Нацыя і Рэлігія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нацыя і Рэлігія
Публіцыстыка
Аўтар: Уладзімір Курбскі-Кузняцоў
1942 год
Крыніца: Газэта «Новая Дарога» (Беласток), 5 красавіка 1942, № 30, б. 6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нацыя і Рэлігія.

Ня гледзячы на тое, што нацыянальная сьведамасьць ужо вельмі значна пашырылася сярод беларусаў, усё-ж такі закранутая намі тэма, нажаль, зьяўляецца яшчэ актуальнай. Знойдуцца на Беларусі яшчэ такія закуткі, дзе нацыянальнасьць азначаецца імглістым словам «тутэйшы», або паводле веравызнаньня: калі праваслаўны, дык «рускі», а калі каталік—дык «польскі».

Няма дзіва, пакутуе тут праца нашых ворагаў, якія на працягу многіх вякоў усяякімі спосабамі і сродкамі стараліся вынішчыць беларусоў, як нацыю, а беларускую спадчыну падзяліць паміж сабой. Паглянем, як гэта сталася, скуль у нас узяліся «польскія» і «рускія»?

Вось-жа на зараньні нашай гісторыі ўсе як ёсьць беларусы мелі сваю ўласную крывіцкую веру. Верылі ў паганскіх, але сваіх уласных багоў, у іх чэсьць сьвяткавалі сьвяты з вельмі прыгожымі абрадамі. Рэшткі гэтых абрадаў захаваліся і дагэтуль, як нацыянальныя. Да прыкладу «дзяды», купальскія і запусныя абрады й іншыя.

Але калі вера ў паганскіх багоў сталася недарэчнай, а беларусы — пачалі мець стычнасьць з больш асьвечанымі народамі, у Крывіі пачало распаўсюджвацца хрысьціянства, задоўга яшчэ перад афіцыяльным прыняцьцем хрысьціянскай веры і заснававьнем Полацкае эпархіі ў 1005 годзе. Было гэта тады, калі хрысьціяне мелі яшчэ супольную царкву, бо падзел царквы на каталіцкую (заходнюю) і праваслаўную (ўсходнюю) адбыўся, як, вядома, у 1054 годзе. Падзел царквы не адбіўся на еднасьці беларускага народу, бо беларусы першапачаткава ўсе належалі да праваслаўнай царквы.

Найдаўжэй пратрывала паганства на абшарах, прылягаўшых да Жмудзі й Яцьвежы, бо аж да 1386 году. У гэтым годзе вялікі князь Ягайла Альгердавіч, ня гледзячы на тое, што ягоныя бацькі былі праваслаўнымі, для палітычна-дынастычных мэтаў прыняў каталіцтва і ў гэтай веры ахрысьціў тую частку сваіх падданых, якая трывала яшчэ ў паганстве. Але некаторая частка беларускіх баяраў, хочучы насьледаваньнем дагадзіць свайму ўладару, пачала пераходзіць на каталіцтва.

Такім парадкам паўстаў сярод беларусоў падзел на каталікоў і праваслаўных. Каталіцтва пашыралася пераважна на Захадзе сярод баярства, але з часам пачало распаўсюджвацца і ўва ўсходняй Беларусі. Аднак, паміж беларусамі каталікамі і праваслаўнымі ня было ніякай розьніцы, апрача веры. Усе разам тварылі адзін народ і адну дзяржаву, у прыватным жыцьці і дзяржаўным карысталіся аднэй беларускай мовай, аднолькава любілі сваю Бацькаўшчыну і супольна баранілі яе ад ворагаў. Але і гэты падзел ня быў пажаданым, бо палякі пасьля Люблінскай вуніі, карыстаючы з сваіх уплываў у каталіцкай царкве, пачалі праводзіць палянізацыю каталіцкай часткі беларускага народу. Дзеля гэтага некаторыя беларускія дзяржаўныя дзеячы імкнуліся да аб’еднаньня праваслаўных і каталікоў у вадну вунійную царкву, каб разам мацней бараніцца ад чужацкіх уплываў. Такая вунія і адбылася ў Берасьці ў 1596 годзе, але ня выйшла яна на карысьць беларускага вароду, наадварот, ў чужых руках сталася яна прыладай да палянізацыі беларусоў ня толькі лацінска-рымскага, але і ўсходняга абраду.

Пратрывала яна да 1839 году і была скасована расейскім урадам пасьля прылучэньня Беларусі да Маскоўшчыны. Усе вуніяты павінны былі прылучыцца да праваслаўнай царквы. Некаторыя вунійна-царкоўныя дзеячы ахвотна ішлі ў праваслаўе, бо бачылі ў гэтым ратунак ад палянізацыі і дашчэнтнага нацыянальнага зьніштажэньня, але папалі з агня дый у полымя. Расейская праваслаўная царква пачала шалёную русыфікадыю. Беларусам вуніятам гаварылі, што яны цяпер «рускія», бо прынялі «рускую» веру.

Палякі цягнулі ў свой бок беларусоў-каталікоў і больш трывальшых вуніятаў, якія, як вагня, баяліся расейшчыны і расейскага праваслаўя. Ім гаварылі, што яны «польскія» бо каталіцтва, ня толькі лацінскае, але і ўсходняе, гэта «польская вера», а ад ненавіснай царскай расейшчыны выратуе іх толькі польшчына. Так паўсталі сярод нас «польскія» і «рускія» «тутэйшыя».

Але калі ў першай палове XIX стагодзьдзя беларускі народ пачаў будзіцца да нацыянальнага адраджэньня, калі пачала пашырацца ў народзе нацыянальная сьведамасьць, стала ясным, што няма на нашай зямлі ані «польскіх» ані «рускіх», што ўсе мы, бяз розьніцы веравызнаньня, чыстакроўныя ад веку беларусы-крывічы. Усе мы дзеці аднаго народу, аднэй Маці-Беларусі. Падзялілі нас на «рускіх» і «польскіх» чужынцы для сваёй, ня нашай карысьці.

Таму, што гэты варожы падзел пачаўся ад царквы, нашым заданьнем зьяўляецца цяпер тварыць самастойную беларускую царкву, каб не дапусьціць да далейшае асыміляцыі ватага народу.

Нямецкая ўлада дала нам гэтую магчымасьць праз стварэньне Беларускай Праваслаўнай Мітраполиі ў Менску. У выніку гэтага будзе папраўлена тая крыўда, якая чынілася праваслаўным беларусам.

Ул. К—і.