Ненавісць між намі быць не павінна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Ненавісць між намі быць не павінна
Публіцыстыка
Аўтар: Уладзіслаў Талочка
1919-1920 год
Крыніца: Krynica - 1919. - №5, с. 1; 1920, №5 ,с. 1
Арыгінал лацінскімі літарамі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бог ёсць самай міласцяй. Дзеля гэтага мы заўсёды павінны быць поўны міласці як да Бога, так і да кожнага Яго стварэння, а прадусім да чалавека, нашага бліжняга. Значыцца, ненавісці між людзьмі быць не павінна. Змагацца з ёй – святая павіннасць кожнага чалавека. Людзі ведаюць аб гэтым вельмі добра. Бяда толькі ў тым, што яны не заўсёды хочаць выступіць ворага проціў кожнага праяву ненавісці. Усе людзі, якія маюць хоць крыху ў сабе розуму і сумлення, ненавісць, бяручы агулам, ганяць. За тое яны робяць вынятак для нейкай адумысловай ненавісці, якой даюць пашпарт на вольнае жыццё. “Вось гэтага ворага, кажаць часта такія людзі, мы маем права не любіць, бо так нам радзіць наш гонар, наш народны інтарэс, нашае незалежнае жыццё”…

Але мы, як праўдзівыя хрысціяне, маючыя добрую волю браць пад увагу цэласць навукі Хрыстуса, на ўсё гэта з найглыбейшым пракананнем мусім адказаць: няпраўда, што некаторыя здарэнні нашага жыцця патрабуюць у ненавісці! “Кожны – кажа свю Ян – хто ненавідзіць свайго брата, ёсць забіўца” (Ліст св. Яна, 3, 15).

1. Беларускі народ гэта прадусім – сяляне хлебаробы. Зямля – скарб Беларуса найдаражэйшы. Зямельку да яшчэ сваю родную Беларус любіць усей душой сваей, шчыра на ей працуе і умее працаваць. Як рыба без вады, так наш Беларус без зямлі жыць не можа. Значыцца, надзел зямлёй, як Беларусаў зусім беззямельных, так і малазямельных – справа дужа важная. Дзеля гэтага прышлы Сойм уставадаўчы у Вільні, а накскарэй у Менску, у каторы паслы ад Беларусаў разам с пасламі ад іншых народаў, якія жывуць у Беларусі, у першы чарод зоймуцца справай зямельнай, каб патрабуючых абдарыць зямлёй, каб Беларус долю сваю палепшыў, каб так не цярпеў, як дагэтуль. Стацца гэта мусіць безпраменна.

Тымчасам вы, Браты Беларусы, часта спатыкаліся з людзьмі, якія ў сэрцах вашых стараюцца запаліць ненавісць да паноў і да багачоў. Пэўна, што не адна цяжкая віна ляжыць на сумленні паноў і багачоў адносна да Беларускага народу, але, барані нас Божа, каб мы іх ненавідзелі. Ненавісці ані ў сэрцы, ані ў мыслях, ані ў волі, ані на вуснах мы да нікога мець не павінны. Ды і што яна нам паможа? Памагчы – нічога не паможа, а толькі зашкодзіць як прад Богам, які ёсць “даўца дароў добрых”, так і прад людзьмі, якія тады будуць таксама нас не любіць і стараніцца. Чалавек, поўны ненавісці да бліжняга свайго – шмат горшы ад звера дзікага, бо звер, не маючы розуму, не мае і віны. Так, ненавісць нам не патрэбна!

Затое патрэбна нам сільная і ясная сведамасць сваіх правоў і павіннасцей. Калі мільёны нашага сярмяжнага народу будуць мець такую сведамасць і як адзін муж выступяць за абарону і здабыццё правоў сваіх, тады будзе вялікая сіла у нашым голасе, у нашых святых пажаданнях, у нашай волі – будзе сіла, прад якой ворагі нашы разступяцца самі.

Апрача такой сведамасці нашых правоў, да якой вядзець здаровая, хрысціянская, народная асвета, патрэбна нам таксама арганізацыя, якая злучыла б усіх Беларусаў у вадно цэлае, важкае, вялізарнае. Ведама, што ворагі нашы паасобку зглумяць нас лёгка, але калі мы будзем станавіць адну сілу – тада нам няма нічога страшнага.

Так вось гэтага, Браточкі, не забывайце ніколі!

2. Можа вам, Браты Беларусы, здараецца таксама спаткаць і такіх людзей, якія стараюцца засеяць у душы вашай ненавісць да Палякоў, гаворачы, што яны найбольшыя нашы ворагі.

Але мы мусім па хрысціянску і аб гэтым думаць. Пэўна, кожны народ не святы, дык і Палякі маюць свае грахі прад Беларускім народам. Гэтак ужо даўно завялося на свеце, што кожны народ грэшны, бо найбольш любіць самога сябе і зусім не думае аб тым, ці ён ёсць справядлівы прад другімі народамі. Усё гэта разсудзіць некалі Бог, які ёсць самай справядлівасцяй; Яму мы і пакіньмо наш жаль і крыўду, а ненавісць у сэрцы нашым няхай мейсца ніколі не знайдзе! Брыдка робіць той чалавек, які ўсцяж цягаецца па судох з суседзьмі сваімі, нядобра таксама паступае і той народ, які з суседнімі народамі жыве ў нязгодзе і плявуецца з німі. Мы, Беларусы, доўга спалі і шмат часу дарма змарнавалі, дык не маем яго на грызню і ненавісць. Тым больш, што сярод Палякоў, трымаючых з бяднейшымі і пакрыўджанымі, ёсць многа людзей, якія нас разумеюць і нам спагадаюць, і кожную гадзіну гатовы памагчы ў бядзе Беларускага народу.

Значыцца, бараніць правоў сваіх мы павінны, але без ненавісці. На ненавісць у нас няма мейсца.

3. Шмат Беларусаў, якія дзеля “польскай веры” глядзяць на ўсё на свеце польскімі вачамі і часта выракаюцца ня толькі матчынай мовы, але і сваей Бацькаўшчыны, разам з гэтым пачынаюць заражацца ненавісцяй да нашых суседзяў Літвіноў. А гэта дужа нядобра; калі ты, бедны, браце Беларус, пастанавіў вырачыся ўсяго свайго, прыняць усё чужое, не раўнуючы як тая варона, што прыстроілася ў пер’е павы, дык бяры у чужынцаў толькі адно добрае. Бяры ў Палякоў, вучыся і наследуй тое, што ў іх ёсць добрае, разумнае, пекнае. Але няхай цябе Бог бароніць пазычаць у іх часта спатыканую ненавісць і пагарду да Літвіноў, Украінцаў і іншых. Не забывай таго, што ты не пан шляхціц з засценку, а наагул такі ж хлебароб, як і твой брат Літвін, ці Украінец. Дык вельмі брыдка і неразумна будзе, калі ты, Беларус, зачнеш ненавідзець, пагарджаць і асмейваць усё літоўскае.

4. А якія ж павінны быць адносіны Беларусаў да Немцаў? Рэч пэўная, што ты, Беларус, шмат відзеў і пражыў страшэннага здзеку ад нямецкіх жаўнераў, але ці ты, апіраючыся на гэта, можаш сабе думаць, што ўжо пазнаў як мае быць нямецкі народ? Тады вышла б, што добрых народаў зусім няма на свеце. Як сын народу наскрозь дэмакратычнага, ты, Беларус, не павінен верыць у байкі, што быццам ёсць на свеце народы зусім добрыя або зусім нядобрыя. Усе народы маюць шмат чаго добрага, але таксама маюць яны і шмат чаго благога. Падчас нямецкай акупацыі мог кожны праканацца, што сярод Немцаў было ж таксама шмат людзей добрых і справядлівых. А калі ты вернешся з нямецкага палоны, то добра ведаеш, як нам трэба многа ад Немцаў вучыцца. Ад навукі ж будзе больш карысці, як ад ненавісці.

5. Прадстаўнікі ў нас Маскалёў, з якімі маглі спазнацца, калі быў яшчэ цар, былі быццам усе нашы ворагі. Прыбывалі яны да нас з глыбіні Расеі, або вялі свой род з абмаскалеўшых тутэйшых беларусаў і ішлі на службу цару, каб добра пажывіцца тоўстымі “окладами”, каб тутака, на нашым карку здабыць сабе славу “вѣрнаго защитника царя и Россіи”. Але ж ня ўвесь народ вялікарускі складаецца з такіх прыставаў, вучыцеляў, папоў, чыноўнікаў. Так, ня ўвесь вялікарускі народ такі. І нам дужа і дужа рэдка, як кажуць: гады ў рады, здаралася спазнацца з сапраўднымі прадстаўнікамі гэтага народу. Цяпер вялікарускі народ перажывае найцяжэйшыя хвіліны. Усё, што нам гаворыць іхная гісторыя аб іх даўнейшых перажываннях, з цяперашнім палажэннем раўняцца ня можа. А чым цяжэйшая хвароба, тым больш хворы мае права у спагаду і літасць. Адгэтуль ясна, што ў сэрцы Беларуса хрысціяніна няма месца для ненавісці да Маскалёў. Дрэнныя паступкі і памылкі трэба ненавідзець, а да людзей трэба заўсёды прыязна адносіцца, а не ваўком на іх глядзець.

6. Гаворачы аб ненавісці да нашых суседзяў, на канчатак ня можам не закрануць нашых адносін да жыдоў. Мо’ ніхто больш, як Беларус, ня ведае шкоднасці жыдоўскіх карчмаў, хітрасці фактароў і іншых, але вытыкаючы гэтыя праступкі ўсялякіх спекулянтаў – кравапіўцаў ніколі ня можам агульна ўсяму жыдоўскаму народу рабіць такія закіды. Праўда, стараючыся, каб нас, казаў бы бараноў, ніхто ня смеў стрыгчы супроці нашай волі, арганізуймася ў кааператывы, злучаймася ў гурткі, але няхай ніводзін Беларус сваімі гутаркамі, думкамі і паступкамі не заслужывае на страшны, нізкі і ганебны для хрысціяніна назоў – пагромшчыка.