Напрадвесні (Мілюць)
Выгляд
Напрадвесні Аўтар: Алесь Мілюць 1939 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 327 |
Нехта бразнуў сталёваю песняй,
Звонка сыпнуўшы іскрамі словы,
Каб з ружовай зарою прадвесня
Прабудзіць нашы нівы, дубровы.
Нехта дужы, і смелы, і горды
Расчасаў па загонах чупрыны,
І запелі шчаслівым акордам
Стрэхі хат і дарог каляіны.
Нехта глянуў у цьмяныя шыбы
Залатою вяснянай касуляй,
Так ласкава глядзіць толькі хіба
На дзяцей дарагая матуля.
Нехта бразнуў сталёваю песняй,
Звонка сыпнуўшы іскрамі словы,
Каб з ружовай зарою прадвесня
Кожны з нас быў да працы гатовы.