На перавозе
На перавозе Верш Аўтар: Янка Лучына Пераклад: Міхась Клімковіч Крыніца: Выбраныя творы. — Мн., 1953. - с. 37-39 |
Стой, перавозчык! Мы на пароме
Ўехалі, браце, ў натхненне!
Сонца ўзыходзіць, хвалі на Нёмне
Ўпыхнулі ўсе ад прамення.
Воды ўздымаюцца і на палотны
Жвіру, што ўслаў увесь бераг,
Падаюць з шумам, бляск іскрамётны
Сыплюць і сыплюць з разбегу.
Раннія хмаркі, голаў у бліках
Ў яснай адбіліся тоні.
Дзіўны малюнак ўзнікне і знікне,
Як яго хваля заслоніць.
А нада мною жаўры ў нябёсах
Трэль рассыпаюць з высотаў,
Драч адгукнуўся дзесьці ў пакосах,
Плача канюх над балотам,
Стрыж праімчаўся быстры, як куля,
Грудкай над самай вадою,
Дзесьці кукуе ў лесе зязюля, -
Глушыць гук даллю лясною.
Нёман блакітны! Дзівамі бляску
Ты не захопіш нікога:
Выдмы з пяскамі - ўся апаяска
Злучын тваіх у разлогах.
І ўсё-ж аблона, поле - жытное,
Шлях у бярозках між жыта,
Луг, разатканы шчодра вясною,
Нібы дыван аксамітны,
Лясы густыя, сосны, яліны,
Грушы самотнае шаты,
Выгляд убогі беднай краіны
Лепш мне за іншых стократы.
Людцаў спытайся, што на чужыну
Былі закінуты лёсам,
Дзе напаткалі чары радзімы,
Чары паднёманскіх плёсаў?
Ці-ж па-над Рэйнам, Тыбрам і Сенай,
Нават над мудрым Дунаем
Не адчуваліся нібы прышэльцы,
Сэрцам не мкнуліся к краю?
Бедны з Наднёмання жыхар-мяшканец,
Выглядам сэрца не грэе,
Не ўскочыць жвава ў кіпучы танец,
Выснаваць песні не ўмее.
Бачна, што бедны, бачна, што цёмны,
Ў працы адхлання не знае,
Потам крывавым хлеб свой надзённы
Ў цяжкім трудзе здабывае.
І ўсё-ж ён вышай аблудных тлумаў
Ды раззалочанай злобы,
Люд той з адзнакай ціхай задумы
На узбарожджаным лобе.
Не сыты плёны на нашым грудзе,
Хоць потам зліта ўсё поле,
Аднак з пясчыстай глебы здабудзе
Хлеб чорны праца і воля.
І голад - прывід бледны, гарбаты
Аратых ў сне не застраша.
Маем хлеб жытны - вось і багаты,
Досыць і лесу і пашы.