Перайсці да зместу

Над прасторам ніў і над квяцістым лугам…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Над прасторам ніў і над квяцістым лугам…
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1926
Крыніца: Полымя. — 1926. — № 3.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 * * *
Над прасторам ніў і над квяцістым лугам
Бубянцом ахвотна празвінець.
Гэты клён курчавы, як зялёнай пугай,
Апавіў і сцебануў мяне…

Зашумелі ціха дарагія нівы
Срэбнай песняй спелых каласоў.
Я прыйшоў падслухаць гэты шум тужлівы
І прайсціся роднай паласой.

Пабялела даль, і па-над сінім борам
Запаліла сонца яркі свет.
Як надзеі, тухнуць залатыя зоры
На прасторы песенных завей.

Зноў лясок-дубняк перада мной знаёмы
Так шуміць, як некалі шумеў,
Дзе не раз я у разгульна-вольны момант
Разліваў з хлапцамі песні й смех!

Эх, хлапцы, было нас дружных вельмі многа,
Кожны вырас, шлях свой адшукаў:
Той пайшоў сялянскаю мяжой-дарогай,
Гэты выйшаў новы дзень каваць.

Толькі я адзін праходжу без прытулку
То па бруку пыльным і сівым,
То зальюся песняй нечакана-гулкай
Сярод яркіх кветак і травы…

А цяпер над лесам і квяцістым лугам
Бубянцом ахвота празвінець.
Гэты клён курчавы, як зялёнай пугай,
Апавіў і сцебануў мяне!..