Новая зямля (1923)/XXX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XXIX. На Замкавай гары XXX. Сьмерць Міхала
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXX.

СЬМЕРЦЬ МІХАЛА.

Канец!. Як проста гэта слова
І многазначна, заўжды нова!
Як часта мы пад крыжам мукі
Ў тамленьні духа ўзносім рукі
І вочы, поўныя гарэньня,
І прагнем мігу вызваленьня!
Шчасьлівы міг, бо палі путы!
Канец — і нейкі круг замкнуты
У нябыцьцё ідзе і гіне,
Каб месца іншай даць часіне;
І вера ў той канец няўхільны
Зьнішчае тлен гнілы, магільны.
Канец!.. Як многа разважаньня
І засмучонага пытаньня
У гэтым простым, страшным слове
Пры іншым зьявішчы і ўмове,
Калі астатняю мяжою
Канец кладзецца між табою
І тым, што дорага і міла,
Што душу грэла і хіліла
І сэрца модна парывала,
Як гымн ў вуснах перавала,
Калі змутнелаю вадою,
Дзе сонца цешыцца сабою,
Шуміць ён, вольны і імгненны
І гучна-звонны й бела-пенны!
І ты, маё апавяданьне,
Жыцьця адбітак, разважаньня,
Нязжыты сьлед прасьцяцкай долі,
Адвечны водгук праўды, волі,
Ўжо бачыш дзень свайго зьмярканьня.
І сьціхне ліры звон тужлівы,
Бо блізак захад твой маўклівы,
Апошні крок твайго блуканьня.
І смутна мне: я жыў з табою
Аднэю думкаю, душою,
Насіў цябе, як носіць маці
Няясны воблік той дзіцяці.
Ды ты, відаць, ня ў міг шчасьлівы
На сьвет радзілася бурлівы
Яшчэ далёкаю вясною
За мураванаю сьцяною
Ў няволі жудаснай астрога,
Калі над намі ноч-аблога
Навісла, цемраю густою
І гнула, цяжкаю пятою,
Як неадхільная навала,
Усё, што жыцьце асьвятляла.
Ды ноч мінулася памалу
Ў агульным жыцьця перавалу,
А там дарога, зноў дарога,
Разлука з краем і трывога
І паднявольнае блуканьне,
І гэта нуднае змаганьне
За інтарэсы жывата,
Ды йзноў варожая пята…
Як часта я жывіў табою
Ў разлуцы з роднаю зямлёю
Гадзіну смутку, лятуценьня
І момант радасьці — натхненьня!
Сьвятым агнём душа палала,
І злучнасьць-згоду адчувала
Таемных чараў-сугалосься
І чула шум тагды калосьсяў
На родных гонях, на далёкіх
І песьні жнеек яснавокіх.
А выгляд горак крутабокіх,
Лясочкаў, хвоек кучаравых,
Такіх прыветных і ласкавых,
Як дабрадушныя бабулі,
І грэлі сэрца і гарнулі,
Ў вачох стаялі, як жывыя.
Дрыжалі струны гаваркія,
Ў агульны тон суладзьдзя гралі
І на нявідныя скрыжалі
Трох неажыцьцеўленых слоў
Пісалі напісы вякоў…
Дык так: часіна разьвітаньня,
Апошні крок твайго блуканьня!

З зямлёю клопат быў вялікі,
Прышлося езьдзіць да Хадыкі
Ды варушыць і галавою
Над гэтай справай грашавою.
А грошы йшлі, плылі, як сьліна,
Аж высякалася чупрына
І брала нейкая нудота,
І адпадала ўся ахвота,
Зямлю купляць і нават жыць —
Такая хваля набяжыць.
А колькі гэтай валакіты!
І ўсе на грошы прагавіты:
Таму рубель, таму дваццатку,
А ўсё няма ладу-парадку,
Куды ні кінься і ні тніся;
Бадай яны былі зьвяліся
І ўсе натарусы, канторы
І іх пісакі-кручкатворы!
Вандруеш, бы ў тэй Чартавіцы;
Ці дурань сам, ці ўсе дурніцы,
Ці проста кпяць з цябе, дурнога,
Бо ты ня ведаеш нічога,
А толькі грошы выцягаюць,
Але на грош не памагаюць,
Прышлося дзядзьку вясьці справу
І папацець такі на славу.
Бывала, вернецца з дарогі,
Бяда і сьмех з яго, нябогі:
Сярдзіты, чорны, як махнуша,
І нават нос той, дуля-груша,
Відаць таксама ня ў гумору
І задзярэцца больш у гору;
Малыя шэранькія вочкі
Яшчэ больш звужваюць куточкі.
Глядзяць з-пад броў зусім панура,
І ўся выраза яго хмура.
У хаце ў першыя часіны
Маўчыць, ня кажа пра навіны,
Зямлі ня лае і ня хваліць,
Але канторы агнём паліць
І крэпасьць купчую бяз меры
Кляне і жычыць ёй халеры
Ды злосна кідае паперы
На стол з кішэні і бубніць.
Да дзядзькі страшна прыступіць,
Але патроху і памалу
Ён траціць імпаты запалу,
Ў яго душы сьціхаюць громы,
Ён зноў такі, як нам вядомы:
Лагодны, добры, клапатлівы,
На ўсё спагадны і руплівы.
Праз нейкі час сямейка ў зборы.
Тут маці сходзіць да каморы,
Нясе збанішча тварагу,
Каб скрасіць дзядзькаву тугу
Зальле туды яшчэ сьмятаны,
І дзядзьку хоць кладзі да раны!
Сьмятана гэта з тварагом —
Краса-дзяўчына з жаніхом!
Хоць зараз іх вядзі да шлюбу.
І вось маўклівасьці тэй шрубу
Адкруціць дзядзька з галавы,
Вясёлы робіцца, жывы,
І ўсе прыгоды, ўсе нягоды,
І ўсе парогі-перашкоды
Пачне апісваць сакавіта
І пераймаць таленавіта,
Пісцоў, іх закіды-намеры
За тыя копіі-паперы
Ў тваю сярмяжную кішэню
Спрытней, глыбей засунуць жменю.
Ох, трэба ведаць іх, псялытак!..
Сказаць-жа — гэта іх прыбытак.
Сядзіць, расказвае Антоні,
Што чуў, што бачыў у Заблоньні,
Хадыку высьмее часамі
І яго «мухі з камарамі».
А скончыць тым апавяданьне,
Што многа трэба вандраваньня
І гэтай нуднай цяганіны;
Каб дацягнуць да палавіны…
Так, многа клопату з зямлёю!
Як цяжка голаю рукою
Рабіць, вясьці такія справы!
І больш тэй гутаркі і славы
І гэтай зайздрасьці і плётак
Дзядзькоў дасужых і іх цётак
І ўсіх наогул сваякоў,
Бо чалавек ужо такоў,
Чым тога дзела і карысьці.
Ох, цяжка, цяжка ў людзі выйсьці
І моцна стаць на свае ногі,
Бо многа ў сьвеце вас, парогі!
І часта роздараж іх быту
Над імі зьляжа, як навала,
І гэта даль падчас пужала,
Як нейкі лёс пусты, сярдзіты.
І засмуткуеш паняволі
Ад гэтых думак цёмнай долі,
Калі набытак і скарб хатні
Ідуць на звод на той астатні.
Але ці ёсьць, ці ёсьць парука,
Што будзе сэнс мець гэта, мука?
— Гэ! — казаў Міхась бывала: —
Вядома, клопату ня мала,
Ды што бяз клопату даецца? —
І тут ён нават засьмяецца,
Каб цень разьвеяць тае смуты:
— І трэба часам крыж пакуты
Панесьці, мілыя мае вы,
Зазваць і гора, неспадзевы!
Але раз ты наважыў дзела,
Ідзі станоўка, роўна, сьмела,
Ідзі, назад не аглядайся
І на другіх не пакладайся!
А вам, сынкі мае любыя,
Ня век сядзець на маёй шыі!
Пара падумаць, небажаткі,
Як жыць бяз бацькі і бяз маткі,
Бо іх жыцьцё — ня вечна ў сьвеце.
Вось тут глуздом паварушэце!
Дык трэба грунт мець пад нагамі,
Каб не бадзяцца батракамі.
Які-ж то грунт? Зямля, навука,
Але ня панская прынука. —
Адзін Міхал і грэў імкненьне
Давесьці справу да сканчэньня.
Але няўзнакі, неўзаметкі
Вязала ліха свае сеткі,
Каб іх накінуць на Міхала,
І ні на вошта не зважала,
Бы тая злосная намова:
Міхал прыцяміў выпадкова
Густы, чырвоны сьлед крываўкі!
«Эге, брат, дрэнныя праяўкі:
Прышла згінота да Міхася!»
Падумаў ён у нейкім страсе,
І нават сэрца ў ім апала.
Што за праява напаткала?
Няўжо яна, сьмерць няўзірана?..
Не, не! аб ёй і думаць рана.
Міхал жахнуўся. Нейкі смутак,
Ліхіх пачуцьцяў цёмны скрутак
Яго агортваюць істоту;
Ён чуе ў сьвеце адзіноту,
Як-бы варожых лёсаў сіла
У вочы глянула няміла
І ўстала нейкім грозным валам
Між тым жыцьцём і ім, Міхалам.
І першы раз ён так балюча
Адчуў той момант нямінучы,
Які ўсіх нас вартуе пільна,
Бо гэта сьмерць — зло неадхільна.
«Няўжо памру і стану трупам,
Згнію ў зямлі нікчэмным струпам
На целе гэтае зямлі?»
І цені страшныя ляглі
Яму на душу і на сэрца,
І ён так ясна, бы ў люстэрцы,
Убачыў сьмерці ўсе пячаці
І ўсе адзначныя пастаці.
Міхал пачуў, што ён — пылінка,
А век людзкі — адна хвілінка.
І перад ім самі сабою,
Чуць-чуць засланыя імглою,
Жыцьця асобныя кускі —
Малюнкі, зьявы, абразкі,
Калісь прачуты, перажыты, —
Ўсплылі, як сон, даўно забыты,
І пачуваньне адзіноты,
Пустэчы цёмнае, тускноты
Яго прыгнула, прыдушыла,
І стала ўсё яму няміла.
Адно цяпер яго прагненьне —
Прад кімся пасьці на калені,
Прасіць заступы, абароны
Ад гэтай страшнае праклёны.
І ўспомніў ён адну драбніцу,
Свой страх дзіцячы ў навальніцу.
Жахліва ночка была тая!
О, гэту ноч ён памятае!
Прачнуўся — шум, бразгочуць шыбы,
Гарыць паветра іх сялібы
Агнём сьляпячым, сіняватым.
Старыя вербы каля хаты
Гудуць і гнуцца ва ўсе бокі,
Над долам сьцелюць верх шырокі,
І круціць бура ім галіны,
Кудлаціць, крышыць верхавіны,
Бы рве іх вострымі зубамі:
А гром цяжэрнымі клубамі
Зямлю, здаецца, прабівае,
І стогне хатка, іх старая
І ўся трасецца, бы націна.
А ён, малы, як ліст асіны,
Дрыжыць ад страху, жмецца, плача.
— Засьні, мой хлопча-небарача!
Ня бойся, мілы: ты — са мною! —
І матка цёплаю рукою
Яго за шыйку абнімае,
А ён да маткі прынікае;
І ўжо ня страшна бура тая,
Бо ён захован, повен шчасьця.
А да каго цяпер прыпасьці?
Каго прасіць? каму маліцца?
І як ад сьмерці бараніцца?
«А можа гэта так, пустое?
А пэўна, глупства там якое,
Бо нават сьледу няма болю,
І ўсё нарэшце ў божжай волі!
Ў ім абуджаецца надзея,
Адводзіць страх той, сэрца грэе,
Як сонца землю посьле буры,
Бо так заложана ў натуры.
Ды тое ліха было ўпарта,
І строіць жартаў з ім ня варта.
Праз нейкі час, ужо пад зіму,
Міхал у моцным быў абніму
Хваробы цяжкай і паганай,
Неспадзяванай, негаданай.
І гора ў тым: хвароба гэта
Даўно цягнулася, ня з лета,
І ў тым была яе і сіла,
Што незаметна налучыла,
І спатайка гадоў праз колькі
Яе жывілі манаполькі,
Пакуль яна не разьнялася
І не зваліла з ног Міхася.
Сьпярша Міхал перамагаўся
І тэй хваробе не даваўся,
А потым кінуўся і ў лекі,
Больш з саматужнае аптэкі;
Піў зёлкі розныя і травы,
Ды не палепшваў свае справы.
Да дактароў ужо па часе
Вазілі хворага Міхася,
Вазілі ў холад і ў марозы,
А ліха-боль свае занозы
Глыбей у цела запускала,
І ўжо з тых лекаў толку мала.
Ляжыць Міхал маўклівы, смутны,
І вочы выцьвелі і мутны,
У глыб душы глядзяць гаротна,
Глядзяць тужліва і маркотна.
І горка гэта сузнаваньне,
Што ад жыцьця ты ўжо адсечан,
І нават можа быць адмецен
І блізак час яго скананьня.
Жыцьцё-ж ішло, як і звычайна,
Крыху марудна, аднастайна,
Калі трушком, калі ступою
Сваёю бітаю трапою;
А з гэтым жыцьцем нага ў ногу
Як-бы ў адну ўсе йшлі дарогу,
І толькі ён, адсталы, хворы,
Папаў у нейкія зажоры
І лічыць нудныя часіны —
Ён моцна выбіт з каляіны
І тым жыцьцём ён ня жыве;
Другія думкі ў галаве,
Зусім другія пачуваньні,
Другі настрой і разважаньні;
І тое, што даўней, бывала,
Яго так моцна, захапляла,
Цяпер здавалася няўзрачным
І непатрэбным і нязначным;
Яго цікавіць лёс уласны,
Лёс пагражаючы, няясны,
Зацята схованы, замкнёны,
Бы кара цёмнае праклёны,
Што кожны момант над табою
Зьвісае страшнаю марою,
І кожны час яна гатова,
Сьвядома, або выпадкова,
Узьнесьці грозна, булаву
І апусьціць на галаву
І разам скончыць, адным махам,
З жыцьцём і з цёмным гэтым страхам.
Але што ёсьць там, за заслонай,
За гэтай сьцежкаю замкнёнай?
Няўжо пустэлі мрок разьліты,
Канец астатні, ноч нябыту?
Міхалу вусьцішна і жудка,
І сэрца стукае ў ім пудка.
Ох, страшна гэта ноч-пустэля!
Яна ў пякельны мрок засьцеле
Яго жыцьцё і гэты сьвет;
Сатрэцца, згіне яго сьлед
У тым сусьветным праху-сьмецьці,
Як-бы й ня жыў на гэтым сьвеце.
Ён чуе страшнае тамленьне,
Яго жахае зьніштажэньне,
Ён хоча жыць… Прэч, цені мроку!
Там сэрцу цяжка, цёмна воку…
І гэта там ён апачыне?!
О, не!.. І кроў у жылах стыне,
І сэрца ў страсе замірае,
І пот халодны выступае.
Якая гэта недарэчнасьць?!
Хіба ён жыў?.. о, вечнасьць, вечнасьць!
Як зразумець цябе і зьмерыць?
І каго слухаць? каму верыць?
Міхал ахоплен цёмнай хваляй,
Яна ў пякельны мрок засьцеле
Ня хоча думка йсьці ўжо далей,
Ён хоча сьцішыць жудасьць тую,
Ён прагне чуць душу жывую.
— Ну, што ты, маці: ты-б прысела, —
Да жонкі мовіць ён нясьмела,
А вочы просяць спачуваньня,
Жывога слова, спагаданьня.
І ёй таксама, не салодка —
Каротка, песьня ты, каротка
І заціхаеш так ня ў часе!
Баліць ёй сэрца аб Міхасю;
Яна адгадвае душою,
У якім ён цяпер настроі.
І цяжка ёй. Яна ўздыхае,
Ідзе, сябе перамагае,
І горла ціснуць ёй залозы,
І волі, волі просяць сьлёзы.
— Памру я, Ганна! — кажа ціха: —
Дайшоў да дна свайго кяліха. —
Міхась глядзіць кудысь далёка,
І нудна ёй ад таго ўзроку,
Надзеі гіне рэштка тая,
І большы смутак пашыбае.
Міхал зьдзівіўся: ён ня тое
Хацэў сказаць, а штось другое,
Ды так сказалася. Ну, што-ж?
— Ня думай гэтак ты, нябож!
Ці мала людзі так хварэлі?
Хварэлі годы — не нядзелі,
Такіх здарэньняў вельмі многа,
Але ачуньвалі й нічога.
І ты, дасьць бог, на ногі станеш,
Пяройдзе ліха, ачуняеш. —
Міхал глядзіць ёй пільна ў вочы,
Штось расчытаць па твары хоча,
Але з усьмешкаю крывою
Трасе адмоўна, галавою —
Пацеха, знаць, яму малая:
І погляд дзесь ізноў блукае,
Але ня тут, а там, далёка;
Сьлязою мгліцца яго вока,
Ён штось яшчэ сказаць імкнецца,
І цень на твар яго кладзецца.
З двара ўваходзіць дзядзька, ў хату,
Ідзе прамовіць слоўка, брату;
Антось гаворыць сьмела, стала,
Каб падбадрыць крыху Міхала,
Надзею добрую падаць
І думкі смутныя прагнаць.
— Як пачуваешся, Міхале?
Мацуйся, браце, з мала-маля!..
А дзень які! эх, дзень харошы!
Пайсьці-б цяпер, брат, па парошы!
— Так брат, пайду, ды ці вярнуся?
Як раз патраплю да Пятруся
Ў Церабяжы пад крыж хваёвы, —
Сказаў Міхал у тон размовы,
Бы то звычайнае здарэньне,
Сказаў з усьмешкай засмучэньня.
— Ну, ўжо і пойдзеш! не, брат, дудкі:
Аб тым паходзе няма й чуткі;
Яшчэ паходзіш за сахою
І над уласнаю зямлёю
Ты папацееш і нямала,
На картах бабка так казала;
Не, жыць, брат, трэба і жыць — многа! —
Антось гаворыць, а ў самога
На, сэрцы стала штось трывожна,
Бо спадзявацца ўсяго можна:
За кожным ходзіць сьмерць-сьляпіца.

І дзіўна рэч: цяпер драбніца
Ці проста рысачка якая
Значэньня, сэнсу набывае
І з гэтай сьмерцю сувязь мае.
Ці куры ў хаце сваім дурам
Падымуць часам шурум-бурум:
Ці абярэцца з іх якая
Зьнячэўку пеўнем засьпявае
Для большай важнасьці, вагі:
Ці дзесь крумкач разок, другі
У небе крумкне смутна-глуха;
Ці ў юшках песьню завіруха
Зацягне жаласна, пудліва:
Ці загугукае страхліва
Злы гэты дух, сава-начніца,
Ў кустох альховых над крыніцай,
Гугукне так, што сэрца ные,
Або сабака той завые, —
Ўсё гэта — дрэннае злучэньне,
Праявы страшнай абвяшчэньне,
І тую думку мімаволі
На смерць наводзіць, як ніколі.

А прыдзе ноч. Эх, ноч-цямніца,
Зацятых страхаў таямніца!
Глядзіш у вокны ты варожа
З свайго цямнюсенькага ложа
І за вуглом стаіш тулягай,
Відаць, з нядобраю развагай.
Ў мяртвячых лісьцях зімняй стужы
Стаіўся месячык дасужы,
На шыбах беліць ён палотны,
Такі тужлівы і маркотны.

Міхал ня сьпіць, а боль тупая
Яму пад сэрца падступае.
Няма надзей, няма жаданьня;
Цяпер на сьвеце ўсё дазваньня
Яму няміла, няцікава,
І сну няма, ня лезе страва,
Жыцьцё… ды што жыцьцё такое?
Эх, глупства, глупства ўсё, пустое!
Міхал глядзіць на блеск газьніцы.
У вочы ўбіліся драбніцы —
Дрыгучы блеск і цені тыя
І танцы-скокі іх нямыя.
Яны варушацца, трасуцца,
Пустымі сьмехамі сьмяюцца,
То расплываюцца па столі,
То зноў насунуцца паволі.
Агоньчык дрыгае і скача…
Бы штось чуваць, нібы хто плача,
Ці то званочак пад дугою
Зьвініць бясконцаю тугою?
Там возы нейчыя міргнулі…
І мысьлі раптам скаканулі
У багны часаў і прастораў,
Бо ім няма граніц, запораў.
Глядзіць Міхал… што за хвароба?
Ён не адзін — іх дзьве асобы:
Адзін, Міхал — нядошлы, млявы,
Другі — здаровы і рухавы;
Адзін ляжыць, другі вандруе,
Ідзе па лесе, ў вус ня дуе
І не гадае ні аб чым.
Дурны: ня цяміць, што за ім
Таксама ходзіць хтось варожы,
Страшэнна здрадлівы, нягожы,
У нейкім доўгім балахоне
І водзіць пальцам па далоні;
Кіўне сьмяшліва, знак паложыць,
Бы штось запісвае, варожыць.
Хто ён такі? чаго ён хоча?
Чаго схіліўся і шамоча?
І нейкай тухальлю і тленьню
Нясе ад чорнага адзеньня,
І востры пах чуваць кадзіла…
Ах, гэта-ж сьмерць тут захадзіла!
Ці гэта поп?.. І ўсё прапала,
Няма і почуту Міхала.
Куды-ж ён дзеўся? Дзе ён? дзе?!
Эх, быць бядзе! ну, быць бядзе!..
Ах, не: унь ён! ён воўкам стаўся.
Бяжыць, як можа — знаць спужаўся.
Ой, ой — стрыжэнь! Ён — стоп туды!
Ніяк ня вылезе з вады.
Капут!.. Міхал-воўк прападае,
Пад лёдам зьнік, як мыш рудая,
А ўсё вакол глядзіць зьдзіўлёна.
І раптам нейкая заслона,
Чыёю-сь страшнаю рукою,
Сінь неба лучачы з зямлёю,
Ўсё пасуваецца бліжэй;
Міхалу робіцца, цяжэй,
Ў грудзёх дыханьне забівае,
А ноч-заслона, націскае,
І сьветлы круг, прамень пустыні,
Вось-вось у багне-цьме загіне.
Міхал крычыць і б’ецца ў страсе.
Заслона чуць-чуць адышлася,
Ён вочы цяжка размыкае —
Ў руцэ рука чыясь другая,
І вочы, поўныя пакуты,
Да мутных воч яго прыкуты.
Зьняможан цяжкім ён змаганьнем.
З глыбокім жалем, садрыганьнем
Ратунку просіць у людзей,
У брата, жонкі і дзяцей,
Бо неба жорстка, неба глуха
І ня прыклоніць свайго вуха,
Хоць ты прасі, хоць ты малі,
Хоць грудзі рві і сэрца выні —
Ты не кранеш яго цьвярдзіні,
Яно далёка ад зямлі,
Яно зацята, бо нямое,
Яно маўкліва, бо пустое.
— Ты пазнаеш мяне, Міхаська?
Ён уздымае вочы цяжка,
Глядзіць на жонку. — Ганна… маці…
Ратунку дайце мне!.. О, браце!
Ратуй мяне! ратуйце, дзеткі!.. —
Сьляза-палын балюча-едкі,
На ўпалых вочах выступае…
Міхал зяхае — заціхае…
— Ой, сьвечку, сьвечку: ён канае! —
На твары сьлед пякельнай мукі,
На грудзі палі яго рукі.
Міхал яшчэ раз здрыгануўся,
Зяхнуў так цяжка, ўвесь памкнуўся,
Яшчэ раз вочы расчыняе,
Глядзіць, бы штось прыпамінае;
Ён цяжка дыша, духу мала,
І ўсё адразу ясна стала.
— Антоська!.. родны мой! канаю…
Перагарэў, адстаў, зьнікаю…
Вядзі-ж ты рэй, вядзі… адзін…
Як лепшы брат, як родны сын.
Бог ня судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі…
Зямля… зямля… туды, туды, брат.
Будуй яе… ты дай ёй выгляд…
На новы лад, каб жыць нанова…
Ня кідай іх… Та-а-х! — І — гатова!
Ні слоў жывых, ні сэрца стуку,
І халадзеючую руку
Антось цалуе і рыдае
І к трупу з енкам прыпадае.


У полі, полі
Пры дарожачцы
Пахіліўся крыж
Над магілаю.
Беглі сьцежачкі
Ў сьвет шырокенькі,
Прывялі-ж яны
К тэй магіланцы!…

Ой, вы, дарожанькі людзкія,
Пуцінкі вузкія, крывыя!
Вы сьледам цьмяным снуяцеся
І ўсё блукаеце, бы ў лесе
Вас горне шлях прасторнай плыні
І далягляд. ружова-сіні,
Дзе так панадна сьвеціць сонца,
Дзе думка тчэ свае красёнцы,
Каб новы сьвет жыцьця саткаць,
Заспакаеньне сэрцу даць
І разагнаць яго трывогі…
Прасторны шлях! калі-ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
І злучыш нашы ўсе дарогі?

(Канец).