На рацэ зімой
На рацэ зімой Апавяданне Аўтар: Леапольд Родзевіч Крыніца: http://old.knihi.com/rodzievic/zimoj.html |
I
Піліп Крумкач, выйшаўшы з мястэчка, зірнуў злосна на бакі, ударыў рукой па шапцы так, што тая апынулася на патыліцы, значыць: знай сваё месца! — з агідай плюнуў і, размахваючы рукамі, сунуў па шляху, паднімаючы пыл нагамі. Ішоў ён не бокам дарогі, па вытаптанай сцежцы, але, як кажуць, конскім следам. І каб яго мазгі затрымаліся і паразважылі над тым, што для ног дрэнна ісці, то ён бы, пэўне, пайшоў, дзе выгадней. Але Піліпа гэта не цікавіла. Вось ён агледзеў выразны адбітак конскага капыта — знаць падкова, цвічкі, гакі. Піліп затрымаўся, зайшоў з аднаго, з другога боку, узіраючыся ў след. «Нядаўна, відаць, падковіны — гакі вострыя», — і пайшоў далей. А пры тым шляху, дзе ішоў Піліп, расла бярозка каля вялікага каменя. Тут жа стаяў і слуп верставы. Сустрэўшы іх, Піліп чамусьці абышоў вялікім кругам. Яму і самому гэта дзіўным зрабілася і, як бы тлумачачы свой паступак, раптам засмяяўся, кажучы: «Ах, каб цябе цялятамі скавалі! Ну, дык што там, — выпіў, дый і ўсё! Але з Цыганом не варта было піць.
Ці мала ў цябе сваякоў, знаёмых, блізкіх і далёкіх? Будуць крыўдзіцца. Вось я гэтага і хачу, каб прызналі мяне крыўдзіцелем, каб клялі і шкодзілі мне на кожным кроку, выракаліся, білі і мучылі мяне. А пасля дазнаюцца, што дарма мяне вінавацілі, што ў мяне няма і не будзе благой думкі да іх, і пачнуць каяцца і наракаць на сябе, і я ў іх папрашу дараваць мне, скажу: „міленькія, родненькія“, і абнімемся, і слёзы пакоцяцца, ды не такія, як ад радасці ці жальбы, а слёзы асаблівыя, якімі плача анёл.
„Піліп Крумкач, Язэп Крумкач, — памірыцеся!“ Ну і памірыўся б. Што мне тыя грошы. Хай на іх звод! Дый абрыдла ўжо цягацца па судах. „До, памірыцеся!“ Справа не ў тым, пане міравы. Смачна табе масла Язэпава, добра ён цябе падмазаў — язык лёгка ходзіць… „Памірыцеся!“ Не, стагнаць тваёй галаве: не такі я арэх — зубы паломіш, пане міравы! Судзі, вось як, судзі — натое вы пастаўлены! Мала, што ён брат мне, адной жа маці дзеткі — вось як, але судзі. А хто мне рассёк вусны і выбіў тры зубы, калі дзялілі дабро бацькавае, а за каго мне ў халоднай трэба было галадаміраваць і карміць усялякае плюгаўства?! Добра, не ўкраў жа я гэтыя паўкапы з поля, а ўзяў, як свае, бо ён жа, брацішка мой, закрыўдзіў мяне ўвачавідкі, балюча закрыўдзіў! Усе суседзі аб гэтым кажуць. А мяне за нішто, за ніякае — у халодную. І не ўкраў жа я гэтыя паўкапы, а падвёз да вёскі ды кажу: „Бярыце, людцы, вось, мяне. Кажу, лішніца заблыталася“. Ох, трудна! Цяпер, значыць, нас падзялілі… Ты мне ніхто… Ды хто ў цябе спаганяць будзе? Ніякай я жалабы да цябе не маю. Бог не цяля, — ён бачыць круцяля. А можа, мы абое рабое.
Эх, усё-ткі ты мне брат! Часамі надыйдзе такая хвіліна, што ажно сэрца покаецца ад жаласці, ад болю, слёзы коцяцца, і люблю, і шкадую цябе моцна-моцненька! І матулю тут неяк спамянеш, і дзяцінства халоднае, галоднае, і, здаецца, ногі твае цалаваў бы, родненькі ты мой! Але, не маю я да цябе благой думкі. Бог сведка. То ж я і кароўку прасудзіў, коніка праездзіў: укралі пры карчме. Голы я цяпер, як бізун, не падняцца мне ўжо на ногі, не падняцца… Бабы ў хаце няма… Няма, няма… Кажуць людзі: Бог — за адну жонку, а ты — за другую. Ох, міленькія, другой Аўдоцці не знойдзеш. Ніколі! А як жа я яе біў, жывую ў магілу гнаў — вельмі ж яна мне нялюба была: твар бледны, з рота нядобра пахла, плоская… як мне яшчэ рука не адсохла. А яна ўсё корчыцца, моўчкі слёзы ацірае ды толькі кажа: „Ведаеш мо, Піліпку, тое, мо гэтае?..“ Рэдкая кабета. Схуднела, ссохлася, як пярынка, вось, здаецца, ад ветру гнулася. І горшая злосць яшчэ ахоплівала. Во, кажуць, Піліпа жонка, як конская смерць. А пасля… Мо яна і сумысле наварыла воўчых грыбоў?.. Наварыла тады, калі мяне дома не было. А пасля яе не стала. Вось як! Ох, нутро так і ператрасае болем балючым… А парадак жа быў у хаце, чыстата — аж блішчэла! Адным словам, гаспадыня! І жывёліна яе любіла: вераб’і, бывала, каля яе, як курчаткі, аж шэра. Ці ж мне гэта лёгка?.. Як успомню яе, дык быццам шкло пабітае па жылах трэцца, дыхнуць цяжка. Хай знаюць людзі: Бог мне сведка, — карчма аптэка! Чхаю я на ўсіх! Дармо сунеце свае языкі, як жыгалы. Гір, гір, кусіце! Вон, прокляць! Аўдоцця святая! Аўдоцця — гордасць, любасць мая. Эге ж!
Ну, вось і крыж недалёка, і вёска мая: прысяду, аддыхну, крыху аб Богу падумаю-паразважу… А вось па шляху коціць наш багатыр Клешч. Крыўдзіць, карае яго Бог. Град выбіў збожжа, летась пагарэў, а надоечы коней парачку вывелі. А конікі — у акрузе не знойдзеш, цацачкі!
Добрага дня! Куды гэта, пане, так спяшаецца? Ды дзе ж вы яго цяпер знойдзеце?.. У злодзея адна дарога, а ў вас многа… Які з мяне злодзей, а што п’яны, дык праўда, але розуму яшчэ не прапіў, праўды не згубіў, і гэту праўду хачу вам сказаць, што вы сваім жыццём толькі свет паскудзіце. Лежыцё на грашах, як свіння на балоце, і нічога для вас на свеце больш няма. А забыўся, ягамосць, як цябе мы ўлетку білі за падкапванне бульбы, бо не меў чаго есці? А што твой бацька нажыў багацце нячыстым дзелам, то гэта яшчэ не заснула. Ды едзь сабе з Богам, едзь. І не забывай, што Бог і багатым шые торбы…
Ат, вось закрыўдзіў чалавека, а ніякай на яго злосці не маю. Мо ён і нядрэнны чалавек. Не веру я цяпер сабе, зусім не веру — памыліўся на Аўдоцці, век не забуду. Яна, пралесачка, на гэтым крыжы вешала фартушок — сіні крыжык вышыты, — вось ён! Вазьму сабе, буду насіць на грудзях заместа крыжыка і ўсё ўспамінаць, тужыць па ёй. Вось яна ўсцешыцца, хіба што ўсцешыцца».
І Піліп Крумкач пачаў адвязваць фартух. Ах, чаму гэты крыж быў такі стары, згніўшы!
II
Гудуць сяляне каля воласці, як пчолы перад роем. Іх цэлая табала. Гэта сходка. Начальства няма і сяляне разбіліся па колькі чалавек у грамадкі.
Першая грамадка:
— Мала Клешч паставіў!
— Зусім мала — і вусоў добра не замачыў.
— Хэ-хэ… а жонка, не бойся, да хаты самога чуць давалакла.
— Ды не ў тым справа, — з багатыра можна было б і болей.
— Трэба будзе пашумець, каб на сходцы паставіў.
— Ведама, трэба!
Другая грамадка:
— Як жа ж! Клешч сам бачыў, як ён з цыганом піў.
— Ды, пэўне, што ён украў, а хто ж болей!
— А пекных конікаў укралі! Бачыў. Асабліва той буланчык!..
— Ды ўжо ж! Але не бяда. Клешч другога купіць, лепшага нават. Во, нашаму брату канакрад — пятля на шыю, горш пошасці: вывеў коніка — вывеў і цябе з торбай. Ого, хай на іх звод!
— Бойся Бога — страшна падумаць.
— Глядзі, вось тут за гэты час, як я ведаю, восем конікаў, лёгка сказаць. Я цяпер спаць не магу: усё мне здаецца, што майго рабога выводзяць.
— Веру, сваток! Я дык і сабаку завёў, хай пільнуе… І вось нейкая цяжасць на душы, неспакойства. Надоечы жонка мая пажартавала, кажа: каня ўкралі! Я гэта барджэй у хлеў; бачу, стаіць мой гняды, давай яго ганяць па хляве, лапаць па ім, а ўсё не веру. Пасля ўжо, як прыйшоў да памяці, дык аж заплакаў з уцехі.
— Трэба рабіць які ратунак, а то прападзём.
— Вось сягоння ўпарадкуем п’яніцу гэтага, а там павінна пацішэць.
— Ды ўжо ж! Ну, а як удалася ярына мая, ці ведаеш…
Трэццяя грамадка:
— Прапаў чалавек!
— Вось скажы, як па свеце дзеецца. Даўно гэта ён быў у нас першы, найлепшы. Чаго, бывала, ні папросіш — сабе адкажа, а паможа. Часам у бядзе якой пагутарыш з ім, пажальбуеш — і бяда не так страшнай зробіцца, і на душы стане весялей, лягчэй. Вось наляцела нейкае ліха, звіхнула, скруціла яго, спіўся нанішто, а цяпер — на табе! — канакрад!
— Мне дык і веры няма, каб ён быў вінават.
— А маланка яго ведае! А ўсе-ткі трэба каго пастрашыць, бо заўтра могуць у мяне або ў цябе вывесці.
— Ды і водку Кляшча распілі, трэба і яго паддзяржаць.
Чацвёртая грамадка:
— А хто паўкапы аўса ўкраў з поля, га?
— Ну, гэтым-то, бадай, не адзін з нас грэшны.
— А хто жонку ў дамавіну ўвагнаў? А ў царкве ты яго калі бачыў? А хто крыж абваліў ды пазрываў ахвяры — фартушкі?.. Ляжыць, гэта, як быдлё, і храпе на ўсе застаўкі, а фартушок за пазухай знайшлі. І гэты хацеў украсці, ужо хіба не інакш.
— Ну, ужо сказаў «украсці». Быў п’яны, без памяці, вось табе і разгадка.
— Але што крыж зняважыў, то дрэнна.
— Вось я аб гэтым і кажу, што дрэнна. «П’яны» тым горш, ён цвярозым ніколі не бывае. Ты, брат, законаў не знаеш. Яго, хрыстапрадаўцу, трэба было б жывым спаліць, суставы павыкручваць… Лепш не заступайся, а то і самому ліха не мінуць. Усе вы — чэрці адной шэрсці.
— Ат, ці ведаеш, нечага пужаць, нечага ў дурні запісваць: я ўжо пяцьдзесят два гады вучуся. Што, узяў ад Кляшча абрахапку, то думаеш, што губернатар? Цьфу! Не фуфырся, не спужаемся!
— А сам-то чыю водку піў?!
— Піў, бо ўсе пілі… Дык і маўчы!
— Ды маўчу ўжо, хай на вас багавіца… Я як усе… Але сам-то, хоць на кускі мяне рэжце, слова благога на яго не скажу.
— Ведама, як усе…
У старане стаяць Піліп Крумкач і яго брат.
Брат:
— Дурны ты! Варона! Чаго трэшся па кутках, прасі іх, пакуль сходка не адбылася, а то позна будзе.
Піліп:
— Не буду прасіць, згіну, а не буду. Бог сведка, што я ніякіх коней не краў, не чапаў… Хай бы іх ваўкі паелі, гэтых коней! Скажы ім, сходцы гэтай, што хай просяць у мяне змілавання, а я — ніколі!
Брат:
— Хай на цябе безгалоўе, асароміў ты нашу радню! Вось ужо ўрадзіўся! І трэба ж было чапаць таго Кляшча — упіўся ён у тваю скуру. Ідзі, кажу, прасіся…
І браты моўчкі расходзяцца. А вось прыйшло ўжо і начальства: пісар і старшыня. Пісар петушыцца, бо ён жа ў крамнай вопратцы і гаворыць «па-гарадскому», «па-панску». Ад яго сяляне даведаліся, што гэта за насланнё — законы, бо ён па закону ўзятку возьме, па закону — вінаватага апраўдае, а нявінаватага ў халодную засадзіць па закону… ды ці мала што. Старшыня — яго начальнік, але і той за яго жмецца. Ведама, які з мужыка начальнік.
Сходка пачалася. Хутка, як па пісанаму, вынеслі пастанову, каб Піліпа Крумкача саслаць у Сібір за тое, што быццам ён памог цыганам вывесці коней Кляшча, што ён таксама і тых восем штук украў; а каб не ўздумаў часамі адамсціць, падпусціць, значыць, «рыжага», ці студню затравіць, ці што іншае, то ўсадзіць яго ў халодную да высылкі. Вось што пачуў Піліп, а пачуўшы, замармытаў невыразна: «Дзякуй, браточкі! Лепш бы самасудам, паламалі б галоўку маю, грудзі стапталі…»
І сярод цішыні пабрыў за сторажам у халодную. Сход маўчаў і не варушыўся, ось бы пасля бліскавіцы чакаў грому. Вось-вось нехта крыкне: «Што ж мы гэта зрабілі!» ці як там інакш. Але ўсе маўчалі і ждалі, а час, каторы лечыць раны, ляцеў сваёй чарадой, а зняволенае вякамі «я» згубіла свой голас, і сход разышоўся.
Ох-хо-хо!..
III
Апынуўшыся ў халоднай, Піліп быццам скамянеў, аб усім забыўся, аб нічым не думаў. Як увайшоў у халодную, так і стаў нерухомы, перапужаны, як бы згледзеў нешта незвычайна страшнае. Нязручна пастаўленая нага ламала ў суставе, але гэтая боль была нейкай асалодай для Піліпа. Пасля сталі набягаць думкі. Здаецца яму, што ён есць сырое мяса, кроў, тлустасць цячэ за рукавы, капае з губ на грудзі. І мяса гэтае паскуднае, смярдзючае. І Піліпу мутарна стала, галава закружылася. А то ізноў быццам ён па купінах скача, што плаваюць на рудаўцы. Знядужаў ён, засопся — і бух у балота. Вось асоўваецца ён усё глыбей, глыбей… топіцца, хоча крыкнуць і не можа. Душна стала, вочы заліліся слязьмі… Паў ён на зямлю і пусціў усю боль, усё гора слязьмі.
А даўно ён так шчыра плакаў.
Піліп не агледзеўся, як заснуў, а праснуўся ён ад выцця сабакі. Рупна ўскочыўшы, пачаў кідацца па халоднай. Усё часцей, гусцей пралятала думка, апальваючы яго ўсяго: «У пятлі задушуся, а ў Сібір не пайду». І з поспехам, безупынна лапаў навокал рукамі, дзёр ён сцяну, падлогу… А падлога зусім гнілая была і сыпалася, як труха. Піліп хутка разалубаў сабе дзірку — ладную дзірку — і палез уніз. Падмуроўка ў рагу дома рассыпалася і свет месяца жмурыўся праз яе. Тут часта куры хаваліся ад коршуна і ад дажджу, а то і котка, украўшы што ласае.
Піліп вылез на агарод, дзе тырчаў спелы мак, сарваў некалькі макавін і, кульнуўшы праз востры частакол, якім быў абнесены агарод, апынуўся ў полі. Тут ён выняў з кішэні галоўку маку і вытрас яе ў рот. «Гатунковы!» — шапярнуў ён і палез па другую. Няподаўга Піліп падышоў да сваёй вёскі. Гаспадары яшчэ спалі, але не спакойна: яны прадчувалі бяду, вялікую бяду, якую гатовіў ім Піліп. Вось ён пусціць іх сядзібы, дамовы дымам. Вось ён стаіць ужо пад саламянай страхой з таго канца вёскі, скуль вецер, дастаў сернікі, чыркнуў, утуліў агонь ад ветру, папрыдзяржаў так, аж пакуль не прыпякло ў пальцы. Пасля кінуў на зямлю яшчэ чырвоны вугольчык ад серніка і затаптаў нагой, каб, значыць, не распалалася. «Ат, вось я, мабыць, ашалеў». І, усміхнуўшыся ў бараду, накіраваўся да старасты, у вёску.
Цешцеся, гаспадары, — вёска ацалела, бо то быў Піліп Крумкач. Яму і ў галаву не прыйшло б падпаліць, каб аб гэтым на сходцы не казалі, а пры тым, як маглі б вочы глядзець на тое, як тырчаць печы сярод чорных абгаркаў.
Пачало світаць.
IV
Піліп Крумкач астаўся на Беларусі. Ён зрабіў так, што была сабрана другая сходка, каторая валялася п’янюсенькая за Піліпавы грошы, і калі старшыня спытаў: «Так вы, значыць, Піліпа Крумкача астаўляеце?», «інакш і быць не можа!» — грымнула сходка, як адзін, і давай пералічваць добрыя ўчынкі Піліпавы, нават такія, якіх ён і сам не знаў, хрысціць яго святым, цалавацца з ім.
І жыццё далей пабегла сваёй дарожкай, толькі Піліп плюнуў услед гэтаму жыццю, плюнуў і звярнуў убок, на бездарожжа.
Ён яшчэ горш запіў і зусім адкаснуўся ад людзей, а людзі празвалі яго «туманнікам». Піліп і гаварыць перастаў. Адны казалі, што ён з’еў язык з голаду, другія, што яму зладзеі вырвалі, каб не выказаў іх, бо быццам бы ён з імі вадзіў каншахты. А то казалі, што язык яго анямеў ад водкі…
Гэты ж самы Піліп сядзеў раз у карчме, ну і, ведама, п’яны. Былі тут людзі, што вазілі бульбу ў бровар ды заехалі, каб карчмы не мінуць, каб «пагрэцца», хоць на дварэ была адліга і мокры снег церушыў. Былі і вясковыя хлопцы з музыкай, бо назаўтра манілася быць нядзеля і, дзякаваць Богу, на малацьбу ўставаць дадня не трэба. І як пачуў Піліп музыку, дык і размяк. Заварушылася, ажыло даўнейшае, павабнае. Жаль, ой які салодкі жаль ашчапіў яго! Вось ён, малады хлопец, трэцца паміж дзяўчат. Боты мае бліскучыя, як люстэрка, валасы курчавыя, і ўсім ён вядомы жартаўнік і музыкант. А дзяўчаткі, як ягадкі, як мядок, і — нечага таіць — усіх ён любіў, як шмель краскі, за ўсімі млеў з любосці і кожная за яго гатова была выйсці. А тым часам выбраў «з гурту курту», гэтак людзі яму дапякалі. «Ах, каб вам языкі спрухнелі! Загубілі дзве душы, ды ці дзве? Каб жылі ў згодзе, то, можа, сямейку пералічыць і пальцаў не хапіла б. Хутка, Аўдоцця, і я да цябе пайду, ужо бачу тын тваёй сядзібы: кульнуў, значыць, праз яго — і ў цябе. Час мне ўжо, ведама, час. І так подаўга жыву. Толькі ты, уцеха мая, не сярдуй. Глянь, як я мучуся, і ў Сібір не пайшоў, каб бачыць кожны твой слядок. Успомніш — і так зашчыміць усярэдзіне, што вось, здаецца, кончуся, не вытрываю; але не — туды-сюды — і зноў тырчыш лішніцай. Ты ўжо, ці ведаеш, даруй! Я ведаю, ты баба добрая, згаворчывая. Перамелецца — мука будзе. Ну, цяпер мы інакш зажывём — па-новаму. Але ты, Аўдоцця, як я бачу, паправілася, пакруглела. Эге ж, і шчокі папаўнелі, і з ямачкамі нават. Ну, вось і добра! А вось я табе пайду куплю нешта прыгожае, смачнае, каб аж усе ахнулі…»
Піліп выйшаў на двор. Адзін са згаладалых коней заіржаў.
— А мой буланчык, як гадуешся? Высмяг, згаладаўся ты, тут стоячы! Ну, але цяпер канец твайму гору. Ты ў мяне будзеш кругленькі, чысценькі, і падкую, і кожны дзень пойла буду даваць. А цяпер паедзем да Аўдоцці, яна, пэўне, з вячэрай чакае… Ведаеш, я з ёй памірыўся… Ну, дык кратайся… Но, кажу, а то пугу вазьму! Чуеш?!
І буланчык, ірвануўшы раз-другі, адарваў повад і павёз ачумеўшага, п’янага Піліпа куды вочы вялі. А людзі, што вазілі ў бровар бульбу, асушалі шкалікі ад водкі, а кішэні ад запрацаваных грошай. «Пі, весяліся, залівай гора! Бяда не ў хмялі, а ў пахмеллі. Сягоння жывеш, а заўтра гніеш…» Ну, але ўрэшце сабраліся ехаць, а тут — мык — жарэбчыка няма. «Ах, такі конік! Памажыце, браточкі, шукаць, не пашкадую чары. Ратуйце чалавека!» «Ды ўжо ж, разам гулялі, — роўна будзем і бяду дзяліць». І, пытаючы таго-сяго, наўзавады на сваіх падводах пусціліся шукаць Піліпа. А нагналі яны яго на лёдзе ракі, праз якую людзі зрабілі дарогу нацянькі. Ужо ж далі яму, колькі ўлезла, колькі жадала п’яная, злосная рука, а, здаволіўшыся, вывернулі з развалак гэтыя паламаныя костачкі, парванае мяса на лёд, на ваду, бо была адліга. Пад раніцу стукнуў мароз. Людзі пакуль знайшлі Піліпа Крумкача, пакуль аб гэтым дазналася начальства, то ўжо яго ніяк не маглі выдзерці з лёду і тузаліся над ім, аж пакуль станавы не гыркнуў: «Вырубіць канакрада!»
А сівыя бароды, сваякі і суседзі Піліпа, тут жа казалі: «Праўда наверх заўсёды выйдзе. Быў канакрадам і памёр ім. Калі не саслалі ў Сібір, дык адправілі на папраўку на той свет».
— Туды яму і дарога, — казаў сухарукі Рыгор, што меў вочы, як у недарэзанага барана. Ён быў усім вядомы канакрад, што разам з сваёй хеўрай дзяржаў усю акругу ў страху. І ніяк да яго не падкапаешся, бо ён вадзіў з паліцыяй каншахты, бо ўмеў, як кажуць, канцы хаваць у ваду, і проціў шэрсці яго не пагладзіш, бо злосна агрызаўся. І ўсе яго баяліся.
— А што ён канакрад, — казаў Рыгор далей, — то гэта яшчэ памялом па вадзе пісана, качаргой падпісана. Куды яму — ён жыў, як мокрае гарэла! А па-мойму, калі ты запісаўся жыць, дык жыві, смурод гэтакі. Глупства, што жыццё пякучае, калючае, а ты хукай, дзьмухай на яго, плюй, кляні, але не выпускай! Трымай, значыць, закялзаўшы гэтае праклятае жыццё, каб яно ў табе аж скрыпела, пішчала… А то пайшоў брынды біць. Да душы і плюнуць на яго не варта.
І старыкі, пазнаўшыя ўжо жыццё, ахвотна падтаквалі яму. А дзеці і дзяцюкі, што збегліся паглядзець на здарэнне, коўзаліся дакола, бо лёд быў, як шкло.