Перайсці да зместу

На залатым пакосе (1927)/У разгары жыцьця/Маркітанка Сігарэт

З пляцоўкі Вікікрыніцы
О, выходзь маладняцкая раць Маркітанка Сігарэт
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1927 год
Я прыду
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маркітанка Сігарэт.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАРКІТАНКА СІГАРЭТ

Ах, якая ты!.. Якая дарагая
І на сцэне сонца прадаеш,
Бо сама, як радасьць, маладая,
Паланееш ў росквіце надзей.

Маркітанка, песьня ты, ці казка,
Ці прыгожай радасьці прыбой,
Бо ў тваіх вачох зусім ня цяжка
Піць чужую песенную боль?!

Сігарэт — вясна, — мы ўсе такія,
Толькі й я хацеў-бы так згараць,
Каб вакол былі ўсе дарагія
І ў крыві маёй цьвіла зара.

Каб хто небудзь ціха і балюча
Ў мой апошні, мой трагічны дзень
Апаліў сьлязой сваёй пякучай
Гэта сэрца выпітых надзей.

Каб хто небудзь блізкім і каханым
Ў вусны мне і ў грудзі цалаваў
І ў сваім апошнім разьвітаньні
Ўсю душу, ўсё сэрца аддаваў!

Каб ў тумане вечным і прыгожым,
Хто кахаў і песьню і зямлю.
Гаварыў мне ціха і трывожна:
„Мілы мой, люблю цябе, люблю!..“

Ах, якая ты!.. Якая дарагая
І на сцэне сонца прадаеш,
Бо сама, як радасьць, маладая,
Паланееш ў росквіце надзей!