У хаце вучням не сядзіцца —
Прайшла ахвота ў іх вучыцца:
І сам дарэктар уздыхае,
На Мікалаўшчыну ківае,
У смутку нейкім часта ходзіць,
Аб доме гутарку заводзіць,
Пускае жарты міма вуха,
Яго ня цешыць саладуха,
Якая хлопцу падабалась,
Бо вельмі добра удавалась.
— Сказаць, ня кепска тут хлапчыне, —
Прамовіць часам гаспадыня, —
А ўсё-ж дамок свой моцна цягне,
І кожны к матцы сваёй прагне. —
Прышлось уважыць тут малому
І адвясьці яго да дому.
А вучні кніжкі пахавалі
І ўжо вялікадня чакалі.
Прышла вялікая субота,
Даўно прыпынена работа,
І ўжо пад-вечар сама хата
Была прылучана да сьвята:
Лагоднасьць, згода і павага
І вельмі сталая развага
Ўвесь гэты дзень тут панавалі,
І блізкасьць сьвята шанавалі
Старыя, дзеці і падросткі,
І шуму тут не падымалі, Як будным днём, з-за кожнай косткі.
Алесь і Костусь, Міхаліна —
Сама найшла на іх часіна —
На працу зранку вышлі самі
І падмялі двор дзеркачамі;
Пясочку потым накапалі
І сьцежкі ім папасыпалі;
І гэты дворык так зьмяніўся,
Так гожа траўкай заіскрыўся,
Што проста глянуць было люба, —
Хоць ты вядзі яго да шлюбу.
Мужчыны загадзя пабрылісь,
Вадою цёплаю памылісь,
Бо трэба-ж ім было сабрацца,
Паехаць ў цэркву спавядацца,
Хоць і казаў Антось, бывала,
Што тут, ў лесе, грахоў мала;
Калі-ж часамі грэх налучыць,
Аб ім забудзеш, ён ня мучыць
І не пашкодзіць ў справах неба,
Але папу аддаць іх трэба.
І вось, як трошкі зьвечарэла,
Каламашка загрукацела,
На сьвет выходзячы з усьмешкай,
Зіму згуляўшы пад застрэшкай.
Антось агледзіў тут прылады,
Калёсам добра даў «памады»,
Густога, дзёгцю і варволю,
Каб меней крыўдзілісь на долю;
А напамадзіўшы калёсы,
Падправіў вітыя атосы
І падлажыў у задок сена.
Вясёлы час — павозак зьмена!
Агледзіў дзядзька ўсю аздобу,
Тады зрабіў павозцы спробу.
Калёсы лёгка закруцілісь,
З вясёлым гукам пакацілісь,
Пайшлі ў ходу раўнютка, гладка,
Як з маслам першая аладка.
Тымчасам ў хаце ўсё гатова,
Цяпер за бацькам толькі слова,
Бо ён у лесе прыпазьніўся І вось цяпер яшчэ пыніўся.
А хлопцы зраньня рыхтавалісь,
Па добрай згодзе зьмеркавалісь
І самі зладзілі, вядома,
Хто едзе з іх, хто будзе дома.
— То будзем ехаць: я — гатовы…
Ну, аставайцеся здаровы! —
Міхал дамашнім пакланіўся,
І шапку зьняў, перахрысьціўся.
Яму ў адказ дабра жадаюць,
Грахі ўсе чыста адпускаюць.
Над ціхай талаю зямлёю
Навісла ночка тэй парою.
Было спакойна і лагодна,
Як-бы сама прырода тая
Паважнасьць сьвята адчувае,
З людзьмі жыве супольна, годна.
Маўчаць хваіны, а ні зыку,
Ня шэпне гэты бор-музыка,
Стаіць маўчком і разважае,
Відаць, Вялікадня чакае.
«Цяпер і страхі пазьнікалі!»
На вуха Костусю шапталі
Якіясь думкі-весялушкі:
«Зьвяры Вялікдзень чуюць, птушкі
І хвоі гэтыя і елі,
Ліхія людзі падабрэлі,
Бо сьвятам божым ўсюды вее:
З нажом разбойнік не пасьмее
Залегчы ў лесе срэдзь дарогі,
Бо і заможны і убогі
Сьвяты Вялікаднік сьвяткуюць
І радасьць ў сэрцы сваім чуюць».
І гэту згоднасьць, радасьць сьвята
Ва ўсім Кастусік адчувае:
І ў тым, як з дзядзькам размаўляе
На возе седзячы з ім тата,
Яна чуваць ў пытаньні брата,
І ў гэтым лесе безгалосным,
І ў мерным клыгату калёсным;
Вось так і чуеш, што й дарога
Цяпер паслушна волі бога, І пераказваюць навіны
Калёсам гучным каляіны.
Дарога з лесу вышла ў поле,
Калёсы коцяцца паволі,
Шуршыць пясочак многазначна.
Ў сяле на цэркві чуць абачна
Блішчыць ліхтарык і мігае,
Дарожных погляд прыцягае.
Яны лагчынку праяжджаюць
Гару сярэднюю мінаюць,
Клады з паніклымі крыжамі,
Дзе дрэвы голькамі-брыжамі,
Навісьлі ціха над зямлёю,
І едуць мернаю ступою.
Вось хаты з мроку выплываюць,
Агнямі вокны ў хатах зьяюць,
І на пясочку блескі-плямы
Прыгожа пішуцца скрозь рамы.
Яшчэ па звычаю старому
Мужчыны сталыя ў дому
Свае літаньні адпраўлялі,
Пакуты Езуса сьпявалі.
Так і цяпер ў Ратуёвых,
Ў Яхіма дзядзькі, ў Базылёвых,
Таксама ў Стасечкі і ў Даткі
Свае захоўвалі парадкі:
Сядзелі згодна і набожна,
І сьпеў сьвяты вялі заложна,
Вачэй ня зводзячы з кантычкі.
Часамі тут былі і стычкі,
Калі сьпеў новы зачыналі
Ды ў тон агульны не траплялі.
— Ня так, Андрэй, ты пачынаеш! —
— Не, гэта ты, Сальвэсь, зьбіваеш!
— Ня так, мужчыны, вось як трэба! —
Пры гэтым чуўся бас Язэпа,
Другія голас далучалі,
І гуртам зноў яны сьпявалі
За накіроўваючым басам.
А падарожныя тымчасам
На двор да швагра заяжджаюць,
Ідуць у хату, ўсіх вітаюць. Карусь Дзівак ў сваім кажусе
Ляжаў на печы ў цёплым дусе,
Як заўжды ў вольную часіну;
Ляжаў, курыў і цыркаў сьліну
З-за белай коміны на хату;
І ён таксама рады сьвяту,
Але ніяк ня мог стрымацца,
Каб з печы жартам не азвацца,
Абы хто ў хаце паказаўся,
І сам ён сьмехам заліваўся;
А цётка Магда ня стрывае
І Дзівака свайго палае:
— Чаго, кацьмак, там заваліўся?
Пайшоў-бы ў цэркву памаліўся,
Зусім ты бога адцураўся:
Пятнаццаць год, як спавядаўся!
— А што папу казаць я маю?
Я печ на рай не памяняю!
— Цьфу, млін пусты! ото завала,
Бадай табе было зарвала! —
І злосна дзядзьку лае цётка,
А ён хіхікае каротка.
— Што, дзядзька, пойдзем ў цэркву можа?
— А пойдзем, голубе-нябожа!
Антось і Костусь ідуць з хаты.
Цянююць вуліцай дзяўчаты,
Шчабечуць весела, сьмяюцца,
І хлопцы дзесь перагукнуцца.
І ўсе вясёлы, ўсе рухлівы
І сьвятам заўтрашнім шчасьлівы.
А цэрква, макаўка сьвятая,
Народу поўна, блескам зьяе.
Сярод царкоўкі плашчаніца,
Стаіць між ёлачак зялёных.
Кабеты, дзеўкі, маладзіцы
Ідуць-плывуць да плашчаніцы
У хустках белых і чырвоных,
Набожна хрысьцяцца, ўздыхаюць
І лбом данізу прыпадаюць.
Направа сталыя мужчыны
Стаяць, разгладзіўшы маршчыны.
А Чыліноў Алесь надзьмуўся, Ў сьвятыя дзеяньні уткнуўся
І там, дзе слоў не расчытае,
На сажань голас працягае.
— Вось Чыліны як дацінаюць! —
Чытаньне людзі адзначаюць,
Народ калышыцца, хвалюе,
Бы ў цёмным віры вада тая,
І ўсё плыве, ўсё прыбывае
І ўлады сну ён больш ня чуе,
І блізак час сьвятой дзяньніцы.
«Хрыстос васкрос!» — з гары-званьніцы
Вяшчае першы звон шчасьліва.
Народ увесь, бы ў поле ніва,
Буйнымі гнецца каласамі,
Скланіўся ціха галавамі.
А пачакаўшы з паўгадзіны,
Нясуць жанкі, нясуць мужчыны
Кашы, каробкі, паўвасьміны
І ставяць ў рад на цьвінтары
Ўсе вялікодныя дары.
Маленьне бацька-поп канчае,
Ідзе з крапідлам і махае,
Заварушыліся каробкі,
Кашы хватаюць, паўвасьміны,
Ня трацяць добрае часіны
Дзямян, Шабас, Казімер, Сьцёпка.
Паперлі полем русакоўцы,
Бягуць да коней сьвераноўцы,
Гудуць, склікаюцца, віншуюць,
Адны другіх ў галдзе ня чуюць,
І ўсе сьпяшаюцца, бягуць,
Каб рот свой скорамам заткнуць.
Антось з Міхалам і гатовы.
— Сьвяткуйце-ж веселы, здаровы! —
Усім дабра яны жадаюць
І за вароты выяжджаюць.
А людзі ў хатах не драмалі:
Ўжо «алялюя» адсьпявалі
І за сталамі ўсёй сям’ёю
Сядзелі-цешылісь ядою.
Панукі конік не чакае,
І сам ён рысьсю запускае, Як-бы сьпяшаецца дамоў
Замчаць сваіх гаспадароў.
А новы дзень, даўно жаданы,
Ўжо сыпле багру на курганы,
І стрэлы-косы залатыя
На ўзгоркі падаюць крутыя.
А хмаркі ў фарбах злоталітых,
Ў шаўкох, агністых аксамітах,
То паасобку, то гурткамі,
То залатымі ланцужкамі,
Як-бы спыніўшысь нярухліва,
Усьмешкі кідаюць шчасьліва, —
І ім хацелася, відаць,
Сьвяты Вялікаднік вітаць.
— Ну, едуць, едуць — Алесь з хаты
Бяжыць да дзядзькі і да таты,
І дзеці кінулісь к парогу.
— Ну, вось, і дома, дзякуй богу! —
Прышлі у хату, ўсіх цалуюць,
З сьвятым Вялікаднем віншуюць;
Памылісь борзьдзенька, садзяцца,
Бо час даўно ім разгаўляцца.
Абрусам белым стол накрыты,
Ўсё мае выгляд самавіты;
Мужчыны добры і прыветны,
Ніякай цені незаметна.
На бэльку кінуў бацька вочы,
Бярэ кантычку і гартае,
«Вэсолы нам дзісь дзень» шукае.
Хоць сьпевы слухаць неахвочы,
Але трымаюць дзеці згоду,
Бо ўжо вялось так год ад году.
«Вэсолы» ў «ксёнжцы» дзесь прапалі,
Насілу ў двох іх адшукалі
І раптам дружна зацягнулі,
Як-бы іх пугай сьцебанулі;
І маці голас далучае
І так танютка вырабляе,
А гаспадар ўсё болей з баса
Утне такога выкрунтаса,
Аж сам падзівіцца сабе
І стане горача табе. Антось бярэ больш танкавата,
І не адстае ніяк ад брата,
А хлопцы толькі усьміхнуцца,
Але сядзяць, не зварухнуцца.
К канцу падходзіць «алялюя»,
Ў камору маці тут тралюе,
Нясе прынадную бутэльку.
Кантычка зноў ідзе на бэльку.
Відэльцы дружна разьбіраюць,
І гуртам яйкі ачышчаюць,
І па кусочку іх бяруць,
Крыху падсольваюць, ядуць.
Вось бацька чарку налівае
І вочы ўгору падымае.
— Дай, божа, за год дачакаць.
Здаровым, вясёлым, жывым
І новы Вялікдзень таксама, спаткаць
У добрым здаровейку ўсім,
Каб гора і смутку ня зналі.
— Дай божа! разам адказалі,
І пайшла чарка з рук у рукі,
Пілі ўсе гладка, бяз прынукі;
Малым папробаваць далі,
Каб весялейшыя былі.
А на стале тым — рай ды годзі,
Таго ня знайдзеш і ў «компродзе»:
Ляжала шынка, як калушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зьверху, сакаўная,
Як-бы агонь у ёй палае,
А ніз бялюткі, паркалёвы;
Кілбасы-скруткі, як падковы.
Між сьцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсьвінак,
Чысьцюткі, сьвежы і румяны,
Як-бы паніч той падзіманы.
Муштарда, хрэн — адно дзяржыся,
У рот паложыш — сьцеражыся!
А пірагі, як сонца, зьялі,
І ў роце бабкі раставалі.
Са смакам елі і багата —
На тое-ж даў бог людзям сьвята.
|