На ўсходзе нашага жыцця…
На ўсходзе нашага жыцця... Верш Аўтар: Юлі Таўбін |
Крыніца: http://old.knihi.com/taubin/ |
Змітраку Астапенку
і Аркадзю Куляшову
На ўсходзе нашага жыцця,
Калі усход гарэў над намі,
Мы йшлі пад маладосці сцяг
Неабвузданымі хлапцамі.
Ці быў пад намі пыльны брук
І гарадоў дарожны камень,
А ці рамонкавы абрус -
Адну мы радасць спатыкалі.
І будзем дзякаваць зары,
Пакуль жыццё у нас не згасне,
За тайны творчае пары,
За гэта радаснае шчасце.
І будзем мы ў жыцця прасіць
Ў неперажытыя нягоды,
Каб зноў маглі мы перажыць
Адзінай маладосці годы.
Каб жыў у сэрцы кліч завей,
Каб мы жылі адным запалам,
Каб вогнішча былых надзей
Ніколі ў нас не пагасала.
Зара разгорне горды сцяг
Ў апошні раз калісь над намі -
Мы ўспомнім проміны жыцця,
Калі мы ўсе былі хлапцамі.
І ў ціхім шолаху дуброў,
І ў прывітанні згукаў дальніх
Пачуем гамы дзіўных строф
Для нашых песень развітальных.
Вясёлы вецер для другіх
Пачне вагаць такія ж пожні,
І праспяваем мы для іх
Сваёю песняю апошняй.
06.01.1930, Мсціслаўль