Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры (1922)/VIII
← Літоўская Мэтрыка | Леў Сапега і яго значэньне ў гісторыі старадаўнай беларускай літаратуры Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Мікалай Янчук 1922 год |
«Прамова» Яна Мялешкі → |
VIII
У вельмі блізкім стасунку да Літоўскае Мэтрыкі й да Літоўскага Статуту знаходзіцца выдатная асабістасьць Льва Сапегі, якая варта таго, каб на ей даўжэй затрымацца. У папярэднім разьдзеле мы ўжо казалі аб тым, што Л. Сапега шмат працы палажыў, каб упарадкаваць, сыстэматызаваць і апісаць дакумэнты Літоўскай Мэтрыкі, пакуль яна знаходзілася ў Вільні, дзе ён быў ваяводаю. Гэта было падсілу толькі чалавеку з вялікай энэргіяй й з пэўнай падгатоўкай — агульна-навуковай і спэцыяльна-юрыдычнай.
Што-ж датыча Літоўскага Статуту, то гэты надзвычай цікавы помнік, можна сказаць, цалкам быў апрацаваны гэтым выдатным сынам Беларусі ХVІ в. Недарма вучоныя кажуць, што для Льва Сапегі Літ. Статут зьяўлаецца найлепшым і найтрывальшым помнікам у гісторыі й патомстве.
Сапегі (якія да Льва празываліся «Сопѣги», або паводлуг некаторых дакумантаў — «Сопиги»), вельмі старажытны род. Гэты род быццам быў у далёкім пакравенстве з Ягайламі і праславіўся цэлым радам прадстаўнікоў у гісторыі Беларусі да паловы ХV сталецьця. Калыскаю гэтага роду, паводлуг дакумэнтаў Літоўскай Мэтрыкі, была Смаленская зямля, але, страціўшы ў часе маскоўскіх войн свае маетнасьці, Сапегі за сваю вернасьць літоўска-беларускім князём атрымалі маетнасьці на Беларусі й Падляш‘і. Адгэтуль сталі яны выдатнымі прадстаўнікамі Беларуска-Літоўскага гаспадарста, кіравалі яго лёсам і ўступалі з гэтага боку адным толькі Радзівілам. Продкі Льва Сапегі былі рускага пахаджэньня, аб чым сьведчаць іх іменьні: Сямён, Іван, (гэтак сама Івашка), Васіль або Васько, Багдан, Глеб Юры, Фёдар і г. д., якія ймянуюцца ў афіцыяльных дакумантах Сапежычамі. Леў Сапега быў сын Івана Іванавіча Сапегі, дарагічынскага старасты падляшскага ваяводы († 1580 г.) і рускай княжны Багдасы Друцкай Саколінскай (+ 1584 г.). Ён нарадзіўся ў 1557 г. у маёнтку сваіх бацькоў Астраўку й меў двох братоў: Рыгора, падкаморага аршанскага († 1600 г.) і Андрэя, які быў перш старастай аршанскім, пасьля касталянам вітабскім і ваяводаю мсьціслаўскім († 1611), і апрача гэтага трох сёстраў. Ужо з малых гадоў Леў Сапега адзначаўся сваімі здольнасьцямі, а дзеля гэтага яго бацькі, не здавальняючыся тагочасным звычаем хатняга выхаваньня, пажадалі даць яму школьную адукацыю; пры гэтым Леў Сапега асабліва цікавіўся гісторыяй і краснамоўствам. Хлапец, на якога клаліся вялікія надзеі, пасьля сканчэньня школы быў пасланы ў Лейпцыг, дзеля атрыманьня вышэйшай адукацыі. Там праходзіў ён клясыкаў, а гэтак сама філёзафскія й праўныя навукі. Вярнуўся Л. Сапега з заграніцы, калі Жыгімонта ўжо зьмяніў Стафан Баторы. У хуткім часе перад новым каралём ён павінен быў выступаць у справе свайго бацькі, а з тае прычыны, што кароль ні слова не разумеў папольску, то Л. Сапега выкладаў справу й тлумачыўся з каралём палацінску. Гэта так спадабалася каралю, што ён пастанавіў мець на ўвазе адукаванага й здольнага маладога чалавека, і ў 1580 г. Сапега на 23-ім годзе свайго жыцьця быў назначаны на пасаду сакратара В. Кн. Літоўскага. Распачатая вайна з Расеяй пры Іване Грозным дала магчымасьць Льву Сапезе адзначыцца на ваенным і дыплёматычным становішчы. Сфармаваўшы на свой кошт гусарскі полк, ён зьвярнуў на сябе ўвагу ў баёх пры Завалачы, пры Вялікіх Луках і пры ўзяцьці Пскова; пасьля гэтага ён быў абдараны новай пасадай з тытулам пісара В. Кн. Літоўскага. У 1584 г. пасылаюць Сапегу на чале пасольства ў Маскву, куды ў тэй-жа ролі езьдзілі раней яго дзядзькі: вітабскі ваявода Мікола й менскі Андрэй Сапегі. З нязвычайнай адвагаю заявіў ён публічна каралю пры выезьдзе ў Маскву: «Я хачу аднаго, Кароль, зірнуць у вочы дэспату і ўпакорыць яго, напомніўшы яму аб тваіх пабедах, непабедны кароль! Праўда, былі часы, калі паслы манархаў, стаўшы перад тварам яго, ад страху падалі трупамі: маё наяўленьне, падмацаванае павагаю пабядзіцеля, быць можа, патрапіць упакорыць дзікасьць і лютасьць яго». Сапега ўжо не застаў Грознага жывым і з яго насьледнікам Фёдарам Іванавічам патрапіў заключыць мір на 10 год, пакідаючы пры Польшчы Полацк. Веліж і ўсю Інфлянцкую краіну. Цераз 16 год, ужо за панаваньня Барыса Гадунова, Леў Сапега быў пасланы каралём Жыгімонтам III у паўторнае пасольства ў Маскву ў 1600 г. і ён зноў дабіўся міру на 20 год, гэткім чынам руйнуючы хаўрус Барыса з кн. Валошскім Міхайлам, пакірованы супроць Літвы й Польшчы. Захавалася прывітальная прамова Сапегі, якую ён сказаў Гадунову ў часе аўдыенцыі; гэта прамова зьяўляецца вельмі цікавым узорам беларускае мовы, на якой гаварылі прасьвячоныя станы на самым рубяжы паміж XVI і XVII вв. Дзеля гэтага лічым патрэбным яе цалкам, тым больш, што яна мала каму вядома:
«Тобѣ Божою моцою великому господарови и великому князю Борысу Ѳедоровичу всея Руси поклоницьци се и здоровье твое намъ посломъ своимъ великимъ видзѣць и павѣдзиць казалъ найясьнѣйшы и велики господаръ нашъ Зыгмунть III Божою милосьцю, etc. Тобѣ великому господару, великому князю Борысу Федоровичу всея Руси мовлеть[1] велѣль: Прыслалъ есь до насъ посланника своего думного дворанина и ясельничого намѣстника можайского Михаила Игнатовича Татищова а діака Ивана Максимовича, ознаймуючы, ижъ за волею Божою велики господаръ и велики князь Ѳедор Ивановичъ, потомок великихъ господаровъ и великихъ князёвъ московскихъ зойсьць[2] мѣў з того сьвѣта, што цебе великого господара и великого князя Борыса Ѳедоровича всея Руси учынилъ Богъ господаремъ и великимъ княземъ московскимъ, и прагнешъ того, штобъ было ку доброму всему хресьцьянству. То тэды мы, вѣдаючы, же Богъ вшехмогучы, которы естъ Кроль надъ крольми, Господаръ надъ всѣми господарми и всѣ господарства въ моцы и въ рукахъ своихъ Боскихъ маючы владнець самъ вэдлугъ воли своей сьветоей господары, князи становиць, зъ роду въ родъ переносиць и даець, кому хочаць: ижъ тэжъ зь воли своей сьвятой тобѣ Борысу Ѳедоровичу далъ всѣсьци на томъ великомъ господарствѣ и панствѣ московскомъ, — мы, видзѣчы твой умыслъ и добрую хуць[3], которую нам церазъ посланника своего Михаила Татищова, діака Ивана Максимовича оповѣдалъ, и мы цебе на тымъ великимъ господарстве поздровляемъ: жычечы тобѣ въ ласцѣ Божей, въ добрей прыязьни зъ нами щесливого пожыця на много лѣтъ»[4].
Пасьля таго, як Сапега вярнуўся з першага пасольства, ён быў абдараны пасадаю падканцлера й атрымаў перад самай сьмерцю Баторага, у 1586 г., абшырнае староства Слонімскае. У часе спрэчак аб тым, каго пасадзіць на каралеўскі пасад, Сапега сваім уплывам шмат дапамог выбраньню швэдзкага каралевіча Жыгімонта Аўгуста й сам ад імя Беларуска-Літоўскага Князьства выказаў яму вернападданчыя пачуцьці; гэта было прычынаю новых манаршых міласьцяў. На самым пачатку свайго панаваньня новы кароль даручыў Льву Сапезе вялізнай вартасьці дзяржаўную справу, у якой ён мог паказаць ня толькі свой прыродны розум і дзяржаўную развагу, але й спэцыяльную навуковую адукацыю й літаратурны талент. Яму было даручана скласьці сабраць у адно месца ўсе чынныя ў гаспадарстве законы й сыстэматычны зборнік законаў, як агульны статут, абавязковы для ўсяго гаспадарства. У працягу двох гадоў падканцлер пасьпеў справіцца з гэтым вялізным заданьнем, і ў 1588 г. на выборчым сойме у Варшаве гэты Літоўскі статут быў афіцыяльна зацьверджаны. Зараз-жа пасьля гэтага Сапега выдрукаваў гэты статут у Вільні на беларускай мове на свой кошт і пад асабістым наглядам. У гэтай справе Леў Сапега выявіў сябе ня толькі, як надзвычай здольны дзяржаўны дзеяч з сьветлым філёзафскім розумам, але і як пісьменьнік, якому павінна належаць месца ў гісторыі беларускага пісьменства. Аб гэтым сьведчыць, па-першае — пасьвячэньне Статуту каралю Жыгімонту, надрукованае выдаўцом на пачатку кнігі, а па-другое — яго прамова на сойме, у якой ён прапанаваў зацьвердзіць статут, і якая надрукована ў тэй-жа кнізе[5].
У абедзьвюх памянёных літаратурных працах Леў Сапега выказаў рад такіх высокіх, гуманных і сьмелых думак, якія зусім пасавалі-б XVIII або XIX веку. Яго разуменьне законаў, погляды на ўладу, яго паняцьці аб свабодзе й вольнасьцях — проста варты подзіву. Бо ці-ж ня дзіва, што, пасьвячаючы сваё выданьне каралю, рэдактар-выдаўца на першым месцы ставіць думку, што законы патрэбны найперш пануючым асобам, бо без законаў яны становяцца ненавіснымі тыранамі, падобнымі да дзікіх зьвяроў, якія толькі здольны здавальняць свае грубыя зьвярыныя інстынкты.
«Были тые часы, найяснейшый милостивый господару-королю, — гэтак пачынае аўтар сваё пасьвячэньне, — коли въ томъ згромаженью а посполитованью[6] людскомъ, которое мы речью посполитою называемъ, не правомъ якимъ описанымъ, або статутомъ, але только своимъ зданьемъ и уподобаньемъ владность свою господары и короли того частокроть отъ пристойное света над людьми ростечали: але, ижъ своее повинности отступовали, а на свой только пожытокъ речы натегаючы, о сполное[7] добро всихъ мало дбали, отътуль то было уросло,[8] же люди, брыдечы се ихъ панованьемъ и звирхностью и не господарми, але тыранами оные называючы, на самомъ только статуте и праве описаномъ все безпеченство и доброе,[9] речы посполитое засажали[10]». Аўтар далей апіраецца на погляды старавечных філёзафаў і мудрацоў у гэтым пытаньні, выяўляючы гэткім чынам сваю знаёмасьць з імі, дзякуючы вышэйшай загранічнай адукацыі.
«А про то онъ[11] великий и зацный филозофъ греческий Арыстотелесъ поведилъ, же тамъ бельлуа[12], а по нашему дикое звера пануеть, где чоловекъ водлугъ уподобанья своего владность свою ростечаеть, а где опять право, або статутъ гору маеть, тамъ самъ Богь всимъ владнеть; а тая того есть причина, же право есть; яко его другий зацный мудрецъ выславилъ, онымъ правдивымъ розсудъкомъ мудрымъ умыслу чоловечого баченьемъ, которымъ панъ Богъ натуру чоловечую обдарити рачылъ, абы водлугъ того пристойного, а мудрого баченья животъ человечий такъ справовалъ, яко бы се за тымъ, што естъ почестивого завжды удавалъ, а што не почестивого, абы се того выстерегалъ». Але гэтак ёсьць у тэорыі, а жыцьцё паказвае іншае, і натура людзкая розная. Найчасьцей чалавек мае нахіл да сваявольля, і яму канечна патрэбна вузда, якая-б яго стрымлівала. Гэткаю й павінен быць агульна прызнаны закон. Гэта ўжо датыча толькі асоб пануючых, але і іх падданых: «Лечъ, — чытаем далей, — ижъ не всихъ такъ прироженьне справило, абы большей розуму, нижели маетностей своихъ, а бестыяльскихъ попудливостей наследовати мели, — тое удило або монъ-штукъ на зуфальцы[13] панъ Богъ и право его светое вложило, або тые за неучастивые справы свои слушное каранье, а цнотливые пристойную заплату относили[14]». Гэткі прававы парадак ёсьць асновай і падставай, трываласьці дзяржаўнага ладу. «Тотъ то естъ цель и конецъ всихъ правъ на свете тымъ; все панства и королевства стоять и в целости своей захованы бывають, где лихие помъсту, а добрые заплату относять». У іншым выпадку гаспадарству пагражае анархія, бязладзьдзе. Моцнага закону заўсёды баяцца тыя — „которымъ своя воля[15] мила, а розумъ имъ неприетеленъ; ради бы тое удило зъ себе скинути, а права все, абы имъ не пановали, ради бы внивечъ[16] обернули». І зноў аўтар зьвяртаецца да старажытнай гісторыі, шукаючы там пацьвярджэньня справядлівасьці сваіх думак.
— „Показалосе то на онъ часъ въ оныхъ королевичахъ и млоденъчыкахъ рымъскихъ, которые — въ объмыслеванью сенаторскомъ, абы цяжкии тежаръ панованья королевского, або тыранского зъ себе зложили, а правомъ описанымъ абы се редили, — всякимъ способомъ тому забегали[17] млоденъцы, абы жадного такого права надъ собою не узнавали, бо поведали, право быти глухое и такое, которое се упросити не дасть, естли въ чомъ чоловек выкрочить; не маеть браку межы убогимъ а богатымъ; а у пана однакъ естъ местъце ласки и захованья, есть взглядъ на особы: а такъ лепей подъ самою королевскою звирхностью жита, а нижли ся въ такое небезпеченство въдавать, же бы на самой только невинности живота и постереганью правъ щасте свое чоловек садити мѣлъ. Такая, поведаю, дума есть и завжды будеть людей свовольныхъ, а неукрочоных, которымъ гроза правъ есть немила, а въшетечное[18] ихъ своей воли завъжды противна».
Але-ж і польская радавітая шляхта кожны раз, як пасад займаўся новым каралём, вымагала сабе пашырэньня правоў і розных прывілеяў, як бы замучаная пад цяжарам законаў. Аўтар спрытна абмінае сьлізкае пытаньне, адзначаючы толькі, што шляхта не кіравалася жаданьнем пазбыцца тыранаў, якімі польскія каралі ніколі ня былі; наадварот, яны самі давалі ёй магчымасьць ахоўваць свае правы й вольнасьці; — «што мы все упатруючы, — піша далей аўтар, — за щасливый народъ себе быти почитаемъ, которымъ панъ Богъ такие гасподары дати рачылъ, же не толко абы водлугъ, воли и уподобанья своего надъ нами звирхность свою господарскую ростечати мели, але и сами намъ поводомъ до того были, абысмы собе права, яко найбольшые сторожы посполитое вольности творыли и большей владности и звирхности господарской надъ собою не попущали, одно поколъ[19] бы имъ певную границу панованья ихъ надъ нами права замерили, за што яко славу несмертельную въ паметяхъ нашихъ собе заставали». І найлепшым прыкладам гэтага зьяўляецца сам Жыгімонт, які пажадаў праславіць сваё імя тым, што ўтварыў новы законадаўчы статут пры дапамозе мудрых выбранцаў з народу, у ліку якіх аўтар мог бы на першым месцы назваць самога сябе. Але ён лічыць сябе шчасьлівым ужо й таму, што на яго долю выпаў гонар выдаць Статут у друку, і дзякуе каралю за гэтую міласьцівую ласку.
Ня менш цікавая, як па зьместу, гэтак і па форме выкладу, прамова Льва Сапегі, якую ён меў на ўрачыстым пасяджэньні сойму калі прапанаваў зацьвердзіць новыя законы. Гэтая прамова часткай паўтарае вышэй ужо вылажаныя думкі аўтара; дзякуючы аднак суцэльнасьці й стройнасьці яе, лічым патрэбным падаць яе поўнасьцю, як узор беларускага краснамоўства ў канцы ХVI веку.
«Обачывали то усихъ вековъ люди мудрые, же в каждой речы посполитой чоловеку, почъстивому ничого не маеть быти дорожшого надъ вольность, а неволею такъ се маеть гыдити, же не только скарбами, але и смертью се одъ себе отганяти есть повиненъ. А про то своихъ противъ люди почъстивые не только маетности, але и горлъ своихъ противъ кождому неприятелю выносити не жалують, абы подъ ихъ окрутное вольности своее будучи злуплени, опанованье не приходили, а, зъ вольности своее будучи злуплени, водлугъ воли и мысли ихъ яко невольники не мусели жити.
Але вже мало бы и на томъ было, ижъ бы чоловекъ зъ неволи отъ посторонного неприятеля былъ воленъ, кгды бы домового неприятеля надъ собою терьпети муселъ.
Тогды тотъ монъштукъ, або удило, на погамованье[20] кожъдого зуфальцу есть вынайдено, абы се боячы права, отъ кожъдого кгвальту и збытку погамовалъ, а надъ слабшимъ и худшимъ не паствилъ[21], се и утискати его не могъ. Бо для того права суть постановлены, абы можному и потужному[22] не все было вольно чинити, яко Цыцеро поведилъ, ижъ естесмо невольниками правъ для того, абысьмы вольности уживати могли.
А естли ж чоловеку почъстивому ничого нетъ мильшого надъ тое, кгды, въ отчызне своей безпечне мешкаючы, не боитъ се, его хто на доброй славе его змазати, албо на теле и на здоровью его образити, альбо тежъ на власной маетности его укрывдити могъ, тогды то ничому инъшому, одно праву причитати маеть, за которымъ отъ кождого въ покою седить и жадного усильства и обелженья[23] и укривженья на собе не поносить. Бо тотъ цель и скутокъ усихъ правъ естъ и маетъ быти на свете, абы кождый добрую славу свою, здоровье и маетность въ целости мелъ, а на томъ жадного ущирбку не терпелъ,
И то есть наша волность, которою се мы межы инъшыми народы хрестианскими хвалимъ, же пана, ижъ бы водле воли своее, а не водле правъ нашихъ пановалъ, надъ собою не маемъ, а яко славы учстивое, такъ живота и маетности вольно уживаемъ. Бо хто бы кольвекъ съ тыхъ трохъ речей в чомъ насъ укривдити и подлугъ уподобанья своего, а не водле правъ нашихъ надъ нами паствили се ме, тотъ бы вжо не паномъ нашимъ, але сказителемъ правъ и волностей нашихъ былъ, а мы бысмо невольниками его быти мусели.
И слушне за правду маемъ за што пану Богу дяковати, же под панованьемъ королей ихъ милости и великих князей, пановъ нашихъ, тую владзу и вольность у рукахъ своихъ маемъ, а права сами собе творачы, яко найбольше можемъ, вольности своее во всемъ постерегаемъ; бо не только суседъ а спольный нашъ обыватель въ отчызне, але и самъ господаръ панъ нашъ жадное звирхности надъ нами заживати не можетъ, одно толко, колько ему право допущаеть.
Про то, маючи таковый скарбъ въ рукахъ нашихъ, который жадною сумою преплачонъ быти не можетъ, пристоитъ кождому почьстивому чоловеку, абы о немъ ведалъ, а будучи добре ведомый, абы яко самъ себе и попудливости[24] свои гамовалъ[25] и водлугъ права писаного справовалъ се, а никого не кривдилъ, такъ, ести бы од кого былъ укривжонъ, абы ведалъ, где обороны и лекарства въ кривъде своей искати маетъ.
Бо яко одинъ сенаторъ рымский другого штробовалъ, же права отъчизны своее не умелъ, такъ кожъдый обыватель годенъ есть наганенья, который вольностью се фалить[26] и правъ своихъ умети и розумети не хочеть, которымъ правомъ усю вольность свою обварованую маеть. А если которому народу встыдъ правъ своихъ не умети, поготовю намъ, которые не обчимъ якимъ языкомъ, але своимъ власнымъ права списаные маемъ, и кождого часу, чого намъ потреба ку отъпору всякое крывды, ведати можемъ.
А ижъ тая трудность передъ тымъ не по малу до того заважала[27] же не кождый статутъ могъ мети для трудного и долгого переписованья, — тогды и в томъ той потребе кождого обывателя ѳолькгуючы и пожитку речи посполитое служечы, важиломъ се[28] того тую працу на себе подъняти, а кошту и накладу свсего не жалуючы, абыхъ то в друкъ подалъ а дорогу лацнейшую и снаднейшую[29] кождому ку ведомости права показалъ.
Кгды жъ то вжо в рукахъ своихъ кождый, коли похочетъ, мети можеть, прошу: рачъте жъ въ милость тую працу отъ мене въдячне приняти; а, маючи вольности свои правомъ добре объварованые, того постерегати, обысте до судовъ и до трибуналовъ не только людей добрыхъ а тыхъ правъ нашихъ добре умеетных обирали, але боящихъ се пана Бога и цнотливыхъ, которые бы не для пожытку своего а ку шкоде ближнего для лакомъства своего и для подарковъ права выкручали, але, простымъ трыбом идучы, светое правды и справедливости постерегали, а тую вольность, которою се тешимо, въ целости намъ заховали. О тымъ се ласне и милости вашихъ милостей братеръской поручаю».
У пасьвячэньні каралю паміж іншым кажацца, што гэты „статут новый, а на многихъ местьцахъ отъ людей мудрыхъ а в правахъ беглыхъ з народу, нашого на то собраныхъ поправленый“, — адкуль відаць, што над складаньнем статуту працавалі, апрача падканцлера, і іншыя асобы пад яго кіраўніцтвам. Але іменьні гэтых супрацоўнікоў невядомы, і ў кожным выпадку, заслуга за першае выданьне Статуту у друку цалкам выпадае на долю Льва Сапегі.[30]
Дзяржава, як належыць, ацаніла працу Льва Сапегі. Кароль абдарыў яго новымі маентнасьцямі, а тагочасныя пісьменьнікі ў сваіх панэгірыках называлі яго «бацькай бацькаўшчыны» і літоўскім Солёнам. Мала гэтага, у наступным годзе кароль назначыў Сапегу на найвышэйшую ў гаспадарстве пасаду канцлера, якую займаў да яго Крыштоф Радзівіл.
Як шчыры католік, кароль не ўспадабаў Радзівіла за яго прыхільнасьць да пратэстантаў. А Леў Сапега якраз у 1588 г. паказаў сваю прыхільнасьць да каталіцызму. Народжаны й ахрышчаны ў праваслаўнай веры, Сапега заставаўся гэткім усе свае маладыя годы. Пад уплывам загранічных нямецкіх школ, у якіх вучыўся Л. Сапега, ён прымае пратэстанцкую рэлігію, якая лічылася тады ў Польшчы й Беларусі азнакаю прасьвячоных людзей, асабліва з багатых і знатных родаў. Праз нейкі час Сапега ў 1588 г. прыняў каталіцтва, чаму шмат дапамог знамяніты ў той час казнадзея — езуіт Пётра Скарга, а гэтак сама жонка Сапегі, каталічка з дому Фірлеяў. Аднак гэты крок спрытнага дыплёматы быў выкліканы часткаю й палітычнымі варункамі. Праўда, у сваім тастаманце Сапега тлумачыць гэты важны факт сваім глыбокім унутраным перакананьнем.
«Найперш — кажа ён, — вызнаю багатыя й вялікія міласьці Госпада Бога Тварца, што ён мне, заблудзіўшаму ў маёй моладасьці, не дазволіў прапасьці, адступіўшы ад прававітай веры й зыйшоўшы з збаўленнага шляху. Я заблудзіўся, як авечка, будучы ў маладых гадох выхаваны ў нямецкіх гарэтыцкіх школах. Але міласьцівы Госпад і Спасіцель мой, як добры і ісьцінны пастыр, ня хочучы пагубіць грэшнага чалавека, у невычарпаным міласэрдзі і ў безгранічнай даброці сваей боскай, асьвяціў мой розум, прывёў і прыняў мяне ў сваю ісьцінную аўчарню, сваю ісьцінную Рымскую царкву[31].
Аднак, стаўшы католікам і многа даючы ахвяраў на касьцёлы й каталіцкія манастыры, Леў Сапега гэтак сама падтрымліваў ня толькі вуніяцкія, але й праваслаўныя сьвятыні і ў сваім тастаманце не забыўся аб іх. Наадварот, вельмі горача кажа: „Рускія цэрквы, пабудаваныя мною ў маіх маетнасьцях, разам з усімі фундацыямі, упамянутымі ў гэтым тастаменце, а гэтак сама ўсімі іншымі, якія бы яшчэ, пры жыцьці мог пабудаваць і надзяліць на чэсьць і славу Госпаду Богу ўсемагучаму, у Тройцы Сьв. ядынаму, няхай назаўсёды вечна й непарушна застаюцца й знаходзяцца пад уладаю прасьвяшчэнных біскупаў грэцкіх, у маіх фундацыях азначаных, а менавіта яго міласьці айца мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсея Русі, яго міласьці айца біскупа Луцкага й Пінскага, цяперашніх і наперад будучых. А калі-б хто з маіх патомкаў або іншых насьледнікаў адважыўся пасягнуць на гэтыя ўспамянёныя маі фундацыі, наданыя манастыром, касьцёлам і царквом, якія ў рэлігіі грэцкай і ў вуніі знаходзяцца мною ўфундованы, і хто пасьмеў бы зьмяніць маю волю, прыцісьняць ці адбіраць, той хай кожны будзе пракляты на гэтым сьвеце і ў будучым веку, і няхай Госпад Бог адыме ў яго ўсе духоўныя й цялесныя тут на гэтым сьвеце і ў будучым веку збаўленыя й вечныя ўцехі, і кожнага з гэткіх я выклікаю на страшны суд Божы. Бо, калі-б я сьмертнаму чалавеку запісаў тое, на што маю права, і ніхто бы ня мог гэтага адняць у сьмертнага чалавека, то тым больш — ніхто ня мае права браць таго, што я на адпушчэньне грахоў мaix i дзеля атрыманьня царства нябеснага, на чэсьць і славу Г. Б. ўсемагучаму, у Тр. сьв. ядынаму, на касьцёлы, цэрквы, якія ў вуніі з Рымскаю царквою знаходзяцца, даю, дарую й запісваю, бо я маю права распараджацца сваёю ўласнасьцю й рабіць тое, што мне спадабаецца, і ніхто мне гэтага, як пры жыцьці забараніць ня можа, гэтак і пасьля сьмерці адбіраць, зьмяняць і гвалціць маю волю ня мае права». (там-жа). Асабліва выразна выявілася яго неаднабокасьць у справах веры, калі змаганьне праваслаўных з вуніятамі набрала асаблівае моцы; на чале гэтага змаганьня з праваслаўнага боку стаяў нова-назначаны вітайскі ўладыка Мялета Сматрыцкі, з вуніяцкага ж — арцыбіскуп полацкі Іосафат Кунцэвіч, які стаўся ахвяраю гэтае барацьбы.
Да гэтага часу (1621 г.) адносіцца знамяніты абшырны ліст Льва Сапегі да Іос. Кунцэвіча. Гэты ліст, побач з двама вышэйпаданымі дакумантамі, мог бы быць вельмі добрым узорам яго літаратурнага таленту, палітычнае развагі, высокіх гуманных поглядаў і бязумоўнай вераспагаднасьці. Але гэты ліст напісаны, на жаль, на польскай мове, і мы ня маем магчымасьці затрымацца на ім даўжэй[32]. Адзначым толькі тое, што калі ў гэтым лісьце Л. Сапега раіць, каб пры ўводзінах царкоўнай вуніі ўхіляцца ад гвалтоўных сродкаў, у чым вінавацілі Кунцэвіча, то й з боку праваслаўных біскупаў практыкаваліся ня менш гвалтоўныя й зусім не хрысьціянскія спосабы, аб чым сьведчаць тагочасныя арыгінальныя дакуманты. Гэтак, напрыклад, вядомы праціўнік вуніі, а затым вельмі шчыры яе прыхільнік, Валынскі біскуп Ігнацы Пацей, у сваім пасланьні (1596 г) да берасьцейскага пратапопа і ўсяго мясцовага духавенства называе вуніятаў гарэтыкамі й срога наказвае паступаць з імі, як з гэткімі: „Тобѣ, протопопо, всѣмъ поломъ берестейскимъ, соборовымъ и околичнымъ, приказуемо подъ клятвою и отлучениемъ стану священнического, абысте ни до едного съ таковыхъ непослушныхъ въ домы ихъ не ходили, дѣтей ихъ не крестили, святостей Хрыстовыхъ такимъ не давали, погребовъ умерлымъ не чинили и жадною справою духовнаю имъ не услуговали, при церквахъ погребати тѣлъ мертвыхъ не допускали и по умерлыхъ звонити не розказовали, згола всѣхъ таковыхъ за еретиковъ выклятыхъ отъ церкви Божей мѣли»[33]. І ўсе гэтыя пагрозы й пракляцьці сыпаліся на галовы людзей затое, што з іх «некаторыя снать на зелживость вѣры своей и дому Божого молитвенного зборы якись покутне, способомъ еретицкимъ, въ домехъ своихъ чинятъ, а снать нѣкоторые до еретицкихъ божницъ на молитвы утекаются». Погляды-ж Сапегі былі нязьмерна больш гуманныя й сьцісла хрысьціянскія, аб чым можна пераканацца з памянёнага пасланьня пасланьня Кунцэвічу, дзе ён кажа, што «пэўна, пахвальна й павінна імкнуцца к таму, каб было адно стала й адзін пастыр, але гэтае яднаньне павінна дасягацца не гвалтамі, а любоўю, згодна са славамі ап. Паўла, а прымусовасьць робіць з авец казлоў. Каб авечкі не разьбягаліся, трэба даць ім добрых пастыраў, а не зачыняць перад імі дзьвярэй сьвятыні, ня ўхіляць іх ад хрысьціянскіх абрадаў і сьвятых таямніц. Калі жыдом і татарам дазволена мець свае сынагогі й мячэці, то хто-ж мае права гэтак зьдзекавацца над хрысьціянамі й гвалціць іх сумленьне. Хрыстос гэтага не рабіў, ён нікога не прымушаў і не праганяў ад сябе, а ўсіх ласкава заклікаў — «прыйдзеце да мяне, і я супакою вас».
У 1620-ых гадох, калі швэды з Густавам Адольфам, не без дапамогі Масквы, нахлынулі на Беларусь, Сапега зноў становіцца на абарону бацькаўшчыны і адзначаецца на ваенным становішчы, ня гледзячы на свой 63-гадовы век. Але асабліва ўдзячна яму было гаспадарства за тыя выдаткі, якія ён прыняў на сябе ў часе гэтай ваеннай буры, побач з якою яшчэ пашыралася й маравое паветра. Яму была даручана булава вялікага, гэтмана літоўскага, г. зн. права найвышэйшага камандаваньня; і Сапега з гонарам выпаўніў гэтае цяжкае заданьне, вядучы амаль усю вайну на свой кошт. Пасьля гэтага, будучы ваяводаю Вільні, Сапега спакойна дажываў тут свой век, працуючы паміж іншым над далейшым упарадкаваньнем дзяржаўнага архіву — Літоўскай Мэтрыкі.
Калі-ж у 1633 г. новы кароль Уладыслаў IV ўяжджаў у сталіцу Беларуска-Літоўскага князьства-Вільню, то Леў Сапега, як гаспадар гораду, на чале санатараў, з булаваю й новым тытулам маршала, вярхом на кані спаткаў новага манарха, ня гледзячы на свой ужо бадай 80-ці гадовы век, а праз два тыдні ён памёр.
Мы, быць можа, занадта доўга затрымалі чытача над асабістасьцю Льва Сапегі, які з першага погляду меў толькі пабочны стасунак да нашага пісьменства. Але ўжо адно тое, што ён гэтак шчыра кахаў і паважаў беларускую мову, мы муселі супыніцца на ім з падзякаю, каб сказаць, што век Льва Сапегі быў лепшым часам у гісторыі старадаўнае беларускае літаратуры.
- ↑ сказаць;
- ↑ выйсьці;
- ↑ ахвоту;
- ↑ папазычаем з працы: Życia sławnych Polaków. Edycya Tadeusza Mostowskiego, w Warszawie 1805, t. I str. 203.
- ↑ Гэтыя творы вядомы й на польскай мове, напр.. у вышэйпамянёнай кнізе „Życia slawnych Polaków.“ т. I стр. 185—192, і ў іншых біаграфіях Лева Сапегі;
- ↑ грамадзянстве;
- ↑ супольнае;
- ↑ сталася.
- ↑ дабро;
- ↑ закладалі;
- ↑ той;
- ↑ палацінску — Bellua — вялікі дзікі зьвер;
- ↑ зухвалец, буян;
- ↑ адтрымлівалі;
- ↑ свавольле: беззаконьн;
- ↑ у нішто.
- ↑ перашкаджалі;
- ↑ распуснай;
- ↑ пакуль.
- ↑ паўстрыманьне;
- ↑ абласкваўся;
- ↑ магутному;
- ↑ зневаженьня.
- ↑ гарачнасьць;
- ↑ стрымліваў;
- ↑ хваліцца;
- ↑ замінала;
- ↑ адважыўся;
- ↑ лягчэйшую.
- ↑ Пасьля Статут перавыдаваўся няраз: у 1619 г. у Вільні яшчэ пры жыцьці Сапегі, у 1648 г. у Варшаве пры Уладыславе IV, у 1698 г. у Вільні пры Яне Сабескім, адзін раз яшчэ тым-жа пры Жыгім. III ў у 1786 г. там жа пры Станісл. Аўгусьце.
- ↑ Поўны тэкст тастаманту (папольску) надрукованы у кнізе: „Sapiehowie“. Materjały histor. geneal. Petersburg 1890 t. I 399.
- ↑ Некаторыя, аднак, лічаць гэты ліст падробленым, бо ён, будучы адказам на ліст Кунцэвіча, ня зусім з ім згаджаецца.
- ↑ Поўнасьцю копія, гэтага пасланьня надрукована у I томе „Актовъ, относ. къ исторіи Южн. и Зап. Россіи, С. П. Б. 1863, пад № 220. Аўтэнтык — у Архіве Львоўскай Грэка-Вуніяцкай капітулы.