Перайсці да зместу

Незабудкі (Рагуцкі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Незабудкі
Аўтар: Уладзімір Рагуцкі
1938

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я цяпер не ведаю спакою:
Усхвалёван раннем залатым,
Калі спудзіў качак над вадою,
Бег да кветак берагам крутым.
Доўга думкі роіліся: цуда!
Ты згубіла вочы між травы...
Гэтых воч ніколі не забуду,
Бо яны глыбокія, як вір.
Бо часамі мроіцца усюды
Прамяністы погляд малады...
А тым больш ніколі не забуду
Цягніка знікаючага дым.
Не забыць, як вольнымі часамі
Маляваць любіла кожны раз, —
Вырасталі кошыкі з грыбамі,
Караблі і сонечны гараж.
Як вясною часта з захапленнем
Праз акно на белыя сады
Ты глядзела ў лёгкім задуменні...
Ну, аб чым ты думала тады?
Мы аб гэтым гутаркі не мелі,
Ды было не цяжка адгадаць:
— Дзе знайсці такія акварэлі,
Каб такую радасць перадаць!
Вось мяне на золаку румяным
Сёння сцежка ціхая вядзе:
Я цяпер прыходжу кожны ранак —
Светлых незабудак паглядзець.