Перайсці да зместу

Народ і інтэлігенцыя (Лёсік)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Народ і інтэлігенцыя
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 8 сакавіка 1918 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нацыянальны рух — справа культурнага парадку. Простаму, паспалітаму народу трудна ўразумець, дзеля чаго гэты нацыянальны рух, нашто яму тая мова, з каторай кпяць і смяюцца.

Нацыянальнае адраджэнне — справа культурнага разумення. У справе нацыянальнага адраджэння патрэбна разуменне цэлага, а не частковага. Тут трэба ахапіць тое, што калісь будзе, што свеціцца ў далёкай будучыні, а не дыміцца ў сучаснасці. Трэба любіць дальнага, а не бліжняга і быць закаханым у цэлае, а не частковае. Трэба меркавацца з творчасцю, а не працавітасцю.

Зусім справядліва, што і без нацыянальнага адраджэння паспаліты народ можна зрабіць сытым і давольным. Але не адным хлебам жыў бывае чалавек. Аддаўшы ўшанаванне целу перад духам, мы чынім гвалт над натураю. Занядбаны дух засумуе смяртэльна і знішчыць і цела.

Шмат каму гадалася, што, даўшы народу дабрабыт матэрыяльны, лягчэй абудзіць у ім і нацыянальнае. Але памыліліся. Прыняўшы зямлю, народ упарта не прымаў нацыянальнага.

Народ у масе сваёй элемент пасіўны. Народ аб’ект, а не суб’ект. Народ — матэрыял для творчасці сілы ініцыятыўнай, інтэлігентнай. Праўда, у народзе ўсё культура, прагрэс, хараство, але пастольку, паскольку гэта праяўляецца ў творчасці яго сіл актуальных, яго інтэлігенцыі. Глыба мармуру праяўляе хараство, калі над ёй папрацуе сіла творчая — скульптар-мастак, і праявіць у ім сваю думку-ідэю.

Для масы народнай усё роўна, над якім пачаткам жыць, абы — добра, сыта і пакойна. Праўда, народ робіць гісторыю, але не сам, а пад кіраўніцтвам кагосьці. Вада круціць калёса ў млыне, але тады, калі творчая сіла прыстасуе да гэтага патрэбныя прылады.

Трэба кінуць думку, што абуджаная маса сама пачне рухаць ідэю нацыянальных заданняў. Народ рухаецца з прычын матэрыяльных, патрэбамі цела. Ідэю нацыянальную трэба выпланаваць у матэрыяльным. Трэба тварыць культуру і яе здабыткі зацвярджаць і ўмацоўваць у народзе.

Для заданняў нацыянальнага адраджэння трэба арганізаваць інтэлігенцыю. Для інтэлігенцыі патрэбы духу маюць сілу абавязковасці, як для масаў патрэбы матэрыяльныя. І толькі сярод інтэлігенцыі ідэя нацыянальнага адраджэння набярэ сілы, значэння і жыццёвай прымусовасці. А здабыткі творчай сілы інтэлігенцыі народ прыме, як прыняў ён хрысціянства, рэфарматарства і рэвалюцыю. Бо інтэлігенцыя — яго дух, яго розум, яго ўласны інстынкт жыцця. Інтэлігенцыя не можа тварыць таго, што не карысна народу — ясней кажучы, інтэлігенцыя заўсёды творыць волю свайго народу, калі мае на ўвазе патрэбы цэлага, а не частковага, патрэбы нацыі, а не яго асобнага стану. Сціслае здавальненне патрэб ці інтарэсу часткі, таго ці іншага стану нацыі, прыводзіць да катастрофы.

Не забываючы справункаў абыходку будзённага, інтэлігенцыя Беларусі павінна запаліцца агнём агульнай, планамернай працы на грунце культурна-нацыянальга росквіту сваёй бацькаўшчыны.

Мы перш за ўсё беларусы, і ўжо потым сацыялісты ці не сацыялісты, дэмакраты ці не дэмакраты, кансервацісты ці не кансервацісты.

Захаваўшы сваю нацыю і адбудаваўшы сваю хату, мы здолеем завесці ў сябе парадак адпаведны і нашаму сумленню, і нашаму пракананню. Хто не дбае аб нацыі, той смяртэльна хвор або самагубца, бо не можна гатавацца да жыцця і не дбаць аб самой крыніцы жыцця.

Хто кажа, што любіць Айца Нябеснага, а бліжняга свайго ненавідзіць — той лжэц. Хто любіць народ, а мовы яго ці культуры яго не прымае, той падашуканец. Служыце народу, а не людзям, любіце нацыю, а не стан яго…