Перайсці да зместу

Наша Ніва (1906)/1909/10/Дзіця-Зорка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзіця-Зорка
Апавяданьне
Аўтар: Оскар Уайльд
1909 год
Арыгінальная назва: The Star-Child
Пераклад: Францішак Умястоўскі
Крыніца: Наша Ніва. — 5 (18) марца 1909. — №10. — С. 143—146.
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзіця-зорка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзіця-Зорка.
З Оскара Уайльда (Wilde).

Калісь — гэта было даўно — вялікім сасновым лесам два дрэваробы варочаліся да хаты. Была зіма, і стаялі страшэнные марозы. Цэлые горы сьнегу лежалі на зямлі і віселі на ветках дзярэў. Усё ўпярод і ўпярод ішлі дрэварубы. Доўга яны блудзілі, але ў канцы выйшлі на бераг лесу і ў даліне угледзелі агні сваёй вёскі. Яны ўжо вельмі прысталі і цяпер так зрадзелі, што земля здалася ім срэбнай кветкай, і месяц — кветкай з золата. Пакуль яны гэтак пацешаліся, здарылася небывалая рэч: з неба упала ясная зорка, праляцела з аднаго канца неба да другога, абмінаючы на дарозе іншые зоркі, і, пакуль дрэварубы дзіваваліся, ім здалося, што зорка упала недзе блізка — за грамадай верб.

— Га, вось скарб дзьля таго, хто патрапіць яго знайсьці! — крыкнулі яны і кінуліся хутчэй бегчы да яго: гэтак ім хацелося золата.

І адзін з іх, абмінуўшы вербы, угледзеў на дарозе нешта залатое. Іон хутчэй пачаў разгядаць знайдзенае і ўбачыў, што гэта быў плашч, вытканы золатам і ўвесь абсыпаны залатымі зоркамі. Калі-ж падыйшоў другі дрэваруб і, палажыўшы на сьнег, яны пачалі развіваць гэты плашч, дык убачылі, што ў ім ляжыць дзіця.

— Не пашэнціла нам, — сказаў адзін дрэваруб другому. — Нашто нам гэта дзіця? Кінем яго тутака, а самі пойдзем дамоў: у нас ёсць свае дзеці, і мы не павінны хлеб іх аддаваць чужому.

Але другі атказаў:

— Ня добра так кідаць дзіця на сьмерць; я, хаця так сама бедны, як і ты, а ўсё-ж забяру дзіця з сабою.

Як сказаў, так і зрабіў: абярнуўшы дзіця ў залаты плашч, пайшоў скарэй у вёску і вайшоў у сваю хату.

Кабета яго, угледзеўшы, што ён прынёс, дужа зазлавалася.

— Як мы будзем карміць чужое дзіця, — казала яна, — калі і дзьля нашых дзяцей нехват хлеба?!

— У цябе нядобрае сэрцэ, — атказаў дрэваруб. — Бог, што корміць птушак у полі і дбае аб іx, не забудзе і аб дзіцяці.

І жонка прыняла дзіця, як свае, палажыла яго спаць у калыску абок з сваім меншым хлопчыкам.

Усе пачалі называць знайдзенае дзіця Зоркай.

* * *

Гэтак расло Дзіця-Зорка разам з дзяцьмі дрэваруба і с кожным годам рабілося яно ўсё пякнейшым. Усе суседзі дзіваваліся, гледзячы на яго белые, як лён, валасы, на вочы, што колером сваім прыпаміналі пагодлівае неба. Але краса пайшла на шкоду дзіцяці: ён зрабіўся гордым і злым, у сэрцы яго не было літосьці ні дзьля жывёлы ні дзьля людзей. Іон мучыў птушак, біў скаціну, а бедакоў, сляпых, калекоў і людзей пешчасьлівых вельмі нелюбіў і зьдзекаваўся над імі. Калі здарылося, што які бедак прыхадзіў у вёску прасіць хлеба, ён гнаў яго вон. Дзяцей вёсковых ён так сама не любіў і чураўся іх. Рэдка калі ён гуляў з імі, а ў гульбе гэтай быў заўсягды камандзерам і намаўляў на розные кепскіе забавы. Дзеці слухалі яго і рабілі ўсё, што ён хацеў. Дрэваруб часта лаяў яго за ўсё гэта, але нічога не памагала.

Раз ішла па дарозе міма вёскі бедная кабеціна-жэбрачка. Апратка яе была ўся ў дзірах, ногі сплывалі кроўю ад цяжкай, каменістай дарогі. Змучэная, села яна адпачыць пад дзерэвам.

Хлопчык-Зорка угледзеў яе: "Гэй, хлопцы! — клікнуў ён дзяцей з вёскі, — ганіце гэту жэбрачку!"

Прыбеглі вёсковые дзеці і пачалі гнаць жэбрачку. Яны кідалі ў яе каменьнямі і лаялі брыдкімі славамі. А жэбрачка сідзела, не казала ні слова і толькі глядзела на твар Дзіцяці-Зоркі.

Дрэваруб, убачыўшы, як дзеці зьдзекуюцца над жэбрачкай, сказаў Дзіцяці-Зорцы: "У цябе нядобрае сэрцэ, німа ў ім літосьці!"

Але той зазлаваўся і, тупнуўшы нагой, атказаў: "Хто ты такі, што сьмееш так гаварыць да мяне? Я не сын твой і ня буду спаўняць твайго прыказу!"

— Ты кажэш праўду, — сказаў дрэваруб, — але ўсё-ж я пашкадаваў цябе, знайшоўшы ў лесе, а ты ня маеш літасьці над кабетай, каторая нічога табе дрэннаго не зрабіла.

Кабета, пачуўшы гэты словы, громка крыкнула і абамлела. Каліж яна ачухалася, то пачала пытацца дрэваруба, ці ня дзесяць гадоў таму назад ён знайшоў дзіця гэта? Дзесяць гадоў таму назад, ідучы каля той самай вёскі, яна згубіла дзіця свае і ня бачыла яго болей. Дзіця было закутана ў плашч с чыстаго золата, абсыпаны залатымі зоркамі. Дрэваруб паказаў плашч, што знайшоў з дзіцяцей, і кабета пазнала яго. Дзіця Зорка быў яе сынам.

Паклікалі хлопца да хаты, кажучы, што знайшлася маці яго. Іон прыйшоў, але, агледзеўшы брыдкую жабрачку, атказаў, што яна ня можа быць маткай яго.

— А калі і праўда тое, што ты мая матка, дык лепей было-б табе не прыхадзіць сюды. Ты бачыш, я думаў дагэтуль, што я сын Зоркі, не брыдкай жэбрачкі, як ты кажэш. Ідзі вон адсюль і не паказывайся мне болей на вочы!

— І ты мяне, сваей маці, не пацалуеш нават? — пыталася жэбрачка.

— Не, — атказаў ён, — ты дужа брыдкая, і я згадіўся-б лепей пацалаваць жабу ці гада якога, як даткнуцца губамі да цябе!

Жэбрачка заплакала і пайшла ў лес. А Хлопчык-Зорка пайшоў гуляць. Ледзь толькі падыйшоў ен да весковых дзетак, яны пачалі крычаць яму: — Ідзі вон ад нас! Мы ня хочам гуляць с табой! Глянь: ты сусім падобны да жабы! — і яны адагналі яго ад сябе.

Хлопчык-Зорка пабег да рэчкі, нахіліўся і глянуў: у вадзе ён угледзеў твар сваю — яна была падобна да жабы. Тады зразумеў Хлопчык-Зорка, што гэта Бог пакараў яго за тое, што адрокся сваяе маці. Горка заплакаў ён і пайшоў шукаць сваяе маці, каб яна даравала яму цяжкую крыўду. Ішоў ён ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты, але нідзе знайсьці яе ня мог. Пытаўся ў птушэк і векшачэк у лесе, ці ня бачылі яго маці? Але яны не хацелі гаварыць яму.

— Ты забіў маю маці, — казала векшэчка. — Быць можэ і сваю матку ты хочаш знайсьці, каб пасьля забіць яе. У сэрцы тваім німа літасьці!

Доўга так хадзіў ён, аж-но прыйшоў да вялікаго гораду. Але ў горадзі яго схапілі салдаты і прадалі ў няволю нейкаму чараўніку.

Чараўнік замкнуў яго ў цёмны склеп, а назаўтра, чуць сьвет, прыказаў ісьці у лес і знайсьці дукат з белаго золата.

— Калі знойдзеш, — сказаў чараўнік, — дык дам табе есьці і піці, а калі не, дык буду моцна біць цябе, бо ты мой нявольнік.

Пайшоў Хлопчык-Зорка, але ніяк знайсьці ня мог. Сеў ён і заплакаў з гора. Аж-но глядзіць — заяц запутаўся ў сетку і выбрацца ня можэ. Хлопчыку жаль зрабілася зайца, і ён выпутаў яго з сеткі. А зайчык і пытаецца: "Скажы, як мне атплаціць за тое дабро, што ты мне зрабіў?"

— Знайдзі мне дукат з белаго золата, атказаў хлопчык.

Заяц паказаў яму, дзе ляжыць дукат, і хлопчык, зрадзеўшы, пабег да хаты. Але, ідучы па дарозе, ён спаткаў жэбрака, каторы прасіў грошы на хлеб. Хлопчык злітаваўся над ім і даў яму свой дукат. У хаце чараўнік дужа зазлаваўся на хлопчыка, ня даў ні яды ні піцьця і моцна катаваў яго. А назаўтра ізноў паслаў ён хлопчыка ў лес шукаць дуката з жоўтаго золата.

Зноў шукаў хлопчык цэлы дзень і ня мог знайсьці дуката. Ажно прыбег той самы заяц і паказаў яму, дзе ляжыць дукат. Хлопчык, зрадзеўшы, пабег да хаты, але на дарозе спаткаў жэбрака, злітаваўся над яго бядой і аддаў дукат з жоўтаго золата.

Чараўнік зноў ня даў хлопчыку ні еды ні піцьця, страшэньне зьбіў яго і сказаў, што калі заўтра ён прынясе дукат с чырвонаго золата, дык вернець яму волю, а калі не, дык забьець на сьмерць.

Пайшоў хлопчык, чуць сьвет, шукаць дуката, і заяц зноў памог яму знайсьці. Але і трэйці раз з літосьці хлопчык аддаў дукат с чырвонаго золата жабраку, што ўміраў з голаду. Цяжка зрабілася яму на сэрцы, як прыпомніў, што чараўнік забье яго, і маркотны падхадзіў ён да гораду.

Тут зрабілася вялікая дзіва: ледзь толькі ён вайшоў, салдаты аддалі яму чэсьць, грамада людзей выйшла яму на спатканьне, і ўсе віталі яго, як свайго караля. — "Ты наш кароль, — казалі людзі, цябе мы даўно ўжо чакалі! Але хлопчык не хацеў даць веры: "Я брыдкі, — атказаў ён, — і вы зьдзекуецесь надамной." — Тады прынясьлі люстра, і, глянуўшы ў яго, хлопчык угледзеў, што твар яго зрабілася такой пекнай, як была раней.

Хлопчык-Зорка зразумеў, што Бог дараваў яму грэхі і вярнуў красу. Але ён адмовіўся ад кароны і не хацеў ісьці ў царскі палац.

— Я адрокся ад свая маці і павінен знайсьці яе, — казаў ён. Ажно ў грамадзе людзей ён угледзеў маць-жэбрачку. Іон упаў на калены і прасіў, каб яна даравала яму ўсё і паблагаславіла яго.

Ала маці маўчала.

Уледзеў хлопчык і жэбрака, катораму даваў дукаты. Іон абняў яго за ногі і прасіў, каб той папрасіў у маці за яго. Угледзеўшы гэта, маці-жабрачка палажыла свае рукі на галаву Хлопчыка-Зоркі і благаславіла яго. Іон падняўся с кален і глянуў, заместа жэбрака і жэбрачкі прад ім стаяў кароль і каралева, — яны былі бацькамі яго.

С таго часу пачаў Хлопчык-Зорка правіць гасударствам. Іон не любіў людзей злых і вучыў усіх быць літасьцівым. Дрэварубу, што знайшоў яго, Хлопчык-Зорка паслаў шмат дарагіх гасьцінцоў, а чараўніка выгнаў з гораду.

Праз тры гады памёр Хлопчык-Зорка, а яго насьледнік дрэнна ўпраўляў народам.

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.