Перайсці да зместу

На зачарованых гонях (1923)/На балоце

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Панскі дух На балоце
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
Аднаго разу ў нядзелю
Іншыя публікацыі гэтага твора: На балоце (Бядуля, апавяданьне).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На балоце.

— Няхай спухну, калі гэта мана, няхай спухну! — хрыплым, надломаным голасам гаварыў засопшыся хлапчук бяз шапкі, з скалмачанымі, успацеўшымі валасамі. Хлапчук біў закарузлым цёмна-бураковым кулачком па парванай світцы ў худыя грудзі свае, хлёпаў босымі, парэзанымі нагамі па гразі і ўсё паўтараў «няхай спухну!»

— У чым рэч? Што такое? — накідвалі яго пытаньнямі старыя людзі; — гавары хутчэй!

— Няхай спухну, калі няпраўда!

У вачох хлопчыка зьяла асабістая радасьць выпаўненага сакрэтнага абавязку. Ён глытаў словы і здавалася, нібы шчыра жадаў спухнуць раней, каб лягчэй было потым апавядаць нешта асабліва цікавае і бязьмерна жудаснае.

Яго акружыла цэлая грамада старых сялян, кабет і дзяцей, і кожны з нецярплівасьцю глядзеў хлопчыку ў рот і чакаў, што ён тут раскажа.

Хлопчык пазіраў ва ўсе бакі леса і балотных абшарынаў, углядаўся падазрона ў цёмныя кусты і моцна сапеў.

— Кажы скарэй! спухні, каб цябе чэрці, і кажы! — злобна крыкнуў адзін стары дзед, высокі і худы, са зморшчаным тварам, з жоўта сівенькай бародкай. Дзед пры гэтым моцна ўеўся мазалістымі, скручанымі пальцамі ў плечы хлопчыка, і пачаў яго тармасіць на ўсе бакі, нібы галінку кволага кусьціка.

Хлапчук нібы гэтага толькі чакаў. Ён адразу перастаў сапсьці і загаварыў.

— Лігянеры даведаліся, дзе мы хаваемся. Ім сказаў зладзюк Бавэлчык.

— А, падліза панскі! — заскрыпеў дзед вусамі ад злосьці і моцна вылаяўся. — Болей што даведаўся?

— Лігянеры сюды зараз прыдуць і забяруць нашых коняў і кароў. Бавэлчык іх сюды вядзе зімнікам.

— Вось шэльма, вось гад! Хіба выберацца ён адгэтуль разам з панскімі псамі, а то дадзімо яму ў рукі яго шальмецкую галаву — хай цацкаецца з ёю, як з гнілым гарбузом.

На балоце пачалася трывога. Мужчыны, кабеты і дзеці заёрзаліся, разышліся ва ўсе бакі зьбіраць сваіх коняў і кароў.

— У барок трэба ехаць праз Ціменку! Туды, сукіны дзеці, не прабяруцца. І ня гуртам ідзеце, а ў адзіночку, — закамандаваў дзед: — і голасу вялікага не падымаць!

Быў вясёлы летні поўдзень. Балотная паляна, акружаная з усіх бакоў цёмнай, высокай сьцяною лесу, млела ад гарачыні. Высокая па пояс залёная шчотка травы была скалмачана людзьмі і жывёлінамі. Дзе-ні-дзе спаміж травы ірдзелася мутна-меднага колеру балотная рудаўка, якая пазірала ўверх, нібы аграмаднае, мёртвае вока. Дзе-ні-дзе тырчэлі сухія, леташнія сьцяжарні.

Ценкі паплет тырчэў ўверх, нібы вялізарныя, букаватыя пальцы падзямельных страшыдлаў, і сьцяжарні паказвалі ворагу, дзе хаваюць сяляне сваё апошняе багацьце — коняў і кароў.

Клопатна кружыліся нізка над травою балотныя птушкі. Яны займаліся сваёй звычайнай, штодзённай працай: лавілі мух, мушак, глыталі рабачкоў у рудаўках і гучна сьпявалі на розныя лады. Дзе-ні-дзе горда і спакойна спацыравалі буслы.

На ўстрывожных людзей зварочвалі ўвагу толькі коні і каровы, якіх адарвалі ад яды. Людзі ў адзіночку ціха вялі коняў, гналі кароў да рэчкі на самым канцы балотнай, вялікай паляны. Шастала трава зьмяіным затаёным шастам:

— Ш-ш-ш… с-с-с…

Хлюпала балота і гойдалася пад нагамі, як чартоўская зыбка:

— Хлю-ю-п, хлю-ю-п, хлю-ю-п!

Во праваліцца балота… во людзі і жывёла праб‘юць яго пухкі, верхні слой, абросшы высокай драцяной травой; праб‘юць, як стары кажух, і праваляцца наскрозь, ажна знаку ад іх не застанецца… Узьдзівяцца маўклівыя буслы, зашастаюць моцнымі веярамі-скрыдламі, падымуцца над балотам і, купаючыся пад небам ясным у растопленым золаце гарачага сонца, панясуць у празрыстыя летнія далі нямую казку аб тым, як балота глынула людзей і жывёлін…

Людзі ціха цягнуліся да рэчкі балотнай жывым ланцугом, у брод перапраўляліся праз рэчку і таялі разам з сваімі жывёлінамі ў блізкай ля рэчкі пушчы. Апошнім прабраўся праз рэчку сівы, высокі дзед.

Здалёку чулася кулямётная страляніна: «тра-та-та, тра-та-та». Нібы хтосьці рассыпаў боб па сухім гліняным таку.

— Гэта нашыя паўстанцы б‘юцца з палякамі, — падумаў дзед. І ўсьмешка ўзьявілася на яго худым твары. Ён прыпомніў, як калісьці і ён з туркам біўся, але тады нейк войны былі інакшыя і ўсё жыцьцё было інакшае. Тады гвалтам цар гнаў людзей на бітву з невядомым ворагам, а цяпер людзі самі ідуць. Усе маладыя хлопцы з ваколічных вёсак пайшлі на пана, ды ня толькі маладыя, а барадатыя мужыкі пайшлі, з віламі, з тапарамі. Як ня пойдзеш, калі шляхтуны катуюць мужыкоў, зьневажаюць баб, да сьмерці замучываюць дзяўчат, паляць вёскі. Тут мусіш пайсьці… Эх, каб я быў маладзейшы!..

Дзед глыбока ўздыхнуў.

— Але што-ж! Калі ня я, дык двое маіх сыноў б’юцца цяпер з ворагам. З мяне досыць.

Дзед апошнім схаваўся ў пушчы. Там ён далучыўся да ўсёй грамады, якая трохі асьмялела і гойкала ў лесе на жывёлін.

Праз густыя галіны высокіх дрэваў сонца рэдка дзе пранікала. У пушчы стаяла вечная палуцьма, якая расьцілася па шурпацістых пнёх, па карчох і вываратнях, як вільготны, сьветла-шэры вэлем.

Пад кожным пнём, ля кожнага чорнага карча туліліся старадаўныя казкі аб лясунох і русалках. У лесе яны здаваліся праўдзівымі. Нібы во-во яны тут былі, толькі з прыходам сюды няпрошаных гасьцёў — людзей і жывёлін — яны схаваліся па далёкіх куткох гушчарынаў, перакінуліся ў птушак, у вілаватыя пнішчы… Во-во па вільготным папаратніку адціснуты іх затаёныя сьляды. Вось нядаўна яны разгульвалі ў хмельна-пахкім багуне, качаліся ў пухкіх коўдрах моху, пробавалі на смак сыраежак, масьлянак і перасьпеўшых чарніц.

Аб гэтым думаў толькі дзед. Уся грамада людзей была занята. Кожны пільна глядзеў за тым, каб жывёлы не заблукаліся ў лесе.

Людзі прабраліся і праз гэты лес дайшлі да Ціменкі — балоцісты луг, які доўгай і вузкай паласою цягнуўся паміж хвайняком, сьціснуты дрэвамі з абодвых бакоў. Праз Ціменку яны дабраліся да сухога барку, які стаяў на невялікім узгорку цьвёрдай, аграмаднай барадой вялікана.

Барок гэты быў акружаны балотамі і пушчамі на некалькі вёрст вакол, і бела-польскаму войску прабрацца туды было немагчыма. Грукат страляніны даходзіў да барка глухімі, далёкімі водгаласкамі, якія мала трывожылі людзей. Сваіх і хатніх спажыткаў яны адракліся ўжо колькі дзён таму назад, калі паны пусьцілі вёску чырвоным пеўнем, а паўстанцы дадуць сабе раду — яны маюць шмат кулямётаў і стрэльбаў, і, пэўна, да іх ужо і бальшавікі надыйшлі.

Сонца тым часам апускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Надыйшоў вечар, і людзі, адарваныя ад свайго звычайнага ладу жыцьця, ад усяго сьвету, як-бы зусім пераіначыліся. Гора застыгла ў грудзёх камяністым палючым комам, рукі і ногі былі змучаны і, як чужыя, рабілі сваю работу. Твары былі загарэлыя і брудныя. Губы запякліся ад смагі, а ў вачох няспынна гарэла вялікая злосьць.

Сталыя людзі былі падобны адзін да аднаго. Кожны сабе нешта бурчэў пад нос. Толькі дзеці не сумавалі. Ім уся гэта штука была надзвычайна цікава: нічога лепшага ня трэба, як хавацца па лясох днямі і начамі.

Тут бы пастаянна жыць, ды й годзе… — думалі дзеці. — Адно кепска, што вялікія не дазваляюць ім шуму рабіць. Вось гэта ня зусім добра. Гэтыя вялікія — народ дзіўны: пачалі добрую справу з вандроўкай па лясох і не давялі да канца — не даюць галёкаць па лесе, не дазваляюць сьвістаць, сьмяяцца: глядзі на матак і маўчы няма ведама дзеля чаго.

Колькі дзіцячых вачэй блішчэла ў грамадзе, столькі застыўшых пытаньняў відаць было ў іх. Дзеці ніякіх тлумачэньняў ведаць не хацелі, як тыя нявінныя жывёлы, што вакол іх шчыпалі траву.

Грамада людзей сабралася ў адну кучу. Дзед падазваў падростка, які прынёс ім раней вестку аб тым, што польскія салдаты даведаліся ад Бавэлчыка, дзе яны хаваюцца.

— Сьцяпанка, ведаеш што, трэба было зноў падбегчы паглядзець, што там ў вёсцы робіцца. Толькі асьцярожна, каб цябе ня прыкмецілі.

— Няхай спухну, калі мяне прыкмецяць! — горача сказаў узрадаваны хлапчук.

— Ідзі і не марудзь там, варочайся адразу назад. Толькі не заблудзіся па дарозе.

Хлапчук шуснуў у лес і зьнік.

Кабеты пачалі даіць каровы ў вялікія жбаны, старыя сяляне курылі люлькі, нічога не гаворачы між сабою, а дзеці ціханька, крадучыся, забаўляліся між дрэваў.

Змрокі пачалі надыходзіць цёмна-шэрымі хвалямі. У барку пачало цямнець. Над галовамі людзей пачалі кружыцца камары, і не давалі ім супакою — злосна кусаліся. Людзі згуртаваліся ў адну кучу і елі вячэру — хлеб з малаком. Толькі некалькі мужчын асталіся вартаваць стада, якое таксама стаяла, або ляжала, цесным гуртом.

Вогнішча не разлажылі, баючыся, каб іх ня прыкмецілі. Бабы ўкуталі дзяцей у сьвіткі і кажухі і палажылі іх спаць. Дарослым ня спалася.

Жудасна і няпрытульна было ў лесе бяз вогнішча. Вільгаць падыймалася з зямлі і пранікала ў косьці.

Прайшло паўгадзіны, гадзіна. На блакітна-шкляным небе плаваў яркі, двухрогі месяц, а соткі зорак былі рассыпаны па нябёснаму абшару вакол, як залаты гарох.

Дзесьці блізка плакала, заліваючыся, сава, маладыя ваўчаняты квола-жаласьліва вылі.

— І накруціла мяне паслаць зноў падшывальца, — казаў высокі дзед, — яшчэ заблудзіцца ў лесе.

— Міхась не заблудзіцца, — казалі бабы: — ён ведае лес і балота, як свае пяць пальцаў на руцэ.

У барку дзесьці шторхала і шастала. Людзі востра прыслухоўваліся. Нарэшце, зблізку затрышчэла пад дрэвамі і пачуўся людзкі гоман.

Усе паўскочылі з сваіх месц і пачалі пільна ўглядацца. Ішло да іх некалькі чалавек, якіх вёў сюды хлапчук.

— Няўжо-ж легіянеры! — устрывожыліся людзі: у легіянерскіх шынэлях, з бліскучымі брылямі на шапках…

— Вось дзе канец нашым конікам і кароўкам…

Легіянеры падыйшлі блізка. З імі разам ішоў моўчкі сусед-здраднік Бавэлчык, які пафрантоўску трымаў рукі заложанымі назад — ма’быць з вялікай гордасьці.

Пры гэтым хлапчук круціўся між легіянераў, як ўюн, і весела хіхікаў.

— Няўжо-ж ён іх наўмысьне сюды прывёў? — падумаў дзед. І лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з яго вуснаў.

— Добры вечар, браткі! — сказалі легіянеры.

— Гэта-ж нашыя хлопцы! — закрычала весела грамада людзей, — нашыя хлопцы прышлі!

— Палякаў мы ўжо выгналі адгэтуль, — казалі паўстанцы, — у нас чырвоныя, нашыя. Палякі, уцякаючы, пакінулі свой абоз, дык вось мы трохі прыбраліся ў іхнія вопраткі. А вось гасьця Бавэлчыка мы вам сюды прывялі. Хутчэй разлажэце вогнішча і гляньце на суседа нашага!

У адзін момант сабралі кучу сухіх сукоў і хутка разгарэлася вялікае вогнішча. Шыбаў агонь уверх пышна-чырвонымі языкамі, шыпеў і трышчэў на розныя лады.

Маладыя паўстанцы ў польскіх вопратках са стрэльбамі ў руках падвялі Бавэлчыка бліжэй да вогнішча. Рукі ў яго былі зьвязаны за плячыма. Гэта быў мужык гадоў пад пяцьдзесят. Кароткі, прысадзісты і шырокаплечы. На круглым твары цаглянога колеру тырчэлі сіваватыя, тоўстыя вусы. Маленькія, чорныя вочкі скосу пазіралі на людзей, пазіралі злосна і пудліва, як у пайманага ваўка.

Бавэлчык жыў палясоўшчыкам у блізкага пана Бараноўскага, дзеля чаго і самога сябе на палавіну панам лічыў і служыў ў легіянераў, як шпік: падказваў, дзе сяляне коняў хаваюць, хто з сялян багаты, каб яго аграбіць і дзе знаходзяцца паўстанцы.

— Чаму, Бавэлчык, прышоў да нас без палякаў? — запытаўся дзед.

Бавэлчык апусьціў галаву.

— Чаму ня ўцёк з палякамі?

Бавэлчык маўчаў.

— Кажы! — злосна закрычаў дзед і таргануў Бавэлчыка за зьвязаныя рукі.

— Мы яго захапілі пры польскім абозе, калі ён капаўся ў вопратках салдацкіх, — сказаў адзін з паўстанцаў.

— Шэльма ты! Зладзюга!! — злаваўся дзед. Глыбока зірнуў ён на Бавэлчыка і моцна плюнуў яму ў твар.

Бавэлчык уздрыгануў з ног да галавы і заскрыгатаў зубамі.

— Досыць! — скаpаў адзін з паўстанцаў: — вы тут да раніцы начуйце пры агні, а мы з Бавэлчыкам пойдзем на гулянку. Марш, Бавэлчык!

Бавэлчык задрыжэў, як {{Абмылка|ясінавы|асінавы} ліст; зубы ў яго забарабанілі і ён задушаным голасам замарматаў:

— Зьлітуйцеся, браткі…

— Ідзі, сукін сын, калі прыказваюць!

Бавэлчык не хацеў ісьці, але прыклады паўстанцаў падалі ахвоты.

Ніхто з грамады людзей Бавэлчыка не бараніў. Усе маўчалі.

Паўстанцы разам з Бавэлчыкам зьніклі паміж дрэў. Вогнішча весела гарэла. Прабудзіліся дзеці і пачалі забаўляцца пры вагні. Ніхто з дзяцей ужо больш не баяўся шумець і забаўляцца: старшыя ім не забаранялі.

Праз колькі хвіль увесь барок уздрыгнуўся ад грымотнага стрэлу.

Пошчакі насіліся з усіх бакоў працягла і жудасна. Людзі ўсе падскочылі на сваіх мясцох. Дзеці спалохаліся і некаторыя з іх пачалі плакаць.

— Бавэлчык дастаў паводлуг заслугаў — глуха прагаварыў дзед і спакойна задыміў люльку.

Менск, 1923 г.