Перайсці да зместу

Не сіла, а смеласць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Не сіла, а смеласць
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-010

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыла ў адной вёсцы дзяўчына Марыля. Маленькая ўдалася ростам, дык усе яе не Марыляй звалі, а Марылькай. І сілу яна мела, як у таго камара.

Жартуюць з яе сяброўкі. «На цябе, — кажуць, — хлопец як дзьмухне, дык ты і паляціш, як пух!»

Ды затое была Марылька смелая, што і хлопец другі не дакажа. Бывала, убачыць, што большы крыўдзіць меншага, — як ястраб налятае на крыўдзіцеля, і той адступае перад ёю.

Пачалі аднаго разу сяброўкі жартаваць з Марылькі:

— Ды ты не такая і смелая, як думаеш. Схадзі вось уночы на могілкі, тады паверым.

— І схаджу! — адказвае Марылька.

— Нябось убачыш там пень, дык душа ў пяткі схаваецца…

— А вось жа, на злосць вам, пайду! — кажа Марылька.

Настала ноч. Марылька пакінула сябровак на вуліцы, а сама пабегла на могілкі. Бяжыць і не азіраецца. Каля могілак супынілася ды пайшла ціха. А каб не было страшна, заспявала песню. Ходзіць так па могілках ды спявае — няхай чуюць сяброўкі, што яна тут!

Здарылася якраз, што ў тую ноч зладзеі абакралі аднаго багатага гаспадара і везлі яго дабро каля могілак у свой лес. Пачулі яны песню, напужаліся, кінулі воз ды пабеглі хавацца, хто куды.

Падышла Марылька да воза, паклікала — ніхто не адгукаецца. Агледзела воз, а там усялякага дабра поўна. Здагадалася яна, што гэта зладзейская работа, бо ад зладзеяў у іх аколіцы шмат хто бяду меў. Ніхто не ведаў, адкуль яны прыходзяць і куды крадзенае возяць.

Села Марылька на воз ды пагнала каня ў вёску.

Убачылі зладзеі, што тут усяго толькі адна малая дзяўчынка, кінуліся за ёю, але так і не дагналі.

Вярнула смелая Марылька гаспадару каня і ўсё дабро. Зарадаваўся гаспадар і даў ён за гэта вялікія грошы. Купіла яна сабе новую сукенку, чаравікі, прыхарашылася так, што ўсе сяброўкі зайздросцяць ёй.

А зладзеі ніяк не могуць сабе дараваць, што такая малая дзяўчынка паразганяла іх, як зайцоў. Ды і накрадзенага дабра шкада ім. Вось і надумаліся яны завабіць смялячку ў свой лес і адпомсціць ёй.

Прыехаў да Марылькі праз колькі дзён адзін з тых зладзеяў у сваты. Марылька кажа яму:

— Ты чалавек мне незнаёмы, я раней хачу паглядзець, дзе ты жывеш і як жывеш.

Злодзей, вядома, і рад: сама трапіць у іх рукі! Расказаў ён ёй, дзе яго шукаць, і паехаў.

Сабралася Марылька ў розведы да жаніха. Маці пачала яе адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не зробіш з упартаю дачкою! Запрэгла яна сваю кабылку, села і паехала.

Даехала да лесу, бачыць — збоку паваротка, а каля яе на кусце заламана галінка. Яна і завярнула на гэтую паваротку.

Праехала крыху, а там новая паваротка і зноў галінка заламана.

Ехала яна, ехала, даехала да нейкага балотца. А за ім пайшоў лес такі густы, што і носа не ўбіць. I ніякай дарожкі нідзе няма. Прывязала яна да бярэзіны кабылку, а сама пайшла ў гушчар. Пралезла неяк і ўбачыла прасвет, а на ім хатку. Падкралася да хаткі, глядзіць праз акенца, аж там зладзеі дзеляць накрадзенае дабро. Лаюцца, крычаць, ледзь не з нажамі адзін на аднаго кідаюцца. Прыгледзелася Марылька і пазнала сярод іх таго, хто да яе ў сваты прыязджаў… Стаіць ён, размахвае вялізным нажом, разнімае другіх. «Відаць, гэта сам атаман разбойнікаў», — думае Марылька.

Завярнулася яна ды пайшла хутчэй да кабылкі.

Плішчылася яна, плішчылася праз гушчэчу, усё адзенне на сабе парвала і заблудзілася. Туды-сюды кідаецца — няма кабылкі! Раптам перагарадзілі ёй дарогу два ваўкі… Стаяць ды зубамі ляскаюць. «Ну, — думае Марылька, — з'елі яны маю кабылку». Узяла яе злосць на ваўкоў, схапіла яна патарчаку і з крыкам кінулася на іх. Спалохаліся ваўкі смелай дзяўчыны, падцялі хвасты ды падаліся ў гушчар.

Прабіраецца Марылька далей. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі, толькі пугач крычыць сваё «пу-гу!» ды сава падлятае да яе на сваіх мяккіх крылах, чуць не на галаву садзіцца. А як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе.

Выбралася гэтак Марылька на нейкую дарожку, бачыць — едзе на яе кабылцы якісьці чалавек. Прыгледзелася, аж гэта іх сусед, стары Ахрэм. Хадзіў ён па лесе з сякераю, шукаў якой патрэбнай дзеравякі ды натрапіў на прывязаную кабылку. Пагукаў — няма гаспадара. «Мабыць, яе зладзеі ўкралі ды схавалі тут», — падумаў Ахрэм. Адвязаў ён кабылку, сеў у драбінкі ды і падаўся дахаты.

Пачуў Ахрэм голас, азірнуўся: гоніцца за ім нейкая не то русалка, не то ведзьма: косы распушчаны, адзенне на кавалкі пашматана… Давай ён кабылку паганяць, ад бяды ўцякаць.

А русалка ўсё бяжыць за ім і нават па імені кліча…

Бачыць Ахрэм, што не ўцячы яму на кабылцы ад гэтай мары. Саскочыў ён з воза, схапіў сваю сякеру ды так паджгаў, што толькі пяты замільгалі.

Прыехала Марылька дахаты і расказала ўсім, дзе зладзеі жывуць. Сабраліся хлопцы, зрабілі ў лесе аблаву і палавілі іх.

Зажылі з таго часу людзі ў той аколіцы ціха ды мірна.

Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць.