Перайсці да зместу

Нарадавольцы-беларусы і іх орган «Гомон». К 50-лецьцю выхаду «Гомона»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нарадавольцы-беларусы і іх орган «Гомон». К 50-лецьцю выхаду «Гомона»
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1935

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У пачатку 1934 году мінула 50 гадоў з дня выхаду падпольнага часопісу нарадавольцаў пад назовам “Гомон”, пасьвячонага, паводле выражэньня генэрала Шабекі, “интересам Белоруссии”[1]. Выхад гэтага органу для гісторыі беларускага палітычнага руху мае безумоўна надта вялікае значэньне: у ім першы раз зусім выразна і канкрэтна быў сфармулаваны пастулят дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі ў складзе Расейскай Фэдэрацыіфэдэ — і то ня як pіum desіderіum, але як асноўны пункт палітычнае праграмы “мясцовае беларускае фракцыі” партыі “Народнае Волі”[2], пункт, да рэалізацыі каторага (ці прынамся да падгатоўкі ягонае рэалізацыі) заклікалі сваё грамадзянства нарадавольцы–беларусы, зарганізаваныя ў гэнай фракцыі з ініцыятывы ведамага беларуса–тэрарыста Ігната Грынявіцкага, бомбай каторага быў забіты цар Аляксандр ІІ[3].

Каб у поўнай меры вызначыць месца “Гомона” ў гісторыі беларускага руху, трэба перш прыпомніць, які шлях прайшла беларуская палітычная думка да часу выхаду “Гомона”: толькі тады выявіцца з поўнай яснасьцяй, што ж новага прынёс з сабой “Гомон” у беларускае жыцьцё.

Ужо і да нарадавольцаў шмат хто разглядаў Беларусь як палітычную катэгорыю. Да беларускага пытаньня, хоць і асаблівым спосабам, падыходзілі перадусім прадстаўнікі краёвае інтэлігенцыі, узгадаванае ў польскай мове і культуры ды зьвязанае з польскімі дзяржаўнымі традыцыямі і ідэаламі. Можа, гэта будзе лішне сьмелая дагадка, але здаецца, што пытаньне аб лёсе Беларусі пачало цікавіць гэтую інтэлігенцыю ў сьвязі з стварэньнем Напалеонам Варшаўскага Княства: факт, што адбудаваная Польшча не абыймала Беларусі, прымусіў краёвую інтэлігенцыю шукаць спосабу адарваньня беларускае тэрыторыі ад Расеі і далучэньня яе да Польшчы — паміма ці проці волі Напалеона, гэтак скупа зьдзяйсьняўшага ўскладаныя на яго палякамі надзеі5. Дык калі ў 1812 годзе на Беларусь прыйшлі францускія войскі ў сваім знамянітым паходзе на Маскву, краёвая інтэлігенцыя (пераважна шляхоцкая) хапаецца за аружжа, фармуе свае палкі і йдзе з Напалеонам, веручы, што толькі сваім актыўным выступленьнем здолее далучыць Беларусь да Польшчы, як гэта абразова намаляваў у сваім несьмяротным творы “Pan Tadeusz” Адам Міцкевіч [нечытэльна] Тое ж было і ў 1831 годзе — і з тым жа непамысным вынікам. Можна думаць, што іменна гэты непамысны вынік прымусіў эмігрантаў6 з 1831 году, заклаўшых у Парыжу “Towarzystwo Demokratyczne”, зрэвідаваць ранейшы лёзунг простага далучэньня Беларусі да Польшчы — “bez sastrzezeń” і замест уніфікацыі паставіць лёзунг фэдэрацыі з Польшчай зямель Беларусі, Літвы і Ўкраіны. Яны адчувалі дужа добра, што Беларусь — гэта самастойны край, зусім не ідэнтычны з этнаграфічнай Польшчай; яны ў поўнай меры здавалі сабе справу і з нацыянальнае абасобленасьці беларусаў і іх мовы, і вось пачынаецца шуканьне шляхоў да актывізацыі беларускага насяленьня дзеля выкарыстаньня яго ў аружнай барацьбе з панаваньнем Расеі. На гэта (прынамся пасколькі справа йдзе аб эмігрантаў зь Беларусі) пасярэдне паказвае факт чытаньня А. Рыпінскім дакладаў аб Беларусі і беларусах сярод эмігрантаў у Парыжу ў 1839 годзе, надрукаваных пасьля ў асобнай кніжачцы[4], пасьвячонай таму зь беларускіх сялян, каторы ня толькі гаварыць, але й думаць па–польску навучыцца... Ня веручы ў магчымасьць нацыянальнага адраджэньня беларусаў[5], і эмігранты, і астаўшыяся ў краю барацьбіты за адбудову Польскае Рэчы Паспалітае, актывізуюць беларускую масу, стараюцца зрабіць тое, што гэтак ярка выказаў у ўспомненым пасьвячэньні сваім Рыпінскі: спольшчыць беларусаў. Аднак палянізацыйная тэндэнцыя выяўляецца не ў усіх: гэтак, беларуская творчасьць Сыракомлі паказвае, што ён, пішучы па–беларуску свой верш на рэвалюцыйныя падзеі, якія ў 1848 г. разыграліся ў Заходняй Эўропе, мае на мэце падняць беларусаў як такіх на змаганьне з Масквой, прапагуючы толькі салідарнасьць мужыка і пана — у імя ідэалу дзяржаўнае адбудовы Польшчы[6]. А ўжо зусім рашуча зрывае з гэтай тэндэнцыяй у 1863 годзе Костусь Каліноўскі, па сваей ідэалёгіі — шчыры народнік, які творыць цэлую паўстанчую літаратуру ў беларускай мове (7 адозваў), заклікаючы беларусаў падпарадкавацца “польскаму ронду” і далучыцца да паўстанчага руху [нечытэльна] у імя зьдзейсьненьня польскага дзяржаўнага ідэалу. “Дзецюкі! — пісаў Каліноўскі ў аднэй із сваіх адозваў да беларускіх сялян. — Калі цяпер Ронд Польскі, падняўшы паўстаньне проціў маскаля, дае нам зямлю, справядлівую вольнасьць і Веру нашых Бацькоў, калі Пранцуз, Англічанін і цэлы сьвет ідзе нам памагаці, калі, як шырока зямля наша, народ грамадою, хто зэ стрэльбаю, а хто з касою, ідзе на адвечнаго нашага непрыяцеля, маскаля паганаго, калі маскаль ад нашых кос агнём уцякае, чы ж мы, Дзецюкі, сідзеці будзем? мы, што жывемо на зямлі Польскай, што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі зь векаў вечных[7]. Пэўне ж, слова “Палякі” ўжыта тут Каліноўскім у значэньні “грамадзяне Польшчы”, бо ж у іншых сваіх выступленьнях ён называе беларусаў іх уласным імем[8]. Дык тым больш ясна, што дзяржаўны ідэал Каліноўскага, павадыра паўстаньня на Беларусі і Літве, цалком укладываўся ў лёзунгу адбудовы Польшчы, вызваленае ад Масквы, — хаця ў сваіх адозвах Каліноўскі перад беларусамі галоўны націск кладзе на нэгатыўныя адносіны да Расеі.

Але Каліноўскі, змагаючыся з запаланіўшай Край Масквой, рашуча выступае ўжо і супраць цэнтралістычных тэндэнцыяў Варшавы. Іграе тут вельмі паважную ролю, пэўне ж, старая непрыхільнасьць польскага грамадзянства Беларусі і Літвы да ўсяго, што ішло з Варшавы: і па сягоньняшні дзень пануе тут папросту варожасьць да “варшавякаў”, гэтак далёкіх па сваей псыхіцы ад “крэсоўцаў”[9]. Каліноўскі меў яшчэ і спэцыяльныя прычыны варожа адносіцца да варшаўскага паўстанчага кіраўніцтва: сам ён быў “чырвоны”, стаяў за глыбокія сацыяльныя зьмены на карысьць сялянскіх масаў, а ў Варшаве, наадварот, пераважалі “белыя”, зусім не спагадаўшыя сацыяльнаму радыкалізму Каліноўскага, Вось чаму Каліноўскі ў аднэй із сваіх адозваў у вострай форме заяўляе, што не “бязмозглая Варшава”, а “мы самі будзем будаваць мужыцкую Беларусь”, — ясна, як складовую частку Польшчы. І з пэўным правам мы можам залічыць Каліноўскага да лічбы прадстаўнікоў беларускага аўтанамізму — у Польскай дзяржаве.

Як ведама, акцыя Каліноўскага, нягледзячы на яго гераічныя высілкі, падняць беларускае сялянства на паўстаньне ня здолела. Ня будзем тут затрымлівацца на прычынах няўдачы: яны агульнаведамыя. Адзначаем толькі самы гэты факт. Сялянства ня толькі не пайшло на паўстаньне, але шмат дзе яўна варожа адносілася да паўстанчага руху. Характэрнае сьвядоцтва гэтаму знаходзім у адным зь пісем Мураўёва, пісаным у Пецярбург да блізкае да цара асобы; у пісьме гэтым чытаем: “О положении дел в Могилевской губернии вы увидите из прилагаемой при сем копии с письма князя Яшвиля; там мятеж уже укрощен, но, к сожалению, почти одними крестьянами. Я пишу Яшвилю, чтобы не давал распространиться этому движению, ибо оно опасно; но и действовать против крестьян оружием — не следует; впрочем, они не делали никаких насилий. Достаточно будет словесных внушений местных высших властей; я надеюсь, что таким образом можно будет приостановить настоящий порыв крестьян; я об этом делаю распоряжение”[10].

Факт, на які пазываецца ў сваём пісьме Мураўёў, незвычайна паказальны, асабліва прымаючы пад увагу дадзеную яму аўтарам пісьма ацэнку. Ясна, што актывізацыя беларускіх сялянскіх масаў у той час ужо пачалася, толькі ня ў тым кірунку, аб якім думала спольшчаная і культурна, і палітычна краёвая шляхоцкая інтэлігенцыя. Актывізацыя гэтая мела сацыяльны грунт пад сабою і кіравалася проці краёвага абшарніцтва, падтрымліваўшага паўстаньне. Дык ня дзіва, што Мураўёў лічыў сялянскі проціпаўстанчы рух на сацыяльнай падкладцы небясьпечным: такі ж рух ужо пачынаў у той час выяўляцца па ўсей Расеі, робячы шмат клапотаў царскаму ўраду. А поруч зь сялянскім рухам пачынаецца і рух сярод работнікаў у вялікшых прамысловых цэнтрах, — пачынаюцца забастоўкі і іншыя выступленьні рэвалюцыйнага характару, асабліва ў 70—80–х гадох. Як адзначае А. Тун у сваей гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Расеі[11], у Беларусі ў 1880—1882 гг., пад уплывам рэвалюцыйнай агітацыі сярод сялянства, узьнялася хваля тэрарыстычных актаў на вёсцы ў пастаці падпалу двароў. Характэрна, што ў пэрыяд пасьля паўстаньня 1863 году, у якім найбольш актыўныя і найбольш ідэалістычна настроеныя элемэнты спасярод шляхты былі фізычна вынішчаны, ня толькі на Беларусі, але і ў Польшчы адбываецца актывізацыя новых грамадзкіх элемэнтаў, элемэнтаў “нізавых” — работніцкіх і сялянскіх. І ўжо не на шляхоцкім грамадзянстве, а на гэтых зактывізваных “нізавых” сілах хоча тут абаперціся радыкальная інтэлігенцыя: прыклад гэтага — арганізацыя ў Варшаве “Пралетарыяту”. І яшчэ характэрнае зьявішча: мамэнт адарваньня ад Расеі неяк сам сабой адсоўваецца на другі плян, а на першым месцы ўсюды, у тым ліку і ў Польшчы, стаўляецца імкненьне супольным, дружным высілкам народных масаў усяе Расеі разьбіць царскую ўладу, разьбіць стары палітычны рэжым і на яго руінах будаваць фэдэрацыю вольных народаў, або і зусім незалежныя нацыянальныя рэспублікі[12]. “Пралетарыят” на гэтай падставе ўваходзіць у фэдэрацыйную сувязь з партыяй “Народнае Волі”, якая стаецца кіраўнічым цэнтрам для ўсяго тагачаснага рэвалюцыйнага руху ў Расеі[13]. А калі ўважліва прагледзім цытаваную ўжо “Хроніку сацыялістычнага руху ў Расеі” генэрала Шабекі або нумары часопісу “Народная Воля”[14], дык спаткаем там дзясяткі імёнаў беларусаў — зь Меншчыны, Віленшчыны, Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Горадзеншчыны і Беласточчыны, якія прымалі чыннае ўчасьце ў рэвалюцыйнай рабоце і сталіся ведамымі з прычыны “правалаў” і арыштаў. Напэўна ж можна сказаць, што лічба нявыкрытых рэвалюцыйных дзеячоў–беларусаў мусіла быць шмат вялікшая, чым лічба выкрытых.

Няма ніякага сумліву, што сярод гэтых беларускіх рэвалюцыянэраў можна лічыць сьведамых нацыянальна беларусаў толькі... адзінкамі. Факты будуць паданы далей; — але яно ж і само сабой ясна, што раз не было шырокага нацыянальнага руху, дык прычынай гэтага была малая колькасьць нацыянальна ўсьвядомленых людзей. І ўсё ж бясспрэчна адно: такія адзінкі існавалі; мала таго: ня толькі існавалі, але й прабавалі аб’яднацца пад уласным беларускім сьцягам, пробавалі павясьці шырэйшую рэвалюцыйна–нацыянальную акцыю, супольным высілкам збудзіць грамадзянства і прыцягнуць яго да будаваньня Беларусі як аўтаномнае часткі перабудаванае на фэдэрацыйных пачатках Расеі[15]. Гэты іх высілак і выявіўся ў першы чарод у стварэньні ў лоне партыі Народнае Волі “Беларускае мясцовае фракцыі” (“Белорусской Местной Фракции”), а галоўным ініцыятарам, як ужо сказана на пачатку, быў тутака Ігнат Грынявіцкі.

Аб “Беларускай фракцыі” ў нарадавольчай арганізацыі мы ведаем вельмі мала. Яна мусіла паўстаць да жыцьця ў канцы сямідзясятых гадоў (1879—1880) — у тым часе, калі Грынявіцкі стаўся чынным сябрам “Народнае Волі”, а бытнасьць Грынявіцкага ў партыі абмежываецца гэтымі двума гадамі і абрываецца зь яго сьмерцяй 1 сакавіка 1881 году. У чым жа выяўлялася праца фракцыі? З каго яна складалася? Чаму і калі зьліквідавалася?

На першае пытаньне дае нам вычэрпываючы адказ зьмест № 2 “Гомона”, экзэмпляр якога перахоўваецца ў Беларускім Музэі ім. Ів. Луцкевіча ў Вільні. Чынным учасьцем у агульнарасейскай рэвалюцыйнай дзеяльнасьці здабыць — у мамэнт перамогі — права на ўладу ў Беларусі; падгатаваць грамадзкую думку да рэалізацыі самастойнасьці Беларусі ў складзе фэдэрацыі, у якую павінна была ператварыцца Расейская дзяржава; згуртаваць на гэтым грунце і пад гэтым сьцягам усе беларускія рэвалюцыйныя гурткі, лічба якіх была ў пачатку 80–х гадоў даволі значная[16], — вось задачы і абхват дзеяльнасьці фракцыі паводле зьмешчаных у № 2 “Гомона” стацей.

Трудней даць вычэрпываючы адказ на пытаньне, як выглядала беларуская фракцыя арганізацыйна і хто ўваходзіў у склад яе. Гэта — праблема, дзеля разьвязаньня каторае няма матэрыялаў. Сьцьвярджае гэта пасрэдна і такое багатае матэрыяламі з гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Расеі выдавецтва, як выдаваны ў СССР “Красный архив”, каторы ў рэдакцыйным уступе да ст[ацьці] “К истории процесса 21” (1929 г., т. 5) можа даць толькі вельмі агульны і расплыўчаты абраз арганізацыі “Н[ароднае] В[олі]” пасьля 1881 году: “Народная Воля, переживающая после 1 марта крушение своего центра и гибель Исполнительного Комитета..., вызывает в то же время широкое движение, которое идет под ее знаменем, часто без инициативы агентов центра, самостоятельно зарождаясь в отдельных местах и затем находя нужные организационные связи”. Дык ні цэнтар, ні царскі ўрад ня мелі часта ніякіх дадзеных аб арганізацыі падпольнае рэвалюцыйнае работы на мясцох, а толькі паводле праяваў руху адчувалі, што работа гэтая ідзе. І вось, стаўляючы гэту праблему дзеля разьвязаньня яе нашымі дасьледчыкамі гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі, я абмежываюся толькі вельмі малой жменяй вестак і фактаў, якія ўдалося сабраць ці то з друкаваных прац аб рэвалюцыйным руху ў Расеі наагул, ці ад асоб, прымаўшых учасьце ў гэтым руху або меўшых нейкую сувязь зь ім, ці ўрэшце з стацей і заметак “Гомона”, дагэтуль нікім не апрацаваных.

Прымаючы пад увагу, што ў 80–тых гадох, згодна зь сьвядоцтвам Адама Ягоравіча Багдановіча, бацькі паэты Максіма Багдановіча (Яраслаўль), чыннага ў сваім часе на тэрыторыі Меншчыны нарадавольца[17], існавалі на Беларусі (у Менску) нацыянальныя фракцыі польская ды жыдоўская, а такжа, грунтуючыся на назове беларускае фракцыі “местная”, як падае № 2 “Гомона”, — магчыма думаць, што беларуская фракцыя мела характар тэрытарыяльны. Да яе маглі належаць усе не–палякі і не–жыды, меўшыя свае нацыянальныя фракцыі, прычым, пэўне ж, далёка ня ўсе сябры яе выяўлялі беларускае нацыянальнае пачуцьцё і нацыянальна–беларускія імкненьні. Нацыянальна–беларускай, праўдападобна, была толькі невялікая групка, каторая, пасьля колькігадовае ўнутранае работы, і прыступіла ў 1884 годзе да выдаваньня свайго органу пад назовам “Гомон”. Дык выясьненьне складу гэтага нацыянальнага ядра, заклаўшагася пры чынным учасьці і мо з ініцыятывы Ігната Грынявіцкага, мае для нас асаблівае значэньне.

Імёнаў сяброў гэтае групы Адам Багдановіч назваць ня мог. Багдановіч успамінаў аб Гаховічу, як аб кальпартэры “Гомона” і ўспамінаў пра Івана Акаловіча ды Анатоля Сіцінскага, каторыя выяўлялі зацікаўленаць “Гомоном” і праўдападобна мелі зь ім нешта супольнае. Урэшце, сама рэдакцыя “Гомона” ў № 2 з 15 лістапада 1884 году піша, што “одним из горячих основателей белорусской местной фракции” быў Ігнат Грынявіцкі. Вось усё. З цэлае чаргі другіх актыўных нарадавольцаў, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі і маглі ўваходзіць у склад беларускае фракцыі, ніхто не выяўляў свае беларускасьці на дзеле: ані Анатоль Бонч–Асмалоўскі, ані Кавалік, ані Судзілоўскі, ані Параска Іваноўская. Значна пазьней — у пачатку 900–х гадоў, калі тварылася Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, — я даволі блізка супрацоўнічаў з Бонч–Асмалоўскім, спагадаўшым пачынаньню беларускіх адраджэнцаў на ніве рэвалюцыйнае працы, але ўсе ягоныя ўспаміны аб дзеяльнасьці нарадавольцаў–беларусаў абмежываліся фактам выхаду “Гомона” і пастаноўкай пастуляту аўтаноміі Беларусі ў Фэдэрацыі Народаў Расеі.

Яшчэ менш мог даць інфармацыяў аб гэтым Кавалік, з каторым стыкаўся шмат хто зь беларускіх дзеячоў. І ўсё ж такі ў аднэй з стацей “Гомона” ён упамінаецца як беларус побач з Судзілоўскім, Ісаевым, Грынявіцкім. Дый Адам Багдановіч піша, што ані ён сам, ані ягоныя таварышы не цікавіліся беларускім пытаньнем як пытаньнем нацыянальным і глядзелі на гэтае пытаньне як на “другараднае”, як на “справу будучыні”[18]. Наадварот, група “Гомона” лічыла яго актуальным, насьпеўшым ужо, вымагаючым ужо сягоньня вялізарнае працы дзеля адраджэньня беларускага народу[19]. Ясна, што лічба такіх нарадавольцаў мусіла быць надта невялікая.

Успамінаючы імёны Сіцінскага і Акаловіча толькі мімаходам, Багдановіч у сваіх пісьмах больш інфармацыяў дае аб Гаховічу. Гаховіч вучыўся ў Менскай духоўнай сэмінарыі і ў 1880—1881 гг. вёў тамака рэвалюцыйную прапаганду[20]. Пасьля паступіў у Маскоўскі ўнівэрсытэт — на мэдыцынскі факультэт. У Маскве ж і хутка “праваліўся” і быў прымушаны выэміграваць за граніцу, скуль вярнуўся толькі пасьля 1905 году і быў лекарам у Наваградчыне — недзе каля Нягневіч ці Карэліч.

Вось і ўсё, што ўдалося даведацца ад А. Багдановіча аб Гаховічу[21]. Затое можна падаць жменю падробных вестак, характарызуючых даволі ярка аднаго з галоўных тварцоў беларускае фракцыі — Ігната Грынявіцкага: не дарма ж імя яго зьвязана з такім яркім тэрарыстычным актам, як забойства цара.

Ігнат Грынявіцкі радзіўся ў 1856 годзе. Інфармацыі аб месцы нараджэньня яго разыходзяцца: Шабека[22] кажа, што нарадзіўся ён у Бельшчыне Горадзенскае губ.; наадварот, паводле Туна[23], месцам нараджэньня Ігната Грынявіцкага была Меншчына, скуль пазьней бацька яго разам з усей сям’ёй перабраўся ў Бельшчыну, дзе купіў фальварак Грыневічы. Тун выказвае думку, што ад гэнага купленага фальварку Грынявіцкія атрымалі сваё прозьвішча; аднак ясна, што, калі фальварак ня быў радавым гняздом Грынявіцкіх, дык магло быць толькі наадварот: фальварак дастаў назоў ад прозьвішча новых яго гаспадароў. Фальварак быў невялікі: 60—70 дзесяцін, дык уся чысьленая сям’я Грынявіцкіх, складаўшаяся з 11 душ, мусіла працаваць у полі. Адукацыя дзяцей каштавала дорага, дык бацька ўлез у неаплатныя даўгі, і ў 1880 годзе фальварак быў праданы зь ліцытацыі. Маці Ігната памерла да гэтага здарэньня, бацька ж так балюча адчуў сваё няшчасьце, што звар’яцеў. Ігнат скончыў сьпярша павятовую школу ў Бельску, а пасьля — рэальнае вучылішча ў Беластоку, дзе жыў вельмі бедна, так што, паводле сьвядоцтва Туна, мог дазволіць сабе піць гарбату адно толькі ў сьвяты... Быў старанным вучнем, добра рысаваў і адзначаўся рэлігійнасьцяй; нягледзячы на кпінкі калегаў, аставаўся добрым каталіком, за што ягоны законавучыцель кс. Вільгельм Шварц праз многа год пасьля сьмерці Ігната Грынявіцкага захаваў вельмі цёплы ўспамін аб ім[24]. Але тут жа, у Беластоку, адбыўся вельмі цікаўны псыхалягічны пералом у душы Ігната, у выніку каторага гэты добры каталік ператварыўся ў сваім далейшым разьвіцьці ў тэрарыста. У 1872—1873 гг. у Беластоцкае рэальнае вучылішча, як кажа Тун, вучнямі іншых школ былі перанесены сацыялістычныя ідэі, і моладзь захапілася ідэямі волі і роўнасьці. Пад уплывам гэтых ідэяў заданьнем жыцьця для Ігната Грынявіцкага сталася праца для народу. Скончыўшы сярэднюю школу ў 1875 годзе як найлепшы вучань, ён паехаў у Пецярбург і паступіў у Тэхналягічны інстытут, студэнты каторага лічыліся тады найбольш радыкальнымі, а да таго ж у сваім інстытуцкім жыцьці карыстаўся некаторай свабодай. Грынявіцкі прыняў чыннае ўчасьце ў студэнцкіх арганізацыях. І тут–то выявілася яго беларускасьць. Справа ў тым, што каталіцкая моладзь зь Беларусі, узгадаваная ў духу польскае культуры і польскіх нацыянальных ідэалаў, прыяжджаючы ў Пецярбург, далучалася да польскіх студэнцкіх кружкоў. Наадварот: праваслаўныя беларусы, узгадаваныя ў расейскім духу, паступалі ў гэтак званыя зямляцтвы, меўшыя пераважна расейскі нацыянальны характар. Грынявіцкі як беларус, сьведамы сваей нацыянальнай прыналежнасьці да беларускага народу, ня мог чуць сябе добра ані тут, ані там; аднак каб мець магчымасьць вясьці шырэйшую працу дзеля сваёй ідэі, ён адначасна ўвайшоў у склад і польскіх кружкоў (дзьверы іх адчыняла яму ягонае каталіцтва), і зямляцтваў. Гэта выклікала вялізарнае абурэньне сярод калегаў–палякоў: як апавядае Тун, яго пачалі абвінавачываць у “здрадзе”, казалі, што ён іх кампрамітуе і г. д. Не адну цяжкую хвіліну прыйшлося, пэўне, перажыць з гэтае прычыны Грынявіцкаму... Праца яго ў кружках была вельмі разнародная; не абмежываючыся тым, што ўжо існавала, ён тварыў новыя арганізацыі, другім аказваў помач, зьбіраў грошы на ссыльных, вёў карэспандэнцыю, вучыўся фальшаваць пашпарты, дабываў дзеля гэтага пячаткі; урэшце, завязаў сувязь з работнікамі і ў усіх карыстаўся пашанай як добры таварыш. Як відаць, гэта была адзінка сільная, з ініцыятывай, зь вялікімі арганізацыйнымі здольнасьцямі.

У 1879 г. Грынявіцкі далучыўся да кружка, каторы, па думцы кіеўскіх рэвалюцыянэраў– агітатараў, меўся “ісьці ў народ” дзеля тварэньня на мясцох баявых дружын. Пасяленьні “баевікоў” павінны былі стацца апэрацыйнымі базамі для рэвалюцыі. Аднак гэтая думка не сустрэла прыхільнасьці сярод рэвалюцыйных дзеячоў, і кружок не разьвіваўся. Але Грынявіцкі паехаў на вёску, каб зрабіць спробу стварэньня баявое дружыны. Куды паехаў? Лёгка дагадацца, што ў Бельшчыну, у Грыневічы, дзе ў той час яшчэ жыла ягоная сям’я[25]. Аднак спроба ягоная не дала памысных вынікаў: увосені 1879 году, вярнуўшыся ў Пецярбург, Грынявіцкі з уласьцівай яму шчырасьцяй заявіў, што гэты плян рэвалюцыі ня можа быць зьдзейсьнены. Пазнаёміўшыся з жыцьцём вёскі пад рэвалюцыйным кутом гледжаньня, Грынявіцкі ў той час, кажа Тун, здаволіўся бы болей–меней добрай канстытуцыяй. Ён прыйшоў да перакананьня, што трэба рабіць рэвалюцыю ня зьнізу, а зьверху, што тэрарыстычная партыя можа й павінна захапіць уладу шляхам актаў тэрору, і вось ужо ў 1880 годзе бачым яго сярод тэрарыстаў. “Тут аканчальна й аформілася мэта ягонага жыцьця”, — кажа Тун, разумеючы акт 1 сакавіка 1881 году. Але ў тым жа прыблізна часе — у 1879—[18]80 гадох — мусіла паўстаць да жыцьця і беларуская фракцыя: трэба думаць, што спроба рэвалюцыйнае працы сярод беларускага сялянства ў Бельшчыне і падказала Грынявіцкаму, што актывізацыя сялянскае масы можа і павінна адбывацца пад беларускім нацыянальным сьцягам.

У партыі спачатку Грынявіцкі выпаўняў другарадныя функцыі тэхнічнага характару; пасьля яму была даручана арганізацыйная работа сярод пецярбурскіх работнікаў — паводле інфармацыі Шабекі, на Выбарскай старане[26], дзе яго шырака ведалі пад мянюшкай Міхаіла Іванавіча (сярод партыйцаў ён меў мянюшку Коцік); урэшце партыя вызначыла Грынявіцкаму актыўную ролю ў замаху 1 сакавіка 1881 [году] на цара, калі ён і пагіб.

У апошнія тыдні перад забойствам Аляксандра ІІ з кватэры Грынявіцкага (на Выбарскай старане, пры Сімбірскай вуліцы, у нейкай Артамонавай, у якой Гр[ынявіцкі] наймаў пакой пад фальшывым пашпартам на імя Ельнікава[27]), зьбіраліся ўчасьнікі змовы, абгаварываючы свой плян. Урэшце настаў дзень 1 сакавіка. Была атрымана інфармацыя аб тым, што ў гэты дзень цар мае выяжджаць у горад па точна вызначанаму маршруту. Раніцай замахоўцы — пад кіраўніцтвам Пяроўскае — сабраліся ў кавярні Андрэева пры Неўскім праспэкце, у падвале — насупраць Гасьцінага двара. Як апавядае А. Тыркоў у сваіх успамінах са слоў Пяроўскае[28], усе яны былі вельмі ўзварушаныя, і толькі адзін Грынявіцкі быў зусім спакойны, хаця йшоў з сваей бомбай на пэўную сьмерць. Адзін толькі ён мог спакойна зьесьці паданую яму порцыю. З кавярні яны пайшлі ўсе паасобку і зноў сустрэліся ўжо на канале (на Кацярынінскім канале, ад Неўскага пр[аспэкту] к Няве). Там, абмінаючы Пяроўскую ў кірунку да месца замаху, ён ціхенька ўсьміхнуўся ёй ледзь відочнай усьмешкай. Ён ня выявіў ні ценю страху ці ўсхваляваньня і йшоў на сьмерць з зусім спакойнай душой. — А генэрал Шабека ў сваей “Хроніцы” адкрыта сьцьвярджае, што “единственно благодаря его хладнокровию до последнего момента, когда он шел на верную смерть, можно приписать удачу покушения”[29].

З свайго боку Тун адзначае, што ягоныя таварышы прыпісываюць яму славу Брута, Гармодзія і Арыстагітона[30].

Грынявіцкі, як відаць, быў зусім пэўны, што з замаху ня выйдзе жывым. Перад замахам ён напісаў свой тэстамэнт, які, на жаль, у цэласьці мы знайсьці не змаглі. Адрывак, які апублікаваны ў выданьні “Лит. Нар. Воли” ў 1905 г., датычыць замаху 1 марца 1881 г. і выказывае жаль, што ён загіне, але наперадзе яшчэ вельмі многа ахвяр, якія забярэ барацьба за волю. Калі б можна было пазнаёміцца з поўным тэкстам тэстамэнту Гр[ынявіцкага], дык можа знайшліся б тамака і нейкія сьляды беларускасьці яго...

Ня будзем тут затрымлівацца на апісаньні замаху: акалічнасьці яго агульнаведамыя. Прыпомнім толькі адно: што першая бомба, кіненая Рысаковым, не пашкодзіла цару, і ён ужо рыхтаваўся ехаць далей, перакананы, што абмінуў небясьпеку. У гэты мамэнт падышоў да яго Грынявіцкі і, падняўшы высака бомбу, кінуў яе з размахам паміж сабой і царом, ад каторага быў у трох кроках. Вынік — ведамы: пагіб і цар, і ягоны забойца, якога бяз памяці перавезьлі ў больніцу, дзе праз колькі гадзін ён памёр. Перад скананьнем ён расчыніў вочы. — “Хто вы?” — спыталіся ў яго акружаючыя. — “Ня... знаю...” — былі апошнія словы Грынявіцкага, захаваўшага кансьпірацыю да канца. Каб апазнаць яго, яму адрэзалі галаву, забальзамавалі і выставілі ў паліцыі дзеля публічнага агляду. Тады выясьнілі, што гэта ёсьць Ельнікаў, але запраўднае прозьвішча яго не было выкрыта ані тады, ані ў часе суду над загаворшчыкамі. Толькі ў 1882 годзе выйшла за граніцай, у Жэнэве, біяграфія тэрарыста–беларуса ў трох выпусках зборніка “На Родине”, і, здаецца, стуль грамадзянства даведалася праўдзівае яго імя.

Мы затрымаліся на біяграфіі Грынявіцкага даўжэй, бо яна дае даволі поўную характарыстку гэтага дзеяча — адзінага спасярод тварцоў беларускае фракцыі ў партыі Народнае Волі, роль каторага ў фракцыі выясьнена бясспрэчна. Зразумелая рэч, што, каб кінуць у грамадзянства новую ідэю — ідэю самастойнае Беларусі ў агульнарасейскай фэдэрацыі, — трэба было чалавека з ініцыятывай і вялікай сілай волі. Такім і рысуе нам Грынявіцкага ягоная біяграфія. І, на жаль, ня бачачы побач зь ім нікога, хто б мог зь ім зраўняцца ў тыя часы, можам сьмела дапусьціць, што ў асобе Грынявіцкага маем запраўднага тварца беларускага самастойніцка–фэдэралістычнага кірунку, ідэалёгію каторага фармуляваў пасьля ягонае сьмерці “Гомон”.

Фракцыя перажыла свайго закладчыка і, відаць, даволі добра разьвівалася, калі ў 1884 годзе заснавала свой орган. Але дайшоўшы гэтак як быццам да кульмінацыйнага пункту свайго разьвіцьця, яна ў 1885 ці 1886 годзе зьліквідавалася. Усе тры нацыянальныя фракцыі, існаваўшыя на тэрыторыі Беларусі ў лоне партыі Народнае Волі: беларуская, польская і жыдоўская, былі зьліты ў вадно. Аб гэтым у сваіх пісьмах гаворыць Ад. Багдановіч, які адзначае, што ліквідацыя нацыянальных фракцыяў адбылася хутка пасьля пераезду яго ў 1885 годзе на работу зь вёскі ў Менск і — не безь ягонага ўчасьця...

Пяройдзем цяпер да часопісу “Гомон”, які быў органам беларускае фракцыі.

Гомон. Белорусское Революционное Обозрение”. Вось поўны тытул часопісу. Другі нумар часопісу, які перахоўваецца ў Беларускім Музэі ім. І в. Луцкевіча ў Вільні[31], прадстаўляе сшытак школьнага тыпу 17,5х21,5 сm, адбіты на гектографе фіялетавымі чарніламі, і мае 38 страніц тэксту. Дата выпуску № 2 — 15 лістапада (ст. ст.) 1884 году. У перадавіцы гаворыцца на самым пачатку, што прайшло ўжо каля году ад выпуску № 1–га; значыць, трэба думаць, што “Гомон” быў заснаваны або ў канцы 1883, або ў пачатку 1884 году. Апошні год больш праўдападобны: справа ў тым, хто “Хроніцы” Шабекі падаецца вельмі акуратна бібліяграфія рэвалюцыйнае літаратуры, і вось пад 1883 годам аб “Гомоне” няма ўпамінаньня. Упамінаецца ў “Хроніцы” гэты часопіс толькі пад 1884 годам, прычым паказаны выхад толькі аднаго нумару[32], — і трэба думаць, што № 2 да рук паліцыі не дайшоў. У архіве пецярбурскае “ахраны” напэўна мусіць быць перахаваны № 1 “Гомона”, і толькі з апошняга й можна даведацца точную дату выхаду яго. Мне здаецца, што ён мусіў выйсьці ў студзені ці ў лютым 1884 году: рэдакцыя, складзеная праўдападобна з студэнтаў вышэйшых школаў, магла дзеля падгатоўкі матэрыялу і тэхнічнае работы выкарыстаць вольны ад навукі час калядных сьвятаў.

Месца выхаду “Гомона”, ясна ж, на ім не паказана дзеля кансьпірацыі. Але, апіраючыся на сьвядоцтва Ад. Багдановіча, можна сьцьвярдзіць, што ён ня выйшаў ад менскае групы. Багдановіч выказвае думку, што “Гомон” быў выдаваны ў Маскве беспасрэдна тамтэйшым беларускім студэнцкім зямляцтвам, і ўгрунтоўвае сваю дагадку тым, што “оттуда (з Масквы) мы получали и гектографированную, и литографированную литературу. Анатолий Александрович Сицинский ([18]85—[18]86 года), ныне покойный, и другие минские студенты ее привозили. А ранее — Гахович”. І ўсё ж гэта — толькі дагадка.

Характэрна, што ўжо ў той час былі асобы, якія — дзеля тых або іншых прычын — стараліся выясьніць месца выхаду “Гомона”; аб гэтым гаворыць наступная заява ў № 2 “Гомона” — ад Рэдакцыі:

“Нам передают, что “известный” профессор Дух. Акад. г. Коялович в порыве “белорусского патриотизма” пытается взять на себя довольно щекотливую роль сыщика; он чрезвычайно интересуется местом издания “Гомона” и составом его редакции. Имеющим с ним личные сношения советуем быть осторожнее”.

Заметка гэтая дае пэўную, хоць слабую, пуцяводную ніць у шуканьні адказу на пытаньне аб месцы выхаду “Гомона”: раз сябры рэдакцыі, як відаць з заметкі, маглі мець асабістыя зносіны з пр[аф]. Каяловічам, дык можна думаць, што “Гомон” выходзіў там, дзе жыў пр[аф]. Каяловіч. Вось жа пр[аф]. Каяловіч у 1884 г. выкладаў у Пецярбурскай Духоўнай Акадэміі і, значыцца, жыў у Пецярбурзе. Гэтая акалічнасьць разам з прыпіскай Рэдакцыі да стацьці аб беларускім пытаньні (№ 2 “Гомона”) аб тым, што гэная стацьця даўжэйшы час у рукапісе хадзіла па рукох пецярбурскіх беларусаў, дае падставу дапусьціць, што хутчэй за ўсё “Гомон” быў выдаваны іменна ў Пецярбурзе.

Перш чым перайсьці да разгляду зьместу “Гомона”, затрымаемся яшчэ на мове часопісу. Сярод беларускага грамадзянства існавала традыцыя (яна ведама мне ад самага пачатку дзевяцісотых гадоў), што “Гомон” выходзіў у беларускай мове. Гэта ж пацьвярджаў у сваіх пісьмах Ад. Багдановіч. Апісываючы з фатаграфічнай дакладнасьцяй выгляд “Гомона” (меў ён у руках той жа № 2, які і мы разглядаем), Багдановіч паміж іншым пісаў: “Помню, статьи написаны были хорошим белорусским языком в народническом духе — в духе “Земли и Воли”, но на националистической подкладке”. Вось жа і Багдановіч, і ўсе тыя, хто падтрымліваў няпісаную традыцыю аб беларускай мове “Гомона”, памыляліся: разглядаючы перахаваны ў Беларускім Музэі экзэмпляр “Гомона”, мы бачым, што — паміма беларускага загалоўку — ён ад пачатку да канца быў пісаны па–расейску. Яно й было зразумелым з увагі на на тыя часы: часопіс быў прызначаны для беларускае інтэлігенцыі, а тая карысталася і ў сваім прыватным, і ў грамадзкім жыцьці мовай расейскай або польскай. Толькі ад пачатку 900–х гадоў пачынаецца ў гэтым перамена, і беларуская інтэлігенцыя, хоць далёка ня ўся і не адразу, пачынае карыстацца мовай беларускай, якая стаецца тым цэмэнтам, каторы змацоўвае еднасьць інтэлігенцыі — як узгадаванае ў расейскай, так і ў польскай культуры.

Разгляданы № 2 “Гомона” зьмяшчае наступныя матэрыялы: перадавіца (“15–го ноября 1884 г.”), “внутреннее обозрение”, карэспандэнцыі, стацьця аб нацыянальным пытаньні тэарэтычнага характару, дзьве заметкі “От Редакции” і “Объявление”. Найбольш цікаўныя дзеля выяўленьня палітычнае ідэалёгіі нарадавольцаў–беларусаў, пэўне ж, перадавіца і гэная другая стацьця, і іх трэба разглядаць у першы чарод.

У перадавой стацьці ў першы чарод сьцьвярджаецца, што ў Расеі справа няўхільна ідзе да рэвалюцыі. Яе, паміж іншым, правакуе і сам урад, хоць мімаволі, сваімі рэпрэсаліямі. Урад б’ець па ўсей апазыцыі, зачыняючы апошнія шляхі да мірнае культурнае працы.

На жаль, у апазыцыі няма еднасьці. Ідзе ўзаемная грызьня. Барацьбу выносіць на сваіх плячох адна толькі партыя “Народнае Волі”. Яна прымушана траціць свае сілы, патрэбныя дзеля другога, на гэтую работу, каторую маглі б зусім добра выпаўняць другія апазыцыйныя групы. У апазыцыі рэвалюцыйная барацьба ператвараецца ў рэзанёрства. І партыя “Народнае Волі” павінна разьлічаць толькі на свае ўласныя сілы ў дзеле перавароту, каторы можа быць зроблены толькі сканцэнтраванай дыктатарскай сілай. Пасьля перамогі гэтая сіла — сіла партыі — збудуе новы лад. У мысьль гэтага, каб мець магчымасьць будаваць гэты лад на тэрыторыі Польшчы, польская рэвалюцыйная партыя “Пралетарыят” і аб’ядналася з “Народнай Воляй” на прынцыпе фэдэрацыі арганізацыяў.

Вось жа і сацыялісты–беларусы, маючы наўвеце інтарэсы Беларусі, павінны гэтаксама заняць адпаведнае месца ў рэвалюцыйнай барацьбе, становячыся ў рады партыі “Н[ароднае] В[олі]”. Гэта — адна прычына дзеля актыўнасьці беларускіх сацыялістаў у барацьбе, якая разьвіваецца ў Расеі. Але ёсьць дзеля гэтага яшчэ і другая прычына. Вось што чытаем аб ёй у перадавіцы “Гомона”:

“Находясь в организации единственно активной партии, имеющей несомненное, по нашему мнению, будущее, мы в то же время внесем в сознание членов этой партии практическую возможность федеративной самостоятельности Белоруссии в будущем и необходимость подготовки самостоятельности в настоящее время. В принципе и теперь эта партия стоит за федеративность областей России, что не раз ею и было высказано, но дело в том, что фактически на такую самостоятельность может рассчитывать только та из областных групп, которая будет рука об руку идти в борьбе с действующей партией и иметь своих представителей, достаточно знакомых с местными интересами. Насколько мало одно принципиальное признание самостоятельности областей может гарантировать ее на практике, это показывает хотя бы невольное признание г. Тихомирова во 2–ом № “Вестника Нар. Воли”, где он говорит о “неуместности” и “искусственности” созидания новых национальностей. Так мало еще сознана практическая необходимость политической и экономической самостоятельности областей, что автор не постарался даже остановиться, чтобы доказать эту “неуместность” и “искусственность”, заранее, очевидно, рассчитывая на молчаливое согласие читателей”[33].

Проці такога пагляду на Беларусь і беларусаў рэдакцыя “Гомона” выступае вельмі рашуча, адзначаючы пры гэтым, што ўжо “ Бакунин, Драгоманов и многие другие, говоря о распадении Российской Империи на естественные федерации, рядом с Польшей и Малороссией ставят Белоруссию; даже правительство, преследуя идеал казарменного единообразия, считается с ней (Беларусяй. — А. Л.), как с областью своеобразной, и существует целый ряд экономических и административных мер, касающихся специально Белоруссии. Конечно, в народе пока еще нет сознательного стремления к федеративной независимости в том ее виде, как это понимает интеллигенция, но необходимость этой независимости вытекает сама собой из сознания народом своей розни от соседей, эта самостоятельность вытекает из экономических и климатических условий Белоруссии, много отличных от условий других областей России, из оригинальности характера самого народа[34].

У двух зацытаваных тут адрыўках з палемікі зь Ціхаміравым я падчыркнуў тыя выражэньні, каторыя ў дастатачнай меры сьцьвярджаюць нацыянальны ў сваей аснове характар акцыі беларускіх нарадавольцаў: яны ж тут зусім выразна падыходзяць да пытаньня аб Беларусі як аб тэрыторыі нацыянальна беларускай і даказываюць “уместность” ды натуральнасьць “созидания новых национальностей”, разумеючы ў ліку такіх нацыянальнасьцяў, няправільна названых “новымі”, а ў запраўднасьці адраджаючыхся, такжа і народ беларускі. Значыць, у іх ёсьць ужо вера ў нацыянальнае адраджэньне беларусаў — вера, якое ня меў яшчэ ані Чачот, ані, здаецца, Каліноўскі, ды якая прадстаўляе бясспрэчна важную навіну ў гісторыі разьвіцьця беларускае нацыянальнае ідэі. Праўда, беларускія нарадавольцы маюць поўную сьведамасьць, што збудзіць беларускі нацыянальна–самастойніцкі рух да новых форм палітычнага жыцьця — справа нялёгкая. Дык тым больш, кажуць яны далей, беларуская інтэлігенцыя павінна рупіцца аб прыгатаваньне варункаў дзеля самастойнасьці краю. А перадусім — бліжэй падысьці да народных гушчаў[35].

Разумеючы, што сярод сяброў партыі “Н[ароднае] В[олі[” ня так лёгка будзе перамагаць пагляды, выказаныя Ціхаміравым, аўтары перадавіцы даказываюць, што інтарэсы партыйнага цэнтру вымагаюць стварэньня мясцовае беларускае партыі, натхнёнае сьвядомасьцяй рэальных інтарэсаў Беларусі. Добра ведаючы мясцовыя варункі краю, такая партыя лепш будзе выпаўняць і агульныя рэвалюцыйныя заданьні партыі “Народнае Волі”. Урэшце, яна згуртуе тыя чысьленыя беларускія гурткі сярод беларускае інтэлігенцыі, якія хоць і настроены рэвалюцыйна, даюць розныя практычныя спосабы вырашэньня беларускага пытаньня. Маючы за заданьне прапаганду фэдэрацыйнае самастойнасьці Беларусі, мясцовая беларуская арганізацыя прыцягне да сябе лепшыя з гэтых гурткоў — на гэтай плятформе[36].

Заканчываецца перадавіца гэткай характэрнай заявай:

“В заключение скажем, что наша задача представляет для своего осуществления много трудностей, которые нам предстоят как со стороны инертности белорусской интеллигенции, так и со стороны косности ходячих понятий и мнений о федерализме. Но как бы ни велики были эти трудности, мы, насколько это будет в наших силах, положим первый камень для фундамента федеративной самостоятельности Белоруссии.

Был бы сделан первый шаг, для продолжения же дела выступят, несомненно, новые силы с большей энергией и увенчают дело успехом”[37].

Гэты аптымізм, гэтая вера ў няўхільнае зьдзейсьненьне сваей ідэі, аказаліся, як вядома, прарочымі. Прыйшлі новыя пакаленьні сьведамых беларусаў і прыступілі да рэалізацыі самастойнасьці Беларусі, сягнуўшыя навет далей, чым адважаліся сягаць нарадавольцы: сягнуць да незалежнасьці Беларусі.

Другая стацьця (канцавая), зьмешчаная ў канцы № 2 “Гомона”, мае гэткую рэдакцыйную прыпіску:

“Прилагаемая статья уже сравнительно давно, как нам передают, ходила в Петербурге среди белорусов в рукописи. Считая затронутые автором вопросы нелишенными интереса и значительной важности и находя их постановку гармонирующей во многом с собственными нашими взглядами, помещаем эту статью в нашем органе, желая т[аким] обр[азом] сделать ее доступной для большого круга читателей”.

Я падаў поўнасьцю тэкст гэтае прыпіскі, бо яна паказвае, што: 1) стацьця выйшла не спасярод сяброў нарадавольчае арганізацыі і 2) што, значыць, і па–за партыяй “Народнае Волі” былі ў той час сьведамыя беларусы, думкі якіх аб беларускім пытаньні зыходзіліся з думкамі партыйных беларусаў.

Самая стацьця, пазбаўленая загалоўку, трактуе аб нацыянальным пытаньні тэарэтычна, фармулюючы тыя падставы, на якіх мусіць быць абаперта нацыянальнае адраджэньне беларускага народу. Яны зусім укладаюцца ў нарадавольчы сьветапагляд, і як motto да стацьці ўжыта гэткая думка:

“Настоящий патриотизм для личности заключается в осмыслении естественных требований нации критическим пониманием общечеловеческого прогресса”.

(Миртов. “Истор[ические] письма”)

На базе агульналюдзкай аўтар стацьці хоча будаваць беларускае нацыянальнае адраджэньне. Ён рашуча бароніць права кожнае нацыі на жыцьцё і свабоднае разьвіцьцё, бароніць і права на гэта беларускага народу. Вось найбольш характэрнае месца ў стацьці зь беларускага гледзішча:

“Всякая... нация, как бы она слаба ни была, заслуживает полного признания ее самостоятельности и всякую попытку со стороны других наций подавить эту слабую соседку следует признать вредной, под каким благовидным предлогом она не происходила бы, не только для этой слабой нации, но для самой угнетательницы. Не уважая чужую самостоятельность, победительница тем самым не уважает свою и, поддерживая в своих членах дух насилия, рискует сама подвергнуться тирании отдельных членов своей нации. “Если нация, — говорят узкие националисты, — не сумеет защищать свою самостоятельность или же обладает слабой культурой и слабой физической силой, то она должна быть поглощена другой нацией — сильной”. Мы же думаем, что такую нацию нужно поддержать и дать ей возможность стать на ноги для того, чтобы свободно проявить себя (курсіў мой. — А. Л.). Вот какого взгляда мы держимся относительно национального вопроса и в силу этого взгляда считаем необходимым энергично защищать Белоруссию как от польского, так и от великороссийского насилия, которое та и другая страна обязывается облачить в мягкую форму благодетельного будто бы для Белоруссии культурного воздействия и покровительства (курсіў мой. — А. Л.)”.

Далей аўтар абасновывае права Беларусі на “автономную федеративную самостоятельность в семье других народностей России” прыроднымі, гаспадарчымі, нацыянальнымі й гістарычнымі асаблівасьцямі краю. “Ко всему этому нужно прибавить, что Белоруссия имеет свой особенный язык, который... со временем может получить такое же право гражданства, как и язык малороссийский. Развитие языка, конечно, дело будущего, когда сама Белоруссия сколько–нибудь воспрянет духом, а это главным обр[азом] будет зависеть от ее экономического улучшения”.

Аўтар лічыць, што беларускую справу трэба будаваць не на мінуўшчыне, каторая — на яго не зусім справядлівы пагляд — не была “слаўнай”, і Беларусь “заживет во имя славного будущего, и в этом ее преимущество. Народ сгруппируется около той интеллигенции, которая будет стоять за его насущные интересы, прежде всего экономические, и на этой почве приходится интеллигенции заложить фундамент новых традиций, традиций благотворных”.

Далей аўтар палемізуе з думкай, быццам беларус такі ўжо забіты і інэртны, што ня здолее зразумець і выступіць на абарону сваіх інтарэсаў, не захоча “воспользоваться в будущем автономией своей белорусской федерации”. Аўтар дае агляд чысьленых праяваў барацьбы беларускага сялянства за вызваленьне з–пад прыгону, сялянскіх бунтаў і г. д. Гаворачы аб духовым разьвіцьці беларусаў, аўтар кажа, што, да прыкладу, “появление и быстрое распространение штундизма (в Могил[евской] губ.) свидетельствует о достаточной умственной и нравственной высоте народа”. Наагул, аўтар адзначае цэлы рад вельмі дадатных рысаў нацыянальнае душы беларуса, каторых наглядчыкі звонку ня могуць дагледзіць. Нацыянальнае нянавісьці ў беларусаў блізу зусім няма, апрача тых выпадкаў, калі ў яе ёсьць сацыяльныя падставы. Няма й так пашыранага сярод другіх народаў антысэмітызму; наадварот, “беднейшая часть еврейства нигде так не сошлась с народом, как в Белоруссии: евреи не только усвоили здесь некоторые народные обычаи и предрассудки, но даже нередки случаи единодушной борьбы этой части еврейства с белорусами против евреев же богачей и панов”. “Между бедным еврейством в Белоруссии можно найти очень много ремесленников и даже чернорабочих, которые, утратив эксплуатационные замашки, сближаются с народом на общей почве труда и одинаково ненавидят своих единоверцев–работодателей, а известно, что ничто так не сближает людей, как одинаковость материальной зависимости и обстановки”.

Вельмі цікаўны пагляд аўтара і на тагачасную беларускую інтэлігенцыю. Лішне сільныя ў ёй уплывы чужых культур, каб на яе можна было спадзявацца ў дзеле будаваньня Беларусі: адны цягнуць да Масквы, другія — да Варшавы[38]. І дзеля гэтага — кажа аўтар — “больше всего можно полагаться на ту часть интеллигенции, которая выйдет из слоев близко стоящих к народу, потому наиболее чутких к его потребностям и нуждам”.

Засьцерагаючыся проці вузкага нацыяналізму, адкідаючы і роблены беларусам закід у сэпаратызьме (у сэнсе адарваньня Беларусі ад Расеі будучага — фэдэрацыйнае), аўтар дае гэткае сваё credo:

“Итак, мы — белорусы, так как мы должны бороться во имя местных интересов белорусского народа и федеративной автономии страны; мы — революционеры, потому что, разделяя программу борьбы “Народной Воли”, считаем необходимым принять участие в этой борьбе (у вынасцы: “с “Нар[одной] Вол[ей]” мы уже связаны традициями: Гриневицкий, бомбой которого казнен Ал[ександр] ІІ, был одним из горячих основателей белор[усской] местной фракции”); мы — социалисты, потому, что нашей главной целью является экономическое улучшение страны на началах научного социализма. Вот основные положения программы, которые ясно могли бы определить отдаленные цели и ближайшую практическую деятельность белорусов. Нынешний исторический момент является наиболее удобным для пробуждения Белоруссии, которая при дружной работе и борьбе нашей интеллигенции переродится для новой самостоятельной жизни и займет почетное место среди других федераций России на началах свободного соглашения с ними”.

Заканчывае аўтар сваю стацьцю разважаньнямі аб практычнай дзеяльнасьці беларускіх рэвалюцыянэраў у найбліжэйшы час. Ён кажа: “...в отношении родины[39], изучая ее потребности, зорко следя за биением ее пульса и ее общественным пробуждением, мы должны будем явиться пропагандистами социального улучшения и федеративного возрождения страны, в отношении же борьбы политической борющимся белорусам должно идти рука об руку с народовольцами, поскольку эта партия в каждый данный момент является наиболее активной”.

Разгледзіўшы абедзьве стацьці, зьмешчаныя ў № 2 “Гомона”, затрымаемся каротка на другіх аддзелах часопісу.

У аддзеле “Внутреннее обозрение” на першым месцы стаіць крытычны агляд дзеяльнасьці новага генэрал–губэрнатара Каханава, каторы ў аснову гэтае дзеяльнасьці паклаў вельмі няўдалую па сваіх мэтадах і дзеля гэтага не дасягаючую мэты “барацьбу з палянізацыяй” краю. Сьцьвярджаецца ўзрастаньне апазыцыйнасьці сярод беларускага сялянства — акурат у сувязі з фальшывым кірункам урадавае палітыкі. Вострай крытыцы паддаецца фальшаваньне прэсай праўды аб жыцьці Беларусі, а ў сувязі з гэтым вітаюцца першыя спробы даць запраўдны абраз беларускага жыцьця ў замежнай прэсе: “Первое письмо о Белоруссии”, зьмешчанае ў “Вестн[ике] Нар[одной] Воли” і — нядаўна зьявіўшаеся — “Послание к землякам–белорусам”.

Карэспандэнцыі зьмешчаны тры: дзьве — краёвыя (зь Дзісьненскага пав. і са Случчыны), у якіх падаюцца факты крытычных, а то і проста варожых адносінаў беларускага сялянства да царскае ўлады, выявіўшыхся на грунце прымусовае прысягі на вернасьць новаму цару — Аляксандру ІІІ; трэцяя — зь Пецярбурга, дзе даецца абраз урадавае палітыкі з усімі яе жорсткасьцямі ў тушэньні імкненьняў народу да волі.

Замыкаецца нумар дзьвюма заметка[мі] і караценькай абвесткай аб тым, што прымаюцца ахвяры на пашырэньне выдавецтва “Гомона” і на заснаваньне ўласнае друкарні.

Стаўляючы гэтыя шырокія пляны дзеяльнасьці беларускае фракцыі, на якія паказвае абвестка, з фактам хуткага — бо ўжо, здаецца, у наступным годзе! — зьліквідаваньня беларускае фракцыі шляхам зьліцьця яе ў вадну арганізацыю з польскай і жыдоўскай фракцыямі, сама сабой зьяўляецца думка: ці не запалохалі гэтыя пляны тых, хто быў праціўнікам беларускага адраджэньня? Аднак сьвядоцтва Ад. Багдановіча (які, на жаль, не падае прычын ліквідацыі фракцыі) аб тым уражаньні, які зрабіў выхад “Гомона”, — як быццам пярэчыць гэтай думцы. Багдановіч, піша: “Отношение к нему (“Гомону”) было довольно безразличным: наша пропаганда захватывала интеллигентские слои, а народа только слегка касалась, так что белорусский язык для нас никакого плюса не давал*.

И мы в то время избегали всяких осложнений на почве национализма. Вернее — эти вопросы оставляли в стороне, как имеющие, с нашей точки зрения, второстепенное значение, как вопросы будущего”. А крыху далей у тым жа пісьме: “...для нас, минских народовольцев, появление “Гомона” было мимолетным эпизодом, который был заслонен рядом других текущих вопросов, с нашей точки зрения — более актуального значения”.

Так прадстаўляе адзін з сучасьнікаў “Гомона” ўражаньне ад выхаду яго. Уражаньне на шырэйшыя колы нарадавольцаў, як вынікае з гэтага, было вельмі слабое. Не прабіла йшчэ часіна дзеля захапленьня шырэйшага грамадзянства ідэяй беларускага адраджэньня, беларускае дзяржаўнае самастойнасьці ў Расейскай фэдэрацыі. Лічба сьведамых нацыянальна беларускіх інтэлігентаў была лішне йшчэ малая, каб зьдзейсьніць думку рэдакцыі “Гомона” аб пашырэньні часопісу, аб уласнай друкарні.

І ўсё ж такі значэньне выхаду “Гомона” мае бясспрэчна выдатнае значэньне для беларускае справы, для гісторыі фармуляваньня беларускае палітычнае мысьлі: гэта ж — доказ прабуджэньня актыўнасьці беларускае інтэлігенцыі на сваім родным, нацыянальным грунце. Гэта ёсьць, адначасна, і першая спроба сфармуляваньня беларускае палітычнае ідэі, якая ў далейшым сваім разьвіцьці, набіраючыся ўсё больш і больш нацыянальных рысаў, давяла ўрэшце беларускае грамадзянства да сфармуляваньня ідэі поўнае дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі, выяўленае ў акце 25 сакавіка 1918 году. Гэта, урэшце, ёсьць першая спроба падгатаваць падставы дзеля сваей уласнай, хоць і зьвязанай з партыяй “Народнай Волі”, як кіраўнічым цэнтрам, арганізацыі, каторая здолела бы павясьці беларускі рух, аб’яднаўшы актыўныя беларускія сілы ідэалягічна. І хоць рэалізацыя ідэі дзяржаўнае самастойнасьці Беларусі, як і прадбачыла перадавая стацьця ў № 2 “Гомона”, выпала на долю наступных пакаленьняў, — усё ж выхад “Гомона” і кіненыя на яго страніцах думкі прадстаўляюць вельмі паважнае зьвяно ў ланцугу гістарычных фактаў, збудзіўшых беларускія масы да сьведамага нацыянальнага жыцьця.

  1. Хроника социалистического движения в России: 1878—1887. Официальный отчет. Москва, 1906. Стр. 277. — Пераклад з рукапісу ў францускай мове пад загалоўкам “Chronіque du mouvement socіalіste en Russіe. 1878—1887. Confіdentіal et exclusіvement personnel. Redіgйe sous la dіrectіon de l’Adjoіn. du mіnіstre de l’іntйrіeur le lіeutenant–gйnйral Schebeko”.
  2. “Гомон” № 2, 1884 — вынаска на стар. 35.
  3. Іbіdem
  4. A. Rypіńskі. Bіałoruś. Paryż, 1840.
  5. Jan Czeczott. Pіosenkі wіeśnіacze znad Nіemna і Dzwіny. Wіlno, 1846. — Уступная стацьця.
  6. Верш “Добрыя весьці”. — М. Гарэцкі. Хрэстаматыя белар[ускае] літар[атуры]. Вільня, 1922.
  7. Факсіміле з гэтае адозвы, якая перахоўваецца ў Рапэрсвілю, зьмешчана ў кнізе праф. Ус. Ігнатоўскага: Гісторыя Беларусі. Менск. Некаторыя дасьледчыкі, праходзячы міма гэтае аж залішне красамоўнае адозвы, абвяшчаюць Каліноўскага беларускім “незалежнікам”. Адзінай рэальнай падставай дзеля такога пагляду ёсьць словы Каліноўскага, зьмешчаныя ў іншай адозьве, што не “бязмозглая Варшава”, але “мы самі будзем будаваць мужыцкую Беларусь”. Аднак крытычныя адносіны да Варшавы могуць быць тлумачаны ў сэнсе сэпаратызму ад Польшчы толькі тымі, хто зусім ня ведае настрояў польскага грамадзянства ў нашым краю ў даваенныя часы: крытычныя, калі ня проста варожыя адносіны да Варшавы і варшавякаў за іх [нечытэльна] і самаўпэўненасьць пры духовай пустаце — гэта ж было агульнае зьявішча, дык і ў вуснах Каліноўскага, варожа глядзеўшага на апанаваны “белымі” паўстанчы цэнтар у Варшаве, даюцца вытлумачыць шмат прасьцей, чым думае, да прыкладу, кс. Станкевіч (гл. яго брашуру:). “Мужыцкую Беларусь” Каліноўскі будаваў заўсёды пад кіраўніцтвам... “ронду Польскага”, дык немагчыма тут дагледзець ідэю запраўднае незалежнасьці Беларусі. І “мужыцкасьць” Беларусі процістаўляецца тут выразна ня Польшчы як дзяржаве, а кіраўнічаму цэнтру паўстаньня ў Варшаве, які хварэў на “панскасьць”. Наагул, канфлікт Каліноўскага з Варшавай грунтаваўся выключна на розьніцы падыходу да сацыяльнае праблемы і выявіўся ня ў сфэры дзяржаўнага сэпаратызму беларускага, а ў сфэры арганізацыйнага ўнезалежненьня паўстанцкага руху на Беларусі ад “белых” варшавякаў. — Лішне спрошчанае тлумачэньне матываў ідэяй дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі — пад той час, як гэтая ідэя яшчэ фактычна не існавала, мусіць быць адкінена як не выдзержываючае аб’ектыўнае крытыкі.
  8. Перадсьмяротны верш і разьвітаньне..
  9. Vіde арт. Ванды Дабачэўскай п. н. у № “Kur. Lіt.” з 15.ІІ.[19]35.
  10. Пісьмо да Пятра Аляксандравіча... з 26–га мая 1863 г., пісанае зь Вільні. На пісьме іншай рукой надпіс: “31—V. Доложено Его Величеству. Ц. С. — В[оенному] М[инист]ру Окр. Инстр[укция]. Высочайше повелено: сообщить В[оенному] Министру экземпляр Инструкции для препровождения к Наместнику Царства Польского. — Пісьмо перахоўваецца ў Архіве Беларускага Музэю ім. Ів. Луцкевіча ў Вільні.
  11. А. Тун. История революционного движения в России. Книгоиздательство “Земля и Воля” (s. l. a.)
  12. У “Праграме работнікаў партыі Народнай Волі”, апрацаванай пецярбурскім цэнтрам у 1880 г., ёсьць пункт аб адрачэньні Расеі ад паняволеных народаў. — Хроника социалистического движения... стр. 194.
  13. “Народная Воля”, год V, № 10 — сентябрь 1884.
  14. Литература Социально–Революционной Партии “Народной Воли”. Типогр[графия] Партии Социал[истов]–Революцион[еров], 1905
  15. Гл. перадавіцу “Гомона” ў № 2.
  16. “Гомон”, № 2, стр. 9
  17. А. Я. Багдановіч у 1927 годзе падзяліўся з аўтарам у пісьмах сваіх успамінамі аб “Гомоне”
  18. Так называў у сваіх пісьмах бел[арускае] пытаньне А. Багдановіч.
  19. Гл. перадавіцу “Гомона” № 2.
  20. Дата пададзена Багдановічам няточна. Ужо ў лістападзе 1879 г. Гаховіча лавіла — наўдачна для яе! — паліцыя ў кватэры сэмінарыстаў Разьдзялоўскага і Кізевіча, у якіх ён, прыехаўшы ўжо як студэнт, быў затрымаўшыся. — “Народная Воля”, № 3 з 1.I.1880 г. — карэсп. зь Мінску, датаваная 20.XI.1879 г.
  21. Учасьце Гаховіча ў сьведамай нацыянальна групе нарадавольцаў–беларусаў, аб чым робіць толькі дагадку Багдановіч, выклікае пэўныя сумліўкі яшчэ і з другое прычыны. Гэтак, паводле слоў Баляслава Данейкі, уласьніка двара Каросная ў Наваградзкім павеце, Гаховіч у разгляданую эпоху ў гутарках зь ім адносіўся да беларускае мовы непрыхільна, лічучы яе “нарэччам расейскага языка”, мовай “простай”, “мужыцкай”. Бацька Гаховіча быў сьвяшчэньнікам непадалёк ад Кароснае, і Данейка (цяпер яму больш за 80 гадоў) быў у блізкіх адносінах з студэнтам Гаховічам. Паміж іншым Данейка апавядаў аўтару, што пасьля “правалу” ў Маскве Гаховіч прыехаў да бацькі і нейкі час жыў, нікому не паказываючыся, у маленькай хатцы (дзеля перахову яблыкаў) у садзе. Калі ўрэшце на сьлед яго напала паліцыя і наля- цела на дом Гаховіча–бацькі, сын уцёк з гэтае хаткі і перабраўся за граніцу. Быццам пасьля ён адрокся ад сваей рэвалюцыйнай ідэалёгіі і ў ягонай сям’і, калі ён асеў у Наваградчыне як доктар мэдыцыны, панаваў чыста расейскі дух з рэакцыйным адценкам. Інфармацыя гэтая падаецца на адказнасьць інфарматара. На сьлед сяброў Гаховіча напасьці не ўдалося; не удалося і праверыць і інфармацыю Б. Данейкі і даведацца, ці не пакінуў Гаховіч якое пісанае спадчыны па сабе. Аб вобыску ў бацькі Гаховіча на вёсцы апавядае і [нечытэльна] карэспандэнт “Народнае Волі”, № 3 — 1880, які кажа, што былі зроблены вобыскі такжа ў іншых сьвяшчэньнікаў — двух швагроў Гаховіча: св[яшчэньніка] Неслухоўскага і св[яшчэньніка] Гарбачэўскага, а такжа ў сьвяшчэньнікаў Якушэўскага і Лукашэвіча. Шукалі яго і ў Пецярбурзе.
  22. “Хроника...”, стр. 163.
  23. А. Тун. “История рев. движ. в России”, стр. 275—277.
  24. Падаю са слоў кс. Уладыслава Талочкі (Вільня).
  25. Тэксту адпаведнай зноскі на с.13 рукапісу няма.
  26. “Хроника...”, стр. 168.
  27. “Хроника...”, стр. 155.
  28. А. Тырков. К событию 1 марта 1881 г. — “Былое” № 25 за май 1906 г.
  29. “Хроника...”, стр. 163.
  30. А. Тун, o. c., стр. 277.
  31. Экзэмпляр гэты, праўдзівы бібліяграфічны “белы крук”, быў ахвяраваны Музэю грам. Леанам Васілеў- скім 26.ІV.1926 г.
  32. “Хроника”, стр. 277.
  33. “Гомон” № 2, стр. 4.
  34. “Гомон” № 2, стр. 5.
  35. Іb., стр. 6.
  36. Іb., стр. 9.
  37. Іb., стр. 10.
  38. Гэтыя словы як быццам пацьвярджаюць выказаны мной раней пагляд, што і беларусы нарадавольцы дзяліліся на дзьве групы: большасьць — “заалягічна” беларускую, меншасьць ідэйна бел[арускую].
  39. Паняцьце “родина” абыймае ў аўтара “Беларусь”, процістаўляючыся паняцьцю “отечество”, якое абыймае Расею. Так інтэрпрэтуе гэтыя паняцьці ў сваіх пісьмах і Ад. Багдановіч.