Перайсці да зместу

На зачарованых гонях (1923)/Панас на небе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лявоніха і Сымоніха Панас на небе
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Панас на небе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Панас на небе.

(Подлуг народнай казкі).

Памёр стары Панас.

Яго цела пахавалі на могліцах, а душа, як усе людзкія душы, жаўранкам на неба паляцела.

Панас, папаўшы ў незнаёмае месца пачаў азірацца па бакох і скора ўцяміў, як і што: «Эт, язык да Кіева давядзе. Хто пытае, той ня блудзіць». І давай у стрэчных-папярэчных дапытвацца:

— Адзе-ж тут, пане-дабрадзеі, дарога ў рай?

Скрыдлатыя анёлы казелілі вочы на простую душачку, а ўсё-ж ткі паказвалі дарогу ў рай, пэўныя, што тут ніякіх хітрыкаў няма; а калі чалавек так упарта смалой ў вочы лезе, дык гэта ня хаханкі якія.

Бокам-скокам і — Панас дабраўся да райскай брамы.

— Гэй! — крыкнуў Панас знадворку: — пусьці, дзядзька, у рай!

— А хто гэта там горла дзярэць? — адазваўся ключар Пятро з другога боку.

— Гэта я!

— А хто ты?

— Ну, я-ж! адчыні, дзядзька, браму!

— Бач, ты, які спрытны! А што ты там на зямлі рабіў? Будзь ласкаў сказаць!

Тут Панасу троху моташна зрабілася. Успомніў ён, як аднаго разу перад папом шапкі ня зьняў. Успомніў ён, як маці яго памёрла, дык ён ня скора крыж на магіле ставіў, пакуль яму не удалося ўкрасьці сасну з панскага лесу. І яшчэ шмат чаго прыпамінаў ён і пачаў чухаць патыліцу.

— Як цябе завуць? — запытаўся ключар Пятро й высунуўся трохі з-за брамы, аглядаючы Панаса з галавы да ног.

— Панас, — палахліва, як перад вураднікам стоячы, адказвае Панас і апускае вочы.

— Маліўся? — сур’ёзна пытаецца далей Пятро.

— Часамі… — бармоча Панас, азіраючыся па бакох, як-бы ратунку шукаючы.

— Чаму «часамі?» — срога крычыць Пятро.

— Бо ведаеш, паночку, бо… бо… бо… я… ня ўмею… душыўся Панас сваімі словамі, як-бы гарачыя клёцкі глытаючы.

— Ага, знача не акуратна маліўся, — адчаканіваючы кожнае слова, як асэсар, цьвёрда, з павагай кажа Пятро. — А выпіваў акуратна? А жонку біў? А за гаспадаркай ніколі не глядзеў?

Нібы шротам засыпаў яго Пятро пытаньнямі. Панас пры гэтым гэтак корчыўся, нібы яго сьцябалі крапівой.

— Ідзі ў пекла! — сказаў нарэшце Пятро ды ўжо хацеў зачыніць браму. Панас, угледзіўшы гэткую штуку, цмокнуў ў руку Пятру й давай маліць-прасіць, як ён добра навучыўся на зямлі перад старой паняй, калі яго кабылу забіралі ў хлеў за патраву:

— А я-ж нявучоны… а я-ж простае, цёмнае мужыччо, — застагнаў-заенчыў ён на ўсё неба. — Ці-ж я вінаваты, калі ня ведаў, як жыць на сьвеце?.. Ці-ж я вінаваты, калі я ня…

— Ну, годзі! годзі! — перабіў яго прычытаньні Пятро й, з усьмешкай гледзячы на Панаса, гладзіў сваю сівую бараду. — Добра, Панас, мо’ пойдзеш у рай, бо, ведама, ты нявучоны. Але вось такая рэч — ня пушчу цябе ў рай, покуль не навучышся хоць крыху грамаце. Прынамсі, будзеш сядзець там і пацеры чытаць. А то прыкра, калі ты на ўсіх сьвятых дурной варонай глядзець будзеш і ніхто голасу твайго не пачуе.

Панасу зрабілася нясмачна на душы.

— Ліха ведае! Гэта лёгка сказаць: навучыцца грамаце! Мой Габрусь пяць зім вучыўся й чуць па складох чытае. А мне, старому дыдлу, дзе тут уцяміць?

Ажно шорах беднага прабіраў.

Тымчасам Пятро, зачыніўшы вароты, падаў яму кантычку, па якой загадаў вучыцца.

Панас ткнуў кніжку за пазуху й папёр куды вочы глядзяць, маркотна апусьціўшы голаў. Ён, нават, і надзею страціў папасьці ў рай. Яму здавалася, што куды лягчэй галавой уніз хадзіць, чымся навучыцца грамаце. Але «як топішся, то за брытву хопішся» — кажуць людзі. І бедны Панас, ня маючы жаднага ратунку, расчыніў кантычку і, як той бусел, скоса зірнуў на незразумелыя літары. Ой, як не хацелася яму папасьці на цымус у пекла! «Купіў — ня купіў, а патаргаваць можна», бадрыў ён сам сябе й сеў на камені сярод гасьцінца. Утаропіў вочы ў кантычку й давай ў стрэчнага-папярэчнага дапытвацца:

— Паночку, родненькі, што гэта за літара? А што азначае гэтае крутаньне? А як чытаецца гэта дуга? А як выгаварваецца гэта мудроная сякерка? А як гэта ўсё разам выходзе?

Як анелы не сьпяшылі па справах сваіх, але бачачы, што чалавек проста са скуры вылазіць, што пот цурком льецца з лысіны, дык кожны ахвотна тлумачыў яму.

Там не такія благія, як на зямлі.

Панас спачатку бэкаў-мэкаў, а праз тыдзень які ўжо нічога сабе чытаў. Праз два тыдні Панас так налаўчыўся, што патрапіў-бы чытаць псалтыр на добрых хаўтурох пры чарцы гарэлкі. На зямлі яго пахавалі без папа, і дзяк ня чытаў. Ад шчасьлівай усьмешкі Панас разявіўся чуць не на ўсё неба.

І ён сьмела пашоў да сьвятога Пятра.

— Гэй! — крыкнуў Панас з аднаго боку брамы.

— Хто там? — запытаўся з другога боку Пятро.

— Я! Панас!

— А што? навучыўся?

— Навучыўся!

— Запрабуй чытаць! — і сьвяты Пятро зарыпаў брамай і вышаў паслухаць.

Панас кашлянуў раз — другі, расчыніў засмальцованую кантычку й з павагай, нібы ксёндз на амбоне, пачаў чытаць.

Сьвяты Пятро ківаў галавой і дзівіўся.

— А што, — кажа Панас, — добра?

— Гм… добра… Цяпер, Панаска, ідзі сьмела ў… пекла.

— Што? — і Панас падсунуў правае вуха. Яму здалося, што не дачуў.

— У пекла йдзі! — гнеўна крыкнуў Пятро: — бач, які ты нявучоны, якое ты «цёмнае мужыччо!» Вось і тваё апраўданьне нікчэмнае. Чалавеку трэба толькі хацець, тады ён усяго дабіваецца… Бач, як хутка ты навучыўся чытаць, калі прыступілі, як той кажа, нажом да горла! Нябось, каб хацеў, дык-бы на зямлі шмат чаго добрага зрабіў. А цяпер, вон у пякельніцу, душа гультайская! Не мазоль мне вачэй, лайдацюга!

Панас ад дзіва й страху гэтак лупы разявіў, што чуць усё неба ня глынуў. Але паляшук з панталыку ня лёгка зьбіваецца. Не пасьпеў Пятро зачыніць браму, як Панас крыкнуў сьмела:

— Пачакай!

За гэты час, што Панас бакі абіваў на небе, ён асвоіўся, нібы на сваім сенакосе.

— Чаго ты?! — выставіў на яго Пятро свае срогія сівыя вочы.

— «Чаго ты!» — перадражніў яго Панас, — ці-ж можна гэтак?

— Што «ці-ж можна гэтак?»

— Думаеш паляшука ўлегцы возьмеш? Ці-ж можна гэтак сьмяяцца над старым земляробам? — жаліўся Панас з вялікай крыўдай у голасе. — Сказаў-бы адразу, што каб хацеў, дык усё-бы патрапіў зрабіць на зямлі. Я-бы тады не спрачаўся-б. Што-ж, альбо рыбка, альбо піпка! А то кантычку тыкае ў рукі: на! вучыся! Колькі поту мне каштавала гэтая мая адукацыя. Ці-ж мне заплаціш за працу, калі й паломанай дыткі на небе няма? Што мне цяпер рабіць? — ад усяго сэрца жаліўся Панас.

Пашкадаваў яго сьвяты Пятро й ткі ўпусьціў у рай.

Зажыў Панас у раі, як сыр у сьмятане ўсё роўна. Пільна чытаў ён кантычку сваю, прыслужваў, падаваў люлькі сьвятым. Але праз колькі часу ён там занудзіўся. Паляшук прывык да працы, а без яе яму трудна жыць. Падмазаўся ён зноў да ключара Пятра:

— Давай, — ка’ — дзядзька, памагу табе каля брамы тупацца, а то аднаму, ма быць, цяжка.

Пятро згадзіўся.

І зрабіўся Панас памоцнікам ключара пры браме раю. Калі душа якая ў браму стукалася, дык Пятро толькі ключ паверне, а Панас адчыняў вароты. Пятро гляне, ці варта ў рай пускаць, а Панас тымчасам высуне лысіну, гледзячы, мо’ знаёмага спаткае. Часта гутарыў ён гэтакім чынам з сваімі аднасяльчанамі, дапытваўся навін і нічагусенькі. Паляшук усюды ў вус ня дзьме.

Але аднаго разу высунуў ён таксама галаву сваю між варот, каб зірнуць, дзе што дзеецца, і пры гэтым гэтак уздрыгануўся, як-бы яго хто ўкусіў.

— Божухна! Каго гэта я бачу? Гэта-ж — Тэкля! жонка мая! яна! Вочы не падманулі…

Пятро шмат яе не дапытваўся, бо ведаў, якая яна была пакутніца пры Панасе на зямлі, ды адразу ўпусьціў у рай.

— А! І ты тут ёсьць! — грымнула Тэкля, угледзіўшы Панаса, — ну і неспадзеўкі! Ці не заблудзілася я? Бо тваё месца ў пекле…

— Божанька, а мне цяпер рай горш пекла стане! — застагнаў Панас і з вялікага імпэту пераскочыў высокі паркан і наўцекі.

— Панас! Панас! — клікаў яго Пятро, — вярніся!

А Панас пёр на ўсе застаўкі. Ён ужо добра ведаў усе завулкі й глухія вулкі на небе, знайшоў ён яшчэ вандроўцаў-паляшукоў і зрабіўся іх павадыром.

Разьдзяліў ім Панас неба на шнуры й загадаў працаваць. Гэтак працуюць і па сягоняшні дзень. І запраўды, ім весела жывецца. Якое жыта там расьце, якія лясы шумяць, дык толькі дзівіся!

Панас даўно кінуў сваю старую Тэклю, бо яна яму яшчэ на зямлі досыць абрыдла, і ўзяў ён сабе двух жонак. Толькі няхай вас гэта ня дзівіць, людзі добрыя, на небе можна мець шмат жонак, бо ў другі раз ужо ў магілу не ўвагоняць.

Панасавы жанкі, як усе бабы на сьвеце, вельмі цікавыя — хочацца ведаць, дзе што родзіцца.

Высуне адну галоўку сваю на зямлю, усьміхнецца, вочкі зьяюць…

— Сонейка ўзышло! — кажуць людзі на зямлі. Радуюцца вясковыя, і лёгка й весела робіцца ім на душы.

— Чаго ты? Куды вочы лыпаеш? Мо’ баранава вока маладога ўгледзіла? — злуецца Панас на жонку сваю. Як рване за валасы ў другі бок, як пачне пытляваць, дык бедная ад болю аж зачырванеецца.

Другая жонка, хаваючыся ад гнеўнага мужа, таксама — тыц свой твар на зямлю, ня менш цікавая першай.

— Месячык сьвеціць, — кажуць людзі, — пара на начлег!

Сумна глядзіць на зямельку Панасава жонка й прыслухоўваецца, як мізэрны хлопчык на жалейцы граець ля рэчкі.

— А, каб цябе! — злуецца, Панас: — сорам! Я табе пакажу, распусьніца, як на хлопцаў зрэнкі казеліць!

Як грукне ёй у плечы, дык бедная аж паваліцца й валасамі даўгімі твар пекны затуліць.

І плачуць Панасавы жанкі, а людзі на зямлі думаюць, што гэта дождж.

У Панасавай гасподзе рупныя бабы ўсю ноч кудзелі прадуць пры лучынах.

— Зоркі гараць, — кажуць людзі на зямлі.

Часам Панас пачынае агонь выбіваць да люлькі сваёй у таку, дзе парабкі цапамі жыта малоцяць.

— Пярун б’е. Маланка паліць — кажуць людзі на зямлі.

А млын там ёсьць вялікі, божухна ты мой! Меле й меле. Ад завозу проста адбою няма.

А як пачне мельнік муку з барады вытрасаць, дык усё неба запыліць.

— Сьнег падае! — кажуць людзі на зямлі.

Борух там карчму залажыў на гасьцінцы. Пайшлі гандлі, кірмашы, заработкі — проста не нахваліцца!

Болей усяго гандлююць там дурнямі. Гэты гандаль усюды ходкі. Вы спытаецеся — на што грошы? Як-жа жыць бяз іх, калі, як карчмару, таксама, не раўнуючы, і пану яны патрэбны. Бяз іх ані шагу. Нават і на неба выбрацца з пустымі кішэнямі трудна. Вось і душы людзкія ліпнуць да іх, як мухі да мёду.

Адно толькі паляшукоў на небе непакоіць: лік хадакоў ад зямлі павялічваецца не па днёх, а па гадзінах. Як не расстаўляюць вартаўнікоў на граніцах, як ня строга з пашпартамі, а ўсё-ж такі ня могуць упільнаваць. Надта спрытны народ на зямлі: круць-верць — ніхто не агледзіцца, а ён ужо на небе… А там — рабі з ім што хочаш: ня йдзе назад, хоць ты яго доўбняй.

Вільня, 1914 г.