Нацыянальнае пытаньне і пралетарыят

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нацыянальнае пытаньне і пралетарыят
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1924
Крыніца: Луцкевіч А. Нацыянальнае пытаньне і пралетарыят // Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху. Смаленск, 2015. С. 133—137. Тэкст друкуецца паводле: З. 1924. 13 студзеня.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Толькі вялікія нацыянальныя дзяржавы ствараюць нармальныя палітычныя варункі для разьвіцьця эурапэйскай буржуазіі, і разам з тым становяць неабходную прадпасылку для устнаўленьня гарманічнага інтэрнацыянальнага супрацоўніцтва народаў, без якога панаваньня пралетарыяту ня можа быць. Каб устанавіць інтэрнацыянальны мір, трэба перш пасьля перамогі ўсунуць усе нацыянальныя непаразуменьні, кожны народ павінен стаць незалежным панам у сваёй уласнай хаце. Разам з разьвіцьцем гандлю, хлебаробства, прамысловасці, а тым самым і з умацаваннем сацыяльнага палажэньня буржуазіі, падзеленыя і паняволеныя нацыі пачалі дамагацца аб’яднаная і незалежнасьці».

«Інтэрнацыянальны рух пралетарыяту наагул магчымы толькі паміж незалежнымі нацыямі».

Ф. Энгельс.

Як бачым, яшчэ ў першай палове XIX стагодзьдзя тварцы навуковага сацыялізму разумелі вялікае значэньне нацыянальнага пытаньня і зусім правільна падыходзілі да яго разьвязаньня. Нацыянальнае паняволеньне К. Маркс і Ф. Энгэльс прыраўноўвалі да сацыяльнага паняволеньня, бо калі адна нацыя паняволіла другую, дык гэта значыць, што пануючая нацыя таксама вызыскуе паняволеную, як капіталіст вызыскуе работніка. Ссылкі некаторых «марксістаў» на вядомыя словы Маркса і Энгельса, што «работнікі ня маюць бацькаўшчыны», якія словы стараліся тлумачыць так, што пралетарыят павінен адрачыся ад сваёй нацыянальнасці і змагацца выключна толькі за клясавае вызваленьне, зусім ня маюць ніякай падставы. Гэтыя словы, хутчэй трэба разумець, што ўсе працоўныя бяз розьніцы нацыянальнасці аднолькава вызыскуюцца буржуазіяй, пазбаўлены ёю ўсіх дабрадзействаў, ня могуць карыстацца з навукі, асьветы, мастацтва, і нават «бацькаўшчыну» яна зрабіла сваёю выключнаю ўласнасьцяй; вось дзеля чаго «пралетарыят ня можа страціць нічога, апрача сваіх ланцугоў, а здабыць можа ўвесь сьвет», у тым ліку і сваю бацькаўшчыну. «Здабываючы палітычную ўладу, — кажуць Маркс і Энгельс у „Камуністычным маніфэсце“, — падносячы сябе да становішча нацыянальная клясы, канстытуючы сябе самога, як нацыю, пралетарыят сам яшчэ зьяўляецца нацыянальным, хоць і зусім у іншым разуменні, чым буржуазія».

«Але» — далей кажуць Маркс і Энгэльс — «эксплёатацыя аднэй нацыі другою будзе зьнікаць у тэй меры, у якой будзе зьнікаць эксплёатацыя аднаго чалавека другім. З спыненьнем клясовага працівенства сярод нацыі, зьнікне й варожае становішча аднэй нацыі проці другое». Такім чынам барацьба за нацыянальнае вызваленьне можа лічыць на перамогу толькі тады, калі яна будзе зьвязана адначасна з клясавым змаганьнем пралетарыяту. Клясавая прыгнечанасць аднолькава душыць усіх работнікаў, як пануючай, так і паняволенай нацыі, вось дзеля чаго павінна існаваць міжнародная салідарнасць усіх працоўных, вось дзеля чаго высоўваецца лёзунг «пралетарыі ўсіх краёў злучайцеся!»

Мы ўжо зазначылі, што нацыянальнае паняволеньне трэба разглядаць таксама, як і сацыяльнае. Але апрача гэтага нацыянальнае паняволеньне прычыняецца яшчэ да таго, што абніжае рэвалюцыйную актыўнасць пралетарыяту пануючай нацыі і тамуе яго вызваленчую барацьбу. І гэта зусім зразумела. Пануючая нацыя цягне вялікія зыскі з паняволенай краіны і частка гэтых зыскаў — хаця б самая нязначная — перападае і на долю пралетарыяту пануючай нацыі. Ясна, што львіная доля гэтых зыскаў прыходзіцца на долю буржуазіі, але нават тыя крошкі, што падаюць са стала буржуазіі, ствараюць варункі, якія даюць паасобным адзінкам работніцкай клясы надзею на тое, што яны могуць коштам працоўных паняволенай нацыі, самі зрабіцца прадпрыемцамі і такім чынам перайці з клясы вызыскуемай у клясу вызыскуючую. За прыкладамі ня прыходзіцца далёка хадзіць; параўноўваючы палажэньне пралетарыяту Англіі, даваеннай Нямеччыны. Францыі і Амэрыкі з палажэньнем пралетарыяту іх вялізарных і няшчадна вызыскуемых калёніяў, мы прымушаны будзем сьцьвердзіць, што адносны дабрабыт працоўных масаў мэтрополіяў паніжаў іх рэвалюцыйнасць і павялічываў сацыял- патрыятызм і шовінізм, што бязумоўна і зьявілася аднэй з галоўных прычынаў краху ІІ Інтэрнацыяналу ў часе сусьветнай вайны, якая якраз і была барацьбою за ўладу над калоніямі, змаганьнем за перавагу на сусьветным рынку.

Прыклад царскай Расеі яшчэ больш яскрава можа сьцьвердзіць гэта; трэба толькі ўспомніць тыя часы, калі расейская чорная сотня, атуманіўшы работнікаў нацыяналістычным шалам, выкарыстоўвала іх, як матар’ял для пагромаў «инородцев», каб адвярнуць іх увагу ад запраўдных ворагаў і эксплёататараў. Ды і практыка дзейнасьці польскай чорнай сотні, якая таксама выкарыстоўвае несьвядомую работніцкую масу, цкуючы яе на беларусаў, украінцаў, жыдоў і немцаў, гаворыць нам аб тым жа. «Bogoojczyznianie Ligi» так бяскрытычна ня былі б сляпою прыладай у руках польскай эндэцыі і шовіністычна-клерыкальнага духавенства, калі-б у Польшчы ня было г. зв. «нацыянальных меншасьцяў».

З уласьціваю ім зоркасьцяй тварцы навуковага сацыялізму таксама належна ацанілі гэты факт, і Энгельс паміж іншым пісаў: «Пакуль трываў прамысловы манаполь Англіі, датуль ангельская работніцкая кляса брала ў пэўнай меры ўчасьце ў тых зысках, што паўставалі з гэтага манаполю… Калі прыдзе канец гэтаму манаполю, прыдзе канец і гэтаму прывілеяванаму палажэньню ангельскай работніцкай клясы. Аднаго дня яна будзе пастаўлена на адзін ровень з работніцкімі клясамі іншых нацыяў. І гэта будзе прычынаю, чаму тады ў Англіі зноў паўстане сацыялістычны рух». На нашых вачох адбываецца гэтае ўзмацаваньне сацыялістычнага руху ў Англіі — выразьнікам чаго зьяўляецца перамога Labour Party пры апошніх выбарах — якраз у той мамэнт, калі пасьля вайны ўплывы Англіі на сусветным рынку шмат зьменшыліся на карысьць Амэрыкі, дзе якраз мы бачым адваротнае зьявішча — аслабленьне сацыялістычнага руху.

Такім чынам нацыянальнае паняволеньне яднае ня толькі пралетарыят і буржуазію паняволенай нацыі для вызваленчай барацьбы проціў нацыянальнага ўціску, але таксама яднае пралетарыят і буржуазію пануючай нацыі ў супольнай свядомасці тых зыскаў, што дае гэткае пануючае палажэньне, а дзеля гэтага аслабляе змаганьне ўсей працоўнай клясы за вызваленьне ад усялякіх відаў паняволеньня і вызыску.

Адгэтуль вывад, што работнікі пануючай нацыі павінны дапамагчы паняволенай нацыі вызваліцца ад нацыянальнага ўціску, бо «інтэрнацыянальны рух пралетарыяту наагул магчымы толькі паміж незалежнымі нацыямі».

ІІ Інтэрнацыянал, складаючыся пераважна, бадай выключна, з сацыялістычных партыяў дзяржаўных нацыяў, мала цікавіўся нацыянальным пытаньнем, і нацыянальны рух разглядаў, як рух контррэвалюцыйны. Разьвязаньне нацыянальнага пытаньня бачылі, хоць гэта і не падкрэслівалася асабліва, але натуральна мысьлілася і праводзілася ў штодзённым жыцьці, — у асыміляцыі слабейшых культурна нацыяў больш сільнымі. Падобна, як у эканамічным жыцьці больш адсталыя і слабыя прадпрыемствы ня могуць вытрымаць канкурэнцыі з больш моцнымі і збудаванымі па апошняму слову тэхнікі павінны быць праглынуты імі, так і ў нацыянальным жыцьці падтрыманьне слабых нацыянальнасцяў лічылася актам рэакцыйным, які можа толькі затамаваць і аслабіць тэмп разьвіцьця нармальнага гістарычнага працэсу. І гэты пагляд на нацыянальнае пытаньне, знаходзіў, быццам, апраўданьне ў вядомых словах Энгэльса: «Мы прызнаём і сымпатызуем нацыянальным змаганьням толькі вялікіх і вядомых гісторыі нацыяў Эўропы».

Ясна, што гэткі пагляд на рэчы зусім памылковы. Мы ня будзем тут гаварыць аб тым, які народ можна лічыць жыцьцяздольным і гістарычным. Магчыма, што ў пачатку разьвіцьця капіталізму, у тыя часы, калі Энгельс выказаў гэты свой пагляд, так і было у запраўднасьці, што ён меў магчымасць дагледзіць, што жыцьцяздольнасьць выяўлялі толькі «вялікія і вядомыя гісторыі» нацыі Эўропы. Але гэта ня значыць, што так справа павінна быць заўсёды. Падзеі апошніх дзесяткаў гадоў сведчаць аб вялікім нацыянальным прабуджэньні і адраджэньні «малых і невядомых гісторыі» народаў, якія выказваюць такую-ж, калі ня большую жыцьцяздольнасьць, чым вялікія. Прыклад Японіі, якую Энгэльс залічаў да нежыццяздольных, зьяўляецца красамоўным падцьверджаньнем гэтага…

У сучасны мамэнт, калі адраджэньне малых недзяржаўных народаў ідзе хуткім тэмпам, нацыянальнае пытаньне мае вялізарнае значэньне і гэтае пытаньне можа развязаць толькі пралетарыят у рамках сацыялістычнага гаспадарства, бо толькі сацыялістычны лад зьнішчыць усялякія формы вызыску і ўціску, у тым ліку і нацыянальнага. Сацыялізм-жа павінен падыходзіць да разьвязаньня гэтага пытаньня з пункту гледжаньня прызнаным поўнага права кожнай нацыянальнасці на самаазначэнне, і ня толькі ў тэорыі, але на практыцы і ў сваей штодзённай палітыцы павінен распачаць акцыю за зьдзейсьненьне гэтага лёзунгу.

І зусім памылковы пагляд тых сацыялістаў, якія, як гэта рабіў і цяпер робіць ІІ Інтэрнацыянал, ухіляюцца ад разьвязаньня нацыянальнага пытаньня, пакідаючы яго на апеку буржуазіі. Розьніца паміж буржуазіяй і пралетарыятам зьяўляецца ня ў тым, як зусім слушна заўважыў Зіноўеў на паседжаньні пашыранай Экээкутывы Комінтэрну, што буржуазія мае нацыянальнае пытаньне, а пралетарыят яго ня мае, а ў тым, што буржуазія ня зможа здавальняюча разьвязаць гэтае пытаньне, тады калі пралетарыят мае магчымасць яго разьвязаць у межах сацыялістычнага ладу.

Сьцьвердзіўшы, што толькі пралетарыят можа адначасна з клясовым вызваленьнем зьдзейсьніць і нацыянальнае вызваленьне, пяройдзем цяпер да ацэнкі ролі буржуазіі паняволенай нацыі ў яе барацьбе за нацыянальнае вызваленьне. І тут мы павінны прызнаць, што гэтая роля буржуазіі бязумоўна зьяўляецца ў пэўныя мамэнты рэвалюцыйнай, робячы яе ў працягу пэўнага часу саюзьнікам працоўных клясаў. Беспасрэднае рэвалюцыйнае значэньне буржуазнага вызваленчага нацыянальнага руху палягае ў тым, што аслабляе сілу імпэрыялізму пануючай нацыі і тым самым павялічвае шансы на ўдачу барацьбы пралетарыяту пануючай нацыі; такім чынам буржуазія адыграе тут рэвалюцыйную ролю пастольку, паскольку яна змагаецца проціў імпэрыялізму мэтрополіі.

Ня трэба толькі забываць, што як тая, так і другая буржуазія маюць па сутнасці аднолькавы клясовы інтарас і гэтая барацьба павінна рана ці позна кончыцца кампрамісам, які захавае ў большай ці меншай меры пасрэдна ці беспасрэдна паняволеньне большасьці нацыі. (Прыклад Ірляндыя). І вось гэты мамэнт павінен выкарыстаць пралетарыят, паказваючы здраду буржуазіі, пераносячы барацьбу на чыста клясовы грунт як работнікаў, так і працоўнага сялянства, бо толькі працоўныя клясы запраўды абароняць інтарэсы краю і нацыі.

Гэтая ацэнка ролі буржуазіі знайшла свае выражэньне ў рэзалюцыі Нямецкай Камуністычнай Партыі: «Нямецкая буржуазія, пабітая ў вайне, прымушана вясьці барацьбу проціў пераможца — антантскага імпэрыялізму, прымушана рабіць высілкі, каб аслабіць кайданы вэрсальскага міру. Дбаючы, каб утрымаць сваё панаваньне над работніцкай клясай, праводзячы з гэтай мэтай контр-рэвалюцыйную палітыку, яна сваім становішчам проціў антантскага капіталу адыграе рэвалюцыйную ролю».

Усё гэта трэба мець на ўвазе, калі падыходзіць з ацэнкай да нацыянальных рухаў. Тым больш павінны лічыцца з гэтым сацыялістычныя партыі пануючых нацыяў. Нігілізм у нацыянальным пытаньні, які прыкрываецца плашчом дрэнна-разумеемага інтэрнацыяналізму, мусіць спаткацца з вострым прысудам з боку ўсіх запраўдных сацыялістычных партыяў. Гэта ў першую чаргу павінна зразумець Польская Сацыялістычная Партыя (P. P. S.), якая на першы плян у сваей рэзалюцыі па нацыянальнаму пытаньню высоўвае змаганьне з нацыяналізмам нацыянальных меншасцяў, а сама ўвесь час вядзе ўгадовую палітыку адносна да сваёй роднай буржуазіі, ухваляючы на Кракаўскім Кангрэсе вольную руку сваім партыйным уладам у тварэньні і падтрыманьні коаліцыйных буржуазных урадаў. Вось гэтая ўгадовая палітыка Р. Р. S. ня можа знайсьці ніякага апраўданьня, бо роля буржуазіі пануючай нацыі заўсёды ёсьць і будзе сацыяльна-рэакцыйнай.