Перайсці да зместу

На службе ў дужэйшага/Кірылізацыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На службе ў дужэйшага
Апавяданьне
Аўтар: Альбін Стаповіч
1934 год
Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 6 (8) ад 20.IX.1934 г., б. 6-7
Іншыя публікацыі гэтага твора: На службе ў дужэйшага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УЛ. ЗАГОРСКІ

На службе ў дужэйшага

„Ojcze nasz, któryś jest w niebiesach[1]“… Нявінныя словы. Гавораць аб волі Божай.

Малітва поўная сьлёзнай паэзыі. Пасівелая ад старасьці і кожны дзень новая, бо адбівае настроі і патрэбы тых, што ў малітве шукаюць палёгкі сваей долі, а ў Богу адказу на ўсе неразвязаныя пытаньні.

Вялікі аўтар ведаў што стварыў. Ведалі і дужэйшыя, як можна малітву запрагчы да сваіх мэтаў. Адзелі яе ў сваю вопратку і прынясьлі на Крывіцкія землі.

— Глядзеце—кажуць—як мы прыхарошылі малітву нашай цудоўнай сукняй. Пазнайце яе ў новай прыгажэйшай форме. Пакланіцеся сьвятасьці новай сукні.

— Мы яе цяпер не разумеем—адазваўся народ.

Сівабародыя, далёкакрайныя мужы з пастырскімі кіямі сабраліся на нараду.

Найстарэйшы прамовіў:

— Не разумеюць—гэта лепей. Чымся больш у простага народу зацемнім разуменьне ясных рэчаў—тым лягчэйшае будзе нашае ўладарства над душамі. Каб Крывіцкае племя было паслухмянае і ня трывожыла пашырэньня нашага панаваньня — трымайма іх у шшасьлівым стане дзіцячай няведы. Хай ня знаюць свайго праўдзівага імя. Не дапусьцім да нашых тайніцаў, бо пазнаўшы іх—ськіруюць проці нас.

— Амэн—адказалі яму.

І разьлілася па Крывіцкіх землях „місіянэрска“ дзейнасьць людзей, што пакорную зямліцу закрылі ад сьвету чужацкімі даўгаполымі шатамі, а душы і мазольныя рукі народу пазьвязывалі чужамоўнымі ражанцамі.

Над вухам Крывічаніна бязупынна зьвінелі таёмныя закляцьці, роджаныя пад небам Італіі і перакладзеныя на мову здабыўцаў.

Зьвінелі як яго хрысьцілі. Як пачынаў і канчаў дзень нізкай „здраваськаў“ і „ойчэнашаў“

Як вітаў свайго блізьняга.

Як рабіў знак Крыжа перад засяваньнем палёў.

Як сабіраў плады, каб дзяліцца з тым, хто на іх не працаваў.

Як вёў да аўтара выбраную дзяўчыну. Як канчаў свой цярністы шлях з грамнічнай сьвечкай у руках.

Як змерзлыя грудкі няўдзячнай зямлі сыпаліся на павекі, пакуль не заглушылі панура—назойлівай чужацкай песьні. Песьні, што жывым забівае радасьць жыцьця.

І так дзесяткамі, сотнямі гадоў, Літургічная мова закамянела ў пацерах, законсэрвавалася і няхоча, ўступіць належнага месца жывой мове народу. Кліча на помач паліцыю, школу.

Але дарма: законаў жыцьця не пераможа. Монотонны шэпт пацераў доўга служыў пераможцам, заспаіваў жывую, самастойную творчую думку. Зямля пакрылася крыжамі, быццам ператварылася ў адны аграмністыя могілкі. Хаўтурная песьня, прынесеная закаптуранымі чужымі манахамі разлягаецца яшчэ і сягоньня, але голас яе пачынае слабець, а фалшывыя тоны што раз больш выдзяляюцца і дразьняць паднявольных гаспадароў нашай зямліцы.

Прыціхае шэпт чужацкіх пацераў і гоман надмагільнага карканьня, бо новыя пакаленьні разумеюць, як непахвальную ролю адыграў ён у іхнім гаротным жыцьці.

Верым, што аканчальна заціхне, заблушаны магутным клічам:

— Збудзіся патомак Крывічоў!

Збудзіся і змагайся!

Заўвагі

[правіць]
  1. Пачатак малітвы па-польску:«Войча наш, Які ёсьць на нябёсах…»