Перайсці да зместу

На залатым пакосе (1927)/У разгары жыцьця/Помніш ты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поэтам Помніш ты
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1927 год
Здароў, мой таварыш
Іншыя публікацыі гэтага твора: Помніш ты, быў ціхі-ціхі вечар…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Помніш ты, быў ціхі-ціхі вечар,
Месяц жыў і плакала лаза.
Ты так доўга думала аб нечым
І хацела нешта мне сказаць.

Наша лодка ціха і пакорна
Несла нас ў нязьведаны йшчэ край,
А ў бяздоньні воч тваіх азёрных
Вольным морам плакала зара.

Ты маўчала, любая дзяўчына.
Я таксама думаў і маўчаў,
Не таму, што сэрца неяк ныла
Па вясьне і выпітым начам.

Так плылі, ня зналі, не чакалі…
Ўсё жыло трызвонамі надзей.
Ты мне нешта тайнае сказала
І прыпала з сьмехам да грудзей.

Я абняў, каб пакахаць і верыць!
Вусны так палілі, як агонь.
Чуў я стук сваёй крыві і сэрца,
Ды спыніць ня ў сілах быў яго.

Твае вусны, — вусны мне спалілі,
Твае грудзі — кроў маю ўзьнялі:
Мы навокал ўсё тады любілі,
А цяпер напэўна-б ўсё клялі!..