Перайсці да зместу

Нашая місія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нашая місія
Артыкул
Аўтар: Міхась Ганько
1943 год
Крыніца: Жыве Беларусь! (Менск), 1943, № 4-5, кастрычнік-лістапад, б. 3, 4, 5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. Ганько, шэф-праваднік

НАШАЯ МІСІЯ

Кажны чалавек мусіць мець сваю азначаную мэту жыцьця, мусіць мець нейкі ідэал, да якога ён імкнецца усімі сіламі свайго духа і волі. Бязмэтнае жыцьцё — бязрадаснае, нават нявыноснае. У сьветнай літаратуры ёсьць шмат твораў, у якіх нарысаваныя тыпы „дэкадэнтаў“ і „нігілістых“. Гэтыя тыпы належаць да найбольш нешчасьлівых людзей на сьвеце, яны дужа церпяць і вельмі часта канчаюць сваё жыцьцё, сваё бязмэтнае існаваньне самагубствам. Гэтак здараецца з тым, хто ня ведае, навошта ён атрымаў ад прыроды найвялікшы і найпрыгажэйшы дар — жыцьцё.

Як і паасобная адзінка, мусіць і кажны народ мець азначаную мэту свайго існаваньня, мэту свайго жыцьця. Да таго часу, покуль яго злучае у вадно згуртаваньне толькі адна мова, мінуўшчына, народная культура, тэрыторыя і эканоміка, дык потуль можа быць мова толькі аб этнічнай групе. Праўда, тады гэта этнічная маса мае ужо усе важнейшыя перадумовы, каб аформіцца у нацыю, але гэтае афармленьне наступіць, калі народ будзе ужо сьведамы свае собскае нутраное лучнасьці і свае асобнасьці ад усіх іншых народаў. Каб-жа нацыя была эфэктыўным трывалым палітычным дзейнікам, яна мусіць мець нейкую трывалую мэту палітычнага дзеяньня і імкненьняў, — мусіць імкнуцца зьдзейсьніць сваю гістарычную місію. Яна можа быць палітычнага, культурнага, а то і рэлігійнага характару, — не зьяўляецца самым важным, што за зьмест яе, але ці яна ахоплівае сабой усю істоту народу, ці зьяўляецца яна штодзённым зьместам ягонага жыцьця, думак і чынаў.

Калі мы, беларусы, будзем гаварыць аб нашай гістарычнай місіі, дык можа здарыцца, што нашыя ворагі будуць гіранічна сьмяяцца: „Іхная гістарычная місія. Гэта абсурд! Ня можа быць у іх ніякае місіі, бо няма і ня было Беларускага народу“.

Было-б зусім недарэчна уступаць з гэткімі людзьмі у дыскусію і браць паважна іхныя абсурдныя і злосныя напады на беларускую мінуўшчыну і сучасныя жыцьцёвыя патрабаваньні. Аднак мы павінны гэтым пытаньнем заняцца, каб мець свой ясны пагляд у гэтай справе і нутраное пераконаньне, што у нас ёсьць дзеля чаго працаваць і змагацца, што у нас ёсьць мэта нашае нацыянальнае працы, а мэта гэтая вялікая і ганаровая.

Яна паўстане перад намі, калі мы толькі ўспомнім сабе сваю слаўную мінуўшчыну, нашыя намаганьні з часоў самастойнага нацыянальнага жыцьця.

Тады Беларусь выконвала два вялікія заданьні, якія выпалі ёй на долю, дзякуючы цэнтральнаму палажэньню паміж Усходняй і Заходняй Эўропай. Гэта было культурнае пасярэдніцтва паміж поўначай і паўднём, захадам і усходам, і абарона Заходняй Эўропы ад усходняй азіяцкай навалы, ад Масквы і татараў.

Ужо ад самых даўніх часоў Беларусь была полем абмену культурных уплываў, якія ішлі разам з купцамі і таварамі цераз нашыя водныя шляхі з далёкае Скандынавіі і Нямеччыны, з Арабіі і Арды, а разам з крыжам Эвангельлем — з заморскае Бізантыі, з Сэрбіі і Баўгарыі. А у той час, калі сумежная з намі Масква тонула яшчэ у цемры няпісьменнасьці, у нас, на Беларусі, красавала прыгожае пісьменства, пашыралася асьвета, разьвівалася правазнаўства і штука друкаваньня кніжак.

Ганарлівыя палякі, якія умеюць сяньня часамі пагардліва назваць нас „мужыкамі“ і „хамамі“, відаць забыліся, што наш беларускі князь Ягайла прынёс ў каралеўскі двор у Кракаве разам з сваёй мовай (шмат сьлядоў яе так і асталося па сяньняшні дзень у польскай літаратурнай мове) беларускае права, прыдворныя звычаі, нават сваіх музыкантаў і мастакоў. Калі яны горда кажуць аб „польскай культурнай місіі на крэсах“, дык іхная кароткая памяць забываецца, што якраз Беларусь падаравала ім і Касьцюшку і Сыракомлю, і бесьсьмяротнага Міцкевіча, і Манюшку, і Глінку, і шмат шмат іншых „вялікіх палякаў“, без якіх польскія самахвалы не маглі-б задзіраць так высака свой нос.

Калі-ж зьвернемся у другі бок, на усход, дык таксама пераканаемся, што расейцы, якія вельмі ганарацца сваймі „вялікімі“, сваім „могучим“ і „благозвучным“ языком, сваім Пушкінам і Талстым, — некалі далёка аставаліся ад нас і — хоць можа каму з іх і ня зусім міла аб гэтым даведацца — вучыліся ад нас, пазычалі ад нас і нашае права, і царкоўную грамату і красамоўства. Наш Сымон Полацкі быў адным із „просветителей“ Масквы у XVII стагодзьдзі, наш Іван Фёдараў пачаў друкаваць кнігі у Маскве (за што яго перасьледваў цёмны маскоўскі натоўп і разьбіў першую друкарню як „д’яблавую кузьню“…), наш Капіевіч-Капіеўскі зрэфармаваў шрыфт і стварыў сяньняшнюю „рускую“ кірыліцу. А якая вялікая шкада, што гэткія беларусы, як Глінка ці Дастаеўскі, здабылі славу не для свайго, а для чужога народу, каб даць расейцам магчымасьць мазаліць нам вочы сваймі „вялікімі“ і упікаць нас у нашай няздольнасьці, у нашай бязкультурнасьці!..

Гэтак выглядае у запраўднасьці пытаньне нашае культурнае ролі у мінуўшчыне. Калі сяньня Беларускі народ і астаўся далёка ззаду за перадавымі краінамі Заходняй Эўропы, дык толькі дзякуючы цяжкім гістарычным абставінам, даўгой няволі і прыгнёту, дзякуючы подлай нацыянальнай і сацыяльнай палітыцы гэтых самых „просветителей“ і „місіянэраў“ з усходу і захаду, а ня нашай няздольнасьці ці прымітыўнасьці. Ужо штодзённае жыцьцё даводзіць нам якраз, што caeteris paribus беларус больш працавіты, інтэлігентны, біялёгічна і сацыяльна вартасны, ягоная індывідуальнасьць ніколі ня згіне у масе расейцаў ці палякаў, а заўсёды выдзяляецца у лепшы бок, не гаворачы ужо аб іншых дадатных бакох ягонае душы і сэрца.

Яшчэ большую ролю, чымся у культурным пасярэдніцтве, адыгрывала Беларусь у мінуўшчыне, як таран, аб які разьбіваліся дзікія хвалі усходняе навалы на Эўропу. Нельга прыпісваць аднаму толькі стратэгічнаму значэньню палажэньня Беларусі перад уваходам у Сярэдня-эўрапэйскую раўніну (Смаленская брама, палескія балоты, вялікія рэкі) тую акалічнасьць, што усе войны, якія адбываліся у гэтай частцы Эўропы, заўсёды-такі канчаліся на Беларусі. Яна мусіла быць зацікаўленай у выніку гэтых войнаў і таму прымаць у іх безпасярэдні удзел. Гэта довад таго, што беларусы былі у свой час палітычна актыўнымі, а калі пазьней гэтую рысу страцілі, дык толькі дзякуючы пэўным гістарычным прычынам, аб якіх ня раз ішла гутарка. Нельга таксама думаць, што толькі адно абароннае палажэньне краю выратавала беларусаў ад татарскага ярма ці маскоўскага падбою і дзякуючы гэтаму дазволіла беларусам захаваць чысьціню свае арыйскае расавасьці. Палесьсе, Прыпяць і Дняпро былі толькі натуральным валам, за якім хаваліся мужныя абаронцы, але з-за якога таксама выходзілі у паход на Кіеў, Чорнае мора і Маскву нашыя ваякі на чале з князямі, гэтманамі і ваяводамі, якія уважалі, што папярэджаньне зьяўляецца найлепшай абаронаю свайго краю.

Даволі будзе прывесьці колькі прыкладаў з нашае гісторыі, каб пераканацца, як запраўды беларусы адбівалі напады з усходу, пры тым у цяжкой няроўнай барацьбе.

З Масквою беларусы сутыкаліся аружна за панаваньне вялікага князя Альгерда, а вынік быў вельмі удалы. Беларускі князь два разы акружыў быў Маскоўскага князя у ягонай сталіцы, так што той мусіў прасіцца і згадзіцца на вельмі выгодныя для Беларусі умовы міру (мяжа па Мажайск і Каломну). Князь Альгерд загадаў прыбіць на знак свае перамогі свой шчыт на варотах Масквы і пагразіў гордаму Маскоўскаму князю: „Княжа вялікі маскоўскі, памятай гэта!“

Гэтак сама удала змагаўся з Масквою вялікі князь Вітаўт, які далучыў да свайго гаспадарства беларускі Смаленск (1405) і іншыя землі, канчаючы гэтым самым зьбіраньне беларускіх земляў.

Калі Масква падужэла і умацавалася, для Беларусі пачаўся шэраг доўгіх і крывавых войнаў з ёю: 1482—1490, 1500, 1507—1537; 1559—1582; 1611—1618, 1655—1667. Гэтыя войны Беларусь вяла, баронячы Эўропу ад маскоўскай інвазіі, стрымліваючы сваймі грудзьмі напор чарназёмнага стэпу, цёмнае сілы маскоўска-мангольскага імпэрыялізму. У гэтым выяўлялася гістарычная роля Вялікага Княства, у гэтым і крыецца гістарычная заслуга беларусаў, на якую ня можа забыцца заходня-эўрапэйскі дасьледвальнік. Крывавілася нашая краіна, гарэлі і разбураліся нашыя гарады, калі маскоўскія наезднікі забіралі у палон, зьдзекваліся і забівалі, рабавалі і палілі, не шкадуючы ня толькі старыкоў, жанчын і дзяцей, але сьвятароў і сьвятыняў, як аб гэтым расказваюць старыя летапісы і гісторыкі. Але не адны толькі сумныя і крывавыя падзеі запісаныя на балонах беларуска-маскоўскіх дачыненьняў. Ёсьць там і вялікія перамогі князя Канстанціна Астрожскага, Мікалая Радзівіла Чорнага, Рамана Сангушкі, Рыгора Хадкевіча, Лявона Сапегі ды шмат іншых. Таму сяньня польскія гісторыкі з зайздрасьцю хочуць прысвоіць сабе усю гісторыю Вялікага Княства, ды пробуюць прыпісваць перамогу пад Оршай і Клушынам, удачы паходаў Сьцяпана Батуры і Жыгімонта Вазы сіле польскае зброі.

Беларускія князі і ваяводы адбівалі напады і праганялі далёка ад межаў Беларусі крымскіх татараў і асманскіх туркаў, баронячы гэтым заходнюю культуру ад азіяцкага спусташэньня. Прыпомнім хаця-бы паходы на татараў Вялікага князя Вітаўта (1392—1430), які, дарма што першы ягоны паход закончыўся крывавай бітвою над Ворсклаю (1399), быў запраўдным страхам для татараў, набраў шмат палонных і асяліў іх у Троках каля Вільні, як сваіх падданых, і меў вялікі уплыў на справы Арды.

Калі усё гэта стане такім чынам перад нашымі вачыма, дык мы бачым, што нашая мінуўшчына цяжкая, але слаўная. Ніхто ня мае права сказаць нам, што мы — народ спрадвечных нявольнікаў, што мы баімся узяць аружжа у рукі. Мы умеем ваяваць і змагацца, таксама, як умеем шчыра, да поту, працаваць і ствараць вялікія матэрыяльныя і духовыя багацьці. Аб гэтым сьветчыць — хочуць ці ня хочуць гэтага нашыя зладумцы — сама гісторыя. Але нашыя войны і нашае шматвяковае змаганьне мела заўсёды вялікі гістарычны сэнс і вялікае абароннае значэньне для Заходняй Эўропы і ейнай арыйскай культуры. Ёсьць народы, якія вялі шмат войнаў, але вялі іх у імя свайго нічым не апраўданага імпэрыялізму, вялі іх, каб заспакоіць свой захопніцкі ненасытны дух, хцівы пладоў чужое працы, чужое крыві і разбурэньняў. Скажам, нядоўга шукаючы, — Масква ці Польшча. Можна з упэўненасьцю сказаць, што іхная роля у вагульна — эўрапэйскай гісторыі была больш адмоўнай, чымся пазытыўнай. Памінаючы, прыкладам, усе захопніцкія тэндэнцыі маскоўскіх цароў і сталую пагрозу для Эўропы, нельга забывацца, што і найгоршы вораг эўрапэйскага ладу і культуры, бальшавізм, зьяўляецца прадуктам вялікарасейскае душы, узгадаванае у стэпе над Волгаю. Пляны сьветнае чырвонае рэвалюцыі — працяг царскага імпэрыялізму, толькі у іншай, „ідэялёгічнай“ форме, але-ж з тымі самымі праявамі цемры, дзікасьці і жудасьці. Гэтае самае можна сказаць аб Польшчы. Старая шляхоцкая Рэчпаспалітая ня выконвала ніякае культурнае ці палітычнае місіі, апрача „місіі“ захоўваць „залатую вольнасьць“ польскае шляхты, што сядзела паразытам на карку прыгоннага сялянства. Недарма-ж і казалі тады: Polska nierządem stoi (Польшча трымаецца на… беспарадку!)… Пасьлявэрсальская Польшча, якая марыла аб mocarstwowości od morza do morza (магутнасьці ад Балтыцкага да Чорнага мора), ня толькі нічога не скарыстала з гістарычнае навукі і не паправіла старых памылак, але пазволіла выкарыстаць сябе як прыладу у руках ангельска-францускіх падпальшчыкаў вайны і фактычна пачала сучасную другую сьветную вайну. Сягоньня-ж кліка польскіх „гэнэралаў“ і „міністраў“ пробуе зьдзейсьніць сваю „польскую місію“, зьвязаўшыся супроць Новай Эўропы з Лёнданам і чырвонаю Масквою.

У вадрозьненьне ад нашых суседзяў, мы, беларусы, ня толькі ня былі ніколі адмоўным фактарам у гісторыі эўрапэйскага кантынэнту, але адыгрывалі у ёй паважную пазытыўную ролю. Сяньня мы навязваем да нашае слаўнае мінуўшчыны і перад адроджанай Новай Беларусьсю ставім заданьне: быць прадаўжальніцаю слаўнае беларускае традыцыі, будучы адначасна якнайдалей рэвалюцыйнай у разьвязаньні сацыяльных праблемаў. Мы павінны змагацца за запраўдны сацыялізм, дапасаваны да нашых беларускіх абставінаў і абапёрты на навейшых дасягненьнях практыкі і навукі аб людзкім грамадзтве і ягоным эканамічным жыцьці, скарыстоўваючы дазнаньне нацыянал-сацыялістычнае Нямеччыны. Наш-жа нацыянальны ідэал: нацыянальная Беларусь, як роўнапраўны сябра Новай Эўропы.

У гэтай новаэўрапэйскай сыстэме для Беларусі рыхтуецца асабліва важнае і ганаровае месца, якое будзе адказваць нашай гістарычнай ролі абаронцы Эўропы ад усходняй і азіяцкае навалы. У свой час Гэнэральны Камісар Беларусі, гаўляйтар Вільгэльм Кубэ, азначыў будучае заданьне Беларусі, асуджанай бальшавікамі быць пляцдармам жыдоўскага нападу на Заходнюю Эўропу, гэткім чынам: Беларусь — штурмовы батальлён Новай Эўропы. Яна парывае назаўсёды усе зносіны з Масквою, зьвяртаецца на свой собскі шлях жыцьця і зноў зварачаецца тварам да арыйскага Захаду.

Дзякуючы свайму далёка высунутаму на усход палажэньню і свайму стратэгічнаму і эканамічнаму значаньню, Беларусь мае вялікую важнасьць ужо сяньня, у вызначальным змаганьні супроць жыда-бальшавізму. Ён-жа, таксама разумеючы гэтую ролю Беларусі, усімі сродкамі стараецца перашкодзіць ейнай адбудове і уваходу у новаэўрапэйскую сфэру і насылае на нас паветраных піратаў з бомбамі, лясных бандытаў з кулямётамі і сабатажнікаў з мінамі. Але ніякія намаганьні бальшавікоў ня здолеюць спыніць і перашкодзіць працэсу аздараўленьня і аднаўленьня. Сяньня Беларусь зьяўляецца штурмовым батальёнам новага эўрапэйскага парадку, — заўтра яна павінна стацца усходняй мархіяй дружнай эўрапэйскай грамады і старой арыйскай культуры.

Гэткім чынам маладое беларускае пакаленьне ня можа наракаць, што яно ня мае сваёй ідэі, што ня мае мэты і пэрспэктывы для свае працы і змаганьня. Яно якраз можа ганарыцца, што мэта, якая стаіць перад беларускай моладзьдзю — вялікая і ганаровая. Нашая місія — не заспакаеньне собскага эгаізму, а служба агульна-эўрапэйскай справе, — быць супрацоўнікамі і удзельнікамі новага парадку, памагаць яго заваяваць, пабудаваць і утрымаць.

Калі-б нехта пробаваў сьмяяцца з нашых лятуценьняў, з „перадчасных плянаў“ і „мараў аб вялікай місіі“, бо „пакуль-што нідзе ня відаць Беларусі“, дык мы скажам яму, што на пачатку кажнага вялікага чыну бывае вялікая думка-ідэя, якая так захапляе сабою, што ня дасьць супачыць, аж покуль не ператварыць яе у рэчаіснасьць. Бяз пляну, бяз ідэі няма ніякага чыну, няма ніякага дзеяньня. Дык мы не паверым ворагам, калі яны будуць пробаваць паралізаваць нашую волю да дзеяньня, асьмейваючы нашу ідэю і даводзячы ейную недарэчнасьць.

Веліч нашай ідэі павінна быць стымулам для нашае моладзі, павінна запаліць ейныя сэрцы іскрамі маладога ідэялізму. А ідэялізм і фанатычная воля — вытрымаць што-б там ні сталася, патрэбныя цяпер, як ніколі. На долю нас, сяньняшніх, выпала вялікае і цяжкое заданьне: ператрываць сяньняшнюю гістарычную завіруху, адваяваць і адбудаваць сваю Бацькаўшчыну, далучыць яе да Эўропы і паставіць нароўні з усімі іншымі культурнымі краінамі. Ці-ж можа быць больш пачэснае заданьне, як з нічога тварыць вялікае паводля сваёй ідэі?

Скажуць: цяжка, непадсілу… Такім хочацца прыпомніць: мусіш, ня маеш права хавацца, адступіцца ці заламацца. Пачуцьцё абавязку дадае сілы, пачуцьцё гонару мацнейшае за стомленасьць, мацнейшае нават за страх перад сьмерцяй. Ідэя перамагае найбольшыя перашкоды, дух ажыўляе стомленае і нават мёртвае цела і вядзець яго да перамогі.

Ня штука перамагаць, калі няма перашкод. Але нікчэмная тая слава, якая не заслужаная ці надта лёгка здабытая.

Дык-жа наша місія цяжкая, але вялікая і ганаровая. Зьдзейсьніць яе — вось павінна быць ідэялёгіяй беларускае моладзі. Яна павінна быць пакаленьнем Волатаў і Прамэтэяў і несьці у сваіх грудзёх веру, якая здольная пераносіць нават горы.