На ўсходзе сонца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На ўсходзе сонца
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
Крыніца:http://knihi.com/Ciska_Hartny/Na_uschodzie_sonca.html



Ахвярую «Нашай Ніве»

і ўсім яе супрацоўнікам


...Мне не спалася. Прачнуўся пасярод ночы, падышоў к акну, уталопіўся ў яго і пільна пачаў глядзець на вуліцу.

На дварэ стаяла пекная, чароўная ноч! Неба цемнавата-сіняе, глыбокае без меры, доўгае і шырокае без канца, густа патыканае мігатлівымі яснымі зоркамі, як вялізны дарагі купал, аблягала круг-кругам чорную грэшную зямлю. Зоркі весела мігацелі. Кожная з іх дадзена асобнаму чалавеку і свеціць датуль, пакуль той не сыдзе з гэтага свету. Тады зорка падае на зямлю і лье па дарозе свае жаласлівыя агнёвыя слёзы, каторыя на момант як бы застываюць на небе, а пасля раптам прападаюць...

- Памёр чалавек - значыцца, патухла і зорка яго! - гэтак кажуць цёмныя людзі, у гэта некалісь верыў і я...

Эх, колькі гэтых зорак тухне на нашых вачах, брацця мае! Зоркі шчаслівых і нешчаслівых, зоркі багатых і бедных, зоркі паноў і мужыкоў!..

І я ў гэту цёмную душную ночку пачаў шчыра, не мігаючы вачыма, пільнаваць, сачыць за кожнаю зоркаю, ці не спадзе адна з іх на маіх вачах? Сон зусім пакінуў мяне.

І вось - там далёка, на ўсходнім краю неба, як прымха якая, раптам адарваліся разам тры зоркі і мігам апалі на зямлю! Чые яны? Ці беднага мужыка-працаўніка, ці пана вяльможнага? Ці сіроткі гаротнага, ці пестуна шчаслівага? Не ведаю! Толькі ўсё ж такі нечыя яны ды ёсць!.. Можа, гэта на маю карысць абарвалася жыццё тром чалавекам?!

Пры гэтай думцы я хацеў апусціць вочы, калі ізноў мне прыйшлося быць сведкаю спадання дзвюх зорак. Тады я раптам, не па сваёй волі, апусціў не толькі вочы, а і галаву і пачаў разглядаць шэрую, нудную, акрытую цьмою зямліцу, сцены і стрэхі цёмных, нізенькіх, падобных адна да адной мужыцкіх хацін. У галаву палезлі думкі, каторыя на вуха шапталі мне: «Нашто табе гэнае неба? Што табе яго пекнасць дзіўная, яго хараство святое?.. Ты - сын зямлі, нуднай, чорнай зямлі; ты - нявольнік жыцця, цяжкога, горкага, паднявольнага; ты - ахвяра бяды, няшчасця і нядолі!.. Не на тое ты радзіўся, каб дзівавацца хараством прыроды, пазнаваць яе, а пасля ў кніжках чыркаць аб ёй, каб і твае брацці вучыліся любіць яе!.. Ты - дзіця люду цёмнага, забітага, спрацаванага, дзеля каторага няма нічога другога, апроч працы цяжкой, нязможнай, якую ён сам апявае ў песні нуднай, зложанай яго балючым сэрцам, яго клапатлівым мозгам і напісанай чыстаю памяццю на шэра-чорных лістах часу, каторы бяжыць без канца... Усё, што жыве на свеце, што яго цікуе, ён знойдзе на гэтых лістах, прачытае... і пойме... Гэта яму знаёма - другога, інакшага пісьма пакуль што ён не ўмее чытаць... Яму найперш трэба таго, што датыкалася б яго вушэй, вачэй, яго ўсяе істоты, што ўскалыхнула б ім, збудзіла ад векавога сну, расплюшчыла яму вочы; тады ён падымае іх к небу!.. Тады з яго сям'і выйдуць свае родныя песняры, каторыя ў роднай мове апяюць усе дзівы свету, другім народам даўно вядомыя...»

І чым далей, тым болей і болей думкі апутвалі мяне ўсё шчыльней, налазілі ўсё новыя і новыя, ды ўсё заядлейшыя, цяжэйшыя, рабілі з мяне бязвольнага іх слугу...

Пад іх цяжарам я асунуўся, прысеў на лаве ля акна і задрамаў...


. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .


...Колькі часу я спаў? Што я сніў - не ведаю! Толькі як ізноў падняў галаву, ужо свежую, вольную ад цяжкіх думак, і кінуў вокам на двор, дык над зямлёй ужо свяціла сонейка.

Гэтым разам узышло яно надта дзіўнае і чароўнае!

Смела і хутка выйшла сонейка з-за лесу і памаленьку пачэсне прыгалубіла прачнуўшуюся зямлю і ўсё жывое на ёй. Усё затрапяталася, заварушылася і звонка заспявала ў адзін голас шчырую літаню ўзышоўшаму сонейку!

«Вітаем цябе, цар свету, цар усяго жыцця на зямлі! Вялікае і слаўнае сонца! Ты прыйшло да нас, разбудзіла нас ад сну! Мы ўсталі на твой прыход і дружна, хутка пойдзем да працы! Не сходзь жа навекі ты з гэтага неба і агнём шчасця асвячай грэшную халодную зямлю! Вітаем цябе, сонца!»

Нейкая радасць і лёгкасць напоўніла маё сэрца; абярнуўшы вочы на ўсход, спяваў і я разам з усім жывым святую, дзіўную, шчырую песню ўзышоўшаму сонцу!..

(1909)