Над прасторамі зямлі
Над прасторамі зямлі Апавяданне Аўтар: Якуб Колас |
Прысвячаецца Цішку Гартнаму
Адвечны рух, бясконцае блуканне па свеце выпала на долю гэтым бязродным хмаркам.
Хто яны такія? Скуль яны ўзяліся?
Якое прызначэнне іх на свеце?
Такія запытанні напэўна паўсталі б у кожнага, хто першы раз убачыў бы гэтых несупынных вандроўніц. Але ж трудна сказаць, хто і калі ўбачыў іх першы раз, і гэтыя пытанні цяпер ужо страчваюць сваю цікавасць. І, можа, нават не шкодзіць заўважыць наогул, што не трэба многа думаць над такімі звычайнымі з’явамі, бо гэта не дае практычных вынікаў, і затым выказваецца і такая думка — колькі б людзі ні думалі, хоць бы нават страцілі апошні волас на галаве ў сваім думанні, дык і тады не здолеюць даць разумнага адказу на некаторыя запытанні.
Збіраліся хмаркі ў дарогу.
Раніца была такая ціхая і такая прыўдалая. Часамі перад навальніцаю бываюць такія прыгожыя раніцы. Сонца яшчэ не было відаць, але яго ружова-залацістыя слупы ўжо высока падымаліся над зямлёю, расцякаліся ў бязмежных прасторах свету. У гэтых залатых слупах-праменнях і купаліся хмаркі. Іх было многа, але яны былі такія тонкія і празрыстыя, што некаторых трудна было нават разгледзець. І весела было хмаркам — яны ж збіраліся вандраваць па свеце, пачынаючы новае жыццё новага дня. А ў гэтай вандроўцы было так многа павабнасці і хараства. А калі яшчэ ўзяць пад увагу, што яны вольны, не прыкаваны да якога-небудзь пэўнага месца, што яны «вечна халодныя, вечна свабодныя», што ў іх няма ні «родзіны, ні выгнання», як сказаў аб іх паэт, дык стане яснаю ўся іх радасць і ўся паўната іх шчасця.
І гутарылі між сабою гэтыя хмаркі.
— Падымаецца зараз ветрык, і мы рушым у дарогу. Падумайце, якое гэта шчасце — не мець ніякага клопату, ніякіх турбот і вечна хадзіць па безгранічных прасторах, калі табе ўсюды адкрыты дарогі, — гаворыць адна хмарка, грэючы на сонцы свае шаўкавістыя ружовыя пасмачкі.
— І куды гэта паплывём мы сёння? — пытаецца другая, павісшы ў небе вельмі прыгожымі завітушкамі. — Мяне гэта надзвычайна цікавіць, і ў гэтым гаданні, калі хочаце, ёсць пэўная асалода.
— Што да мяне, — азвалася трэцяя, — то я хацела б унь туды — пайсці следам за гэтым бліскучым срэбрам вады, што паблісквае з-пад зялёных шатаў купчастых алешын.
— Ах, мілыя, куды ні пойдзеш, усюды будзе добра, — заўважыла яшчэ адна хмарка.
— Я толькі не люблю гэтых пустак і гэтых жоўтых пяскоў, бо сярод іх так аднастайна і так непрытульна, і калі мне здараецца праходзіць над імі, то я стараюся знікнуць або зусім не глядзець на іх, каб не бачыць убоства іх, зазначыла папялястая хмарка.
— Хутчэй, хутчэй бы ў дарогу! — загаманіла хорам цэлая чародка хмарак. — І дзе гэта падзеўся вецер? Ужо сонца стаіць над лесам, пара б нам і рушыцца.
— Пастойце, родныя, не спяшайцеся, — пачуўся новы голас, і голас ішоў знізу. Адна хмарка стаяла ніжэй. На яе падалі цені ад тых, што стаялі значна вышэй, і гэтыя цені надавалі ёй досыць пануры выгляд.
— А чаго стаяць? — з нецярплівасцю адказалі ёй і дадалі: — Усякае стаянне на месцы пераходзіць у звычайны застой. А ў застоі хіба можа быць які сэнс? Сэнс нашага жыцця — несупынны рух.
— Але, несупынны рух, — пацвердзілі і ўсе іншыя хмаркі.
— Вы занадта адарваныя ад зямлі, бо далёка стаіцё ад яе, і таму ў вас няправільны погляд на сваё прызначэнне, — адказала цёмная хмарка, — вось чаму я і кажу: не спяшайцеся. Чаму? Бо трэба зрабіць, гаворачы моваю вучоных, рэвізію нашага погляду на рэчы і на сваё прызначэнне.
— Іншага прызначэння мы не ведаем. Прызначэнне ў нас адно — вечны рух, вечны пераход з аднаго месца на другое, з аднаго краю ў іншыя краі, і так да сканчэння свету.
— А я думаю, што гэта мала. Спусціцеся ніжэй, бо на вашай высачыні вам не чуцен голас зямлі.
І між імі завялася гарачая спрэчка, і ў ёй быў заглушан голас зямлі.
У той час, калі між хмаркамі вялася такая паважная дыскусія на ўзнёслую філасофскую тэму аб прызначэнні і розных маральных абавязках, на зямлі таксама была гутарка, але зусім іншага характару.
— Які гарачы будзе сёння дзень! Глядзіце, як борзда высыхае раса, гаворыць зялёны бульбянік.
— Горача, горача, — адзываецца вусаты ячмень, — яшчэ толькі раніца, а як ужо прыпякае сонца. На маіх вусах даўно павысыхалі мае бясцэнныя дыяменты. Ах, як хочацца піць!
— Піць, піць! — жаласна пранёсся ледзь-ледзь чутны шум па нівах і па траве.
— Глядзіце, сябры, ці гэта толькі мне здаецца, — зашумеў авёс, — там нібы хмары збіраюцца… Ах, як шкода, што я малы і мой кругазор нязначны! Зірніце вы, зрабіце ласку, васпане дубе, вам ляпей відаць: ці не відаць, ці не збіраецца толькі дождж?
— Эх, сынку, — уздыхае дуб, — штодзень збіраюцца хмары, а дажджу ўсё няма і няма.
— Без сэрца яны, без літасці, пустыя халодныя плямы на небе. Апошнюю расу нашу пабралі, — скардзіцца грэчка.
— Ох, маці зямля, — зашушукалі краскі на межах, — дарма называюць цябе сырою. Мы сохнем без вільгаці, мы гарым на сонцы. Хоць бы дачакацца халадку начнога.
— Дзеткі, мае дзеткі! — гаворыць зямля. — Я разарвала грудзі сабе, патрэскалася, аддаючы апошнюю вільгаць, каб гэтаю вільгаццю жывіць вас і напаіць хмары, каб спорным дажджом вярнулі нам яны мае слёзы, любыя раслінкі! І болей зрабіць не магла я нічога.
Густая смуга-сінеча — як смутак пасохлай зямлі, акінула далі, знямелыя ад жары.
У гэты ж час там, угары, спрэчка між хмаркамі не спынялася. Але, як і заўсёды, у спрэчках ніхто нікога не пераканаў і тут, нягледзячы на самыя мудрыя аргументы. І такіх аргументаў было не мала.
— Вы адарваліся ад зямлі, вы забыліся ці не хочаце памятаць таго, што гэтая зямля, над якою плывяце вы, выпеставала і выкарміла вас, а сама засталася спустошанаю. Яна чакае ад вас дапамогі, і калі вы не спусціцеся наніз дажджом, то яе расліны папрападаюць, — гаварыла хмарка знізу.
— Не заўсёды можна лічыцца з жаданнямі другога, — адказваюць хмаркі з гары. — Дзеці часамі захочуць пагуляць з брытваю, да ці можна даваць ім брытву? Наш прыход на зямлю ў часе такой спякоты можа прычыніць ёй толькі шкоду, бо мы не можам паручыцца за сябе, каб не распражыцца страшным градам і бураю. Мы вернемся на зямлю ціхім, дробным дожджыкам у спакойную восень. Ты, сястрыца, не пакрыўдзься за слова: ты стаіш нізка. У цябе няма такога шырокага далягляду, які ёсць у нас. Ты — цёмная і страшная хмара. У цябе многа дзікай сілы, ты прынясеш навальніцу і громы, ты наробіш многа шкоды і бяды на зямлі. Ці акупіцца гэтае няшчасце карысцю ад тваіх навальных уліўных дажджоў? Не будзь упартаю і плыві разам з намі, бо дарога наша адна. Паглядзі, падыміся вышай, якія светлыя прасторы чакаюць нас. Спяшайся, бо чуецца набліжэнне свежых ветравых хваль.
Здрыганулася паветра, і зрушыліся высокія светлыя хмаркі. Адлегласць між імі і цёмнаю хмараю з кожнаю хвілінаю рабілася большай і большай.
— Бывай! — гукнулі яны з далёкай высачыні сваёй цёмнай задумлёнай таварышцы.
Як белыя лебедзі, паплылі яны ў бяскрайняй прасторы, ператвараючыся ў самыя вычварныя, дзівосныя постаці, і зніклі з вачэй.
Яшчэ больш пацямнела нізкая хмара, нерухома застыўшы на адзін момант. Зрушылася, заварушылася. Як шапка-волат, спускаецца ніжай, выпускаючы па краях кудлатыя касмыкі, апранаючы ценем зямлю.
— Хмара находзіць! — узрушана-радасна зашумелі кусты.
— Ш! ш! — зашастала асака. — Маўчыце, не спалохайце мілую, слаўную хмару.
І знямелая ціш агарнула зямлю.
— Гром, гром! Вы чуеце гром? — прытоеным, сцішаным голасам загаманілі аўсяныя кістачкі.
— А што гэта гудзе дзесь далёка, ды гэтак жа густа? — запытала трава.
— Гэта дождж, гэта дождж гудзе! — радасна залепятала лісце на дубе.
— Сцеражыся, братка, — гучна зашумеў вецер, пагнаўшы пыл па зямлі, каб зараз жа прыбіць яго жыватворчым дажджом.
Грозна і гучна наступала цёмная хмара, абліваючы зямлю імклівым патокам дажджу, кладучы на дол засмаглыя нівы і травы.
Прайшла навальніца. Бліснула сонца. Мільярды брыльянцістых кропель брыльянцістай вады заззялі ў праменнях.
Ляжыць на доле авёс, абцяжараны і напоены дажджом. Павылеглі нівы.
— Хвала табе, цёмная хмара! Хоць і злажыла ты нас на дол, але мы ўстанем, бо ты нам дала моцы і сілы, — шэпчуць шчаслівыя раслінкі і цягнуцца зноў угору да яснага сонца.