Перайсці да зместу

Наш шлях — змаганьне (1934)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трымаймася горда Наш шлях — змаганьне
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1934 год
Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 8 (10) ад 20.X.1935 г., б. 4
Хай нам жыве…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наш шлях — змаганьне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Наш шлях — змаганьне


Наш шлях — змаганьне,
Чын бяз хістаньня,
Бадзёрасьць з працай
І барацьбой.

З душою гордай
І з воляй цьвёрдай
Па ім ідзём мы
Ў вызвольны бой.

Чужынцаў хмары,
„Сваіх“ удары
Наш шлях барозьняць
Із года ў год;

Маною вечнай
І недарэчнай
Стаўляюць многа
Нам перашкод.

Той шлях—за намі,
Што йшлі гадамі,
Абліты потам,
Крывёй, сьлязьмі,

А нараканьні
І плач, стагнаньні,
Журба і мляўкасьць
Ішлі з людзьмі.

З тае прычыны,
Прадзедаў чыны
Праз плач і енкі
Губілі моц.

І стогн стагодзьдзяў
І сьлёз разводзьдзе
Не разагналі
Няволі ноч.

Ёсьць так з прадвеку,
Што чалавеку
Сьляза ня можа
Карыснай быць

Хаця б за гора
Наплакаў мора —
Ня зможа волі
Сабе здабыць.

Бо гарт змаганьня,
Чын бяз хістаньня,
Бадзёрасьць з працай
І барацьбой;

І духа гордасьць,
І волі цьвёрдасьць
Вядуць няўхільа
Ў вызвольны бой.

Дык шляхам гэтым
Пайдзём да мэты:
Да вызваленьня
Праз волі гарт.

А на пагрозы...
Ня капнуць сьлёзы —
Дастане кожны,
Хто сколькі варт.


Казлоўшчык