Перайсці да зместу

Напрадвесні (Таўлай)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Напрадвесні
Паэма
Аўтар: Валянцін Таўлай
1928
Крыніца: http://pawet.net/library/v_literature/mury/05/16/%D0%92%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%BD%D1%86%D1%96%D0%BD_%D0%A2%D0%B0%D1%9E%D0%BB%D0%B0%D0%B9._%D0%9F%D0%B0%D1%8D%D0%B7%D1%96%D1%8F.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Напрадвесні
Уздыхнулі Нёмана грудзі:
— Вясна будзе! Вясна будзе! —
Покліч скалыхнуў паветра,
Адгукнуўся ў пушчы нетрах,
І расплыўся, і загінуў…
Наўздагон — свой покліч кіну:
Рэхам хай плыве шырокім,
Несучы прывольна, лёгка
І мяне на гулкім крыллі…
Жаўрукі асерабрылі
Сцежку сонечнаму ранку…
Жаўруковыя вяснянкі —
Быццам звонкія праменні…
І стаю я ў захапленні,
Неразгаданным і новым,
Поўны цёплае любові,
І гатоў гарэць, загінуць
За вясну маёй краіны…
Радасна ўздыхнулі грудзі:
— Адчыняйце хаты, людзі!
— Адчыняйце сэрцы, людзі!
— Вясна будзе! Вясна будзе!

(1928)