Перайсці да зместу

Нацыянальнае асведамленне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нацыянальнае асведамленне
Публіцыстыка
Аўтар: Змітрок Бядуля
1919

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нацыянальнае асведамленне сярод народа беларускага пасля працы беларускай інтэлігенцыі ў працягу дзесяткаў гадоў, пачынаючы ад 19 сталецця, пачало шпарка пашырацца; ад 1917 г. ад часоў перавароту, калі сярод беларускай інтэлігенцыі адраджэнне прыняло шырокія формы праз агітацыю, школы і з’езды, калі аб беларусах загаварыў увесь свет, — пачаўся рух і паміж сялянства. Шкодзілі ў гэтым кірунку яго старыя «апекуны». Яны пад маскамі бальшавікоў, манархістаў і анархістаў, праваслаўных і католікаў стараліся зацямняць мазгі нашага народа. Гэтыя «апекуны» не пакідалі фабрыкаваць яго на палякаў і расійцаў, перашкаджаючы насіцелям праўдзівага святла ў іх шчырай працы на кожным кроку.

Пры гэтакіх кепскіх варунках прыходзілася працаваць беларускім дзеячам. А ўсё ж такі праз друк, праз школы, праз жывое слова шмат зроблена ў кірунку асведамлення беларускіх мас. А тое, што не дакончылі пры сіле духоўнай — зробіць сіла фізічная — беларускае войска.

Што пачало беларускае слова, павінен рабіць далей беларускі меч.

Беларускае войска — гэта ёсць той найвышэйшы пункт нашага адраджэння, каторы павінен, нібы бура, узварухнуць народную гушчу. Моцным клічам сваім беларускае войска ўзбудзіць душу нашага селяніна да новага, незалежнага, дзяржаўнага жыцця...

Разам з беларускім войскам паявіцца масавая нацыянальная свядомасць.

Гэтак, як перашкаджалі беларускаму друку, перашкаджалі таксама стварэнню беларускага войска, каторае інстынктыўна рвалася да нацыянальнага фармавання за ўвесь працяг апошняй вялікай вайны. На ўсіх франтах фармаваліся беларускія часці. Але трымацелі ўлады ім заўсёды перашкаджалі. Потым панаванне сярод часцей беларускіх чужой, маскоўскай мовы таксама служыла перашкодаю. Не было агульна-злучаючага духу нацыянальнай свядомасці.

Цяпер павінна як найболей ісці ў войска беларуская інтэлігенцыя. Гутарка на чужой мове сярод нашых салдатаў павінна лічыцца вялікім праступкам перад нашай святой справай. Войска павінна быць нацыянальнай школай для нашых народных мас. Войска павінна навучаць нашага селяніна шанаваць як чужых, таксама і самога сябе. Кожны салдат павінен ведаць, што ён ваюе дзеля таго, каб быць гаспадаром сваёй зямлі...

Не біць каго-кольвек, а бараніць свае правы. А гэта можа быць толькі тады, калі нашая інтэлігенцыя, у як найбольшым ліку, будзе знаходзіцца пад сцягам нацыянальнага войска.

Беларуская Вайсковая Камісія, пасля сваёй падгатоўчай працы ў Вільні, пераехала для болей шырокай працы ў сэрца Беларусі — Менск. Праца — вялікая і цяжкая. Людзей трэба набіраць з вялікай асцярогай, каб не панашываліся чужыя элемэнты ў нашыя рады са спецыяльнай мэтай, каб нам шкодзіць.

Для беларускага юнкерства трэба адчыніць зараз жа школы беларускай мовы і беларусазнаўства. З розных нашых глухіх вёсак усё з’яўляюцца хадакі з запытаннямі, калі пачнецца вярбоўка салдат. Народ нешта чуе аб сваім войску, але ён бадай зусім яшчэ не інфармаваны ў гэтай справе. З аднаго боку ў яго душы запалала вялікая ахвота пайсці пад свой штандар, а з другога боку ў некаторых з сялян з’яўляецца няпэўнасць: дзеля чаго робіцца войска? хто робіць? мо гэта ёсць новы фокус быўшых уладароў-чужынцаў? і г. д.

Дзеля ўсяго гэтага трэба, каб Беларуская Вайсковая Камісія зараз жа пачала выдаваць адозвы, брашуры, у каторых усе гэтыя запытанні былі добра вытлумачаны сялянству. Трэба па вёсках пашыраць інфармацыйныя лісткі-адозвы. Апрача гэтага, трэба па вёсках нарассылаць інструктараў-вярбоўшчыкаў— людзей інтэлігентных, свядомых, родам з тых ваколіц, каб сяляне іх зналі і ім верылі.

Працы шмат, але на гэта нельга шкадаваць ніякіх высілкаў і энергіі.

Тады ўстане праўдзівы беларускі волат, калі свядомае слова і востры меч злучацца ў адно. Тады толькі можам быць пэўны ў масавай нацыянальнай свядомасці. Тады толькі мы заваюем сваё права сярод народаў і будзем як роўны з роўнымі і як вольны вольнымі.

Беларускае войска самая найвялікшая апора нашае нацыянальнай справы. На ўтварэнне беларускага войска чакае з надзеяй увесь беларускі народ. Мы пэўны, што з новым беларускім войскам уваскрэсне дух нашай слаўнай мінуўшчыны. Мы пэўны, што вялікія народныя масы пойдуць у рады нашага войска, кааб будаваць новае лепшае жыццё!