Перайсці да зместу

На сконе дзён

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На сконе дзён
Аўтар: Рыгор Суніца
1930

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА СКОНЕ ДЗЁН

Лірычная эпітафія

Сёння ты задумаўся глыбока...
З-пад імха брывей не відна вочаў:
Знаць, спаткалі думы-звадыёкі,
Пахіснулі сэрца твайго крокі
І зблудзіла сэрца ў цёмнай ночы.
Сёння ты задумаўся глыбока...
З-пад імха брывей не відна вочаў.
Ну, бяда? — вятры каменні точуць,
Дык няхай і па-над сэрцам крочуць!
Ветрам сёння тваё сэрца — камень.
З-пад імха брывей не відна вочаў...
Знаць, спаткалі думы-звадыёкі
Не пяшчыннік крохкі сярод поля:
Зваяваць не цяжка яснавокіх,
Для якіх пад сонцам свет шырокі.
А цябе вось цяжка, мой саколе,
Знаць, спаткалі думы-звадыёкі...
Пахіснулі сэрца твайго крокі
Не табою ўспешчаныя вады,
А прыйшлі што госцьмі з таго боку,
Скуль і жорсткі вецер, аднабокі.
Незнаёмых госцяў шумы-рады
Пахіснулі сэрца твайго крокі...
І зблудзіла сэрца ў цёмнай ночы,
Дзе няма ні месяца, ні зораў
І не відна, у які бок крочыць,
Бо старыя вочы ўжо не хочуць
Пазіраць у новыя прасторы, —
І зблудзіла сэрца ў цёмнай ночы...
Сёння ты задумаўся глыбока:
Калі долу хілюцца ўжо плечы, —
Апынуцца цяжка адзінокім,
З акалелым сэрцам і бязвокім.
На канцы дарогі чалавечай
Сёння ты задумаўся глыбока...