На Вялікдзень (Бядуля)
Выгляд
На Вялікдзень Верш Аўтар: Змітрок Бядуля 1918 |
Прышлі анёлы да Айца-Бога,
Казалі Богу: «Чалом, чалом!
Ідзём з далёкай мы пуць-дарогі. —
Мы з Беларусі хвалу нясём.
Хрыстос ўваскрос!
Дзе людзі спалі — усе паўсталі
Жыццё на волі адбудаваць,
У родным краі усе пачалі
Ратаі долю сабе каваць.
Хрыстос ўваскрос!
Да ночы позняй з самага рана
Адбудаванне ідзець без мер.
І хлебаробы пайшлі ў пашану,
Над імі зорка блішчыць цяпер.
Хрыстос ўваскрос!»
Казаў анёлам Гасподзь Магутны:
«Гэй, дайце ў звоны сярод нябёс,
Што Беларускі народ пакутны
Ўваскрос!..»
Хрыстос ўваскрос!