Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/НА РЭЧЦЫ ЗІМОЮ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Пастушок НА РЭЧЦЫ ЗІМОЮ
Аўтар: Якуб Колас
1910
Агляд зямлі


НА РЭЧЦЫ ЗІМОЮ

Не сядзіцца ў хаце
Хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка,
Цягнуць санкі з дому...

Хочацца Алесю
Выйсці на двор з хаты,
Ўзяць з сабой сякерку
Ды ў той лес кашлаты,

Стукнуць па дзярвяках
З-за пляча абухам
І глядзець, як сыпне
Сьнег халодным пухам;

Як стаяць над рэчкай
Хвоі і яліны,
Як ім сьнег халодны
Нахіліў галіны.

— Мамачка-галубка! -
Просіць ён так міла: -
Можа-б ты на рэчку
Пагуляць пусьціла?

Я ня буду доўга,
Зараз-жа вярнуся:
Трошачкі на рэчцы
Ў санках паважуся.

— Ну, ідзі пабегай,
Толькі апраніся
Ды глядзі, ў палонку,
Сынку, не ўваліся. -

Радасьць і раздольле
Хлопчыку малому,
І не пазайздросьціць
Ён цяпер нікому!

На плячо — сякерку,
Саначкі — у руку,
Хлеба ўзяў кусочак.
— Цюцік! — сьвіснуў Жуку.

Пад скарынкай лёду
Тут-жа каля хаты
Працякала рэчка
Скрозь лясныя шаты.

Побач тэй рачулкі
Кучы буралому,
І застыла рэчка
Мёртва, нярухома.

Моцна яе грудзі
Маразамі скуты,
І аковы лёду
Сярод рэчкі ўздуты.

Цісьнецца вадзіца,
Не знаходзіць ходу
І ня мае сілы
Скінуць глызы лёду.

На рачулцы ў лесе
Меў Алесь забаву.
Ну-ж, і пацяшаўся
Хлопчык тут на славу!

Эх, ты, лёд-гвалтоўнік!
Што ты вытвараеш?
Ты на што вадзіцу
Крыўдзіш і ўсчуваеш?

Бедненькай, ёй цёмна,
Цесна пад табою.
Хай-жа пагамоніць
Мілая са мною!

Дам ёй ход, галубцы,
Каб на сьвет зірнула! —
І яго сякерка
Спрытна секанула.

Зьвякае тапорык,
Глуха стук нясецца.
Раптам клуб вадзіцы
З-пад дна ўзаўецца.

Коціць поўзьверх лёду,
Іней падымае
Ды такую-ж казку,
Байку хлопцу бае!

Слухае хлапчынка
Гэты сказ нязнаны,
Сьпеў, нікім ад веку
Ў лесе нячуваны.

То яму здаецца
Дудак хор далёкі,
То птушыны ў небе
Голас адзінокі.

На душы так ціха,
Ціха і нейк млосна,
І сьпявае ў сэрцы
Сьпеў той сугалосна.

Гэты сьпеў дзівосны
Чары навявае
І такія казкі
Слаўныя складае!

І ад гэтай песьні
Вее дабратою,
Радасьцю і шчасьцем,
Мілаю вясною.

Ад тэй песьні-казкі
Трудна адарвацца,
І ёй струны сэрца
Хочуць адклікацца.

1910 г.