Не нам, беларусам, не нам…
Выгляд
Не нам, беларусам, не нам… Аўтар: Гальяш Леўчык 1926 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 280 |
Не нам, беларусам, не нам
Паном ці чужынцам служыці!
Нам тутака трэба і там
Для Белае Русі жыці!
Не нам, беларусам, не нам
З сваімі людзьмі калаціцца
І польскім ці іншым панам
У батрацкую службу згадзіцца.
Не нам, беларусам, не нам
Для мэты чужое пот ліці,
Мяняці кажух на лахман —
Нам трэба Русь Белу любіці!
Пара беларусам, пара
Для роднага краю старацца,
Для долі, свабоды, дабра —
За шчасце, народ свой змагацца!