Народ чуе
Народ чуе Публіцыстыка Аўтар: Янка Станкевіч 1914 Крыніца: № 15, 17 красавіка 1914 г., б. 2-3 |
Народ чуе
Непрыяцелі беларускаго адраджэньня кажуць, што бытцым беларускі народ астаецца глухім на кліч сваей сьвядомай інтэлігенціі. Адны гэтак кажуць дзеля таго, што мала знаюць беларускі рух, другіе, каб апаганіць наш рух і гэтым адвярнуць ад яго вочы грамадзянства. Каб прыпыніць чысты руччэй беларускаго адраджэньня, яны бруднымі рукамі кідаюць у яго каменьня. Але ня гледзючы на гэта наш народ прачыхаецца і радасна сустрэчае раніцу вясны сваей!
Я прывяду неколькі фактоў, каторые зразу спомніліся. Гэта, праўда, маленькіе красачкі, каторые ледзь можна ўгледзіць на прадвесьні.
У пачатку 1907 г., калі тыкеля пачалі выходзіць беларускіе кніжкі і газэта, у мяст. К. ў ашмяншшчыне адзін інтэлігент-беларус чытаў газэту у роднай мове. Да яго прыйшоў селянін Пётра і стаў пільна прыслухівацца. Слухаў, слухаў, а пасьля папрасіў газэты, прытуліў яе да сэрца, як маці дзіцянё і прагука́ў:
— А мая ты родная!. Па нашаму, аб нас пішэ!..
Я знаю многа сёл, дзе калі прыходзіла беларуская газэта селяне збіраліся у адну хату і слухалі, часта да поўначы, роднае слова, аб родных справах. Селяне у такіх сёлах з нецярпеньнем ждуць тае часінкі, калі можна будзе і Богу маліцца у роднай мове.
У мяст. Крывічах, Вілейскаго пав., як чыталі першы раз беларускую газэту, кабеты плакалі з радасьці.
Можна сьмела сказаць, што ў кожным сяле, дзе тыкеля ёсць падпісчык беларускай газэты, ёсць грамада селян, каторые з любатой чытаюць роднае слова, ведама, калі падпісчык газэты не хавае. Цікавяцца родным друкаваным словам не тыкеля ўзрослые, але навет дзеці. Нідаўна у ашмяншчыне было такое здарэньне.
Селянін Урбановіч, мой блізкі знаёмы, выпісаў на продаж беларускіх кніжак. Адна шляхоцкая дзяўчынка, 12 год, прыйшла і купіла на 60 кап. кніжак. Але на трэцьці дзень я даведаўся, што бацькі настрашэные адным польскім чорнасоценцам, важнай асобай у парохіі, што бытцым іх за беларушчыну перавернуць у праваслаўе, спалілі гэные кніжкі.
За тыдзень прыходзіць да мяне дзяўчынка і просіць прадаць ізноў ей за 85 кап. кніжак — «Цяпер, кажэ, не спалюць: буду хаваць у пуні.»
Янучонак.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі ды ў ЗША, бо ён быў апублікаваны да 7 лістапада 1917 года (паводле новага стылю) на тэрыторыі Расійскай імперыі.
За выняткам тэрыторый Вялікага Княства Фінляндскага і Царства Польскага, і не быў апублікаваны на тэрыторыі іншых дзяржаваў цягам 30 дзён пасля дня першае публікацыі. Юрыдычна Беларусь (ССРБ), як і Расея (РСФСР), не з’яўляецца спадкаемцам Расійскай імперыі. Таксама агульная міжнародная абарона аўтарскіх правоў на гэты твор не здзяйсняецца, бо Расійская імперыя не падпісвала міжнародных пагадненняў у галіне аўтарскага права.