На ростані (Жылка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На ростані
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1923
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html


На ростані дарогаў многа,
А лучнасць іх — пахілы крыж.
І вецер лёгкі на разлогах,
І неба яснасць, шыр і выш.

Ранейшай працы дасяганні,
Наўкол — зялёныя жыта;
І свежасць росаў светлых рання,
І траў высокіх любата.

І так прывабны далі, далі
Ў задуме вечнай і смузе,
За той смугою думкі ў жалі,
Нязрадна, вечна у тузе.

І торба вось, і кій дарожны:
Пара ў пуціну мне даўно…
А я — нясмелы і трывожны,
А я — на ростані адно.

(1923)