Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе ня маю сілы!
Ня раз, утомлены дарогай,
Жыцьцём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцьця папарадку
Прайсьці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменьні тыя,
Што губяць сілы маладыя —
К вясьне-б маёй хацеў вярнуцца.
Вясна, вясна! не для мяне ты!
Ня я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, —
Цябе на век, вясна, хаваю.
Назад ня прыдзе хваля тая,
Што з быстрай рэчкай уплывае.
Ня раз яна, зрабіўшысь парам,
На крыльлях сонца дойдзе к хмарам
Ды йзноў дажджом на рэчку сыйдзе —
Ніхто з граніц сваіх ня выйдзе,
З законаў, жыцьцем напісаных,
Або на дол спадзе ў туманах.
Але хто нам яе пакажа?
На дол вадой ці сьнегам ляжа?
Ня вернешся як хваля тая,
Ка мне, вясна ты маладая!... Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузенькае ложа
І ёлка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час каханьня,
Ў апошні вечар расставаньня.
І бачу лес я каля хаты,
Дзе калісь весела, дзяўчаты
Сьпявалі песьні дружным хорам,
З работ ідучы позна борам.
Нясьліся зыкі песень здольных,
Ў лясох раз-по-раз адбівалісь,
Ім ўзгоркі ўсюды адклікалісь,
І чулась радасьць ў песьнях вольных.
А хвоі, ёлкі векавыя
Пад зыкі песень маладыя
Маўчком стаялі ў нейкай думе,
І ў іх ціхусенечкім шуме
Няслось вячэрняе маленьне
Угару, сьвятое аддаленьне.
Каля пасады лясьніковай
Цягнуўся гожаю падковай
Стары, высокі лес цяністы.
Тут верх асіны круглалісты
Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,
А ёлкі хмурымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь,
Заўсёды смутныя, бы ўдовы,
Яны найбольш адны стаялі,
І так маркотна пазіралі
Іх задуменныя галовы!
Лес наступаў і расступаўся,
Лужком зялёным разрываўся,
А дзе прыгожыя загібы
Так міла йшлі каля сядзібы,
Што проста імі-б любаваўся.
А зьнізу гэты лес кашлаты
Меў зелянюсенькія шаты
Лазы, чаромхі ці крушыны,
Алешын ліпкіх, верабіны. Глядзіш, бывала, і здаецца,
Што скрозь сьцяну галін жывую,
Скрозь гэту тканку маладую
Ні мыш, ні пташка не праб’ецца.
Цякла тут з лесу невялічка,
Травой заросшая крынічка,
Абодва берагі каторай
Лазьняк, ракітнік абступалі;
Бруіліся ў цяньку іх хвалі
І ў луг чуць значнаю разорай
Ішлі спакойна, між чаротаў,
Рабілі многа заваротаў,
Аж покі ў Нёман не ўцякалі.
Зялёны луг, як скінуць вокам,
Абрусам пышным і шырокім
Абапал Нёмна, расьцілаўся —
За хатай зараз пачынаўся
Ды йшоў квяцістай раўніною
З мурожнай слаўнаю травою
І зьяў на сонцы ў пералівах
Пяшчотных тонаў. Як на нівах
Жыта, збажынка, лёгка гнуцца,
І людзям радасна сьмяюцца,
Сваім прыемным, мілым сьпевам
Пад лёгкім ветрыка павевам, —
Так гнуцца, гойдаюцца, травы,
Як пройме ветрык іх ласкавы,
І пойдуць хвалі травяныя
З прыемным сьпевам чарадою,
Зашэпчуць краскі між сабою,
Нібы дзяўчаткі маладыя.
Эх, луг шырокі! Як жывы, ты,
Праменьнем сонейка, заліты,
Стаіш у мяне прэд вачыма,
Ты міл і смуцен, як радзіма,
Як наша ціхая старонка,
Дзе смугі сіняя пялёнка,
У летні час дымком зьвісае
І даль задумай спавівае.
Хоць я няволяй цяжка змучан
І з родным берагам разлучан, Ды я душою ажываю,
Як вокам мысьлі азіраю
Цябе, мой луг і бераг родны,
Дзе льлецца Нёман срэбраводны,
Дзе дубы дружнай чарадою
Стаяць, як вежы, над вадою
Даўнейшых спраў вартаўнікамі
І зьяюць грозна жараламі.
І толькі тут, пад іх чародкай
Улетку, добраю пагодкай,
Касьбой утомлены, спачынеш
І думкі клопату пакінеш,
Заснуўшы крэпка і салодка.
Тут так прахладна, так прывольна!
А пташкі голасна і здольна
Сьмяюцца мілым шчабятаньнем
І поўняць луг сваім сьпяваньнем.
А на дубох, як шапкі тыя,
Чарнеюць гнёзды бусьляныя.
Буслы клякочуць, бусьляняты
Пішчаць жалобна, як шчаняты,
Насы закідваюць угору
І просяць есьці ў сваю пору.
А там, дзе бусьлікі ўздужалі,
Іх пачынаюць вабіць далі;
Яны пачулі ў сабе сілы,
Яны разводзяць ужо крылы,
Ўгару на локаць падлятаюць,
Паветра ловяць, заграбаюць
І няўклюднымі нагамі
Танцуюць сьмешна над дубамі,
Там, у падсуседзях з бусламі
І вераб’і, шпакі вядуцца;
Клапотна шчэбеты нясуцца
І моўкнуць позна вечарамі.
Ў дубох крычаць сіваваронкі,
І сьвіст над лугам рэзкі, звонкі
Каршун маркотна так раняе
І нейкі смутак пакідае.
Эх, луг шырокі! Як жывы, ты,
Травой мурожнаю закрыты, Стаіш зялёны прада мною
І зьяеш дзіўнаю красою!
Як дзьве старэнькія кабеткі,
Да якіх старасьць неўзаметкі,
Падкраўшысь злодзеем срэдзь ночы,
Як смачны сон змыкае вочы,
Красу і крэпасьць забірае
І ўсю іх жывасьць выкрадае
Ды кіне іх адных, старэнькіх,
Адных, як перст, і чуць жывенькіх
І непатрэбных а нікому
На цягасьць жыцьцю малодому, —
Так каля хатачкі ў садочку,
Схіліўшысь ціхенька ў куточку,
Стаялі дзьве вярбы старыя,
А навакола маладыя
Дзярэўцы пышна красавалі,
На сьвет вясёла пазіралі.
Гальлё спусьціўшы над парканам,
Расла тут грушка з тонкім станам;
Па-над парканам пышным валам
Стаяў вішняк густы, прыўдалы.
Садок быў, праўда, невялічкі:
Дзьве верабіны ды тры дзічкі
Ды між верб ліпка маладая,
Бы іх унучка дарагая.
Але як весела і міла
Тут пчолка ў вульлях гаманіла!
І як прыемна пахла мёдам!
Пладзілісь пчолкі з кождым годам:
Што лета вульляў прыбывала —
На пчолкі вельмі шанцавала.
Тут гул-звон быў удзень, уночы,
Бывала ўлетку, ў час рабочы
Ня раз там чуўся крык вясёлы:
— Го, тата! дзядзька! вышлі пчолы!
На вішні селі каля плоту! —
Мужчыны кідалі работу,
Касьбу над рэчкай за кустамі,
І беглі шыбка, каб, часамі, На лес дзе пчолкі не зьляцелі,
Дык іх там пільненька глядзелі.
На прыгуменьні поруч з садам,
Павець з гумном стаяла радам,
А пад паветкаю прылады:
Вазок, калёсы, панарады,
Старыя сані, восі, колы
І вульляў некалькі на пчолы,
Яшчэ някончаных; судзіна,
Стары цабэрак, павасьміна,
І розны хлам і лом валяўся,
Ад сонца, дожджыку хаваўся, —
Патрэбны рэчы, ёсьць вядома.
Гуменца, крытае саломай,
Ад доўгіх часаў пасівела;
Салома кудламі вісела.
Яе вятры паразьдзімалі,
А трохі хлопцы пасьцягалі,
На стрэху лазячы, бывала, —
Іх гэта забаўка займала.
А пад шчытом на павуціне
Нішчымны колас-сіраціна,
Ў зацішку лёгенька гайдаўся;
З якіх ён часаў там трымаўся,
То бог яго сьвяты ўжо знае!
Будоўля, больш яшчэ старая,
З гнілой, вагнутаю страхою,
Стаяў хлявец, якраз напроці
І чуць ліпеў, як-бы на плоце
Гаршчок, разьбіты качаргою.
Стары, паедзены чарвямі,
На бок пахілены вятрамі,
Глядзеў хлеў гэты старычынай,
Пахілай доляй, жабрачынай;
А збоку, ў полі, недалёка,
Стаяў прыгрэбнік адзінока,
Пахілкам, горкім сіратою,
У дол упёршыся страхою.
Ў глыбі двара стаяла хата
І выглядала зухавата
Паміж запушчанай будовы,
Як-бы шляхцянка засьцянкова, Што ў дзень сьвяты каля касьцёла,
Чуць-чуць падняўшы край падола,
Так важна ходзіць з парасонам,
Спадніцай верціць, як агонам,
З дарожак пыл, пясок зганяе
У вочы хлопцам заглядае.
За хатай поле пачыналась,
Дзе жыта хораша гайдалась,
І рос авёс, ячмень і грэчка, —
Было прытульнае гнязьдзечка!..
Мой родны кут, лугі, крыніца!
Цяпер для вас я — чужаніца.
Той самы лес, палеткі тыя,
Ды людзі там жывуць другія.
Мне душу смуткам напаўняе,
Што ў прошласьць канулі гадочкі,
Мае шчасьлівыя дзянёчкі, —
Прайшла, вясна ты маладая!
Цяпер разгорнем часаў шаты,
Бліжэй прыгледзімся да хаты,
Да Міхася і да Антося,
Як там вялося, як жылося.
|