Нацыя, як прадмет навуковага вывучэньня
Нацыя, як прадмет навуковага вывучэньня Артыкул Аўтар: Тамаш Грыб 1933 Крыніца: Золак, 1933. - №2 - с. 9-14 |
Што гэта значыць - навуковае вывучэньне нацыі?
Гэта азначае, што мы хочам пазнаць навуковую праўду аб нацыі, хочам выкрыць і выявіць усе тыя ўласьцівасьці і асаблівасьці, якія ў сукупнасьці ствараюць сваеасаблівы прадмет нашага пазнаньня - нацыю. Пры гэтым трэба прызнацца, што мы, бязумоўна, хочамо навуковую праўду выкарыстаць для нашых практычных мэтаў: мы хочамо выкрыць і выявіць тыя сілы, якія спрычыняюцца да ўзьніку нацыянальна-вызвальных рухаў, дзеля таго, каб у выніку навуковага веданьня іх мець змогу правідлова вызначыць шляхі і спосабы рэалізацыі гэтых рухаў.
Навука і жыцьцё, тэорыя і практыка не зьяўляюцца для нас нейкімі працілежнасьцямі, але злучаюцца ў адну пазнавальную суцэльнасьць: ведаць, каб дзейнічаць.
Але што значыць навуковая праўда? Дзе і як маем шукаць навуковую праўду аб нацыі?
У нашым шуканьні праўды выходзімо з першапачаткавага веданьня: з пазнаньня рэчаў, прадметаў, з веданьня фактаў сапраўднасьці. Нават і найбольш абстрактныя паняцьці, якія ўзьнікаюць ў нашай сьведамасьці, мы зводзім на першапачаткавае веданьне рэчаў.
З гісторыі падсобных галін людзкога веданьня мы чэрпаем перасьведчаньне, што навука вырастае з практычнага веданьня, а практычнае веданьне з досьведу. Досьвед аснова навуковае праўды.
З досьведу мы пазнаем і сваю нацыянальную прыналежнасьць. Калі я кажу "я - беларус", дык гэтым сказам я выяўляю пэўную суму жыцьцёвага досьведу. Я нешта перажыў, адчуў, перадумаў і ўсьвядоміў, каб змог, урэшце, сказаць "я - беларус". Гэтае "нешта" мною перажытае і ўсьвядомленае навучыла мяне адрозьніваць сябе ад іншых: ад палякаў, або, скажам, ад рускіх — ды прылучыць сябе да беларусаў. На ўласным досьведзе я навучыўся быць беларусам. Цяпер я ведаю сваю нацыянальную прыналежнасьць, але раней, калі быў яшчэ малым хлапчуком, гэтага ня ведаў, бо ніхто мяне гэтаму не навучыў, не перадаваў мне свайго ўласнага, або чужога жыцьцёвага досьведу ў азначэньні нацыянальнае прыналежнасьці. Маё веданьне вынікае з майго досьведу. Ведаю, бо пазнаў і ўсьведаміў сябе, бо пазнаў і ўсьвядоміў праявы акружаючага сьвету, бо ўсьвядоміў свой жыцьцёвы досьвед. Гэтае сваё веданьне я перадаю іншым: другому, трэцяму, дзясятаму, а той кожны ізноў іншаму. Так у сапраўднасьці ўзнікае і нашае веданьне аб нацыянальнай прыналежнасьці: з свайго ўласнага або з чужога досьведу.
З досьведу мы навучаемся пазнаваць і сваю асабістасьць. Нацыя - гэта нашусьвядомлены досьвед. З досьведу і на досьведзе мы пазнаем нацыю. Дзеля гэтага нацыя ня ёсьць нешта надпачуцьцёвае, містычнае: нацыя ёсьць рэальнасьць.
* * *
Што ёсьць нацыя? Перш за ўсё гэта ёсьць слова. Як і кожнае слова, гэта ёсьць гукавы выраз поўнага псыхічнага стану. Гэта ёсьць выраз нейкага ўражаньня, адчуваньня, перажываньня, суджаньня, або, інакш кажучы, гэта ёсьць выраз пэўнага стану сьведамасьці. Мы ўсьведамляемо, што нешта існуе і гэтае нешта азначаем словам нацыя. У кожным выпадку, калі мы кажам аб стане сьведамасьці, дык заўсёды маем на ўвазе тое, што ўсьведамляем, усьведамляемо канкрэтна-рэчаістае зьявішчэ. Навучаньне аб канкрэтным зьмесьце людзкой сьвядомасьці выключае супярэчнасьці паміж асабістасьцю і акружаючым асяродзьдзем, паміж суб'ектывізмам і об’ектывізмам, бо нічога няма ў сьвядомасьці індывідуўма, чаго-б ня было ў акружаючым яго асяродзьдзі.
Узьнікае пытаньне, калі і дзе мы сустракаемся з тым зьявішчам, якое называем словам нацыя?
Яшчэ ў раньнія дзіцячыя гады мы сустракаемся з тэю моваю, калі нашая родная маці, схіліўшыся над калыскаю, шэпча нам славы ласкі , навучае казаць першыя словы,-мама, тата. Сустракаемся з песьняй-калыханкай, з казкай, апавяданьнем пра дзіўны сьвет расьлін, жывёлы і людзей. А падрастаемо, навучаемся хадзіць і гаварыць, уваходзімо ў кола сямейных і радзінных узаемаадносін , уваходзімо у кола ўзаемаадносін акружаючага нас асяродзьдзя Перад намі адчыняецца новы сьвет розных рэчаў і зьяваў. Прагавіта ўспрыймаемо ўсе праявы жыцьця;усё нас дзівіць і цікавіць, усё мы хочамо ведаць; мы ўважліва ўзіраемся на жыцьцё і дзейнасьць нашых бацькоў і вучыцялёў. Пазнаем іх звычаі і абычаі, іх досьвед, іх жыцьцёвую мудрасьць, пазнаем іх радасьці і гора - цярпеньні, іх лад і склад жыцьця, - іх жыцьцёвы стыль, мы навучаемся адрозьніваць прыгожае ад брыдкога, ведаць дабро і зло - тое, што нам прыемнае, карыснае ў жыцьці, і тое, што няпрыемнае, шкоднае, што перашкаджае ў нашай дзейнасьці.
Жыцьцёвы стыль (культурны профіль) таго асяродзьдзя ў якім мы радзіліся, узрасьлі, - гэта ёсьць і наш жыцьцёвы стыль, гэта ёсьць нашае "я".
Мы любім, што навучаемся любіць у дзяцінстве, і ненавідзім, што зьневажае нашы пачуцьці.
Мы любім нашу мову,-нашыя песьні, казкі, звычаі, наш лад і склад жыцьця, жыцьцёвы стыль, бо гэта мы, гэта нашае я. І ўсё, што зьневажае, што паганіць нашае я, мы ненавідзім, пагарджаем.
Любоў і ненавісьць зьяўляюцца галоўнымі чыньнікамі паступоўваньня ў дні нашай моладасьці.
Мы дасягаем сталага веку, набываем значны досьвед з свайго асабістага жыцьця, значна пашыраецца кола нашага веданьня, мы пазнаем-шырокі сьвет, ня толькі нашую родную вёску, мястэчка, ці места, - пазнаем наш край, - нівы , лясы, сенажаці, рэчкі й вазёры; пазнаем яго мінуўшчыну — тыя зьмены, якія адбыліся ў цягу стагодзьдзяў пад уплывам прыроды і рукі чалавека. Сустракаемся з людзьмі, якіх ніколі ў сваім жыцьці ня бачылі, але якія аднолькава з намі гавораць, аднолькавыя песьні пяюць, што тыя самыя-ж у іх звычаі, той самы лад і склад жыцьця. Яны таксама любяць і ненавідзяць, як і мы. Узьнікае ўражаньне, што гэтыя людзі- нашыя людзі, нібы-то блізкая радня. Паміж намі ўстанаўляюцца сяброўскія суадносіны, адчуваемо ўзаемную сымпатыю і спогад. Асабліва яскрава гэта выяўляецца, калі мы апынаемся у незнаёмым для нас асяродзьдзі, дзе іншая мова, песьні, звычаі дзе іншы тэмп і характар жыцьця.
З досьведу мы навучаемся ведаць, што ўзаемная падобнасьць між людзмі выклікае пачуцьце свойскасьці і ўзаемнае справядлівасьці; і наадварот, узаемная адрознасьць выклікае пачуцьцё адчужасьці, узаемнае падазронасьці і варожасьці. Таму узьнікаюць і азначэньні: свой і чужы. Гэтыя азначэньні — свой і чужы — ужываюцца ня толькі ў адношаньні да людзей, якіх пазнаем пры спатканьні, але і ў адношаньні да нашых продкаў, да гістарычнае мінуўшчыны; таксама і у адношаньні да прыроднага краявіду.
Пасваячанасьць або адчужанасьць вызначаюць шляхі і спосабы міжлюдзкіх узаемаадносін - да сябе, ці - то ад сябе. Людзі, якія маюць пачуцьцё сваяцтва, выступаюць у адношаньні да іншых людзей узгоднена, аднэй грамадою паміж імі адбываюцца злучэньні і аб'еднаньні, у кожнага ёсьць і імкненьні да гэтага. Аднак імкненьні да злучэньняў адбываюцца ня толькі дзеля падобнасьці, але і дзеля ўзаемнае карысьці; паміж сваімі людзьмі існуе ўзаемная зацікаўленасьць: у бядзе свой свайму хутчэй дапаможа, чымся чужому. З гэтуль вынікае супольная радасьць і гора, супольны лад і склад жыцьця - жыцьцёвы стыль. Большая ці меншая грамада людзей, якія маюць супольны лад і склад жыцьця, ёсьць каляктыў, жывая каляктыўная асабістасьць, грамада - адзін вялікі чалавек. Гэта каляктыўная асабістасьць - грамада - завецца народам.
Агульна ведама, што людзі, якія маюць супольную жыцьцёвую зацікаўленасьць, уваходзяць паміж сабою ў сталыя стыкі і ўва ўзаемаадношаньні. Гэта асабліва яскрава выяўляецца ў часы якой-небудзь небясьпекі, калі навісае чорная здань пагрозы супольнай зацікаўленасьці. Узьнікае трывалая сувязь узаемачыннасьці, калі паступоўваньне адных знаходзіцца ў функцыянальнай залежнасьці ад паступоўваньня іншых. Ствараюцца першыя падваліны самаарганізацыі: узгодненая дзейнасьць усіх на карысьць усіх.
Супольная жыцьцёвая зацікаўленнасьць зьяўляецца галоўным чыньнікам усуспольненя. Гэта ёсьць магутная сіла, якая народ ператварае ў арганізаванае суспольства. Але кожная арганізацыя - наўмысная і ўсьвядомленая мэтазгодная дзейнасьць. Мэта вызначае і спосаб дзейнасьці. Усьвядомленьне ўсенароднай жыцьцёвай зацікаўленасьці - гаспадарчых, культурных і палітычных падвалін існаваньня народнага суспольства, стаўляньне мэтаў яго будучыні - азначае ўзьнік нацыянальнай сьведамасьці.
Арганізаваны і сябеведамы народ ёсьць нацыя.
* * *
Праблема нацыі - гэта ёсьць праблема арганізацыі. Калі існуе ўсенародная арганізацыя, дык існуе і нацыя, а няма ўсенароднай арганізацыі, дык няма і нацыі.
Але хто стварае ўсенародную арганізацыю, хто творыць нацыю?
Каб адказаць на гэтыя пытаньні, трэ мець на ўвазе рознасьць паняцьцяў: народ і нацыя. Рознасьць гэта палягае ў тым, што народ есьць этнічнае зьявішча, этнос, што родзіцца і памірае, род-на-род, а нацыя — суспольнае зьявішча, што творыцца і занікае. Народ - прыроднае грамадзтва, а нацыя - культурнае суспольства. У жыцьці народа пераважае інстыктыўная чыннасьць, а ў жыцьці -нацыі - наўмысная і ўсьвядомленая дзейнасьць.
Мы кажам: народ ператвараецца ў нацыю. Але хто творыць нацыю: безназоўныя грамады, ці сябепэўныя адзінкі? Нацыю твораць усе тыя актыўныя і сябеведамыя адзінкі, што сьвядома прыймаюць чынны ўдзел у агульным працэсе ўсенароднага ўсуспольненя. У аднолькавай меры твораць нацыю сяляне, работнікі, інтэлігэнцыя, калі яны сьвядо ма выступаюць у ролі інжынэраў суспольнага будаўніцтва, ствараюць культурныя, гаспадарчыя і палітычныя, арганізацыі. Хай сабе кожны цярэбіць сваю дзялянку, хай вольна працуе ў якой сабе хоча арганізацыі, але усе павін ны мець адну супольную мэту, якая, нібы закон прыроды, вызначае шляхі і спосабы іх дзейнасьці. Мэта гэта - самастойнае існаваньне таго народнага суспольства, членамі якога яны зьяўляюцца.
Можа быць вагромністае мноства розных спосабаў самаарганізацыі, розных формаў арганізацыі - гэта залежыць ад сацыяльнае структуры таго ці іншага народу. Але ёсьць адна ўнівэрсальная форма арганізацыі, якая найбольш забясьпечывае самастойнае існаваньне суспольства; гэта ўсеагульная форма арганізацыі - дзяржава.
Дзяржава ёсьць няўхільная форма арганізацыі кожнага суспольства. Толькі праз самастойную дзяржаву суспольства дасягае ўзвышша свае культурнае, гаспадарчае і палітычнае самаарганізацыі; толькі праз самастойную дзяржаву народ-суспольства абяртаецца ў нацыю і здабывае сабе роўнапраўнае мейсца ў сыстэме міжнародных узаемаадношаньняў.
* * *
Нацыя і дзяржава ёсьць неразлучныя паняцьці. Як нельга ўявіць рэч без яе вонкавай Формы, гэтак і нацыю без яе дзяржавы. Кожная нацыя мае быць дзяржаваю, а кожная дзяржава нацыянальнаю! У гэтым сэнсе маем разумець і прызнаньне права нацыяў на вольнае самаазначэньне. Пасьлядоўнае і бескампрамісовае зьдзейсьненьне права нацыяў на вольнае самаазначэньне — гэта стварэньне самастойных нацыянальных дзяржаваў.
Няма ніякага сумліву, што з правядзеньнем у жыцьцё азначанага пастуляту, няўхільна павінны зьнікнуць шматнацыянальныя дзяржавы. Перад апошнімі паўстаюць дзьве дылемы, два гістарычна-нямінуючыя шляхі, - або ператварыцца ў вольны саюз вольных народаў, або - зьнікнуць з гістарычнае сцэны. У гэтым кірунку і разьвіваецца працэс гістарычнага поступу. Народ, які імкнецца да свае волі і дзяржаўнае самастойнасьці, раней ці пазьней дасягае свае мэты; будзе вольным і дзяржаўна самастойным народам. А дзяржаўны народ — нацыянальнае суспольства, нацыя.
* * *
Узьнікае пытаньне: калі дзяржава ёсьць няўхільнай формай арганізацыі нацыянальнага суспольства, дык як магчыма існаваньне недзяржаўных нацый? Ці можна ўважаць за нацыю той народ, які ня мае сваёй самастойнай дзяржавы? У чым, уласна, палягае крытэрый азначэньня нацыі?
Адзіным пэўным крытэрыем для азначэньня нацыі зьяўляецца сьведамасьць народных мас у патрэбнасьці стварэньня самастойнае дзяржавы, што, у свой чарод, зьяў ляецца канкрэтным выяўленьнем жыцьцёвай зацікаўленасьці народнага арганізму. Толькі той народ можна ўважаць за нацыю, які ўжо мае, або імкнецца мець, сваю дзяржаву. Народ, які яшчэ ня мае жаданьняў мець сваю дзяржаўную арганізацыю, ня ёсьць нацыяй.
Сьведамасьць патрэбнасьці ў стварэньні самастойнае дзяржавы, як і кожны стан сьведамасьці індывідуўму або каляктыву, выяўляецца ў дзейнасьці, дзяржаўныя нацыі імкнуцца ўтрымаць і замацаваць самастойную дзяржаву, а нацыі недзяржаўныя - стварыць сваю самастойную дзяржаву. Розьніца палягае ня ў большай ці меншай нацыянальнай сьведамасьці, а ў арганізаванасьці і тэхнічнай магчымасьці рэалізацыі аднае і тае—ж самай мэты — мець самастойную дзяржаву.
З гэтага ясна, што ня гэтулькі сапраўднасьць, як уява зьяўляецца рухаючая сілаю нацыянальна-вызвальных рухаў, уява аб вольнай і самастойнай дзяржаве. Бязумоўна нашае ўяўленьне ўзьнікае з рэальнасьці, сапраўднасьці. І чым цямнейшай ёсьць гэтая сапраўднасьць, тым сьвятлейшыя, прамянісьцейшыя нашыя ўявы-імкненьні!
* * *
І так: што пазнаем, калі вывучаем нацыю?
Мы пазнаем вельмі складаную сувязь міждюдзкіх узаемаадносін - ад сябе і да сябе; пазнаем арганізацыю і самаарганізацыю народу, або, інакш кажучы, — пазнаем сацыятэхніку.
Дзеля гэтага, хто хоча ведаць што ёсьць нацыя, павінен навучыцца спасьцерагаць праявы жыцьця акружаючага нас асяродзьдзя, у першую чаргу, — навучыцца бачыць тыя ценькія сацыяльна-псыхічныя ніці, якія зьвязваюць народ у адно суцэльна-арганізаванае грамадзянства - суспольства.
Ня ў імглістым узвышшы фантастычных лятуценьняў трэба шукаць нацыю, а ў рэальных міжлюдзкіх узаемаадносінах — у арганізацыі і самаарганізацыі народнага каляктыву!
Т.Г.