліну Аўдзееў пастаяў нярухома, як аслупянелы, нічога не разумеючы, потым усё ў яго ў сярэдзіне закалацілася і зрабілася цяжкое, левая нага сшэрхла і ён, ня вытрываўшы ад дрыжыкаў, лёг ніц на канапу; яму чуваць было, як пераварочвалася яго нутро і як непаслухмяная левая нага стукала па сьпінцы канапы.

За якія дзьве-тры хвіліны ён прыгадаў усё сваё мінулае, але не знайшоў ніводнай гэтакай віны, што-б варта было ўвагі судовае ўлады.

— Усё гэта адно глупства… — сказаў ён, устаючы. — Гэта, мабыць, на мяне паклёп узлажылі. Трэба будзе заўтра скаргу падаць, каб яны не адважыліся гэта самае…

На другі дзень раніцою, пасьля бяссоннай ночы, Аўдзееў, як заўсёды, пайшоў у сваю краму. Пакупцы паведамілі яго, што ў тую ноч прокурор адаслаў у вастрог яшчэ таварыша дырэктара і справавода банку. Гэта вестка не турбавала Аўдзеева. Ён быў пэўны, што на яго ўзлажылі паклёп і што калі ён сёньня падасьць скаргу, дык сьледчаму пападзе за ўчарашні вобыск.

А дзесятай гадзіне ён пабег да сакратара ўправы, што быў адзіным адукаваным чалавекам ува ўсёй управе.

— Уладзімер Сьцяпанавіч, што-ж гэта за фасон? — пачаў ён, нагнуўшыся да вуха сакратара. — Людзі кралі, а я-ж тут прычым? З якое рацыі? Любы чалавек, — зашаптаў ён, — уночы-ж у мяне вобыск быў! Дальбог. — Пашалелі яны, ці што? За што мяне чапаць?

— А за тое, што ня трэба быць бараном, — спакойна адказаў сакратар. — Перш чым падпісваць, трэба было глядзець…

— Што глядзець? Ды глядзеў-бы я ў гэтыя справаздачы хоць тысячу гадоў, я ўсё адно нічога не зразумею! Чорта лысага я зразумею! Які я бухгальтар? Мне насілі, я і падпісваў.

— Дазвольце. Акрамя гэтага, вы, як і ўся ваша камісія, дужа скомпромэтаваны. Вы бяз жаднага забясьпечаньня ўзялі з банку 19 тысяч.

— Божа твая воля! — дзівіўся Аўдзееў. — Хіба я адзін вінен? Увесь-жа горад вінен. Я плачу процанты і аддам пазыку. А крамя таго, калі, скажам, шчыра казаць, хіба я сам узяў гэтыя грошы? Мне Пятро Сымонавіч уткнуў. Бяры кажа, бяры. Калі, кажа, не бярэш, дык значыцца нам не давяраеш і збоку трымаешся. Ты, кажа, бяры, бацьку млын пастаў. Я і ўзяў.

— Ну, от бачыце: так могуць меркаваць адны бараны. Ва ўсякім разе, сэньор, вы дарэмна хвалюецеся. Бяз суду вам, вядома, не абыйсьціся, але напэўна вас апраўдаюць.

Роўны і спакойны тон сакратара супакоіў Аўдзеева. Вярнуўшыся дадому ў краму і знайшоўшы там сваіх сяброў, ён зноў выпіваў, закусваў ікрою і філёзофстваваў. Ён ужо амаль забыўся пра вобыск, і яго турбавала ўсяго адна рэч, і яе ён ня мог не заўважыць: у яго неяк дзіўна шэрхла левая нага і чамусьці зусім не травіў жывот.

Увечары таго дня лёс аглушыў Аўдзеева яшчэ адным стрэлам: на надзвычайным пасяджэньні думы ва ўсіх банкаўцаў, у тым ліку і Аўдзеева, было адабрана права голасу, бо яны былі пад судом і сьледзтвам. Раніцою ён атрымаў паперу, дзе яму прапанавалі зараз-жа здаць пасаду царкоўнага старасты.

Потым Аўдзееў зьбіўся з ліку, так часта пачаў страляць у яго лёс, і ў яго хутка адзін за адным замільгалі дзіўныя, нябывалыя дні, і кожны дзень прыносіў з сабою які-небудзь новы сюрпрыз. Паміж іншым сьледчы прыслаў яму позву. Ад сьледчага вярнуўся ён дадому абражаны, чырвоны.

— Прычапіўся, як з нажом да горла: нашто падпісваў? Падпісваў, от і ўсё! Хіба я знарок? Насілі ў краму, я і падпісваў. Я і чытаць-жа пісанага як сьлед не магу.

Прышлі нейкія маладыя людзі з бязуважнымі тварамі, запячаталі краму і апісалі ў доме ўсю мэблю. Думаючы, што ўсё гэта інтрыга і, як раней, не адчуваючы за сабою ніякае віны, абражаны Аўдзееў пачаў бегаць па ўстановах і скардзіцца. Цэлыя гадзіны чакаў ён у прадпакоях, пісаў доўгія прашэньні, плакаў, сварыўся. У адказ на яго скаргі прокурор і сьледчы гаварылі яму спакойна і слушна.

— Прыходзьце, калі вас паклічуць, а цяпер нам часу няма.

А іншыя адказвалі:

— Гэта ня наша справа.

Сакратар-жа, адукаваны чалавек, што, як здавалася Аўдзееву, мог-бы дапамагчы яму, толькі паціскаў плячыма і гаварыў:

— Вы самі вінаваты. Ня трэба быць бараном.

Стары клапаціўся, а нага шэрхла, як раней, і жывот травіў усё горш. Калі беспрацоўе прытаміла яго і стаў жадзён усяму, ён наважыў паехаць да бацькі ў млын, ці да брата і ўзяцца за мучны гандаль, але яго ня пусьцілі з гораду. Сям’я паехала да бацькі, а ён застаўся адзін.

Дні мільгалі за днямі. Без сям’і, бяз працы і бяз грошай, былы стараста, сталы і паважаны чалавек, цэлыя дні хадзіў па крамах сваіх сяброў, выпіваў, закусваў і слухаў парады. Раніцамі і вечарамі ён, каб змарнаваць час, хадзіў у царкву. Гледзячы цалюткія гадзіны на абразы, ён не маліўся, а думаў. Сумленьне яго было чыстае, і сваё становішча тлумачыў ён памылкаю і непаразуменьнем, на яго думку, усё гэтак сталася толькі таму, што сьледчыя і чыноўнікі маладыя і неспрактыкаваныя, яму здавалася, што каб які-небудзь стары судзьдзя пагаварыў з ім шчыра і падрабязна, дык усё увайшло-б у сваю каляіну. Ён не разумеў сваіх судзьдзяў, а судзьдзі, здавалася яму, не разумелі яго.

Дні беглі за днямі, і, нарэшце, пасьля доўгай, цяжкой цеганіны надышоў час суду. Аўдзееў пазычыў 50 рублёў, узяў сьпірту на нагу і травіцы на страўнік, ды паехаў у той горад, дзе была судовая палата.

Суд ішоў паўтара тыдні. Увесь час суду Аўдзееў стала і паважна, як гэта і належыць чалавеку шаноўнаму і невінаватаму пакутніку, сядзеў сярод сваіх таварышоў па няшчасьцю, слухаў і ані нічога не разумеў. Настрой у яго быў варожы. Ён злаваў, што яго доўга трымаюць у судзе, што нідзе нельга знайсьці поснай яды, што абаронца не разумее яго і, як здавалася яму, гаворыць ня тое, што трэба. Судзьдзі, здавалася яму, судзілі ня так, як-бы трэ’ было. Яны ня бралі на Аўдзеева амаль ніякай увагі, зьвярталіся да яго раз у тры дні, і пытаньні, што яны давалі яму, былі гэтакія, што, адказваючы на іх, Аўдзееў усякі раз выклікаў у публіцы сьмех. Калі ён парываўся гаварыць пра свае страты і пра тое, што хоча спагнаць судовыя выдаткі, абаронца паварачваўся і рабіў незразумелую грымасу, публіка сьмяялася, а старшыня сурова заяўляў, што гэта да справы дачыненьня ня мае. У сваім апошнім слове ён сказаў ня тое і ня так, як яго вучыў абаронца, а зусім іншае, што таксама выклікала сьмех.

У тыя страшныя гадзіны, калі прысяжныя раіліся ў сваім пакоі, ён злосна сядзеў у буфэце і зусім ня думаў пра прысяжных. Ён не разумеў, чаго яны раяцца гэтак доўга, калі ўсё так зразумела, і што ім трэба ад яго.

Выгаладаўшыся, ён папрасіў лёкая даць яму чаго-небудзь таннага і поснага. За сорак капеек яму далі нейкай халоднай рыбы з моркваю. Ён зьеў і адразу адчуў, як гэта рыба цяжкім камяком захадзіла ў яго жываце; пачало адрыгацца, пякотка пячы, балець…

Калі ён потым слухаў старшыню, што чытаў пытальныя пункты, нутро яго пераварачалася, цела аблівалася халодным потам, левая нага шэрхла; ён ня слухаў, нічога не разумеў і надзвычайна пакутваў таму, што старшыню нельга слухаць седзячы ці лежачы. Нарэшце, калі яму і яго таварышом дазволілі сесьці, устаў прокурор судовае палаты і сказаў нешта незразумелае. Быццам з зямлі вырасьлі — зьявіліся аднекуль жандары з голымі шаблямі і абкружылі ўсіх абвінавачаных. Аўдзееву загадалі ўстаць і ісьці.

Цяпер ён зразумеў, што яго абвінавацілі і ўзялі пад варту, але ён не спалохаўся і ня зьдзівіўся; у жываце быў гэтакі непарадак, што яму была зусім варта ня ў голаве.

— Значыцца, нас цяпер ня пусьцяць у нумар? — папытаўся ён у аднаго з сваіх таварышоў. — А ў мяне ў нумары тры рублі грошай і непачатая чвартка гарбаты.

Начаваў ён у прыватным доме, усю ноч адчуваў агіду да рыбы і думаў пра тры рублі і чвэртку гарбаты. Рана раніцаю, калі неба пачало сінець, яму загадалі апрануцца і ісьці. Два салдаты з штыкамі павялі яго ў вастрог. Ніколі ў іншы час гарадзкія вуліцы не здаваліся яму гэтакімі доўгімі і бясконцымі. Ішоў ён не тротуарам, а сярод вуліцы па талым, брудным сьнягу. Нутро ўсё яшчэ ваявала з рыбаю, левая нага шэрхла; галёшы ён забыўся ці ў судзе, ці ў прыватным доме, і ногі яго мерзьлі.

Праз пяць дзён усіх абвінавачаных зноў павялі ў суд выслухаць прыгавар. Аўдзееў дазнаўся, што яго прысудзілі выслаць у Табольскую губерню. І гэта не спалохала яго і ня зьдзівіла. Яму чамусьці здавалася, што суд яшчэ ня скончыўся, што цеганіна ўсё яшчэ цягнецца і што сапраўднага «вырашэньня» яшчэ ня было… Жыў ён у вастрозе і штодня чакаў гэтага вырашэньня.

Толькі паўгода пачакаўшы, калі прышлі да яго разьвітвацца жонка і сын Васіль, калі ён у худой, як жабрачка адзетай бабулі ледзь пазнаў сваю некалі сырую і сталую Альжбэту Трахімаўну, і калі замест гімназычнае вопраткі ўбачыў на сыне кароткую пацёртую жакетачку і паркалёвыя штаны, ён зразумеў, што лёс яго ўжо вырашаны і што, якое-б яшчэ ні было новае «вырашэньне», яму ўжо не вярнуць свайго мінулага. І ён упяршыню за ўвесь час суду і вастрогу сагнаў з свайго твару злосны выгляд і горка заплакаў.