Перайсці да зместу

Не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-052

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пра паляўнічых расказваюць розныя байкі. Штукары яны на выдумкі, што і казаць. Любяць і прылгаць, і памарыць аб сваім паляўнічым шчасці.

Дык вось. Жыў-быў некалі адзін такі паляўнічы. Пайшоў ён у лес, глядзіць — заяц пад кустом спіць. Тоўсты шарак, сыты. Адкарміўся за лета на добрых харчах.

Дастаў узрадаваны паляўнічы капшук з тытунём, напіхае люльку, а сам думае, любуючыся зайцам: «Няхай, небарака, яшчэ паспіць. Ад сну не толькі чалавек, а і заяц тлусцее. Нікуды ад мяне ён цяпер не ўцячэ. Але што ж я з ім зраблю, як застрэлю? Ага! От што зраблю. Мяса пасалю, у дзежку складу, буду есці патрошку, а шкуру — хвацкая шкура! — прадам. Немалыя грошы вазьму! Дзешава не прадам. Буду таргавацца. Так, так. А што за тыя грошы куплю?»

Прыкінуў мужык-паляўнічы і так і гэтак: шмат дзірак у гаспадарцы на тыя грошы. «Ага! — падумаў ён. — Лепш за ўсё куплю за іх курачку. Яна яек нанясе. Потым пасаджу яе на тыя яйкі ў рэшата, яна куранятак выведзе: пеўнікаў і курачак. Пеўнікаў, як падрастуць, парэжу — зноў мяса будзе, а курачак прадам — зноў грошы будуць. Немалыя грошы! Што я за іх куплю? Ага! Куплю на гэты раз авечку. Яна прывядзе ягнятак: баранчыка і ярачку. Баранчыка, як падрасце, я на мяса зарэжу — от жа наемся цяпер мяса ўдосталь. А ярачку гадаваць буду. Год за годам — і цэлую чараду авечак развяду. Так, так, далібог развяду. Гм… Што ж цяпер з імі рабіць буду?»

Думаў-думаў паляўнічы, так і гэтак меркаваў. «Ага! — надумаўся нарэшце. — Чараду авечак я таксама прадам. Цэлы мех грошай за іх вазьму. За тыя грошы куплю карабель, нагружу яго лёнам і семем ды паеду за мора гандляваць. Яшчэ больш грошай утаргую. Вярнуся дахаты, куплю маёнтак, стану панам. Зямлю мужыкам у арэнду аддам, немалыя падаткі на іх накладу, а сам буду піць-гуляць ды на слуг пакрыкваць. Прыйдзе каторы з мужыкоў-арандатараў да мяне ў палацы, паклоніцца нізка: „Паночак, будзь ласкаў, пачакай з падаткам за зямлю. Зараз грошай няма. Аддам пасля з дабаўкаю…“ А я вусы падкручу ды як закрычу:

— Прэч, мужык, з вачэй! Нясі падатак хутчэй!»

І так моцна крыкнуў шчаслівы паляўнічы, што заяц прахапіўся — ды толькі яго і бачылі.

Недарэмна ж кажуць: «Не здзірай шкуры з незабітага мядзведзя». Або яшчэ лепш: «Не кажы „гоп“, пакуль не пераскочыш».