Не глядзі з дакорам, дарагая…
Не глядзі з дакорам, дарагая… Верш Аўтар: Тодар Кляшторны 1927 Крыніца: http://rv-blr.com/verse/show/41363 |
* * *
Зь вішнёвых хмар на ледзяной гітары
Заплакала зара па сонечнай вясьне,
І быццам зь вёснамі разьвеяныя мары
На успамін застылі на вакне.
Куды пайшло, куды ўсё паляцела,
Чаму загінула, ня кінуўшы сьлядоў,
Чаму застыла ўсё — заледзянела
Ў туманнай шэрані засьнежаных палёў?
Так і ў жыцьці — разьвеяныя вёсны
Тумана крыюцца ў завеях залатых,
І замярзаюць сонечныя вёслы
На паўпуці ў каралях ледзяных…
Ты гаварыла,
Ты мне гаварыла:
— Наш просты шлях ня зьвяжуць туманы —
Што ты душу і сэрца падарыла
У шыпучы кубак сонечнай вясны.
Чаму ж так неба вычарніла хмары,
Чаму згарэла сонечная сінь,
Чаму, любімая, на ледзяной гітары
Ты адпяваеш сонечныя дні?
Чаму замёрзьлі сонечныя вёслы
На паўпуці ў каралях ледзяных,
Чаму ружовыя разьветрыліся вёсны
І нашы сьцежкі вяжуць туманы?..
Зь вішнёвых хмар на ледзяной гітары
Заплакала зара па сонечнай вясьне,
І быццам зь вёснамі разьвеяныя мары
На успамін застылі на вакне.
(1927 г.)