На дне акіяна (1939)/На дне акіяна
На дне акіяна Апавяданьне Аўтар: Герберт Уэлс 1939 год Арыгінальная назва: In the Abyss (1896) |
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Аднак тэрмін аховы правоў аўтара не закончыўся, таму яна не можа быць змешчаная тут. Калі выява пяройдзе ў грамадскі набытак, просьба на месцы гэтага шаблона паставіць {{Няма выявы}}. |
Лейтэнант стаяў перад стальным шарам і грыз сасновую трэсачку.
— Што вы аб гэтым думаеце, Стывенс? —запытаў ён.
— Гэта ідэя, — сказаў Стывенс тонам чалавека, які жадае быць аб‘ектыўным.
— Па-мойму, ён будзе расціснут, расплюшчан, —сказаў лейтэнант.
— Як відаць, ён даволі дакладна ўсё вылічыў, — сказаў Стывенс па-ранейшаму аб'ектыўна.
— Але ўспомніце пра ціск, — сказаў лейтэнант. — Ля паверхні вады ціск чатырнаццаць фунтаў на дзюйм, на глыбіні трыццаці футаў ціск ужо ўдвая большы, на глыбіні шасцідзесяці — у тры разы, пры дзевяноста футах глыбіні — у чатыры разы, пры дзевяцістах — у сорак разоў, пры пяці тысячах трохстах, што складае мілю, ціск раўняецца двумстам чатырнаццаці фунтам, памножаным на сорак. Гэта выходзіць... пачакайце... трыццаць цэнтнераў, значыць — тры тоны. Стывенс, тры тоны на квадратны дзюйм! А акіян, на дно якога ён збіраецца спусціцца, мае глыбіню пяць міль. Значыць, пятнаццаць тон.
— Мнагавата, — сказаў Стывенс, — але сталь таксама тоўстая.
Лейтэнант не адказаў і зноў прыняўся за сваю трэсачку.
Прадметам іх размовы быў велізарны стальны шар, вонкавы дыяметр якога раўняўся, прыблізна, дзевяці футам. Ён здаваўся снарадам, прыгатоўленым для якой-небудзь тытанічнай артылерыйскай гарматы. Ён быў старанна ўмацован на страшэнных па размерах рыштаваннях, прыбудаваных да корпуса судна, і гіганцкія балькі, па якіх ён у хуткім часе павінен быў саслізгнуць уніз, у ваду, надавалі карме судна дзіўны выгляд, здольны выклікаць цікавасць усякага прыстойнага марака ад лонданскага парта да тропіка Казерога. У двух месцах, уверсе і ўнізе, відаць былі ўмацованыя ў сталь шара два круглыя акны з надзвычайна тоўстага шкла. Адно з іх, апраўленае ў стальную, вельмі моцную раму, было адвінчана напалавіну.
Субяседнікі раніцой толькі ў першы раз убачылі унутранасць шара. Яна была выкладзена напоўненымі паветрам падушкамі; паміж падушкамі відаць былі кнопкі, пры дапамозе якіх рэгуляваўся нескладаны механізм снарада. Усё было старанна абабіта, нават апарат Майера, які прызначаўся для паглынання вуглекіслаты і выпрацоўкі кісларода, узамен таго, які будзе выкарыстан будучым жыльцом шара, калі ён улезе ўнутр праз круглую адтуліну, і шкло будзе завінчана. Шар унутры быў так грунтоўна выкладзены падушкамі, што, калі-б нават ім выстралілі з гарматы, і тады чалавек унутры ніколькі-б не пацярпеў. Неўзабаве праз адтуліну сапраўды прадстаяла ўпаўзці чалавеку, за якім моцна завінцяць шкло; і шар, кінуты ў мора, апусціцца ўглыб, на пяць міль, як сказаў лейтэнант. Усё гэта так яго цікавіла, што ён усім надакучыў за сталом у кают-кампаніі. Стывенс, які толькі што прыбыў на борт, аказаўся для яго сапраўднай знаходкай,ён мог без канца гаварыць з ім на гэтую тэму.
— Па маёй думцы, — гаварыў лейтэнант, — пры падобным ціску шкло падасца, увагнецца ўнутр і тресне. Дабрэ дасягнуу таго, што пад высокім ціскам у яго скалы расцякаліся, як вада, і, заўважце сабе...
— А калі шкло трэсне? — сказаў Стывенс. — Што тады?
— Вада ударыць унутр, як стальны струмень. Ці адчувалі вы калі-небудзь, што значыць прамы струмень вады, які б'е пад высокім ціскам? Ён б'е, як куля. Ён папросту расцісне яго ў ляпёшку. Ён уварвецца яму ў горла, у лёгкія, пранікне ў вушы...
— Якое ў вас яркае ўяўленне! — запратэставаў Стывенс, ясна ўявіўшы сабе ўсё гэта.
— Мне здаецца, што гэта неўнікнёна, — сказаў лейтэнант.
— А шар?
— Шар выпусціць некалькі пузыроў і спакойна ўляжацца на вязкім ілістым дне акіяна, а ўнутры будзе ляжаць бедны Эльстэд, размазаны па сваіх расціснутых падушках, як масла па хлебу... Як масла па хлебу, — паўтарыў лейтэнант, быццам гэтая фраза дастаўляла яму задавальненне.
— Што? Любуецеся на мяч? — пачуўся чыйсьці голас.
Ззаду іх стаяў Эльстэд, адзеты з іголачкі ва ўсё белае, з папяросай у зубах; вочы яго ўсміхаліся з-пад шырокаполага капелюша.
— Што вы тут гаворыце пра хлеб з маслам, Уэйбрыдж? Бурчыце, як заўсёды, што марскія афіцэры атрымліваюць вельмі малую пенсію?.. Ну, цяпер да майго старта астаецца не больш сутак. Сёння будуць гатовы талі[1]. Яснае неба і лёгкае хваляванне — якраз падыходзячае надвор'е для таго, каб спусціць у мора дванаццаць тон свінца і сталі. Ці не праўда?
— Ну, на вас надвор'е адаб'ецца мала, — сказаў Уэйбрыдж.
— Зусім не адаб'ецца. На глыбіні сямідзесяці або васьмідзесяці футаў, — а я дасягну яе праз дзесяць секунд, — ні адна частачка вады не варухнецца, хоць-бы вецер ахрып ад рэву там, наверсе, а хвалі ўздымаліся да самых воблакаў.
Эльстэд накіраваўся да борта. Усе трое, апіраючыся на локці, нахіліліся і сталі глядзець на жоўта-зялёную ваду.
— Спакой, — сказаў Эльстэд, даканчваючы ўголас сваю думку.
— А вы ўпаўне ўпэўнены, што гадзіннікавы механізм будзе спраўна дзейнічаць? — запытаў праз некаторы час Уэйбрыдж.
— Ён спраўна дзейнічаў трыццаць пяць разоў, — сказаў Эльстэд. — Ён павінен працаваць.
— А калі сапсуецца?
— А чаго яму псавацца?
— Я не згадзіўся-б спусціцца ў гэтай праклятай штучцы нават за дваццаць тысяч фунтаў.
— Прыемны вы субяседнік, нечага сказаць! — усклікнуў Эльстэд і спакойна плюнуў у ваду.
— Я ўсё-такі да гэтага часу не разумею, як вы будзеце кіраваць гэтай штукай, — заўважыў Стывенс.
— Перш за ўсё я буду заключан у герметычна закрытым шары, — сказаў Эльстэд. — Пасля таго, як я тры разы запалю і патушу электрычнасць у знак таго, што я сябе добра адчуваю, мяне спусцяць з кармы пры дапамозе вось гэтага крана, прычым да шара ўнізе будуць прымацаваны вялікія свінцовыя грузілы. Верхняе свінцовае грузіла мае вал, на які накручан моцны канат даўжынёй у шэсцьсот футаў, — вось і ўсё, што прымацоўвае грузілы да шара, калі не лічыць талей, якія будуць перарэзаны, калі прыбор спусцяць. Мы лічым лепшым канат, чым дротавы кабель, таму што яго прасцей перарэзаць і ён лягчэй усплыве. Як вы можаце заўважыць, у кожным з гэтых свінцовых грузіл ёсць адтуліна, праз якую зацягваецца жалезны брус; брус будзе выдавацца на шэсць футаў з ніжняга боку. Калі гэты брус атрымае штуршок знізу, ён прыпадыме рычаг і пусціць у ход гадзіннікавы механізм, які знаходзіцца збоку вала, на які накручан канат. Увесь снарад паступова спускаюць у ваду і пераразаюць талі. Шар усплывае, — калі ён напоўнен паветрам, ён лягчэй вады, — але свінцовыя грузiлы адразу тонуць, і канат разматваецца. Калі ён разматаецца ўвесь, то шар пойдзе на дно, бо яго пацягне канат.
— Але навошта патрэбен канат? — спытаў Стывенс. — Чаму-б не прымацаваць грузiлы прама да шара?
— Каб унікнуць моцнага штуршка там, на дне. Бо ўся-ж гэтая штука паiмчыцца на дно, міля за міляй, са страшнай быстрынёй. Усё разляцелася б ушчэнт, калi-б не гэты канат. Але грузілы ўдарацца аб дно, і, як толькi гэта атрымаецца, пачне дзейнічаць плывучасць шара. Ён будзе апускацца ўсё павольней і павольней i, нарэшце, спыніцца. Тут вось і пачне працаваць механiзм. Як толькі грузiлы ўдарацца аб дно, брус будзе выштурхнут і пусціць у ход гадзіннікавы механiзм; тады канат зноў пачне накручвацца на вал. Я буду прыцягнут на дно. Там я астануся поўгадзiны, запалю электрычнасць і агледжу дно. Затым гадзіннікавы механізм вызваліць пружыну з нажом, канат будзе перарэзан, і я зноў паiмчуся уверх, як пузыр у шклянцы содавай вады. Канат дапаможа мне ўсплысці.
— А калі вы выпадкова ударыцеся аб якое-небудзь судно? — запытаў Уэйбрыдж.
— Я буду падымацца з такой быстрынёй, што пралячу праз яго, — сказаў Эльстэд, — як гарматнае ядро. Аб гэтым няма чаго непакоіцца.
— А ўявіце сабе, што нейкае спрытнае ракападобнае ўлезе ў ваш механiзм?
— Тады для мяне лепш было-б не спускацца, — сказаў Эльстэд, павярнуўшыся спіной да мора i гледзячы на шар.
К адзінаццаці гадзінам Эльстэд ужо быў спушчан за борт.
Дзень быў ціхі і ясны, а гарызонт ахутан дымкай. Электрычнае святло у верхняй частцы шара весела бліснула тры разы. Затым шар павольна спусцілі на паверхню вады; на карме стаяў матрос, гатовы перарэзаць талі. Шар, які здаваўся такім вялікім на палубе, цяпер, на вадзе, пад кармой, выглядаў зусім малюсенькім. Ён злёгку пакалыхваўся на хвалях, і яго цёмныя вокны, якія аказаліся наверсе, былі падобны на два круглыя вокі, якія нібы са здзіўленнем глядзелі на людзей, што тоўпіліся ля поручняў на барту.
— Гатова? — крыкнуў капітан.
— Ёсць!
— Аддай талі!
Канат падвялі да ляза, і ён перарваўся. Над шарам, смешным і бездапаможным, пракацілася хваля. Хтосьці замахаў хусткай, хтосьці паспрабаваў крыкнуць нікім не падхопленае „ура“, мічман павольна лічыў: „Восем, дзевяць, дзесяць...“ Шар пакалыхнуўся, затым выпраміўся рэзкім рухам.
Імгненне ён здаваўся нерухомым, толькі быстра змяншаўся ў аб'ёме, затым хвалі самкнуліся над ім, і ён стаў бачным пад вадой, павялічаны пераламленнем і патусклы. Ніхто не паспеў палічыць і да трох, як ён знік. Далёка ў глыбіні бліснула белае святло, якое хутка ператварылася ў светлую точку, і ўсё патухла. Відаць было, як у змроку праплыла акула.
Затым вінт крейсера завярцеўся, паверхня вады закалыхалася, акула знікла сярод хвалявання, і па хрустальнай гладзі, паглынуўшай Эльстэда, пабег паток пены.
— У чым справа? — запытаў адзін стары матрос другога.
— Адыходзім мілі на дзве, каб ён як-небудзь не ўдарыў нас, калі ўсплыве, — адказаў яму таварыш.
Судно павольна рухалася. Амаль усе свабодныя людзі, якія былі на барту, асталіся на палубе, гледзячы на ўздымаўшыяся хвалі, у якія апусціўся шар. На працягу наступнай поўгадзіны не было вымаўлена ні аднаго слова, якое не адносілася-б прама або ўскосна да Эльстада. Снежаньскае сонца паднялося высока над гарызонтам, і стала горача.
— Там, унізе, яму будзе прахладна, — заўважыў Уэйбрыдж. — Кажуць, што на пэўнай глыбіні вада у моры заўсёды амаль на точцы замярзання.
— Дзе ён усплыве? — спытаў Стывенс. — Я слаба арыентуюся.
— Вунь там, — сказаў капітан, які ганарыўся сваімі ведамі. Ён паказаў пальцам на паўднёвы усход. — Так, як мне здаецца, і час ужо амаль падышоў. Ён прабыў пад вадою трыццаць пяць мінут.
— Колькі трэба часу, каб дасягнуць дна акіяна? — запытаў Стывенс.
— Каб спусціцца на глыбіню пяці міль, лічачы, што скорасць павялічваецца на два футы ў секунду, спатрэбіцца роўна тры чвэрці мінуты.
— Тады ён спазняецца, — заўважыў Уэйбрыдж.
— Амаль што, — сказаў капітан. — Мабыць, спатрэбілася некалькі мінут на накручванне каната.
— Я выпусціў гэта з-пад увагі, — сказаў Уэйбрыдж з відавочным аблягчэннем.
Пачалося тамлівае чаканне. Павольна працякалі мінута за мінутай, але шар не паказваўся, нішто не парушала спакою масляністай паверхні акіяна. Усе снасці былі ўсеяны людзьмі.
— Ну, вынырвай-жа, Эльстэд! — нецярпліва прагаварыў стары матрос з валасатымі грудзьмі, і ўсе падхапілі яго словы і пачалі крычаць, нібы ў чаканні падняцця занавеса ў тэатры.
Капітан сярдзіта зірнуў на іх.
— Разумеецца, калі скорасць павялічваецца менш, чым на два футы ў секунду, — сказаў ён, — Эльстэд прабудзе даўжэй. Мы не зусім упэўнены ў дакладнасці гэтай лічбы. Я не веру ў вылічэнні слепа.
Стывенс зараз-жа згадзіўся з капітанам. На працягу некалькіх мінут усе стаяўшыя на верхняй палубе маўчалі; затым Стывенс шчоўкнуў крышкай гадзінніка.
Калі дваццаццю мінутамі пазней сонца дасягнула зеніта, яны ўсё яшчэ чакалі з'яўлення шара, і ні адзін чалавек на судне не дазволіў сабе нават шапнуць, што надзеі больш няма. Першым выказаў гэту думку Уэйбрыдж. Ён загаварыў, калі ў паветры яшчэ не змоўк звон, які прабіў восем склянак[2].
— Недарма я не давяраў моцнасці шкла, -сказаў ён раптам Стывенсу.
— Няўжо-ж вы думаеце... — перабіў Стывенс.
— Так, — адказаў Уэйбрыдж, прадастаўляючы астатняе ўяўленню Стывенса.
— Сам я не асабліва веру ў вылічэнні, — сказаў з сумненнем у голасе капітан, — і таму яшчэ не ўпаўне трачу надзею.
А поўначы судно павольна апісала спіраль вакол таго месца, дзе пагрузіўся шар, і белы прамень электрычнага пражэктара прабягаў, спыняўся і зноў расчаравана слізгаў па пустыннай паверхні фасфарэсдыруючай вады.
— Калі шкло не трэснула, і яго не расціснула, — сказаў Уэйбрыдж, — тады, чорт вазьмі, справа абстаіць у сто раз горш — значыць, сапсаваўся яго гадзіннікавы механізм, і ён яшчэ жыў і сядзіць там, на глыбіні пяці міль пад намі, заключаны ў сваім пузыры, у халоднай цемры, куды яшчэ ніколі не пранікаў прамень святла, і дзе не бывала ні адна чалавечая істота з таго самага дня, як утварыліся моры. Ён сядзіць там, пакутуючы ад голаду, смагі і страху і не ведаючы, ці памрэ ён ад недахопу ежы ці ад недахопу паветра. Апарат Майера, як відаць, хутка адмовіцца працаваць. Колькі часу ён можа дзейнічаць?.. Якія мы ўсё-такі нікчэмныя, — прадаўжаў Уэйбрыдж. — Там, унізе, на многа міль — вада, адна вада. Вадзяная пустыня ды неба. Два бяздонні!
Ён успляснуў рукамі, і ў гэты момант маленькая белая паласа бясшумна прабегла па небу, затым запаволіла рух і спынілася, ператварыўшыся ў нерухомую точку. Здавалася, на небе заззяла новая зорка.
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Аднак тэрмін аховы правоў аўтара не закончыўся, таму яна не можа быць змешчаная тут. Калі выява пяройдзе ў грамадскі набытак, просьба на месцы гэтага шаблона паставіць {{Няма выявы}}. |
Потым яна зноў слізганула ўніз і згубілася сярод адлюстраванняў зорак у светлай дымцы фасфарэсцыруючага мора.
Убачыўшы святло, Уэйбрыдж так і замёр з працягнутай рукой і адкрытым ротам. Ён закрыў рот, зноў адкрыў яго, крыкнуў вахценнаму: „Эльстэда ўбачыў!“ і кінуўся спачатку да Ліндлея, затым да пражэктара.
— Я яго бачыў, — сказаў ён, — там, за штырбортам[3]. Святло запалена, і ён толькі што вынырнуў з вады. Навядзіце туды пражэктар. Мы напэўна ўбачым яго калышучымся на паверхні, калі яго прыпадыме хваля.
Але толькі к рассвітанню ім удалося падабраць Эльстэда, калі яны ледзь не наткнуліся на шар. Некалькі матросаў, спусціўшыся ў шлюпкі, прымацавалі шар да ланцуга крана.
Як толькі снарад паднялі на судно, зараз-жа адвінцілі люк і заглянулі ў цёмную ўнутранасць шара.
Паветра ўнутры было гарачае, а гума ля адтулін размякла. Адказу на крыкі не было. Эльстэд, відавочна, ляжаў у непрытомнасці, зваліўшыся на дно шара. Карабельны ўрач упоўз унутр і перадаў Эльстэда на рукі людзям, якія стаялі звонку. На працягу некалькіх імгненняў немагчыма было зразумець, жывы ён ці мёртвы. Пры жоўтым святле суднавых ліхтароў відаць было, што твар яго блішчыць ад поту. Яго знеслі ўніз, у каюту. Аказалася, што ён не памёр, але знаходзіцца ў стане поўнага ўпадку сіл і пакутуе ад ушыбаў. Яму прышлося некалькі дзён праляжаць у абсалютным спакоі. Толькі праз тыдзень змог ён расказаць аб усім, што яму прышлося перажыць.
Першыя яго словы былі аб тым, што ён збіраецца зноў спусціцца на дно. „Прыдзецца толькі, — так гаварыў Эльстэд, — некалькі змяніць канструкцыю шара, каб ён мог у выпадку неабходнасці сам скінуць канат, — толькі і ўсяго“. Эльстэд перажыў цудоўную прыгоду.
— Вы думалі, што я не знайду нічога, апрача ілу, — сказаў ён. — Вы смяяліся над маёй зацеяй, а я адкрыў новы свет.
Ён расказваў адрывачна, з канца, і таму немагчыма перадаць яго сапраўдныя словы. Але мы даем дакладны пераказ таго, што ён бачыў і перажыў.
Спачатку было вельмі дрэнна. Пакуль канат раскручваўся, шар увесь час перакатваўся. Эльстэд адчуваў сябе, як лягушка ў футбольным мячы. Ён мог бачыць толькі кран і неба наверсе і часамі натоўп людзей ля поручняў. Ніяк нельга было прадугадаць у які бок пахіснецца шар. Раптам Эльстэд адчуў, што ногі яго падымаюцца ўверх; ён паспрабаваў шагнуць і пакаціўся праз галаву на падушкі. Шарападобная форма снарада аказалася вельмі нязручнай, але пры велізарным ціску на дне акіяна яна была адзіна надзейнай.
Потым качка спынілася, шар выпраміўся, і Эльстэд, устаўшы на ногі, убачыў, што вада вакол яго зеленавата-блакітная і асветлена якімсьці змякчоным святлом, якое прасочвалася зверху.
Міма яго, у напрамку, як яму здавалася, да святла, праімчалася стая маленькіх плаваючых істот. Пакуль ён глядзеў на іх, стала паступова цямнець, вада ўверсе зрабілася цёмнай, як палуночнае неба, але з зеленаватым адценнем. Унізе вада здавалася зусім чорнай, і ў ёй мільгалі якіясьці маленькія свецячыяся істоты, ледзь бачныя зялёныя палоскі.
А адчуванне падзення! „Зусім як пры спуску ў ліфце, — гаварыў Эльстэд, — толькі гэта прадаўжалася бесперапынна“. Эльстэд пачаў раскайвацца, што пусціўся ў рызыкоўнае прадпрыйманне. Ён успомніў пра буйных каракаціц, якія, як яму было вядома, насялялі сярэднія слаі вады; гэтыя істоты часам знаходзяць поўпераваранымі ў страўніку ў кітоў, часам яны ўсплываюць, згніўшыя і напалавіну з'едзеныя рыбамі. Раптам адна з іх учэніцца ў канат і не пусціць яго? А гадзіннікавы механізм! Ці сапраўды ён праверан як належыць? Але цяпер гэта ўжо не мела ніякага значэння, — ці жадае ён вярнуцца, ці намеран давесці справу да канца.
Праз пяцьдзесят секунд за акном снарада была цёмная ноч, калі не лічыць прасторы, асветленай лямпай шара. Часамі паказваліся то рыба, то які-небудзь плывучы прадмет. Адзін раз Эльстэду здалося, што ён прамчаўся міма акулы. Затым шар пачаў, у выніку трэння аб ваду, разагравацца. Гэтая акалічнасць таксама не была як належыць улічана загадзя.
Спачатку Эльстэд заўважыў, што пацее; затым пад нагамі ў яго стала чуваць шыпенне ўсё гучней і гучней, і ён праз акно разгледзеў мноства вельмі маленькіх пузыркоў, якія быстра падымаліся ўверх і веерападобна разыходзіліся ад шара. Пар. Эльстэд дакрануўся да акна — шкло стала гарачым. Ён запаліў маленькую лямпачку, якая асвятляла яго камеру. глянуў на падбіты гумай гадзіннік, які вісеў ля кнопак, і заўважыў, што спуск працягваўся дзве мінуты. Яму прышло ў галаву, што шкло можа трэснуць ад розніцы ў тэмпературы: тэмпература на дне каля нуля.
Раптам Эльстэд адчуў, што падлога шара пачала ціснуць знізу яму на ногі, пузыры сталі больш павольна праплываць міма акна, шыпенне зменшылася. Шар зноў злёгку закалыхаўся. Шкло не трэснула. Эльстэд зразумеў, што небяспека пакуль мінула.
Праз мінуту ці дзве ён будзе на дне. Па яго словах, ён успомніў Стывенса, Уэйбрыджа і ўсіх астатніх там, наверсе; у адносінах да яго яны знаходзіліся вышэй, чым у адносінах да іх самыя высокія воблакі, якія калі-небудзь праносіліся над зямлёю. Ён уявіў сабе, як павольна плыве судно, як усе глядзяць на ваду і думаюць аб тым, што з ім.
Ён паглядзеў у акно. Пузыры больш не паяўляліся, і шыпенне спынілася. Звонку была густая цемра, чорная, як чорны бархат, апрача тых месц, дзе прамень электрычнага святла пранізваў пустынную ваду і даваў магчымасць разглядзець яе колер — жоўта-зялёны. Затым тры істоты, якія здаваліся вогненнымі, праплылі міма, адна за другой. Былі яны вялікія ці маленькія, знаходзіліся яны блізка ці далёка, — гэтага Эльстэд не мог вызначыць.
Кожная з іх была акружана блакітнаватым ззяннем, па сіле прыблізна роўным агням рыбацкай лодкі. Бакі жывёл, усеяныя свецячыміся точкамі, напаміналі асветленыя ілюмінатары карабля. Фасфарыстае святло іх знікала, здавалася, па меры таго, як яны ўваходзілі ў круг святла ад лямпы, і тады Эльстэд убачыў, што гэта маленькія рыбкі дзіўнага выгляду, з велізарнай галавою, вялікімі вачамі і звужваючымся к канцу целам. Вочы іх былі звернуты на яго, і ён зразумеў, што яны сочаць за спускаючымся шарам. Напэўна, іх прывабіла святло.
Неўзабаве да іх далучыліся іншыя рыбы такога-ж выгляду. Эльстэд заўважыў, што вада па меры спуску рабілася бледнай, бясколернай, што ў святле лямпаў заблішчэлі маленькія точкі, як пылінкі ў сонечным прамені. Па ўсёй магчымасці, падзенне свінцовых грузіл ускалыхнула гразь са дна.
Калі грузілы прыцягнулі шар на дно, Эльстэд апынуўся ў густым белым тумане, праз як святло яго электрычнай лямпы магло пранікнуць толькі на некалькі ярдаў. Нарэшце, калі асела заслона з частачак ілу, Эльстэду ўдалося, пры святле лямпы і мільгаўшым фасфарычным блеску далёкай стаі рыб, разгледзець пад бязмежнай цемрай вадзяных слаёў хвалістае дно, пакрытае шэравата-белым ілам і ўсеянае сям там зблытанымі зараслямі марскіх лілій, размахваўшых у вадзе прагнымі шчупальцамі.
Некалькі далей відаць был грацыёзныя сілуэты гіганцкіх марскіх губак... Дно было усеяна там і сям мноствам плоскіх пучкоў іголак, яркапурпурных і чорных. "Мабыць, — рашыў Эльстэд, — гэта рознавіднасць марскога вожыка". Якіясьці маленькія істоты, некаторыя з вялікімі вачамі, іншыя сляпыя, здзіўляюча падобныя — адны на лясную вош, а другія на омараў, лена праплылі праз паласу святла і зноў зніклі ў цемры, пакінуўшы пасля сябе свецячуюся баразну.
Затым пырхаючыя дробныя рыбкі раптам павярнулі і кінуліся да шара, нібы стая шпакоў. Яны прамільгнулі над ім, як фасфарэсцыруючыя сняжынкі, а ззаду іх Эльстэд убачыў якуюсьці больш буйную істоту, якая набліжалася да яго.
Спачатку Эльстэд толькі няясна бачыў невыразны сілуэт, які аддалёна напамінаў ідучага чалавека, а затым дзіўная істота ўступіла ў прамень святла, адкідаемы лямпай, і спынілася, аслепленая. Эльстэд глядзеў на яе, скамянеўшы ад здзіўлення.
Гэта была якаясьці дзіўная хрыбетная жывёла. Яе цёмнапурпурная галава некалькі напамінала галаву хамелеона, але высокі лоб і чэрап, якога не мае ні адзін паўзун, і вертыкальнае палажэнне твару надавалі яму здзіўляючае падабенства з чалавекам.
Два вялікія выпуклыя вокі выдаваліся з упадзін, як у хамелеона, а вакол шырокага рота, як у паўзуноў, відаць былі пакрытыя цвёрдай скурай губы пад маленькімі ноздрамі. На месцы вушэй былі дзве велізарныя жаберныя шчыліны, з якіх выходзілі разгалінаваныя ніці карычневага колеру, падобныя на дрэвавідныя жабры ў маладых скатаў і акул. Але не твар, падобны на чалавечы, быў самым дзіўным у гэтай істоты, — істота была двуногая.
Амаль шарападобнае цела яе апіралася, нібы на трыножнік, на дзве нагі, падобныя на лапкі лягушкі, і на доўгі тоўсты хвост, а ў пярэдніх канечнасцях, якія прадстаўлялі грубую карыкатуру на чалавечую руку, — як лапка лягушкі, — жывёла трымала доўгае касцяное кап'ё з медным наканечнікам. істота была рознаколернай: галава, рукі і ногі — пурпурныя; скура вісела на ёй свабодна, нібы вопратка, і мела фосфарна-шэрае адценне. істота стаяла, як быццам аслепленая святлом.
Потым невядомы жыхар глыбінь заміргаў вачамі, адкрыў іх і, засланіўшыся свабоднай рукой ад святла, адкрыў рот і закрычаў, амаль так жа членападзельна, як чалавек; гэты крык пранік нават праз стальную абалонку і гумавую аббіўку шара. Як можна крычаць, не маючы лёгкіх, — Эльстэд не бярэцца растлумачыць. Затым істота бокам вышла з паласы святла ў акружаўшую яе таямнічую цемру, і Эльстэд хутчэй адчуў, чым убачыў, што яна набліжаецца да яго.
Уявіўшы, што яе прыцягвае святло, Эльстэд выключыў ток. У наступнае імгненне штосьці зашлёпала на сталі, і шар пахіснуўся.
Затым крык паўтарыўся, і Эльстэду паказалася, што яму адказвала аддалёнае рэха. Зноў пачалося шлепанне па вонкавай абалонцы, і шар захістаўся і скрыпнуў, ударыўшыся аб вал, на які быў накручан канат. Эльстэд, стоячы ў цемнаце, углядваўся ў вечную цемру бяздоння і ў хуткім часе разгледзеў у аддаленні вельмі няясна вырысоўваючыяся іншыя фасфа
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Аднак тэрмін аховы правоў аўтара не закончыўся, таму яна не можа быць змешчаная тут. Калі выява пяройдзе ў грамадскі набытак, просьба на месцы гэтага шаблона паставіць {{Няма выявы}}. |
рэсцыруючыя поўчалавечыя сілуэты, якія спяшаліся да шара.
Ледзь усведамляючы, што ён робіць, ён пачаў нашчупваць на сценах сваёй хістаўшайся турмы выключальнік вонкавай лямпы, але знянацку натрапіў на паглыбленне ў падушках, дзе знаходзілася кнопка яго ўласнай маленькай лямпачкі. У гэты момант шар пахіснуўся, і Эльстэд упаў; ён пачуў гукі, падобныя на выгукі здзіўлення, і, калі ўстаў на ногі, убачыў дзве пары выпуклых, нібы пасаджаных на стрыжні вачэй, якія глядзелі ўнутр праз акно, у іх адлюстроўвалася святло лямпы.
Праз момант чыесьці рукі энергічна зарухаліся па стальной абалонды шара, і Эльстэд пачуў страшэнны для яго, у яго становішчы, гук удараў па стальной крышцы, ахоўваўшай гадзіннікавы механізм. Ад гэтага гуку мароз прабег па скуры: бо калі-ж гэтым незвычайным істотам удасца сапсаваць механізм, Эльстэду ўжо ніколі не вярнуцца назад! Не паспеў ён падумаць аб гэтым, як шар моцна пахіснуўся; Эльстэд патушыў лямпачку, якая асвятляла ўнутранасць шара, і запаліў вялікі ліхтар, што знаходзіўся ў асобнай камеры, які зараз-жа адкінуў прамень у ваду. Дно акіяна і чалавекападобныя істоты зніклі, і толькі дзве рыбкі раптам прамільгнулі, праследуючы адна другую, міма акна.
Эльстэд падумаў, што дзіўныя жыхары марскіх глыбінь разарвалі канат, і што ён выратаван. Ён імчаўся ўверх усё шпарчэй і шпарчэй, як раптам шар спыніўся, і рэзкі штуршок падкінуў Эльстэда да мяккай столі яго турмы. На працягу, быць можа, поўмінуты Эльстэд ад здзіўлення не мог сабрацца з думкамі.
Затым ён адчуў, што шар павольна верціцца і раскачваецца; апрача таго, яму паказалася, што яго хтосьці цягне па вадзе. Яму ўдалося, прыціснуўшыся да самага акна, сілай цяжару свайго цела перавярнуць шар, але ён змог убачыць толькі бледны прамень сваёй лямпы, слаба асвятляўшай цемру. Яму прышло ў галаву, што ён будзе бачыць лепш, калі выключыць святло і дасць сваім вачам прывыкнуць да цемры. І гэта аказалася правільным.
Праз некалькі мінут бархацістая цемра ператварылася ў празрыстую цемнату, і тады Эльстэд убачыў далёка унізе перасоўваючыяся фігуры, няясныя, як у задыякальным святле[4] ў летнюю ноч у Англіі. Эльстэд рашыў, што гэтыя істоты адвязалі яго канат валаклі шар па дну акіяна.
Потым ён заўважыў нешта, што невыразна было відаць там, далёка, на хвалепадобнай падводнай рауніне,-шырокі гарызонт, азароны бледным святлом, якое распрасціралася ва ўсе бакі, куды Эльстэд толькі мог кінуць позірк са свайго маленькага акенца. Шар рухаўся вельмі павольна; няяснае ззянне пачало паступова згушчацца і набываць больш пэўныя формы.
Было ўжо амаль пяць гадзін, калі Эльстэд апынуўся ў гэтай асветленай прасторы. Яму ўдалося адрозніць нешта падобнае на вуліцы і дамы, згрупаваныя вакол абшырнага збудавання без крышы, напамінаўшага дзівосны малюнак поўразбуранага храма. Усё гэта рассцілалася пад ім, нібы на геаграфічнай карце. Дамы мелі толькі сцены, без крыш; яны был! зроблены, як Эльстэд пазней заўважыў, з фасфарэсцыруючых касцей, і ўвесь горад здаваўся збудаваным з адлюстраванага ў вадзе святла месяца.
Ва ўглыбленнях унутры горада відаць былі водараслі і марскія ліліі, якія раскачваліся, нібы дрэвы, і размахвалі сваімі шчупальцамі, а высокія, стройныя, празрыстыя, як шкло, губкі ўздымаліся ўверх, нібы бліскучыя мінарэты, або вытканыя з бледнага святла кветкі. На адкрытых плошчах Эльстэд заўважыў якісьці рух — нібы натоўпы народу; але ён знаходзіўся вельмі высока, каб адрозніць асобныя твары ў гэтым натоўпе.
Затым шар павольна падцягнулі ўніз, і дэталі горада пачалі вырысоўвацца ясней.
Эльстэд убачыў, што контуры туманных будынкаў акаймлёны, нібы каралямі, радамі якіхсьці круглых прадметаў; ён заўважыў таксама, што ў некалькіх месцах, унізе, на шырокіх адкрытых плошчах, знаходзіліся якіясьці збудаванні, абрысамі нагадваўшыя аброслыя ракавінамі судны.
Павольна, але няўхільна шар апускаўся ўніз, і сілуэты пад ім станавіліся больш яснымі, лёгка адразняльнымі. Шар прыцягвалі да вялікага збудавання пасярод горада, і Эльстэд часам мільком бачыў натоўп істот, якія цягнулі канат. Дзіўныя збудаванні на плошчах былі ўсеяны жэстыкулюючым і разглядваўшым шар натоўпам. Раптам перад позіркам Эльстэда бясшумна падняліся сцены вялікага будынка і скрылі горад.
Што за дзіўныя сцены, састаўленыя з прапітаных вадою бярвенняў, скручанага дроту, асколкаў жалеза медзі і чалавечых касцей і чарапоў! Чарапы былі размешчаны па ўсяму будынку зігзагамі, спіралямі, фантастычнымі згібамі; мноства дробных серабрыстых рыбак, гуляючы, хавалася ў іх і выплывала з вочных упадзін.
Раптам Эльстэд пачуў стрыманыя крыкі, шум, падобны на громкі гук рога, які ў хуткім часе змяніўся гукамі якогасьці фантастычнага спявання. Шар апускаўся ўсё ніжэй, міма велізарных завостраных кверху акон; нарэшце, ён спыніўся пасярод будынка, на ўзвышэнні, напамінаўшым штосьці накшталт алтара.
Цяпер, знаходзячыся на адным узроўні з імі, Эльстэд мог ясна разгледзець дзіўных жыхароў бяздоння. На сваё здзіўленне, Эльстэд заўважыў, што яны ўсе схіліліся перад шарам, усе, апрача аднаго, адзетага ў вопратку з рыб'яй лускі, з бліскучай дыядэмай на галаве, — ён увесь час адкрываў і закрываў свой велізарны, як у паўзуна, рот, нібы кіруючы спяваннем молячыхся.
Павінуючыся якомусьці дзіўнаму пабуджэнню, Эльстэд зноў запаліў сваю лямпачку і такім чынам зноў стаў бачным падводным істотам; затое яны самі, дзякуючы яркаму святлу ўнутры шара, адразу пагрузіліся ў цемру.
Пры гэтым раптоўным з'яўленні Эльстэда спяванне змянілася шумнымі крыкамі захаплення. Жадаючы назіраць за падводнымі жыхарамі, Эльстэд зноў выключыў святло і знік з іх вачэй. Але на некаторы час ён быў яшчэ вельмі аслеплены, каб разабраць, што яны робяць, і калі яму, нарэшце, удалося разгледзець іх, яны зноў стаялі на каленях. Так яны прадаўжалі пакланяцца яму без адпачынку, без перапынку, на працягу трох гадзін.
Вельмі грунтоўны быў расказ Эльстэда аб гэтым дзіўным горазде і яго жыхарах, сынах вечнай ночы, ніколі не бачыўшых сонца, месяца і зорак, зялёнай расліннасці і жывых, дышучых паветрам істот, аб гэтых стварэннях, якія не ведаюць агню, не ведаюць іншага святла, апрача фасфарычнага ззяння жывых стварэнняў.
Аднак, як ні здзіўляючы яго расказ, яшчэ больш здзіўляюча тое, што вучоныя, вельмі добра вядомыя, як, напрыклад, Адамс або Джэнкінс, не знаходзяць у ім нічога непраўдападобнага. Яны казалі мне, што не бачаць ніякіх прычын, чаму-б не маглі жыць на дне глыбокіх мораў зусім невядома для нас разумныя, дышачыя жабрамі, уладаючыя хрыбетнікам істоты, якія прыстасаваліся да нізкай тэмпературы і велізарнага ціску і настолькі цяжкія, каб не ўсплысці ні жывымі, ні ў выглядзе трупаў.
Нас яны павінны ведаць; мы ім уяўляемся ў выгля дзе дзіўных метэарычных істот, часам катастрафічна падаючых мёртвымі з таямнічай цемры іх вадзянога неба. І не толькі мы самі, але і нашы судны, металічныя вырабы, усякія прадметы сыплюцца часамі на іх з цемры, як дождж. Часам гэтыя тонучыя прадметы давяць іх, нібы караючая дзясніца нябачнай улады там, наверсе; часам да іх пападаюць рэдкасныя і дзіўныя рэчы, здольныя служыць крыніцай натхнення. Можна зразумець паводзіны жыхароў бяздоння пры паяўленні жывога чалавека, калі уявіць сабе, як паступілі-б дзікары, калі-б да іх раптоўна зляцела з неба акружаная ззяннем істота.
Эльстэд не раз расказваў афіцэрам „Птармігана“ падрабязнасці свайго дванаццацігадзіннага прабывання на дне акіяна. Ён збіраўся таксама запісаць свае ўражанні, але не зрабіў гэтага, і таму нам, на жаль, прыходзіцца аднаўляць яго няскладны, адрывачны расказ па ўспамінах капітана Сіміанса, Уэйбрыджа, Стывенса, Ліндлея і іншых.
Уявіце сабе велізарны прывідны будынак, схіліўшыхся спяваючых людзей з галовамі хамелеонаў, у слаба свецячайся вопратцы, і Эльстэда, зноў і зноў запальваючага святло і стараючагася даць ім зразумець, што трэба перарэзаць канат, які прытрымлівае шар. Мінута ішла за мінутай, і Эльстэд, глянуўшы на гадзіннік, на свой жах убачыў, што кісларода ў яго хопіць усяго на чатыры гадзіны. Гімны ў яго гонар, якія не спыняліся ні на мінуту, гучэлі ў яго вушах, нібы пахавальны марш, які прадвяшчаў яго блізкую канчыну.
Якім чынам ён вызваліўся, ён сам не зусім разумее; аднак, мяркуючы па выгляду канца каната, які вісеў на шары, канат, напэўна, перарваўся ад трэння аб край алтара. Шар раптам рэзка пахіснуўся, і Эльстэд узляцеў уверх і ўцёк з свету дзіўных падводных істот. Эльстэд знік з поля іх зроку, нібы пузыр вадарода, які імкнецца ўверх з нашай атмасферы. Якім дзіўным павінна было здавацца падводным жыхарам гэта ўзнясенне!
Шар паімчаўся ўверх яшчэ хутчэй, чым пагружаўся, калі яго цягнулі ўніз свінцовыя грузілы. Стала вельмі горача. Шар ляцеў вокнамі ўверх. Паток пузыроў пеніўся ля шыб. Эльстэд кожную мінуту чакаў, што шыбы трэснуць. Раптам абабітая падушкамі камера завярцелася перад яго вачыма, і ён упаў у непрытомнасць. Больш ён не помніў нічога, пакуль не ўбачыў сябе ва ўласнай каюце і не пачуў голасу доктара.
Вось коратка сутнасць незвычайнай аповесці, урыўкамі расказанай Эльстэдам афіцэрам „Птармігана". Ён абяцаў з часам усё запісаць, але не паспеў.
Астаецца дадаць, што 2 лютага 1896 года Эльстэд, удасканаліўшы свой шар згодна ўказанняў першага доследу, другі раз апусціўся на дно акіяна. Што адбылося з ім, мы, напэўна, ніколі не даведаемся. Ён так і не вярнуўся. „Птарміган“ крэйсіраваў каля таго месца, дзе ён апусціўся, і дарэмна шукаў яго на працягу трынаццаці дзён. Затым судно вярнулася ў Рыо[5], адкуль сумная вестка была паведамлена па тэлеграфу прыяцелям Эльстэда. На гэтым справа пакуль і закончылася. Трэба думаць, што далейшыя спробы вучоных у гэтай галіне дадуць магчымасць праверыць калі-небудзь дзіўны расказ Эльстэда аб невядомых жыхарах акіянскіх глыбінь.
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Аднак тэрмін аховы правоў аўтара не закончыўся, таму яна не можа быць змешчаная тут. Калі выява пяройдзе ў грамадскі набытак, просьба на месцы гэтага шаблона паставіць {{Няма выявы}}. |
- ↑ Талі — вяроўка на двух блоках для пад'ёму цяжараў.
- ↑ Склянкі — марскі пясочны гадзіннік. Кожная новая поўгадзінная склянка, прайшоўшая з пачатку вахты, адзначаецца ўдарам звона.
- ↑ Штырборт — правы борт карабля.
- ↑ Задыякальнае святло — слабае ззянне на начным небе ўдоўж шляху сонца сярод зорак.
- ↑ Рыо — порт у Бразіліі.