Перайсці да зместу

Не жаль на злога… (Шаўчэнка/Глебка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Не жаль на злога…
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Пятро Глебка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Не жаль на злога, ля благога
І слава вартаю стаіць,
А жаль на добрага такога,
Што й славу ўмее абдурыць.
      І зараз нудна, як згадаю
      З гадзіннікам гатычны дом,
      Сяло абдзёртае кругом,
І шапачку мужык здымае,
Як сцяг пабачыць. Значыць, пан
Са світаю ў сябе гуляе.
О гэты кормлены кабан.
О гэты лодар! Шчыры пан,
Патомак гетмана дурнога,
І самы люты патрыёт,
І хрысціянін шчэ да тога!
У Кіеў ездзіць кожны год,
У світцы ходзіць між панамі,
І п’е гарэлку з мужыкамі,
І вальнадумствуе ў шынку —
Ён тут увесь, хоць надрукуй!
Яшчэ ў сяле сваім дзяўчатак
Перабірае, падзяржыць
Ў год байструкоў сваіх з дзесятак,
Калі іх вынесуць хрысціць,—
І гэта ўсё… Кругом паскуда!
Чаму ж яго не так завуць?
Чаму ў аблічча не плююць?
Чаму не топчуць?! Людзі, людзі!
За шмат гнілое каўбасы
У вас хоць матку папрасі,
Дык аддасцё. Не жаль на злога,
На п’янага Пятра крывога,
А жаль вялікі на людзей,
На тых юродзівых дзяцей!

Кос-Арал 1848