Перайсці да зместу

Новая зямля (1923)/XIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XIII. Падгляд пчол XIV. Дарэктар
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XV. Начаткі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XIV.

ДАРЭКТАР.

Зварот пары, зьніканьне лета…
То — водгульле душы паэты,
То — смутны вобраз разьвітаньня,
То — струн дрыгучых заміраньне,
Натхненнай песьні жаль сардэчны,
Жыцьця і сьмерці сымбаль вечны!
І люб і смуцен час прыгоды,
Калі душа ўсяе прыроды
З тваёю злучыцца душою
Ў адным суладзьдзі і настроі!
І ты маўчыш, маўчаць і далі,
Як-бы ў аднэй агульнай хвалі,
Ў аднэй асьветленай часіне
Жыцьцё злучыла свае плыні
І бег свой вечны прыпыніла,
І неба твар свой адчыніла.
На залаты парог паўдзеньня
Скрозь бела-руннае адзеньне
У багне неба ясна-сіняй
Ступае сонца, як багіня,
І стрэлы-косы раскідае,
Як чараўніца маладая.
Пад гэтай ласкаю зіяньня,
Ўспагадна-добрага ўзіраньня,
Ўсё заспакоілася: неба,
І поле зьнятага ўжо хлеба,
І гэта даль, і лугавіны…
На ніцях белай павуціны
Прывозяць восень павучкі.
Яе красёнцы, чаўначкі
У моры лесу мільгатнулі
І лісьце ў багру апранулі;
І з кожнай лісьцевай галоўкі
Глядзіць твар восені-сьвякроўкі.
Павее ветрык — шурхнуць травы:
Няма ў ім ласкі ні забавы.
Не — то ня шолах каласочкаў,
Ня сьмех блакітных васілёчкаў
У межах росных збажыны;
Не — то ня музыка вясны,
А ціхі жаль і нараканьне,
З жыцьцём і з сонцам разьвітаньне.
Шыбуюць гусі ў край далёкі
І жураўлі ў той самы край.
— Прашчай-жа, лецейка, прашчай!
Прашчайце, родныя валокі!
— Ну, — кажа раз Міхал: — як будзе?
Ўжо вучаць дзеці ў школцы людзі;
Пара-б і нашым за навуку…
Аддаць ў школку іх — ня ў руку:
Давай харчы, наймі кватэру… —
І бацька тут, як на паперу,
Стаў вылічаць расходы, страту
І кончыў тым: лепш к сабе ў хату —
Ня трэба й кланяцца Яхіму —
Наняць дарэктара на зіму,
Ну, хоць-бы Яську Базылёва,
— Дамо рублёў тры і — гатова!
А хлопец спрытны да навукі.
— Ну, Яська — майстар на ўсе рукі:
Як да сярпа, так і да кнігі.
Але ці будуць хлопцы слухаць?
Каб ня прышлося, часам, нюхаць
Яму ад вучняў сваіх хвігі? —
Антось заўважыў. — Як-то-хвігі? —
Няхай асьмеляцца, псялыгі! —
Ўскіпеў Міхал — а гэта што?
Як адсьвянцаю разоў сто,
Як адлуплю-тры дні ня сядзе! —
Тут вочы ўніз спускае Ўладзя
Ды слова ўставіць сьмеласьць мае:
— Я больш забыўся, як ён знае.
— О, ты разумны! ўсё ты ўмееш,
А пяць ды два не зразумееш:
Дурны ў задачах, як дубіна! —
Спыняе бацька грозна сына: —
Але вучыцца мне бяз дуру,
А не — як з гада спушчу скуру!
Ўсё разумець павінны самі! —
І бацька ўсіх абвёў вачамі,
Кіўнуў выразна на аборку.
На тым і кончылі гаворку.
Яшчэ дарэктар не зьявіўся,
А Ўладзя хлопцам пабажыўся,
Што ён за вуха ўзяць ня дасца,
Няхай лепш возьме яго трасца!
У дзьве нядзелькі па Пакровах
Прывезьлі Яську ў лапцях новых;
За ім два боты без абцасаў —
Насіў іх Яська з даўных часаў,
Ад брата «Кіксы» дасталіся —
На ўсякі выпадах нясьліся.
— Ну, вось дарэктар вам, глядзеце! —
Міхал ківае тут па Яську:
За кнігі заўтра і за ўказку,
Бо грошы бацькавы — ня сьмецьце,
Каб мне вучыліся старанна!
Не патураць ім а ні званьня! —
Міхал зьвярнуўся к «дарактору»: —
А не паслухае каторы —
Цягні за вуха на калені:
Знайду лякарства я ад лені!
А будзе йсьці навука туга,
Падгоніць бацькава папруга! —
Стаялі хлопцы і маўчалі,
На Яську зрэдка, паглядалі;
А сам дарэктар, з вузел ростам,
Ў сваім уборы бедным, простым,
У зрэбных портках і кашулі
Стаяў, як-бы яго прыгнулі,
Такім мізэрным і маўклівым,
У халаце суконным, сівым.
Счакаўшы трошкі, ён ачнуўся,
Прыйшоў у памяць, азірнуўся.
Ён знаў усіх і яго зналі;
З Уладзем колісь сябравалі,
Але цяпер ня тыя часы —
Рабіць нязручна выкрунтасы,
Бо цьвёрда помніць, ведаць трэба:
На ім ляжыць цяпер вучэба.
Ён толькі летась скончыў школку
І веды меў у вадну столку,
Ды й тых патраціў з палавіну,
У поле гонячы скаціну.
Таксама, хлопцы разважалі
І, як трымацца з ім, ня зналі:
Ці мець яго за панібрата,
Ці лепш з ім быць далекавата.
Уладзік зараз — шмыг у дзьверы!
(Такія меў ужо манеры)
Ды йшоў пыніць ён гаспадарку.
З навукай хлопец штось ня ладзіў,
А Еўтушэўскі яго гадзіў,
Ярэмцам клаўся ён на карку.
Алесь за комінак схаваўся,
Адтуль на Яську прыглядаўся
І думаў там сабе бяз шуму
Якую-сь сьмешную, знаць, думу,
Бо зрэдка ў голас ўсьміхаўся.
Яшчэ раз Яська азірнуўся,
Павесіў шапку, распрануўся —
Як вузел, хлопец, невялічкі!
Крыху маркотна з няпрывычкі,
Бо тут так ціха, глухавата:
Лясы, кусты і адна хата;
Тут жыць запраўды страшнавата:
Лагчыны, яміны, раўкі —
Тут, пэўна, шворацца ваўкі
І злыдні ходзяць, ваўкалакі…
Папаўся ён тут, небарака!
А лес пануры і страхлівы.
Дарэктар наш быў палахлівы;
Няма ні веры, ні надзеі
На вельмі добрыя падзеі.
Эх, цяжка жыць тут будзе, цяжка!
І, нават, каецца наш Яська,
На што даваў ён сваю згоду.
Каб знаў — ня ехаў-бы ён зроду,
Бо прападзе ён тут, як мыш.
Але ўжо выпілі барыш,
І сам ён чарку выпіў. Шкода!
У запек Яська йдзе, садзіцца —
Да дзела-ж трэба прыступіцца!
Хоць і папаў ён у няволю,
Але выконваў сваю ролю,
Бо так і гонар ты свой згубіш.
— Ну, ты, Костусь, чытаць любіш? —
Дарэктар Костуся пытае,
Абы хоць гутарка якая,
— Люблю, але яшчэ ня ўмею:
Складоў ніяк я не здалею.
— Ну, гэта, брат ты мой, паўгора:
Склады чытаць ты пойдзеш скора,
Абы каб літары нам знаць,
А на склады ўжо — напляваць:
Пасьлібізуеш і нічога —
Ня трэба розуму тут многа.
А як Алесь? — Алесь вучыўся.
Пісаць ён, нават, налажыўся, —
Гаворыць Костусь пра Алеся.
— Што ўжо з мяне вы сьмеяцеся? —
Алесь аклікнуўся ім з печы: —
Хоць і пішу, ды не да рэчы;
Калі што й ведаў, то забыўся,
Бо ўжо даўно пісаць вучыўся.
— Цябе-ж, нябось, вучыў Лапата, —
Ўступіўся Костусь йзноў за брата: —
Ты ў школе быў, Алесь, паўгода,
Пісаў на дошцы «кучка», «мода»,
Пісаў і «конь» і «вецер вее»…
Не — наш Алесь пісаць умее!
— Ну, гэта я то трохі знаю,
Хоць часам сам не расчытаю,
Што напішу — такі пісака,
Што не расчытае і сабака. —
Алесь за бальку сунуў руку,
Раз справа ходзіць пра навуку,
Дастаў сваю цятрадзь старую.
— Вось паглядзі, як я малюю,
Якіх я тут наставіў птушак,
Каракуль розных, завітушак,
Вось гэта — «кучка», гэта — «мода»,
А гэта — «конь», а тут — «калода»;
А тут пісаў дзядзька Антось,
Ён піша хораша, нябось,
Ня праўда? можна падзівіцца!
Ён штось пісаў тут яшчэ ўлетку,
Як браў кабылу на заметку,
Калі ёй трэба жарабіцца. —
Глядзелі ў трох на гэты сшытак,
І ўсё разгледзілі да нітак.
І хлопцы тут пасебравалі,
Язык і Яську разьвязалі,
Сышлі з навукі на другое:
Зайшла іх гутарка аб тое,
Чым гэты кут багаты, слаўны.
Сярод зьвяроў тут лось быў глаўны.
І вучням нават тут прышлося
Сказаць дарэктару пра лося:
Які вялікі ён, рагаты,
Паджары і стрынгаляваты,
Калі глядзець на яго ззаду,
А з галавы — раголь-грамада!
За ім йшоў воўк, зайцы, куніцы
І многа ўсякае драбніцы:
Барсук, каза, лісы, віёркі,
Тхары і ласіцы, і норкі.
Дарэктар слухаў з захапленьнем,
Дзівіўся розным тут здарэньням:
Як барсука ў Парэччы білі,
Як тут куніц, тхароў лавілі,
Які характар, нораў зьвера,
Якая воўчая манера;
Таго ня чуў наш Ясь ніколі,
Хоць быў чатыры гады ў школе.
А на канцы, як пра гасьцінец,
Сказалі Яську пра зьвярынец,
Каб скончыць тым усе навіны.
Зьвярынец — загарад казіны —
Ўсё гэта — панскія забавы.
І сам зьвярынец быў цікавы:
Высокі, зложаны з бярвеньня
І такі моцны — на зьдзіўленьне!
Каб воўк да коз ня мог дабрацца
Ні праз той верх, ні падкапацца —
Ня ўсунеш пальца там нідзе ты.
Адным крылом зьвярынец гэты
Сюды выходзіў на дарогу.
Займаў ён цэлую разлогу:
І лес, і луг, і часьць крыніцы.
Улетку ў ім растуць суніцы,
Іх хлопцы бралі колькі шапак.
У ельняку з яловых лапак
Стаіць салаш, як тая хата.
Раней тут коз было багата,
Крыху наўперад, ня ў іх часе,
Ды тая плойма ўся зьвялася,
Так перадохла яна марна;
Цяпер-жа ёсьць тут толькі сарна
Ды даніель, казёл адзіны,
А рогі тыя, як галіны.
Адно здарэньне аб казьле тым,
Што мела месца прошлым летам,
Апавядалі хлопцы Яську,
Як найцікаўнейшую казку.
А гэта справа так была.
Каня ў кампанію казла
Пускалі нанач у зьвярынец,
І вось які казёл злачынец:
З канём знаёміцца, сябруе,
Так сьлед у сьлед і спацыруе,
І разам ходзяць, і гуляюць,
І разам ночы карачаюць —
Ну, словам, сталі дружакамі.
Ад дружбы к гульням пераходзяць,
Ды тыя гульні часта шкодзяць:
Казёл каня штурхець рагамі!
Штурхель быў нагла-нечаканы,
І ў жываце каня — тры раны!
Ідзе-цячэ ў хлапцоў размова —
І Яська зрэдка ўставіць слова,
Пра, сёе-тое распытае —
Размова, ладная, жывая!
Страхоў такіх тут наказалі,
Што ў Яські коленкі дрыжалі,
І ні завошта па вячэры
Ня сьмеў ён выйсьці вон за дзьверы:
А перад тым, як спаць лажыцца,
Ён мусіў к хлопцам паддабрыцца,
І хлопцы цёмнаю парою
Ішлі на двор з ім грамадою
І там стаялі, ня йшлі ў хату,
Пакуль з натурай меў расплату.
Затым ў запек йшлі і спалі,
Туды-ж і Яську яны бралі.
Ён у сярэдзіне лажыўся,
Ляжаў маўчком, не варушыўся,
Абы ня легчы толькі з краю:
— Бо я з вас коўдру пасьцягаю.
Якое-ж будзе вам тут спаньне? —
Казаў наш Яська ў апраўданьне.