Найгоршая балячка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Найгоршая балячка
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1931
Крыніца: Луцкевіч А. Найгоршая балячка // Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху. Смаленск, 2015. С. 191—193. Тэкст друкуецца паводле: БЗвон. 1931. 29 чэрвеня.


У кожным грамадзянстве, у кожным народзе, дзе толькі ёсьць падзел на ўзаемна сабе варожыя сацыяльныя групы ці клясы, мусяць паўставаць і палітычныя партыі: празь іх кожная сацыяльная група ці кляса бароніць свае інтарэсы, празь іх арганізуецца і стараецца здабыць для сябе кіраўнічае месца ў дзяржаве, здабыць уладу.

Але ня ўсе народы маюць свае ўласныя дзяржавы: іншыя зь іх, як, да прыкладу, мы, беларусы, сваей дзяржавы ня маюць і жывуць у чужой, дзе мусяць напружаць усе свае сілы перадусім на тое, каб не загінуць у чужой і пераважна варожай ім стыхіі, каб захаваць сваю нацыянальную душу, сваю нацыянальную культуру і забясьпечыць сабе магчымасьць вольнага эканамічна — гаспадарчага разьвіцьця. Дык тут усе партыі, якія бароняць інтарэсы паасобных сацыяльных груп данае нацыянальнасьці, мусяць мець — яшчэ балей, чым такія ж партыі народаў дзяржаўных, — супольныя праграмныя пункты, супольныя нацыянальныя імкненьні і ідэалы, якія не даюць ім зьліцца з партыямі тых жа сацыяльных груп пануючае нацыі. І хоць нармальна яны ідуць паасобку, але ў рашучыя для ўсяго народу мамэнты мусяць даваць адпор варожым усей нацыі сілам разам.

У такіх недзяржаўных народаў кола інтарэсаў, за якія можа ісьці партыйная бараць ба, вельмі звужаецца: адпадае барацьба за дзяржаўную ўладу, бо ж яна знаходзіцца ўсё роўна ў руках пануючае чужое нацыі. Дык астаецца толькі канкурэнцыя за ідэйныя ўплывы на грамадзянства, за галасы народных масаў пры ўсялякага роду выбарах ў грамадзкія ўстановы, самаўрады, парлямэнты.

Здавалася б, што і ў беларусаў пад Польшчай — з увагі на ўсё сказанае — партыйная барацьба павінна выяўляцца ў вельмі слабой форме, — тым балей, што і сацыяльная дыфэрэнцыяцыя (падзел на клясы) не выяўляецца тут так ярка, як у другіх народаў. Фактычны клясавы падзел у нас прадстаўляецца вельмі проста: галоўную масу беларускага насяленьня пад Польшчай складаюць сяляне — у большасьці сваей малазямельныя гаспадары, а побач з гэтым асноўным ядром бачым даволі малачысьленую групу чыстага пралетарыяту і — яшчэ менш чысьленую групу нараджаючаеся беларускае дробнае буржуазіі. І паколькі падчас Грамады малазямельнае сялянства мела свайго ідэйнага павадыра і абаронцу сваіх інтарэсаў у пастаці гэнае масавае сялянска — работніцкае арганізацыі, дык цяпер яно аказалася зусім пазбаўленым свайго палітычнага цэнтру. Такім чынам, выходзіць, што ў Заходняй Беларусі існуюць дзьве партыйныя арганізацыі: камуністычная партыя, якая прадстаўляе чысты пралетарыят, і беларуская хадэцыя, прадстаўніца нараджаючаеся дробнае буржуазіі. А ў выніку гэтага і вытварыўся ў нас незвыйчайна цікаўны для дасьледчыкаў сацыяльных адносінаў нідзе не спатыканы стан: наша партыйная крайняя лявіца і крайняя правіца, маючы вельмі невялікую сацыяльную базу пад сабой, ня могуць абмежыцца абаронай толькі інтарэсаў сваей сацыяльнай групы і стараюцца захапіць уплывы на асноўную сялянскую масу, пазбаўленую сягоньня сваей палітычнай арганізацыі. Дзеля таго ж, што такое заданьне зьяўляецца невыпаўнімым, дык і камуністы, і хадэкі ўзышлі на шлях выключна дэструктыўнае работы ў адносінах да ўсіх спробаў самастойнага арганізаваньня асноўнае сялянскае масы — нават тады, калі арганізаваньне гэтае адбываецца не на грунце палітычным — партыйным, а культурна — асьветным і гаспадарчым. І проці кожнае арганізацыі, якая ня йдзе ці то пад камуністычным, ці то пад хадэцкім сьцягам і арыентуецца на сялянскі масіў, — дружна выступаюць і камуністы, і хадэкі, і ўрэшце — у самы апошні час — тыя кіруючыя палітычным жыцьцём Польшчы сфэры, якія лічаць для інтарэсаў Польшчы найбольш небясьпечнай іменна творчую беларускую працу ў галіне будаваньня нацыянальнае беларускае культуры і гаспадаркі. А як пры такой акцыі — ясна ж — нельга проці ўсё больш крапчэючага сярод беларусаў культурніцкага руху бароцца на грунце ідэалягічным, дык барацьба гэтая і прымае ў нас незвычайна агідныя формы — заліваньня гразёй кожнага, хто — адмаўляючыся падпарадкавацца ці то камуністам, ці то хадэцыі — выяўляе нейкую творчую ініцыятыву, апіраючыся на інтарэсы беларускага сялянскага масіву.

Калі б камуністы ці хадэкі мелі магчымасьць самі выяўляць творчую ініцыятыву ў сфэры культурнае працы, дык ясна, што яны канкуравалі бы аб уплывы на сялянства шляхам тварэньня сваіх партыйных культурна — асьветных і гаспадарчых арганізацыяў. Але ж на гэта сілаў у абедзьвюх гэтых групаў няма, а ў камуністаў няма і ахвоты. Дык і астаецца ім толькі адно: ня творчая, а разбураючая праца, не будаваньне грамадзкіх арганізацыяў, а руйнаваньне ўсяго таго, чаго яны ня могуць абхапіць, бо ня маюць даволі культурных сілаў, здольных да творчае працы.

Ясна, што пры такіх варунках і тая нячысьленая беларуская інтэлігенцыя, аб ’ яднаная ў апалітычных культурна — асьветных і гаспадарчых арганізацыях і ўстановах (пераважна згуртаваных у Цэнтрасаюзе), з увагі на гэткі дружны паход проці яе ажно трох варожых сілаў ня можа так шырака й карысна працаваць для свайго народу, як павінна, — ня мае магчымасьці выкарыстаць у поўнай меры свае творчыя здольнасьці на працу канструкцыйную. А ў меру таго, як у нашым грамадзянстве слабее творчая праца, — ворагі беларускага народу толькі яшчэ вышэй падымаюць галаву і з радасьцяй паціраюць рукі: «Пачакаем, — кажуць яны, — хутка беларусы самі сябе пажруць…»

Калі б гэткі стан пратрываў у нас яшчэ некалькі гадоў, дык запраўды ворагам нашым нічога не аставалася б рабіць, як толькі чакаць, пакуль беларускімі рукамі ня будзе зруйнавана ўся наша нацыянальная творчая праца. Але ёсьць надзея, што гэтая нашая страшная хвароба павінна хутка скончыцца, — і запаведзь канца яе мы ўжо бачым. Гэта — выступленьне на арэну актыўнае грамадзкае працы новых сілаў — нашае маладое інтэлігенцыі, якая, прайшоўшы сярэднюю адукацыю ў беларускіх гімназіях — пад кіраўніцтвам старых беларускіх культурнікаў, — канчае ўнівэрсытэты і спэцыяльныя вышэйшыя школы і — «уваходзіць у жыцьцё». Толькі што выпушчаны бюлетэнь АБСА (Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў) красамоўна нам гаворыць, што моладзь лепш за некаторых старых палітыкаў (ці лепш: палітыканаў!) разумее тую бясспрэчную і вачавідную праўду: што змаганьне між партыямі павінна быць не дэструкцыйнае, ня нішчучае насьмерць палітычнага праціўніка, а творчае, — што канкурэнцыя аб уплывы на масы павінна адбывацца выключна на шляху ўзбагачваньня нашага народу ўсё новымі і новымі культурнымі і маральнымі цэннасьцямі. Такая «вайна» паміж рознымі беларускімі кірункамі — добрая вайна і йдзе Беларускаму Народу на карысьць. Усякая іншая — шкодная і заслужвае на рашучае асуджэньне.

Няхай жа маладыя сілы паложаць канец тэй агідзе, якая так распанашылася за апошнія гады ў нашым грамадзянстве!